Гісторыя Агратурызм Кола купалаўскіх святаў

Кола купалаўскіх святаў

-

- Рэклама -

Чым больш мінае гадоў з дня нараджэння Івана Луцэвіча, тым больш велічнай і значнай уяўляецца для свядомага жыхара Беларусі постаць генія беларускай літаратуры Янкі Купалы – Песняра, Патрыёта, Прарока. З кожным годам пашыраецца кола ўдзельнікаў Купалаўскіх дзён, бо палымянае слова паэта збірае людзей, у чыіх сэрцах не згасае агонь шчырай любові да Бацькаўшчыны.

Здзяйсненні і планы

Як адзначыў намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік пад час прэс-канферэнцыі ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, прысвечанай святкаванню юбілею Песняра, святочныя мерапрыемствы ладзяцца з пачатку года. Купалавы словы гучалі на абласных конкурсах, у тым ліку на Х злеце маладых паэтаў Міншчыны «Слова Купалы да творчасці кліча» (праходзіў у філіяле музея «Акопы»), Нацыянальным фестывалі песні і паэзіі ў Маладзечне, Рэспубліканскім свяце паэзіі і харавога мастацтва «Пеўчае поле» ў Мядзелі. Міністэрства інфармацыі запланавала выпуск новых выданняў з творамі Янкі Купалы да наступных юбілейных датаў. Пры падтрымцы міністэрства распачатая праца над перавыданнем энцыклапедыі «Янка Купала». У межах праекта «Янка Купала ў дыялогу культур» адбыліся выстаўкі ў Польшчы, Расіі, Украіне, Францыі, а ў Латвіі, Малдове, Сербіі ды Славеніі яны пройдуць да канца гэтага года. На 3-4 лістапада, пад час правядзення дзён культуры Беларусі ў Грузіі, запланаваная юбілейная выстаўка ў г. Тбілісі.

Дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Іван Саверчанка пазнаёміў прысутных з акадэмічнымі перакладамі твораў Песняра на рускую мову, што ўвайшлі ў выдадзеныя ў краінах СНД зборнікі «Волшебная свирель», «Ладья сокровищ». Пабачыў свет 9-ы том выбраных твораў Купалы ў серыі «Залатая калекцыя беларускай літаратуры» ў 50 тамах.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама Соф’я Філістовіч, галоўны спецыяліст упраўлення культуры Мінаблвыканкама Таццяна Краўчонак і галоўны спецыяліст аддзела ўстановаў культуры і культурна-асветнай працы Мінгарвыканкама Марына Ясюк пад час прэс-канферэнцыі распавялі, як святкуецца юбілей класіка. Так, на Маладзечаншчыне праходзілі фестывалі, канцэрты, конкурсы, прэзентацыі, літаратурныя сустрэчы, навукова-краязнаўчая канферэнцыя «Выйдзі з сэрцам, як з паходняй» – усяго больш за 100 падзеяў. У Мінску з запланаваных больш як 250 мерапрыемстваў ужо адбыліся 130, у тым ліку Янку Купалу ўшанавалі пад час святкавання Дня Незалежнасці. У сталіцы будуць працаваць літаратурныя пляцоўкі і ў час святкавання Дня горада ў верасні.

Узгадалі дзень смерці і дзень нараджэння

28 чэрвеня, на 75-я ўгодкі гібелі Янкі Купалы, на Вайсковых могілках у Мінску адбылася імша і цырымонія ўскладання кветак да помніка. На жальбіны прыйшлі прадстаўнікі установаў культуры, Беларускага фонду культуры, Саюза пісьменнікаў, замежныя госці і неабыякавыя сталічныя жыхары.

Як ніколі шматлюдна было 7 ліпеня, у дзень нараджэння паэта, у Купалаўскім скверы. У святочным мітынгу і ўскладанні кветак да помніка Купалу прынялі ўдзел міністр культуры Барыс Святлоў, прадстаўнікі дыпмісіяў, міністэрства адукацыі і міністэрства інфармацыі, Мінгарвыканкама, Беларускага фонду культуры, нашчадкі Янкі Купалы, сябры Саюза пісьменнікаў, Беларускага саюза мастакоў, установаў культуры і адукацыі, замежныя госці.

Цырымонія пачалася песняй на словы юбіляра, якую выканаў Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь. Пад гукі Дзяржаўнага гімна да помніка ўсклалі кошык кветак ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, а Б. Святлоў зачытаў удзельнікам мітынгу яго прывітальны адрас. Выступілі і ўсклалі кветкі дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, загадчык музея Янкі Купалы ў сяле Пячышчы (філіяла Нацыянальнага музея Рэспублікі Татарстан) Рыма Абызава, старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы Таццяна Сівец.

Народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель прачытала потым урывак з паэмы «Адвечная песня», песню на верш Янкі Купалы «Явар і каліна» выканала салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі Марына Васілеўская, акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Андрэй Новік прачытаў верш «Я не паэта».

Затым у музеі адбылося гашэнне паштовай маркі і канверта, выпушчаных у абарачэнне да 135-годдзя Янкі Купалы Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі, на якім прысутнічаў першы намеснік міністра Дзмітрый Шыдко.

Паэты, спевакі, майстры ў Ляўках…

 Ляўкі 2 ліпеня сустракалі гасцей традыцыйным караваем, стравамі і прысмакамі беларускай народнай кухні, спевамі птушак, ляснымі зёлкамі (у тым ліку чырванакніжнымі прыгажунамі званочкамі), духмяным водарам і цёплым дожджыкам.

Мясцовыя пачастункі ўразілі разнастайнасцю і смакам: духмяныя напоі і блінцы розных відаў, аладкі, печыва, гародніна, клубніцы, мясныя, тварожныя і бульбяныя стравы. Кухары клуба аматараў нацыянальнай кухні «Бульбяначка» пры аршанскім Доме культуры здзівілі адмысловымі стравамі (паласавацца якімі можна толькі ў Ляўках): капыткамі высачанскімі і цыбрыкамі са смятанаю, вырабленымі па сакрэтным сямейным рэцэпце, які вядомы з XVIII стагоддзя. Дэгустацыю сваёй прадукцыі арганізавалі і мясцовыя харчовыя прадпрыемствы.

Пляцоўку каля будынка былога лясніцтва, дзе цяпер месціцца музейная экспазіцыя, занялі рыцары, выканаўцы сярэднявечных танцаў, народныя майстры з выстаўкай сваіх працаў – сплеценых з лазы, звязаных, вышытых… Пачэснае месца заняло вялікае ласкутнае пано, прысвечанае 1067-годдзю Оршы.

Ахвочыя маглі сплесці купальскі вянок ці паспрабаваць свае сілы ў іншым рамястве. Галоўны дырэктар міжнароднага радыё «Беларусь» Навум Гальпяровіч пасля знаёмства з майстрыхай Аршанскага Дома рамёстваў Наталляй Макаранкавай і яе вышыўкай згадаў, што ў дзяцінстве таксама вышываў крыжыкам.

На імправізаванай сцэне каля ганка Купалавай дачы акцёры Аршанскага народнага тэатра прадставілі ўрывак з п’есы «Прымакі». Вакол помніка паэту ўсталявалі стэлажы з кнігамі Песняра, тым самым стварыўшы ўмоўныя межы паэтычнай пляцоўкі, дзе прагучалі вершы Янкі Купалы і прысвячэнні яму, творы іншых паэтаў у аўтарскім выкананні.

Канцэрт пад адкрытым небам зладзіў Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры», які выканаў песні на словы Янкі Купалы з альбома «Шчаслівасць», свае новыя песні і хіты Мулявіна. Нягледзячы на дажджлівае надвор’е на лаўках не было вольных месцаў. Слухачы пад парасонамі падпявалі выканаўцам, якіх паліваў дождж. Лепш за ўсіх пачуваліся мясцовыя жабкі, якія пад нязвыклыя для іх слыху гукі музыкі і спеваў дружна скакалі па праходах да сцэны.

Потым песні пад гітару на словы Купалы праспяваў Дзмітрый Пятровіч, які ў Ляўках быў упершыню, а Андрэй Зыгмантовіч выступіў з прэм’ерай песні «На Купалле» на словы Песняра. Падзяліліся сваімі паэтычнымі набыткамі старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка, старшыня Мінскага абласнога аддзялення Святлана Быкава, Н. Гальпяровіч, Іна Фралова, Бажэна Мацюк, госць з Украіны Глеб Кудрашоў – літаратуразнаўца, дацэнт кафедры журналістыкі Палтаўскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя У. Караленкі. Першы намеснік старшыні СПБ Алена Стэльмах абвясціла конкурс на лепшае выкананне вершаў Янкі Купалы ці прысвячэнняў яму. Пераможцаў чакалі адмысловыя ўзнагароды – кнігі з аўтографам А. Стэльмах, якія атрымалі мясцовыя аматары паэзіі: чытальнік вершаў Купалы Канстанцін Загародні з Копыся і 80-гадовая вершаскладальніца Надзея Лялік з Бабінічаў. Надзея Якаўлеўна пачала складаць вершы ў 50-гадовым узросце і за 30 гадоў напісала шмат прысвячэнняў, назіранняў, разважанняў, паэмаў і баек.

Паэтычная імпрэза выклікала цікавасць у гледачоў і магла б доўжыцца да заходу сонца, але кропку паставіў час – трэба было вяртацца ў Мінск.

 …і ў Вязынцы

 8 ліпеня цэнтрам святкавання стала Вязынка. Ганаровыя госці – паэты, празаікі, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы – пакаштавалі маладзечанскі каравай, усклалі кветкі да помніка Купалу, агледзелі музейную экспазіцыю, выступілі з вітаннямі на галоўнай канцэртнай сцэне, упрыгожанай ручнікамі і партрэтам Песняра.

Сёлетняе Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў было 45-м па ліку і вызначылася дэфіле ў народных строях, прэзентацыяй створанага на Маладзечанскай фабрыцы мастацкіх вырабаў Беларускага фонду культуры сучаснага адзення і аксесуараў з народнымі матывамі, ручніком, на якім удзельнікі майстар-класа па вышыўцы адлюстравалі першыя літары сваіх імёнаў, адмысловымі фатазонамі для здымкаў і цудоўным надвор’ем.

З кожным годам усё больш прыцягальным становіцца гэты маляўнічы куток Міншчыны, калыска паэта. Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», які раскінуўся на плошчы 21 га, стаў улюбёным месцам сямейнага адпачынку мінчанаў, сюды прыязджаюць шлюбныя картэжы і турыстычныя групы. У любую пару года тут можна сустрэць мастакоў і фатографаў. Няма сумневу, што і ўдзельнікі свята (многія з іх былі ў вышыванках і вышымайках, з купальскімі вянкамі) прыйшлі сюды па поклічы сэрца. Завітаў у Вязынку і пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка, які пад час кароткага візіту на радзіму знайшоў час пабываць на свяце Купалавай паэзіі.

Адкрылі свята намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік і дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, пасля чаго ў неба ўзляцелі 135 шароў-прызнанняў у любові Купалу, і са сцэны загучалі Купалавы словы. З вялікай увагай былі ўспрынятыя паэтычныя прысвячэнні Песняру А. Стэльмах і Віктара Шніпа. Не пакінулі нікога абыякавым эмацыйныя выступы Міхася Башлакова і Рыгора Сітніцы. Не хацелі адпускаць са сцены госця з Украіны Г. Кудрашова, які акрамя змястоўнай прамовы пра культурныя сувязі нашых народаў і ролю ў іх Янкі Купалы прафесійна выканаў украінскую песню. З цікавасцю слухалі генеральнага консула Рэспублікі Беларусь у Татарстане, старшыню аб’яднання беларусаў Казані «Спадчына» Сяргея Марудэнку, загадчыка музея Янкі Купалы ў сяле Пячышчы (філіял Нацыянальнага музея Рэспублікі Татарстан) Рыму Абызаву, дырэктара Аб’яднання мемарыяльных музеяў Латвіі Рыту Мейнертэ, дырэктара літаратурна-мемарыяльнага музея Міхаіла Булгакава (Кіеў) Людмілу Губіануры, намесніка дырэктара Калінінградскага абласнога гісторыка-мастацкага музея Вольгу Шчаглову.

Сапраўдным падарункам для ўдзельнікаў свята стала выкананне ўлюбёнцамі публікі – Беларускім дзяржаўным ансамблем «Песняры» – песень на вершы Купалы. Прадэманстравалі сваё майстэрства юныя спевакі вакальнага ансамбля «Заранак» Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна. Пацешылі вока і слых сваімі спевамі прыгажуні заслужанага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Неруш», выступілі калектывы Маладзечанскага раёна.

Пад час свята працавалі выстаўкі-продажы вырабаў народных майстроў, сувенірнай прадукцыі, кніг.

Святы пакінулі вельмі прыемныя ўражанні. Напрыканцы хочацца ўзгадаць радкі В. Шніпа, які казаў, што ў Вязынцы хата Янкі Купалы як беларускі каўчэг, што плыве па траве, як па вечнасці, асвятляючы шлях да Беларусі. Вязынка – нашая Мека, куды вядуць усе дарогі Беларусі. Сцежка Купалы ніколі ні знікне, як вечнасць. У купалаўскім садзе светла ад вершаў, створаных Янкам Купалам душой і крывёю. Купалаўскія ліпы і купалаўскія творы трымаюць неба над Вязынкай і над Беларуссю.

І ад сябе дадам: няхай вершы Купалы асвятляюць шлях да Беларусі не толькі ў святы!

Наталі КУПРЭВІЧ, фота аўтара

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам