Гісторыя Агратурызм Як абараніць старыя могілкі законам

Як абараніць старыя могілкі законам

-

- Рэклама -

Апісанне праблемы

 Праблема гістарычных могілак існуе ў Беларусі даўно. То тут, то там з’яўляецца інфармацыя пра знішчаныя гістарычныя надмагіллі, «выраўненыя» бульдозерамі цэлыя ўчасткі старых могілак, паламаныя агароджы.

З 2015 года, пасля прыняцця новай рэдакцыя закона аб пахаваннях, праблема старых некропаляў выявілася з новай сілай. Рэч у тым, што новая рэдакцыя патрабуе прывядзення ў парадак усіх надмагілляў на ўсіх могілках. Калі цягам 2-х гадоў сваякі не прыходзяць да праблемнага надгробка, то дзяржава пакідае за сабой права знесці яго і замяніць стандартным гарызантальным каменным надмагіллем, які ў народзе празвалі «падушкамі».

І тут пачаліся праблемы. Бо калі для сучасных могілак такія правілы можна толькі вітаць, то да гістарычных пахаванняў яны непрыдатныя. А ў законе, не зразумела чаму, старыя могілкі ні ў якую асобную катэгорыю не выдзяляюцца.

Уся гэтая сітуацыя вельмі хутка выйшла на канфліктны ўзровень, бо для апра­ба­цыі новага закона выбралі, як на зло, ці не самыя цікавыя, захаваныя і ўнесеныя ў дзяржаўны спіс могілкі Беларусі – Вайсковыя ў Мінску. І «прыводзіць у парадак» могілкі ўзяліся службы КБО (камбінат побытавага абслугоўвання. – «КГ»), для якіх самае важнае, каб на могілках было прыгожа, чыста і каб іх лёгка было прыбіраць. Гэта прывяло да знішчэння надмагілляў, агароджаў і дрэваў.

Сітуацыя вакол Вайсковых могілак дае магчымасць зрабіць шэраг высноваў, адна з якіх, самая важная для гэтага артыкула: на практыцы закон аб пахаваннях у Бела­русі стаіць вышэй за Кодэкс аб культуры. І адна з галоўных прычынаў, на маю дум­ку, у тым, што закон аб пахаваннях прапануе канкрэтныя алгарытмы працы з мо­гіл­камі (і тое, што ў законе няма ніякай катэгорыі гістарычных могілак, робіць гэтыя ал­гарытмы асабліва простымі), а Кодэкс аб культуры прапануе складаныя схемы аховы ўсіх помнікаў агулам, ад прымянення якіх на могілках адмахваюцца нават самі ж супрацоўнікі Мінкульта.

Назіраючы за некрапалістычнай сферай у Беларусі ўжо 10 гадоў, рызыкну ў гэтым артыкуле прапанаваць адзін з варыянтаў вырашэння праблемы на заканадаўчым узроўні.

Што найперш трэба зразумець.

Старыя могілкі – гэта масавая гістарычная каштоўнасць. Найперш, усе надма­гіл­лі ўтрымліваюць інфармацыю аб людзях і маюць канкрэтную інфармацый­ную/архіўную каштоўнасць. Апроч гэтага шматлікія надмагіллі маюць мастацкую вар­тасць, хай сабе не агульнанацыянальнага, але рэгіянальнага ўзроўню. Сумарна, старыя надмагіллі і крыжы ствараюць гістарычны ландшафт свайго рэгіёна.

Старыя могілкі – гэта САМАЯ МАСАВАЯ гістарычная каштоўнасць Беларусі. Гэта сотні могілак і тысячы надмагілляў. У гэтым якраз і заключаецца праблема. Немагчыма ўнесці ў дзяржаўны спіс тысячы і тысячы каменных, металічных, бетонных пастаментаў, нягледзячы нават на тое, што ўсім ім ужо больш за 100 гадоў.

Атрымліваецца патавая сітуацыя, з якой я бачу наступнае выйсце.

Першая прапанова. «Некрапалістычны аб’ект»

 Важным новаўвядзеннем новага Кодэкса аб культуры было стварэнне такіх катэгорыяў, як «археалагічныя аб’екты» і «археалагічныя артэфакты».

Вось як тлумачыцца, што такое «археалагічныя артэфакты» (Раздзел 17, артыкул 123): «Археалагічныя артэфакты – гэта рухомыя матэрыяльныя аб’екты, якія ўзніклі ў вынiку жыцця і дзейнасцi чалавека больш за сто дваццаць гадоў таму назад».

Гэта вельмі важнае новаўвядзенне! Пад ахову дзяржавы патрапляюць прад­меты, яшчэ не знойдзеныя і не ўнесеныя ні ў якія рэестры, а проста ляжаць пад зямлёй і маюць узрост больш за 120 гадоў.

Мне думаецца, што такі ж прынцып можна было б прымяніць і да некропаляў. Напрыклад, увесці ў Кодэкс аб культуры паняцце «гістарычнае надмагілле» ці «некраплістычны аб’ект» і такім чынам узяць пад ахову дзяржавы ўсе надмагіллі ў Беларусі, якім больш за 100 гадоў (пра датаванне, зразумела, можна спрачацца).

Вось як можа выглядаць такая прапанова:

  1. Унесці ў Кодэкс аб культуры тэрмін «некрапалістычны аб’ект» па аналогіі з тэрмінам «археалагічны аб’ект».
  2. Пад тэрмін «некрапалістычны аб’ект» патрапляюць усе надгробкі з агароджамі ў любым стане да 1918 года (якім больш за 100 гадоў).
  3. Усе аб’екты, што падпадаюць пад тэрмін «некрапалістычны аб’ект», не могуць зносіцца, пераносіцца ці відазмяняцца без рашэння спецыяльных дзяржаўных органаў, створаных для гэтай задачы.

Аналогію можна таксама правесці з архіўнымі дакументамі. Любыя дакументы, старэйшыя за пэўны тэрмін, здаюцца ў архіў і аўтаматычна патрапляюць пад ахову дзяржавы. Надмагілле стогадовай даўніны – несумненна важны архіўны дакумент, які сёння ніхто не ахоўвае.

Другая прапанова. Аддзел некрапалістыкі

 Пры ўвядзенні ў Кодэкс катэгорыі «гістарычнае надмагілле» адразу ўзнікае неабходнасць вызначэння адказнага за гэтую справу. І тут мы падыходзім да відавочнай прапановы – дзяржава мусіць стварыць кампетэнтны орган па ахове некрапалістычнай спадчыны ў Беларусі.

І тут, вядома, можна сутыкнуцца з моцным непаразуменнем. У нас няма такіх органаў па іншых відах помнікаў, а тут прапануецца ствараць асобную структуру пад «нейкія камяні і іржавыя крыжы»?

Гэта вельмі важны момант. У нас паўсюль спрабуюць сарамліва засунуць не­кро­палі ў іншыя катэгорыі спадчыны – то ў гістарычныя помнікі, то ў археалагічныя (такі варыянт прапануецца ў самім Кодэксе). Але час ужо прызнаць, што гістарыч­ныя могілкі па прычыне сваёй масавасці мусяць разглядацца як асобная катэго­рыя каштоўнасці, якая патрабуе асобных рэгламентаў аховы! І рэгламенты гэтыя мусіць распрацоўваць асобная структура.

Відавочна, размова не вядзецца пра стварэнне цэлага інстытута. Але фармаванне аддзела з 3-4-х чалавек пры Акадэміі навук (ці іншай арганізацыі?), я мяркую, было б не вельмі складанай, але дужа эфектыўнай справай.

Пры наданні адпаведных кампетэнцыяў такому аддзелу і ўвядзенні адказнасці за знішчэнне стогадовых надмагілляў, мы маглі б моцна палепшыць стан захаванасці нашай некрапалістычнай спадчыны.

У задачы такога аддзела ўваходзіла б:

  • узгадняць/не узгадняць магчымыя відазмяненне ці перанос любых надма­гіл­ляў, старэйшых за сто гадоў, у адпаведнасці з распрацаванымі рэгламентамі;
  • кантраляваць працэс інвентарызацыі старых могілак і такім чынам фармаваць базу дадзеных гістарычных пахаванняў Беларусі;
  • пры наяўнасці рэсурсаў спрыяць павелічэнню навуковых даследаванняў у гэтай сферы, а таксама папулярызаваць найлепшыя праекты рэвіталізацыі гіста­рычных могілак.

Падсумаванне

 Мая прапанова мае свае плюсы і мінусы.

Плюс – двума дзеяннямі мы бярэм пад ахову не толькі могілкі, што ўваходзяць у дзяржаўны спіс, але і ўсе гістарычныя надмагіллі Беларусі, прычым адразу ўключаем працэс іх інвентарызацыі.

Мінус – гэтая прапанова ахоўвае толькі самі надмагіллі, але не могілкавыя тэрыторыі. За традыцыйныя некрапалістычныя ландшафты давядзецца змагацца ўжо на ўзроўні афіцыйнага спіса каштоўнасцяў.

Цудоўна разумею, што мае прапановы выглядаюць досыць радыкальна, але спа­дзяюся, што яны падштурхнуць грамадскасць і спецыялістаў да абмеркавання гэтай праблемы і прызнання некропаляў, як важнай, асобнай катэгорыі нашай спадчыны.

 Цімафей АКУДОВІЧ

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам