«Вэсна» і кветнік гарадчанак
Нельга ўявіць краявіды Давыд-Гарадка без Гарыні і без агародаў, усланых рознакаляровым дываном дэкаратыўных кветак. А яшчэ Гарадок вылучаецца неардынарным заняткам жыхароў – гэта продаж насення кветак і агародніны, які тут завецца вэсна.
Так гістарычна склалася, што гараджане спрадвеку карміліся саматужнымі промысламі, у тым ліку і вырошчваннем насення, бо ў невялікім палескім гарадку амаль не было прамысловасці. Асабліва востра паўстала пытанне занятасці насельніцтва пасля таго, як у 1961 годзе горад страціў статус раённага цэнтра. Працы не стала, а жыць трэба. Тады і распачаўся масавы занятак, промысел – вырошчванне насення на продаж. Была зямелька каля хаты, былі працавітыя рукі і гандлёвая жылка, а галоўнае – дзеці, якіх трэба было падняць на ногі.
Шматвяковы занятак гандлярствам узбагаціў мясцовую лексіку лаканічнымі выразамі: «Лычко товар продае», «Лычко товар красіць», давыд-гарадоцкія мастакі прыдумалі рэкламныя дошчачкі-этыкеткі (цікеткі) з малюнкамі раслінаў і іх назвамі. Гэты самабытны жывапіс, народжаны жыццёвым клопатам, не мае аналагаў.Чытаць далей…
I менавіта ў шасцідзясятыя гады на мясцовай глебе падрастала таленавітае пакаленне гарадчукоў. З цягам часу турботы і клопаты бацькоў пра хлеб надзённы знайшлі свой адбітак у творчасці маладых аўтараў, а самі назвы іх ранніх твораў глыбока сімвалічныя. Вобразна кажучы, густа ўзышло «Насенне» празаіка Уладзіміра Глушакова і яркімі краскамі заквітнела шматгранная творчасць Георгія Марчука – аўтара рамана «Кветкі правінцыі». Ад краявідаў родных мясцінаў, дзе «шольсія шафранна ззяе», дзе «цвіла мядовая меліса і сальвія ў Гарынь цякла…», чэрпае сваё натхненне паэт Леанід Дранько-Майсюк. Яго паэзія ўвабрала ў сябе шматколерную палітру фарбаў навакольных агародаў, агародчыкаў і кветнікаў, якія даглядаюць і песцяць руплівыя гарадчанкі. I не толькі даглядаюць, але і даюць раслінам мясцовыя назвы. Гэтыя назвы паэт акрэсліў трапным словазлучэннем – дыялектны кветнік.
Як толькі сыходзіў снег і сонейка прагравала зямельку, гарадчанкі пачыналі ўвіхацца на агародах, іх штодзённая праца, акрамя нядзелі ды святаў, доўжылася аж да замаразкаў. Перш-наперш уладжвалі кветнікі перад хатай: падрыхлівалі глебу, папраўлялі межы, а там-сям, дзе за зіму падмерзлі расліны, саджалі новую расаду. Неўзабаве раскрывала пупышкі прымула-першацвет, зацвіталі ружаватыя стакроткі і жоўты алісум, цікаўнымі вочкамі паглядалі навокал браткі, цягнуліся да сонейка нарцысы і цюльпаны, праклёўваліся блакітным колерам незабудкі.
Паступова ўскопваліся грады, садзіліся высадкі буракоў і морквы, сеялася насенне гародніны і кветак, прычым засяваўся кожны кавалачак зямлі, бо «грэх, коб зэмэлька пустовала», прыгаворвалі старыя людзі.
Пасяўная заканчвалася ў маі. Нездарма ж тут бытуе прымаўка: «Май – то сажай, а юнь – на зэмлю плюнь». Не паспеюць засеяць грады, як пачыналася праполка. А тут ужо не драмі – пільнуй тое, з чаго хлеб ясі. Неабходна і зямельку падварушыць, паліць і падкарміць расліны, паставіць тычкі на высадкі і падвязаць іх.
(…)
Цяпер няма тае паўнаводнай Гарыні, што спрадвеку бруіла пад вокнамі гарадчукоў. Рака змушана нясе свае воды па абводным канале, а старое рэчышча паступова мялее і звужвае свае берагі. Няма ўжо і тых агародаў, дзе пышна красавалі кветкі-краскі. Пасля распаду Саюза стала менш рынкаў збыту насення, і былыя кветнікі на дзедавых пляцах унукі засейваюць газоннай травой.
Але кожнай вясной напамінам-дакорам прабіваюцца скрозь траву купкі незабудак і доўга-доўга глядзяць у бяздоннае блакітнае неба.
Таццяна Стахейка, г. Мінск
(Цалкам артыкул чытайце ў №№ 15 – 16 “Краязнаўчай газеты”)