Свята для сапраўдных беларусаў
21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны ЮНЕСКА ў 2000 годзе. Традыцыйна ў гэты дзень «Арт Сядзіба» ладзіць Свята роднай мовы, каб паказаць, што беларуская мова не толькі жыве і развіваецца, але і натхняе людзей на цікавыя ды яскравыя праекты, акрыляе на добрыя справы. Свята пройдзе ў мінскай кавярні «Грай» (вул. Інтэрнацыянальная, 33).Чытаць далей…
А 17-й гадзіне пачнецца «Жывая бібліятэка», дзе замест звыклых нам кніг выступяць людзі са сваімі гісторыямі і адкажуць на любыя пытанні. «Кніга» – гэта чалавек, які мае пэўную ідэнтычнасць, рэдкую прафесію, унікальны досвед, нязвыклы лад жыцця альбо светапогляд.
З 17.00 і пазней у «Гульнятэцы» можна будзе згуляць у беларускамоўныя настольныя гульні «Багач», «Казачнік», «Мова» ды іншыя.
А 18-й Ганна Комар прэзентуе першы зборнік вершаў культавага амерыканскага аўтара Чарльза Букоўскі ў перакладзе на беларускую мову. Укладальніца і перакладчыца распавядзе цікавыя факты пра Букоўскі, пра яго кнігу і прачытае вершы з яе.
Гурты «Rahis», «MIKITA», «Бяз Назвы», «The Superbullz» будуць выступаць з 19.00 да 22.00.
З 18.00 да 20. 00 для дзетак падрыхтаваная забаўляльная праграма: батлейка і фотазона. Таксама цягам вечара будзе працаваць кірмаш ад symbal.by і hareza.by.
Уваход на імпрэзу вольны, але папярэдне трэба запісацца: vk.com/dzenmovy2018?w=app5708398_-160757660 або па тэлефоне +375 25 996-93-76.
Паводле інфармацыі арганізатараў