Гісторыя Агратурызм Кніга, прысвечаная дзейнасці краязнаўчага гуртка

Кніга, прысвечаная дзейнасці краязнаўчага гуртка

-

- Рэклама -

Кожны, хто шукае сваё, – знойдзе!

 Маладая душа не дае старэць целу: душа – Вітольд (часцяком яго называюць Вітаўтам) Ермалёнак і яго выхаванцы, цела – гурток, яго структура і дзейнасць. Археолага-краязнаўчы гурток «Арганаўты мінулага», створаны Вітольдам Антонавічам у Мёрскай СШ № 3, адзначыў сваё саракагоддзе. Ці столькі жывуць школьныя гурткі? Рэдка калі, але жывуць – маем ці не адзіны, аднак яскравы доказ таму ў «арганаўтах», якія ёсць не «для прыліку, на паперы», а на дзейснай справе – у плённай працы на карысць спасціжэння мінуўшчыны свайго краю. Спасціжэнне ж тое карэніцца ў разнастайных формах: тэарэтычных занятках, працы па ўліку музейных фондаў, рэстаўрацыі экспанатаў, навуковай дзейнасці, конкурсах, краязнаўчых паходах і разведках – усё і не пералічыш. Вучні, якія становяцца сябрамі гуртка, маюць найкаштоўную магчымасць занурыцца ў віхурыстую плынь стагоддзяў, жыць імі, адкрываць таямніцы, адчуваць, як б’ецца сэрца роднай зямлі. «Арганаўт» – гэта не на час, «арганаўт» – гэта назаўжды, як асаблівае стаўленне да гісторыі, лад мыслення, дзе паяднаныя любоў да спадчыны продкаў, прыроды нашых маляўнічых мясцінаў.

Час, падзеі, не зафіксаваныя на паперы, ператвараюцца ў здань, незаўважна растаюць у паветры таму, што памяць чалавечая ўсяго ўтрымаць не здатная, дый не павінная з натуральных прычынаў. Гады жыцця гуртка «Арганаўты мінулага» ў паветры не растрэсліся, бо знайшлі адлюстраванне на старонках новага выдання, аб’ядналіся пад вокладкай навукова-папулярнай кнігі-зборніка «Паляўнічыя за таямніцамі: аб дзейнасці археолага-краязнаўчага гуртка “Арганаўты мінулага”». Яе аўтар – заснавальнік і заўсёдны ганаровы кіраўнік «арганаўтаў» В. Ермалёнак.Чытаць далей…

Jermalonak_01Ermalonak_02Кніга нядаўна выйшла ў мінскім выдавецтве «Капітал Прынт» асноўным накладам 500 экзэмпляраў, да якога дадаткова было падрыхтавана яшчэ 80 асобнікаў. Кожны з іх мае 318 старонак, узбагачаных ілюстрацыямі: болей за паўтары сотні каляровых і болей за паўсотню чорна-белых.

Зборнік пачынаецца з падзякі аўтара за дапамогу ў падрыхтоўцы выдання, што сведчыць пра шчырасць, высокую годнасць і культуру. Далей змешчаная прадмова краязнаўцы і навукоўца-гісторыка Мікалая Півавара «У пошуках памяці». Сп. Півавар адзначае факт стварэння сп. Ермалёнкам адметнай «мёрскай школы краязнаўства». Прадмову працягвае іскрыста-метафарычны верш-прысвячэнне нашага земляка Сяргея Панізьніка «Ліпень Вітаўта Ермалёнка», творы ягоныя сустрэнем на старонках выдання і далей. Асноўная частка кнігі пачынаецца з уводзінаў і песні-гімна гуртка «Арганаўты мінулага», створанай і апрацаванай кіраўніком і гурткоўцамі, а таксама мёрскім паэтам Браніславам Марозам. Далей ідзе паслядоўны летапіс дзейнасці па гадах: ад 1976-га па 2016-ы. Тут мы даведваемся аб раскопках, паходах, разведках, конкурсах, канферэнцыях, экскурсіях, краязнаўчых маршрутах, пошуках і знаходках – аб усім, датычным жыцця гуртка. У вялікай колькасці ілюстрацыяў вызначальнае не імкненне да стварэння заўважнай яскравасці, а менавіта сутнасць летапісу – гэта жывы арганізм, і рух яго – у канкрэтных людзях, сябрах, асобах. У ілюстрацыях захаваная дарагая памяць аб пакаленнях вучняў. Цудоўна, што мы маем магчымасць не толькі прачытаць пра іх, але і, пагартаўшы старонкі, пабачыць іх дзе вясёлыя, а дзе і сур’ёзныя твары. Звярнуцца да пачаткаў – 1970-х, і да сучаснасці – гадоў 2000-х. Адзначыць справы – экскурсіі, выстаўкі, конкурсы, семінары, заняткі, форумы і іншае. У здабытках добра прасочваюцца асноўныя вехі, з якімі дзейнасць сяброў гуртка мае прамую сувязь: першы ўдзел у раскопках у 1977 г., стварэнне гістарычнага музея ў Мёрскай СШ № 3 у 1986 г., распрацоўка маршрутаў «Срэбны пярсцёнак Мёршчыны» і «Бронзавы пярсцёнак Мёршчыны» ў 2005 і 2006 гг. адпаведна, распрацоўка краязнаўчага велапахода «Малы залаты пярсцёнак Мёршчыны» ў 2007 г., стварэнне і адкрыццё на базе СШ № 3 музея кнігі і друку ў 2009 г., пачатак выдання газеты «Мёрская даўніна» ў 2011 г., стварэнне веламаршруту «Пярсцёнак вайны 1812 г. Паўночны напрамак» у 2012 г., распрацоўка краязнаўчага веласіпеднага пахода «Браслаўска-Друйскі пярсцёнак» у 2014 г., адкрыццё пры СШ № 3 этнаграфічнага музея «Сялянская хата» ў 2015 г., распрацоўка велапахода «Дрысенска-Дзісенскі пярсцёнак вайны 1941 – 1944 гг.» у 2016 г. Вехі ж гэтыя пераплеценыя значнай колькасцю больш дробных падзеяў: разведак, паходаў і вандровак.

Выдатна, што музеі, якія з’яўляюцца базай для працы гуртка «Арганаўты мінулага», атрымліваюць дапамогу ад шчырых патрыётаў радзімы. Гэтыя людзі дораць экспанаты, а таксама аказваюць іншую вельмі патрэбную падтрымку. Гісторыя гуртка знітаваная з дарцамі, таму ў кнізе іх асобы таксама надзеленыя належнай справядлівай увагай.

Да забяспечанасці зборніка ўзнёсла-паэтычным кампанентам спрычыніўся таксама і паэт Антон Бубала, бясспрэчна, першы краязнаўца Верхнядзвінскага краю, грунтоўна абазнаны ў гісторыі і геаграфіі мясцовасці.

Асноўная частка кнігі завяршаецца развагай-падсу­маван­нем аўтара «За­мест эпілога». Адзначаецца, што збор­нік – адлюстраванне бегу 40 гадоў гісторыі гуртка «Арганаўты мінулага», ён – своеасаблівая даніна і дзённік памяці, але не помнік, бо гурток жыве і цяпер. Новае пакаленне гурткоўцаў натхняецца прыкла­дам папярэднікаў і дасягае сваіх непаўторных поспехаў у шчырай працы на карысць землякоў і краю, гісторыю якога працягвае пісаць уласнаручна.

Грунтоўнасць працы пацвярджаецца шырокім колам прыцягнутай літа­ра­ту­ры: артыкулы з газетаў раённага, абласнога і агульнанацыянальнага ўзроўняў, ма­тэ­рыя­лы навукова-краязнаўчых і навукова-практычных канферэнцыяў, зборнікі матэрыя­лаў і конкурсных працаў, тэксты радыёперадачаў і іншае.

 Ігар КАНДРАТОВІЧ, г. Мёры

(Далей чытайце ў № 2 “Краязнаўчай газеты”)

 Беларускі фонд культуры і рэдакцыя «Краязнаўчай газеты» шчыра віншуюць даўняга сябра і члена рэдкалегіі нашага выдання з грунтоўнай кнігай. Зычым далейшых поспехаў у творчых пошуках, у зберажэнні нашага гістарычнага скарбу.

Папярэднi артыкулДзе варта пабываць…
Наступны артыкулКонкурс сачыненняў
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам