Гісторыя Агратурызм Легенды вандроўных шляхоў

Легенды вандроўных шляхоў

-

- Рэклама -

Гадзіннік паддашкавы

 Ёсць гадзіннікі настольныя, падлогавыя, насценныя. А ў мяне ёсць гадзіннік паддашкавы.

Стаю ў сенцах на глінабітнай падлозе і, задраўшы галаву, гляджу ў чорны квадрат паддашкавага праёма. Адтуль даносяцца напераменку крахтанне, гучнае сапенне, грукат рэчаў па падлозе ды лапатанне крылаў напалоханых галубоў.

– Вось, – чую праз нейкі час зверху, – усё, што я тут знайшоў. Ведаеце, колькі часу прайшло, можа, што ўжо і назусім згубілася.

– Добра, – супакоіў я гаспадара, – давайце што ёсць.Чытаць далей…

З праёма спачатку з’явіліся зялёныя гумавікі і нагавіцы ў дробную палоску, потым целагрэйка з нейкай савецкай эмблемай, і ў канцы – кучаравая галава з вясёлымі вачыма і ўсмешкай на ўвесь твар.

– Вось, – паўтарыў уладальнік кучаравай галавы. У выцягнутых руках у гаспадара хаты – гадзіннікавы механізм: цыферблат, стрэлкі, маятнік. – Трымайце. Корпус быў драўляны, прыгожы. Бацька распавядаў. Але ж чаго гэта я пачынаю байкі баяць з сярэдзіны. Хадземце ў хату, да печкі, яна якраз паліцца.

Ад адных толькі словаў «да печкі» мне стала добра. У хаце ўсё як трэба: фіранкі з мярэжкамі, размаляваны куфар, белая печ пасярод вялікага пакоя, у куце – абразы пад вышыванымі ручнікамі і пажаўцелыя ад часу фотаздымкі ў драўляных рамках, на стале – медная міска з пузатымі гарбузікамі.

– Частуйцеся, – падсунуўшы міску, кажа гаспадар. – У гэтым годзе як ніколі ўрадзіла на гарбузы. Раней гаспадарка вялікая была, жывёлы шмат. Усё дачыста з’ядалася. Зараз семечкі дастаём, а сам гарбуз секачом-секачом – ды пад пераворванне. Шкада, але што зробіш.

Лускаем гарбузікі, пстрыкаюць у агні дровы. На падлозе – квадратны сонечны заяц. Прыгажосць! Каб было ўжо зусім добра, да ўсяго гэтага дарэчы будзе, як сказаў мой суразмоўца, байка пра гадзіннік, які ён толькі што дастаў з паддашка гэтай утульнай хаты.

– Дзядуля мой, Дзям’ян Васільевіч, – пачынае ён, – ездзіў яшчэ пры Польшчы некалькі разоў на заробкі ў Францыю. Туды людзі дабіраліся за апошнюю капейку, а назад вярталіся з цэлымі абозамі дабра рознага: швейныя машынкі прывозілі, інструменты, механізмы ўсялякія для гаспадаркі, матэрыі скруткі ды дзецям салодкія пачастункі. Але няма ліха без дабра, а дабра без ліха. Адразу ж на дарогах пачалі з’яўляцца шайкі людзей, якія разбоем займаліся. Здаралася, калі на абоз нападалі – усё адбіралі. А абознікаў жыцця пазбаўлялі, каб сведкаў не засталося. Вось і дзеду майму, калі ён дадому вяртаўся, давялося ў такім пераплёце пабываць.

Напалі на золку. Абараняўся хто як. Але супраць нажа ды кастэта голымі рукамі доўга не памашаш. Вось і дзеда нашага адзін з бандзюкоў на зямлю зваліў, пад колы. Замахнуўся нажом для ўдару – і ў гэтае самае імгненне, уявіце, гадзіннік пачаў час адбіваць. Замарудзіў злыдзень, нават кіўнуў дзеду: маўляў, чуеш, як гадзіннік апошнія імгненні жыцця твайго адбівае. Але атрымалася ўсё наадварот. Праўду кажуць: «Не жадай ліха іншаму». Трапіла ліхадзею ў грудзі куля, зваліла бандыта: на шум жандары падаспелі. Пасля той ночы шмат хто і з абознікаў, і з бандытаў новага дня не ўбачыў.

Дзям’ян Васільевіч быў цвёрда ўпэўнены, што гэта Бог яму дапамог, у час стрэлкі перавёў. Ён так потым часта казаў. Бярог ён гадзіннік: сам спружыну накручваў, сам пыл выціраў. Толькі зрэдку дачку малодшую, цётку маю, на рукі браў, каб маятнік гайдануць, калі той спыняўся.

А вось што, значыцца, далей было, ужо пры савецкай уладзе. Старэйшы брат майго бацькі працаваў пры кляштары. Ён быў добрым сталяром. А ў дваццатыя рашуча адмовіўся ўступаць у таварыства «Саюз бязбожнікаў», створанае бальшавікамі. Страшныя былі гады – разбуралі храмы, манастыры. А колькі няшчасця прынесла раскулачванне! Ссылка працавітых сем’яў да «белых мядзведзяў» згубна адбілася на ўсёй нашай зямлі-матцы…

Неяк увечары сядзеў дзядзька мой на лаўцы за сталом, чысціў і змазваў гадзіннікавы механізм. Раптам – шолах за акном, нечыя цені, ствол рэвальвера. Выратаваў яго гэты гадзіннік, якім ён міжвольна прыкрыўся. Кулі папсавалі механізм і ў трэскі разнеслі корпус. Са словаў бацькі, ён быў самай «прыгожай цацкай» у хаце.

Хутка дзядзьку пашэнціла з’ехаць у Польшчу. Потым ад яго прыходзілі вестачкі з Францыі і Канады, пісаў, што справу прыбытковую наладзіў. А гадзіннік з таго часу, ужо нерабочы і без корпуса, перавесілі бліжэй да абразоў.

Пад час нямецкай акупацыі бацька падлеткам сышоў у партызанскі атрад. Са спаленай хаты атрымалася вынесці толькі гэты гадзіннік. Бацька забраў яго з сабой у лагер партызанаў.

Аднойчы падрыўнікі ўзялі «языка» – маладога немца з інжынерных войскаў. На савеце атрада вырашылі, што ад такога «трафея» мала толку і што ад яго трэба пазбавіцца – ну, зразумела, час быў ваенны. А калі раніцай прыйшлі па яго, пачулі ціканне гадзінніка. Высветлілася, што палонны ўсю ноч не спаў, а аднаўляў пашкоджаны механізм – гадзіннік якраз быў у той жа зямлянцы, дзе трымалі пад аховай немца. Як і што там вырашалі, невядома, але пакінулі рукастага фрыца ў лагеры перакладчыкам, бо ён няблага ведаў рускую мову. Да таго ж прызначылі яго наладчыкам гадзіннікавых механізмаў для самаробных мінаў. У канцы вайны адправілі немца на Вялікую зямлю. Кажуць, ён потым працаваў у нашым пасольстве ў Германіі.

Маці была ў тым партызанскім лагеры ўрачом. Яна і вярнулася з гадзіннікам дадому. А бацька пагнаў немцаў, якія тады ўжо адступалі, далей. Прыйшоў героем з двума раненнямі.

– А як гадзіннік на паддашку апынуўся?

Мой суразмоўца памаўчаў і, быццам апраўдваючыся, прамовіў:

– Нявестка, гарадская, патрабавала ў майго сына ўвесь хлам з хаты прыбраць. Маўляў, каб перад гасцямі з горада не чырванець. А ў выніку чырванеў я перад аднавяскоўцамі. А што я? – змоўк, а пасля паглядзеў на гадзіннік, які ляжаў побач на лаўцы, і дадаў: – Гэта ж вунь як, здаецца, усяго толькі жалезка, а атрымліваецца, тры чалавечыя жыцці выратавала. Гісторыя.

 Уладзімір ЦВІРКА

Пераклад на беларускую мову Кацярыны БАЛАШ

 Першыя легенды чытайце ў №№ 14 і 21за 2016 год і №№ 7 і 8 за 2017 год.

Папярэднi артыкулФэст экскурсаводаў – 2017
Наступны артыкулВершы пра родны край
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам