Гісторыя Агратурызм Да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі

Да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі

-

- Рэклама -

Жыццёвы шлях

 Штогод 5 мая музычная грамадскасць адзначае гадавіну народзінаў аднаго з найбуй­нейшых кампазітараў ХІХ стагоддзя Станіслава Манюшкі. Нельга сказаць, што імя яго не ведаюць у Беларусі. Тым не менш, усведамленне яго ролі ў станаўленні беларускага музычнага мастацтва для многіх суайчыннікаў прыходзіць з цяжкасцю.

Нарадзіўся С. Манюшка 5 мая 1819 года на Ігуменшчыне (цяпер Чэр­веньскі раён) у спадчынным маёнтку Убель, які яшчэ дзед кампазітара, такса­ма Станіслаў, набыў у гетмана Вялікага Княства Літоўскага Міхала Казіміра Агін­ска­га. Там прайшлі гады яго маленства. Калі ж настаў час вучобы хлопчыка, сям’я пераехала ў Мінск. Вядомыя два адрасы, дзе Манюшкі жылі тады ў губернскім го­ра­дзе: гэта будынак, паводле сучаснага адраса, на вуліцы Інтэрнацыянальнай, 21 і будынак Музея тэатральнай і музычнай культуры ў Музычным завулку, 5 Верхняга горада (так званы «Дом масонаў»).

Першапачатковую музычную адукацыю Станіслаў атрымаў ад маці. Між ін­шым, сама Альжбета (у дзявоцтве Маджарская – з роду заснавальнікаў слуцкай «персіярні» – радзівілаўскай мануфактуры, што вырабляла славутыя слуцкія пая­сы), у сваю чаргу, атрымала музычную адукацыю пад кіраўніцтвам вядомага мін­скага музыканта і кампазітара Пётры Карафы-Корбута. У час навучання ў Мінскай гарадской мужчынскай гімназіі (будынак захаваўся, цяпер у ім месціцца Мінскі аб­ласны савет прафсаюзаў – Інтэрнацыянальная, 19) С. Манюшка пачаў па­ралельна займацца музыкай пад кіраўніцтвам Дамініка Стафановіча – дырыжора і выдатнага музычнага педагога, які выхаваў плеяду знаных беларускіх му­зы­кантаў. Сярод вучняў Стафановіча зіхацяць імёны славутых у свой час музы­кантаў: Фларыян Міладоўскі, Каміла Марцінкевіч – піяністка і кампазітар, дачка Він­цэнта Дуніна-Марцінкевіча. У семнаццацігадовым узросце С. Манюшка паехаў у Берлін, дзе два з лішкам года ўдасканальваў сваё кампазітарскае і ды­ры­жорскае майстэрства пад кіраўніцтвам рэктара Берлінскай пеўчай акадэміі прафесара Карла Фрыдрыха Рунгенхагена.

У 1852 годзе, у часе працы арганістам віленскага касцёла Св. Яна, ён разам з В. Дуніным-Марцінкевічам і Канстанцінам Крыжаноўскім паставіў «Іды­лію» («Sielanku») – оперу, якой мы адводзім асаблівае месца ў развіцці беларус­кага музычнага мастацтва: гэта першая ў гісторыі опера, у якой загучала са сцэны беларуская мова. Прэм’ера «Ідыліі» адбылася ў памяшканні мінскага гарадскога тэ­атра. Будынак яго яшчэ на пачатку 1980-х стаяў побач з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі, але ў 1984 годзе быў, на жаль, зруйнаваны. Цяпер на гэтым месцы пабудаваная гасцініца «Еўропа».

Віленскі перыяд жыцця і творчасці С. Манюшкі характэрны тым, што кампазітар пачаў працу над серыяй зборнікаў пад агульнай назвай «Хатні спеўнік». Выйшлі з друку шэсць зборнікаў, якія склаў сам кампазітар. Зборнікаў, як вядома, было дванаццаць, але шэсць апошніх склаў пасля смерці Манюшкі яго сябра Ян Карловіч. Стварыўшы больш за 300 песень, Манюшка фактычна змяніў сваёй працай бытавы і канцэртны музычны фон Беларусі і Польшчы, які дагэтуль быў арыентаваны на італьянскія, французкія, нямецкія музычныя творы, звярнуў увагу аматараў музыкі на вялікія і багатыя скарбы мясцовага народнага меласу. Вось што пісаў ён у артыкуле – праспекце «Хатняга спеўніка» ў «Tygodniku Pe­ters­burgskim»: «Вершы я стараўся выбіраць з найлепшых нашых паэтаў… перака­на­ны ў тым, што гэтыя паэтычныя творы найбольш выявілі ў сабе мясцовы ха­рак­тар і каларыт… Вось чаму мой спеўнік можа выклікаць да сябе нейкую ціка­васць. Бо калі цудоўныя вершы, паяднаныя з цудоўнай музыкай, здольныя ад­крыць сабе доступ да вуха і сэрца не вельмі музычнага, то нават слабейшая, менш удалая музыка пры выдатнай паэзіі здабудзе сабе паблажлівасць; а тое, што ў ёй нацыянальнае, краёвае, мясцовае, што, як рэха нашых дзіцячых успа­мінаў, ніколі насельнікамі зямлі, на якой яны нарадзіліся і ўзраслі, падабацца не перастане».

Стварыў кампазітар і зборнік літургічных спеваў, якія можна ўмоўна падзяліць на дзве часткі: першая – напісанае на польскамоўныя тэксты, другая – напісанае на кананічныя лацінскія тэксты з «Псалтыры» Давіда. Вакальныя творы, напісаныя на лацінскія тэксты і стылізаваныя Манюшкам пад італьянскі раннерамантычны оперны стыль, надзвычай узнёслыя і прыгожыя, урачыстага характару. Песні на польскамоўныя тэксты напоўненыя лірызмам, пяшчотаю. У прадмове да выдання літургічных спеваў кампазітар зазначыў: «Першым і найістотнейшым крокам да ўпарадкавання музыкі нашых храмаў павінен быць даступны спосаб выканання іх уласных песень, а сродкі мастацтва павінны служыць не ўпрыгожванню спеву, але наадварот, – выяўленню яго прыгажосці. Нізка ўпарадкаваных падобным чынам песень ёсць першая ў нас спроба гэткага роду. Няхай без пагарды яна будзе прынятая і ў далейшым абароненая праз больш таленавітых». Акрамя іх Манюшка склаў зборнік арганных прэлюдыяў і нешпараў «Песні нашага касцёла». Прэлюдыі маюць закончаны выгляд арганных твораў, таму іх часта выконваюць як самастойныя творы.

У віленскі перыяд жыцця кампазітар плённа працаваў і ў такіх жанрах, як кантата, сімфанічная паэма і іншыя, але кульмінацыйным момантам трэба лічыць стварэнне оперы «Галька». Першага студзеня 1848 года віленскія аматары музыкі ўпершыню ажыццявілі публічны паказ яе двухактавага варыянта ў канцэртным выкананні. Гэта была вялікая падзея ў музычным жыцці Вільні, розгалас яе пайшоў па ўсіх славянскіх землях. У 1854 годзе ў Вільні ж была ажыццёўленая першая сцэнічная пастаноўка оперы, а праз два гады, у 1856 годзе – у Мінску. А з нью-ёркскай пастаноўкі 1903 года пачалося трыумфальнае шэсце «Галькі» па сцэнах свету.

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам