Стварылі Лунінецкае краязнаўчае таварыства
У зале раённай бібліятэкі адбыліся 12-я Лунінецкія краязнаўчыя чытанні.
Вадзім Жылко, які вёў мерапрыемства, спачатку распавёў пра творчыя здабыткі лунінецкіх краязнаўцаў за апошні час. Далей пачаліся выступленні ўдзельнікаў.
Пра сваю працу над рэканструкцыяй плана Лунінца 1939 года (які быў выдадзены сёлета да 570-годдзя горада) і пра знойдзены ў архіве план электрыфікацыі паселішча 1936 года распавёў Святаслаў Яначкін. Таксама краязнаўца распавёў пра з’яўленне ў Лунінцы першых кінатэатраў – у 2020 годзе будзе адзначацца стогадовы юбілей «лунінецкага кіно», таму вырашана адзначыць яго адмысловым святочным мерапрыемствам. Аляксандр Яраховіч, дырэктар Лахвенскай СШ, пазнаёміў з даследаваннямі па гісторыі Лахвы радзівілаўскіх і больш позніх часоў.Чытаць далей…
Ураджэнка Лахвы, цяпер жыхарка Мінска, Ганна Дземідовіч расказала пра свае знаходкі ў сталічных архівах, звязаныя з яе родным мястэчкам і ўвогуле з Лунінеччынай. Сярод іх матэрыялы Радзівілаў, перадваенныя і ваенныя (партызанскія) дакументы ХХ стагоддзя і інш. Краязнаўца прапанавала аднавіць гістарычныя назвы вуліцаў Лахвы, змясціўшы іх на шыльдах побач з цяперашнімі, як тое зроблена ўжо ў шэрагу беларускіх гарадоў.
Пінскі навукоўца Аляксандр Ільін прадставіў сваю новую кнігу, што выйшла ва Украіне. Гэта нарысы з гісторыі Бяроза-Картузскага канцлагера 1934 – 1939 гадоў. Сярод яго вязняў былі і лунінчане.
На такіх каштоўных гістарычных крыніцах, як царкоўныя кнігі, спыніўся Васіль Туміловіч. Сцяпан Нефідовіч распавёў пра свае даследаванні гісторыі і назваў вёсак, урочышчаў, рэк, азёраў, балотаў нашага краю; сёлета яны былі выдадзеныя ў зборніку «Краязнаўчыя нарысы».
Кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Краязнаўства» Лунінецкага політэхнічнага каледжа Галіна Антановіч (на чытаннях прысутнічалі і яе вучні) распавяла пра творчыя здабыткі гэтага гуртка. У прыватнасці, аб’яднанне выдае штомесячную газету «Краязнаўчы веснік», падрыхтавала буклеты пра цэрквы Лунінеччыны. У час чытанняў быў паказаны відэафільм пра Свята-Мікалаеўскі храм ў Кажан-Гарадку, які знялі супрацоўнікі каледжа. Ужо гатовы і новы фільм – «Храмы Лунінеччыны».
Дырэктар раённай бібліятэчнай сістэмы Алена Кішкевіч распавяла пра краязнаўчую дзейнасць бібліятэк Лунінеччыны, прадэманстравала «Літаратурную карту Лунінеччыны», віртуальную экскурсію па Лунінцы, прэзентацыю Лунінскай сельскай бібліятэкі. Удзельнікі прагледзелі відэафільм школьнага бібліятэкара з Сінкевічаў Людмілы Гоза пра пісьменніцу Софію Прорвіч, пазнаёміліся з кніжнай выстаўкай лунінецкіх краязнаўчых выданняў.
У час чытанняў было заснаванае Лунінецкае краязнаўчае таварыства пры раённай бібліятэцы. Яго сябрамі сталі Леў Коласаў, Іван Панасюк, Васіль Туміловіч, Сцяпан Нефідовіч, Святаслаў Яначкін, Аляксандр Ільін, Яўген Хвастоў, Вадзім Жылко, Аляксандр Яраховіч, Ганна Дземідовіч, Галіна Антановіч, Вера Скіба, Алена Нямчэня і Дзіяна Сладзінская. Кіраўніком таварыства абраны Вадзім Жылко.
Віталь ДЫМАЎ
Фота Віктара ПІНІГІНА