Гісторыя Агратурызм Крыніцазнаўства

Крыніцазнаўства

-

- Рэклама -

Пра што можа расказаць інвентар

 Разбор і вывучэнне інвентароў маёнткаў і фальваркаў – неад’емная частка спазнавання гісторыі свайго краю. Яны з’яўляюцца грунтоўнай крыніцай для даследавання матэрыяльнай спадчыны шляхецкіх двароў і стасункаў феадалаў з мясцовым насельніцтвам.

На тэрыторыі Беларусі інвентары пачалі фіксавацца ў XVI ст. Іх рабілі з рознымі мэтамі. Адна з іх – афармленне юрыдычных дакументаў пры куплі-продажы маёнтка. Другою мэтаю магло стаць правядзенне ўлікова-гаспадарчых мерапрыемстваў, якія рабіліся непасрэдна для патрэбаў самога ўладальніка. Часцей за ўсё інвентары складалі пры перадачы маёнтка ў арэнду ці вяртанні з яе.Чытаць далей…

З цягам часу мянялася мова, на якой пісаліся інвентары. У XVI ст. гэта была старабеларуская, у XVII – польская, а з ХІХ ст. пераважная большасць інвентароў была на рускай мове.

Вядомыя поўныя і кароткія інвентары. Поўныя складаліся з трох частак. У першай магла змяшчацца інфармацыя пра жылыя і гаспадарчыя пабудовы феадальнага двара, іх архітэктуру і планіроўку, пра маёмасць, гаспадарку, крыніцы і памеры прыбытку. У другой апіcваліся воласці па іх вёсках, мястэчках і гарадах (па вуліцах), што ўваходзілі ў склад феадальнага ўладання. Пералічваліся ўсе двары, паказвалася колькасць ворнай зямлі, сенажацяў, прысядзібных участкаў. У XVI – першай палове XVII ст. перапіс воласцяў праводзіўся па валоках, а дзе не было валочнай памеры – па службах. Пры апісанні кожнай валокі называліся ўсе сяляне, якія карысталіся яе доляй. У трэцяй частцы пералічваліся розныя віды феадальных павіннасцяў, памеры падаткаў і тэрміны іх выплаты; умовы карыстання пашаю, вадаёмамі, ляснымі ўгоддзямі. Кароткія, ці няпоўныя, інвентары змяшчалі звесткі толькі пра панскую гаспадарку ці пра воласць. Разнавіднасцю іх былі т.зв. берчакі – пералік сялянскіх гаспадарак з паказам надзелу, натуральнага і грашовага чыншу.

invientary_01У фондах гісторыка-краязнаўчага музея Дзяніскавіцкай яслі-сад – сярэдняй школы знаходзіцца копія інвентарнага вопісу маёнтка Дзяніскавічы, які адносіўся да Клецкай ардынацыі князя Льва Радзівіла і датаваны красавіком 1857 г. (цяпер вёска Дзяніскавічы ў Ганцавіцкім раёне). Па тыпалогіі ён з’яўляецца няпоўным і напісаны на рускай мове. Асаблівую цікавасць гэтаму дакументу дадае і тое, што складаўся ён усяго за чатыры гады да адмены прыгоннага права. Арыгінал інвентара знаходзіцца ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве.

invientary_02Сам маёнтак складаўся з двух фальваркаў – Дзяніскавічы і Марыянава (цяпер гэта проста ўрочышча побач з вёскаю), а таксама сяла Дзяніскавічы і вёскі Еськавічы (у 1962 г. далучаная да больш буйнога населенага пункта Дзяніскавічы). Зямлі пры фальварку налічвалася 2 237 моргаў (1 588 га), яна складалася з дваравой, раллёвай, сенакоснай (больш за 50% ад усёй колькасці), а таксама з той, што належала прыгонным і вольным сялянам. Глеба ў асноўным была пясчанаю і камяністаю, а сенакосы складаліся напалову з муравы і балотаў. Прытым інвентарызацыя зямельных угоддзяў праводзілася раней, у 1841 г.

Усяго сялянскіх двароў налічвалася 69, у іх было 356 душаў мужчынскага полу і 409 – жаночага (што ў сярэднім складае крыху больш за 11 душаў на двор). Было таксама 6 двароў вольных сялянаў, дзе жылі 35 душаў. Галоўнымі заняткамі мясцовага насельніцтва былі земляробства, жывёлагадоўля і часткова пчалярства. Акрамя гэтага фальварак атрымліваў даходы ад вінакурства і піваварства, продажу алкагольных напояў у карчме, а таксама ад асабістых і грашовых павіннасцяў сялянаў.

У сяле Дзяніскавічы знаходзілася праваслаўная Петра-Паўлаўская царква. Яна была драўляная, накрытая гонтай, а купал – бляхаю. Асобна ад царквы на чатырох калонах была збудаваная званіца. Пры царкве разам з прыслугаю жыў святар.

Фальварак Дзяніскавічы складаўся з жылых і гаспадарчых пабудоваў. У сядзібным доме было дзесяць пакояў, сені, калідор і камора, каля ўвахода – ганак з шасцю калонамі. Сам дом быў старым і патрабаваў звонку новай абшыўкі дошкамі, унутры – папраўкі тынкоўкі, перабудовы печаў і дзе-нідзе замены рамаў у вокнах. У пакоях размяшчаліся цагляныя каміны і печы, абкладзеныя кафляю. Падлога і столь у памяшканнях была з дошак, у некаторых пакоях столь была яшчэ і пашпатляваная. Сцены былі альбо абклееныя шпалерамі ці палатном, альбо проста атынкаваныя і пабеленыя. Дах быў пакрыты гонтаю.

Асобна ад сядзібнага дома знаходзілася кухня, накрытая драніцай. Будынак складаўся з некалькіх памяшканняў, у адным з іх былі цагляныя кухонныя печ і камін. Таксама была і так званая хата дворная, у ёй – сені, камора і пакой, перагароджаны дошкамі на две часткі. Для абагрэву і прыгатавання ежы ў ім была кухонная печ.

Таксама быў будынак пад назваю «салька», які выконваў функцыю склада для прадуктаў. Пабудова была двухпавярховая на каменным падмурку, мела квадратную форму, у падвале размяшчалася лядоўня. На другі паверх з надворку вяла драўляная лесвіца.

У двары, што быў абнесены агароджаю з калоў, месціліся вінакурня і саладоўня, абодва будынкі былі новымі і не патрабавалі рамонту. У вінакурні было памяшканне «чопарня» – там размяшчаліся чатыры кляпаныя скрыні з сасновых дошак для раскваскі соладу, а ў саладоўні была адмысловая печ для сушкі соладу. Таксама ў двары знаходзіўся калодзеж.

Былі таксама два «скоцкія двары» – хлявы, у якіх трымалі свойскую жывёлу. Абодва будынкі патрабавалі рамонту даху. Непадалёк знаходзіліся адрына і гумно (у ім, у адрозненне ад адрыны, было выдзеленае месца пад малатарню). Адзін хлеў быў накрыты драніцай, астатнія – саломаю. Для захоўвання абмалочанага зерня меўся амбар, накрыты драніцай, зверху якой быў віш (сухая пажоўклая трава, няскошаная да позняй восені; літаратурная форма віша). У млыне стаялі два валы з жорнамі, каб малоць зерне.

 Віталь ГЕРАСІМЕНЯ, галоўны захавальнік фондаў Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея

(Далей чытайце ў № 23 “Краязнаўчай газеты”)

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам