Паэзія і проза роднага горада
На літаратурную сустрэчу «З родным словам ды з беларускай душою», якая прайшла ў рамках тэматычнага семінара «Шчучыншчына – наш родны край: да 500-годдзя з першага ўпамінання горада Шчучына», завіталі не толькі сябры Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, мясцовыя паэты, але і многія дапытлівыя шчучынцы.
З роляй вядучых справіліся бібліятэкар Ірына Гудач і аўтар гэтых радкоў. А святочны настрой стварала выступленне народнага ансамбля народнай песні «Медуніцы».
На экране адзін за адным з’яўляліся рарытэтныя фотаздымкі Шчучына, якімі па-сяброўску падзяліліся з бібліятэкай гараджане і рэдакцыя раённай газеты «Дзянніца». Уяўнае падарожжа ў мінулае і сучаснасць нашага райцэнтра ўсім прыйшлося даспадобы. Дарэчы, цяпер у бібліятэцы дзейнічаюць некалькі цікавых экспазіцыяў: рэтра-фотаздымкаў «Шчучын, якога мы не бачылі» і выстаўка кніг землякоў-паэтаў «Радкі, прысвечаныя Шчучыну». Яны абавязкова знойдуць сваіх прыхільнікаў.Чытаць далей…
З захапленнем на літаратурнай сустрэчы слухалі аповед Ніны Шумік. Яна пазнаёмілася са Шчучынам у далёкім-блізкім 1956 годзе і з таго часу з горадам не развітваецца. Ніна Аляксандраўна расказала, як выглядаў райцэнтр у гады яе маладосці, якія канцэрты ладзіліся ў Доме афіцэраў. Жанчына зазначыла, што дзякуючы агульным намаганням сёння Шчучын вельмі змяніўся, стаў сучасным, прыгожым і камфортным для жыцця.
Шмат добрых словаў пра нашую радзіму выказала і старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч. Яна яшчэ раз нагадала, што нашая зямля багатая на таленты. Мы ганарымся сваімі сучаснымі паэтамі і празаікамі Марыяй Шаўчонак, Ганнай Скаржынскай-Савіцкай, Галінай Самойла, Іванам Пяшко, Гвідонам Ждановічам, Рычардам Бялячыцам, Уладзімірам Рулём, Наталляй Цвірко, Ганнай Сцяпанчанка, Галінай Бяляўскай і многімі іншымі.
Пісьменнікі таксама расказалі пра сябе і свае захапленні. А як хораша гучалі ў той дзень вершы ў выкананні аўтараў! Парадавалі прысутных сваімі літаратурнымі творамі Г. Скаржынская-Савіцкая, Дзмітрый Радзівончык, Анатоль Апанасевіч, Н. Цвірко, Г. Сцяпанчанка, Г. Бяляўская, Святлана Кірылава і іншыя. У кожным вершы і апавяданні адчувалася трапяткая любоў да роднага краю, замілаванне яго прыродай і людзьмі. Хто як не паэт можа знайсці такія словы, каб умясціліся ў іх і шэпат лесу, і ціхая плынь ракі, і бязмежжа неба, і цеплыня бацькоўскага дома…
Прыемным сюрпрызам для ўсіх стала прэзентацыя новых кніг паэтаў Гродзеншчыны. На развітанне Л. Кебіч падаравала бібліятэцы сваю новую кнігу «Рай адзіноты» і «Альманах» № 5 СПБ.
Свята скончылася, але яго творчы дух па-ранейшаму лунае над Шчучынам.
Таццяна СОСНА, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі