Пастаянныя чытачы ведаюць пра конкурс «Па-за кадрам: ад гісторыі сям’і да гісторыі грамадства». Новым жа падпісчыкам коратка распавядзем.
Конкурс праводзіць Прадстаўніцтва «DVV International» у Беларусі сумесна з МГА «Гісторыка» ў рамках праекта «Конкурсы па гісторыі Беларусі, Грузіі, Малдовы, Украіны 2.0» пры падтрымцы Міністэрства замежных справаў ФРГ. Праект рэалізуецца «DVV International» і Фондам імя Кёрбера ў партнёрстве з мясцовымі арганізацыямі і міжнароднай сеткай «EUSTORY».
У верасні ў мінскай Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшло афіцыйнае прадстаўленне конкурсу. Да імпрэзы была падрыхтаваная выстаўка кніг, прысвечаных фотамастацтву, працы з фотаздымкамі (як лічбавымі, так і друку са стужкі на фотапаперы), а таксама фотаальбомы, што паказваюць нашую краіну і рэгіёны, іх гісторыю.
На імпрэзе сабраліся прадстаўнікі арганізатараў, сябры журы, завіталі пераможцы леташняга конкурсу «Па-за кадрам» і патэнцыйныя ўдзельнікі сёлетняга. Да прысутных з вітаннем звярнуліся супрацоўніцы Прадстаўніцтва «DVV International» у Беларусі Галіна Верамейчык і Марына Марыніна, сябра «Гісторыкі» і член журы Кастусь Антановіч распавёў пра асаблівасці новага конкурсу, звярнуў увагу на адрозненні ад папярэдняга.
Абстаноўка на сустрэчы была па-сямейнаму шчырай, змаглі выказацца ўсе прысутныя: распавялі пра сябе, падзяліліся досведам удзелу ў першым конкурсе, выказалі заўвагі і прапановы. Так, часавыя рамкі былі пашыраныя да 2000 года, было вырашана адмовіцца ад намінацыі «прэзентацыя» і прапанавана прадаставіць на конкурс эсэ, створаныя на аснове сямейных здымкаў і інтэрв’ю з роднымі і блізкамі, хто адлюстраваны на фота.
Настраёвым дадаткам да сустрэчы стала выступленне ўдзельніка музычнага праекта «У нескладовае» Рамана Арлова, які пад гітару выканаў некалькі песень пра Беларусь і важнасць памятаць, хто мы і адкуль наш род.
Палажэнне аб конкурсе мы надрукуем у адным з бліжэйшых нумароў «Краязнаўчай газеты». Ёсць таксама дамоўленасць аб публікацыях найлепшых працаў на старонках нашага выдання.
Уладзімір ПУЧЫНСКІ, сябра журы конкурсу «Па-за кадрам: ад гісторыі сям’і да гісторыі грамадства»
Фота Лізаветы ДУБІНЧЫНАЙ