Гісторыя Агратурызм Да 125-годдзя Максіма Гарэцкага

Да 125-годдзя Максіма Гарэцкага

-

- Рэклама -

«Ён думкай і словам служыў Беларусі»

Горацкая зямля мае багатую гістарычную і літаратурную спадчыну. З Горкамі звязаная дзейнасць вядомых майстроў мастацкага слова. Тут нарадзіліся, вучыліся або працавалі Барыс Іофэ, Леў Разгон, Васіль Каваль, Георгій Шчарбатаў, Сяргей Грабчыкаў, Міхаіл Булахаў, Аляксандр Коршунаў, Юрка Гаўрук, Паўліна Мядзёлка, Нэля Тулупава. У Горках не раз бывалі Янка Купала і Якуб Колас, Цішка Гартны, Уладзімір Караткевіч, Ніл Гілевіч, Аляксей Дудараў, Рыгор Барадулін, Сяргей Законнікаў, Алесь Пісьмянкоў. Усе яны пакінулі адметны след у літаратурным жыцці горацкага краю.

Праект «Ён думкай і словам служыў Беларусі» прысвечаны творчай дзейнасці класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага, 125-годдзе якога сёлета адзначаецца беларускай грамадскасцю.Чытаць далей…

Цікавасць да асобы і творчасці М. Гарэцкага праяўляецца ў тым, што пэўны перыяд яго жыцця звязаны менавіта з Горкамі і сельскагаспадарчай навучальнай установай. Горкі сталі тым месцам, адкуль М. Гарэцкі пайшоў у вялікі свет. З 1909 па 1913 год ён вучыўся ў Горацкім каморніцка-агранамічным вучылішчы. За гэты перыяд М. Гарэцкі не толькі атрымаў спецыяльнасць, але і далучыўся да літаратуры. У вучылішчы пад яго кіраўніцтвам было створанае таварыства аматараў беларускай літаратуры.

Harecki M_01 Harecki M_02 Harecki M_04 Harecki M_03М. Гарэцкі быў адным з першых гурткоўцаў, хто пачаў пісаць нарысы пра жыццё і сваю вучобу ў Горках па-беларуску, адсылаў іх у рэдакцыю «Нашай Нівы». У 1913 годзе ў гэтай газеце апублікаванае яго першае апавяданне «У лазні».

З 1926 па 1928 год М. Гарэцкі працаваў у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі на кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі. Гэты перыяд жыцця быў вельмі плённым для пісьменніка. Збіраючы матэрыялы для «Камароўскай хронікі», летам 1926 года М. Гарэцкі зрабіў падарожжа ў Сібір. Вынікам паездкі стала кніга «Сібірскія абразкі», дзе ён апісаў жыццё сялянаў у далёкім краі. За перыяд з 1926 па 1928 год выйшлі з друку яго творы: «У чым яго крыўда?», «Ціхія песні», «На імперыялістычнай вайне», «Жартаўлівы Пісарэвіч», зборнік апавяданняў «Досвіткі». Працаваў пісьменнік над зборнікам песень «Народныя песні з мелодыямі», запісаных ад яго маці Е. Гарэцкай, займаўся перакладамі мастацкай прозы. За гэты час напісаны артыкулы пра творчасць Якуба Коласа, Міхася Чарота, Міхася Зарэцкага, Змітрака Бядулі, якія пазней увайшлі ў яго «Гісторыю беларускае літаратуры».

У Горках ушанаваная памяць пісьменніка-класіка. Яго імем названая адна з вуліцаў горада. Усталяваная памятная дошка на вучэбным корпусе № 4 БДСГА. У гэтым корпусе працуе музей-кабінет М. Гарэцкага. З 2015 года рэктарат акадэміі ўручае стыпендыю імя Максіма Гарэцкага замежным студэнтам за поспехі ў вучобе і грамадскай дзейнасці. 1 лютага 1993 года Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Горацкай цэнтральнай бібліятэцы прысвоенае імя Максіма Гарэцкага.

З таго часу дзейнасць бібліятэкі па развіцці цікавасці да асобы і творчасці гэтага пісьменніка з’яўляецца адным з галоўных напрамкаў, і яна вядзецца комплексна: пошукавая дзейнасць, стварэнне фонду даведачна-бібліяграфічных матэрыялаў, папулярызацыя творчасці пісьменніка праз арганізацыю масавай працы і ўласную выдавецкую дзейнасць.

У працы па прапагандзе творчасці пісьменнікаў-класікаў, сучасных аўтараў, і асабліва літаратурным краязнаўстве, бібліятэка цесна і плённа супрацоўнічае з народным літаратурным аб’яднаннем «Роднае слова», што дзейнічае пры Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі.

З нагоды 125-гадовага юбілею М. Гарэцкага народнае літаратурнае аб’яднанне «Роднае слова» і цэнтральная бібліятэка аб’ядналі свае ідэі і магчымасці для рэалізацыі сумеснага праекта, прысвечанага юбілею знакамітага земляка.

21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы ў чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі адбылося ўрачыстае адкрыццё сумеснага праекта «Ён думкай і словам служыў Беларусі». Пад час мерапрыемства вядучыя правялі прысутных па шляхах жыцця і творчасці знакамітага аўтара, распавялі пра горацкі перыяд жыцця Гарэцкага, пра яго трагічны лёс, пра багатую літаратурную і навуковую спадчыну.

Сярод гасцей былі вядомыя горацкія літаратары – Лідзія Андрэева і Анатоль Прохараў. З відэазваротам з Ізраіля выступіў Уладзімір Ліўшыц і расказаў гісторыю стварэння сваёй новай кнігі «Максім Гарэцкі: сцежкамі жыцця», выдадзенай з нагоды юбілею пісьменніка.

Актыўны ўдзел у адкрыцці праекта прынялі выхаванцы гарадскіх Дзіцячай школы мастацтваў і мастацкіх рамёстваў і Дзіцячай школы мастацтваў і вакальна-харавога майстэрства. Адкрыццё распачало шэраг разнастайных культурна-асветніцкіх і іншых мерапрыемстваў. Сярод іх літаратурны конкурс і конкурс на лепшы твор жывапісу, экскурсіі і вандроўкі, у тым ліку і на радзіму пісьменніка, у вёску Малая Багацькаўка, інтэрактыўная віктарына, сустрэчы з горацкімі літаратарамі. Мерапрыемствы ў рамках праекта будуць праходзіць да сёлетняга верасня.

Праект закліканы бліжэй пазнаёміць жыхароў нашага горада і раёна з асобай і творчай спадчынай М. Гарэцкага, далучыць іх да лепшых узораў нацыянальнай мастацкай літаратуры, раскрыць творчы патэнцыял удзельнікаў мерапрыемстваў.

 Ірына ПАЧЭКІНА, дырэктар Горацкай раённай бібліятэчнай сеткі

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам