Гісторыя Лёсы людскія

Лёсы людскія

-

- Рэклама -

Рэпрэсаваныя настаўнікі Ганцавіцкага раёна

 Першая ахвяра першых саветаў

 Першай ахвярай саветаў з ліку настаўнікаў на зямлі будучага Ганцавіцкага раёна стаў зусім не ўра­джэнец гэтай зямлі і нават не педагог, які б выконваў свае прафесійныя абавязкі на акрэсленай тэрыторыі. Сацыяльны катаклізм перавярнуў усё з ног на галаву.

Перад самай вайною ў Польшчы правялі мабілізацыю ў войска. Паколькі най­больш гарачай была абстаноўка на польска-герман­скім памежжы, дык там і сканцэнтравалі войска з най­больш баяздольнымі часцямі і лю­дзьмі. На ахову мяжы з СССР былі накіраваныя далёка не самыя лепшыя.

Відаць, таму ў батальён КАП «Людвікова» трапіў Мар’ян Міхал Ігнатавіч Масцінскі – у цывільным жыцці настаўнік усе­агульнай школы. Нара­дзіўся ён у 1900 г. у Бродах каля Львова (на той час Аўстра-Венгер­ская імперыя). Напэўна, там і вы­кладаў. За 10 гадоў да чарговага прызыву ў армію М. Масцінскі быў уз­ве­дзены ў пад­паручнікі.

У гэтым званні служыў нядаўні настаўнік у Людвікове. Там і трапіў у палон. Педагога, хоць сабе і з нізкім чынам, чакала такая самая доля, як і яго таварышаў па службе, носьбітаў афіцэрскіх званняў, – расстрэл. Жыццёвы шлях М. Масцінскага скончыўся ў 1940 г. у адной з безыменных магілаў пад Харкавам.

 Прыехаў саветызаваць – аказаўся антысаветчыкам

 Як ні парадаксальна, першым арыштаваным сярод настаўніцтва сучаснага Ганца­віц­кага раёна пасля прыходу савецкай улады ў Заходнюю Беларусь стаў не паляк, як та­го можна было чакаць, а «ўсходнік» – настаўнік, прысланы з усходняй часткі БССР для саветызацыі заходне­беларускай школы, Ула­дзімір Ула­дзіміравіч Шкробаў (Шкрабоў).

Нарадзіўся ён у 1889 г. Бацькаўшчына – вядомая вёска Вялікія Аўцюкі на Мазыр­скім Палессі. Адукацыю атрымаў сярэднюю. Але на той час у многіх сферах не хапала людзей і з такім узроўнем ведаў. Таму няма нічога дзіўнага, што У. Шкробава не проста накіравалі ў Заходнюю Беларусь на­стаўнічаць, але і пры­значылі дырэктарам –  паводле даведкі Леа­ніда Маракова, сярэдняй школы (па нашых да­дзеных, якія супадаюць са звесткамі Вікі­педыі і іншых крыніцаў, – няпоўнай сярэдняй, сямі­годкі).

Пераехаў дырэктар у Малькавічы з сям’ёю – жонкай і двума дзецьмі.

Гром грымнуў адразу па асталяванні на новым месцы. 7 кастрычніка 1939 г. – г. зн. літаральна праз лічаныя дні па прыездзе – У. Шкробава арыштавалі. Ён так і не паспеў перавесці пад­началеную ўстанову на савецкія праграмы. Да канца 1939 г. заходне­беларускія школы ўсіх узроўняў працавалі па поль­скіх праграмах, вы­ключыўшы з іх рэлігійныя прадметы і моцна скараціўшы гуманітарны блок, бо на ім (перад­усім на занятках па гісторыі і геа­графіі) ажыццяўлялася пра­польскае патрыятычнае выхаванне.

Выпадак, проста скажам, нетыповы для тагачасся. Як правіла, рэпрэсіям пад­вяргаліся настаўнікі, якія засталіся працаваць яшчэ ад часоў польскай школы. Часта іх по­гляды не супадалі з новай ідэалогіяй. Таму такіх педагогаў аддалялі ад выхавання дзяцей, каб тыя не былі пад шкодным уплывам. Ад­лучэнне залежала ад правіны на­стаўніка. Больш мяккім пакараннем было звальненне з працы (дастаткова было падазрэння ў ня­правільных думках). У больш сур’ёзных выпадках – дэпартацыя ці арышт, да гэтага магло прывесці нават мінімальнае выказванне думак, не кажучы пра ўчынкі з анты­савецкім кірункам.

У. Шкробаў быў абвінавачаны ў антысавецкай агітацыі. Гэта дазваляе меркаваць, што ён якраз быў неасцярожны ў выказваннях, бо вельмі сумніўна, што чалавек, які ехаў ў якасці культрэгера да вызваленых з-пад панскага ярма масаў, з’яўляўся шчырым, зацятым анты­саветчыкам. У. Шкробава, аднак, даволі доўга (асабліва для таго бес­цырымоннага часу) трымалі ў зняволенні – больш чым паўгода. Суд ад­быўся толькі 27 красавіка 1940 г. Вырак – 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў.

Зняволенага чакаў Анежскі лагер НКУС у Архангель­скай вобласці. Але тэрмін скарацілі. Былы настаўнік выйшаў на волю ў красавіку 1942 г., прабыўшы ў зняволенні толькі палову прызначанага судом тэрміну. Магчыма, прычынай якраз і сталі добрыя паво­дзіны, абумоўленыя ад­данасцю савецкай ра­дзіме.

Далейшы лёс У. Шкробава дапамог высветліць ураджэнец малькавіцкай зямлі (хутара За­прапасць) вядомы да­следчык Анатоль Сідарэвіч. Ён паведаміў на­ступнае: «Ула­дзімір Ула­дзіміравіч пасля ссылкі жыў да канца вайны ў Іванаўскай воблас­ці, калі не памылюся, вярнуўся жывы і здаровы. Улетку ха­дзіў у белым ільняным гарнітуры, саламяным капелюшы, быў заядлы курэц. У яго быў вялікі дом і вялікі сад. Ён быў пчаляр і выдатны сада­вод. У дзет­доме ён загадваў пад­собнай гаспадаркай. Яго дом стаіць і цяпер. Хто ў ім жые – не ведаю. Пэўна, нашчадкі. Пахаваны ён у Малькавічах. Так думаю. А дзе яшчэ?» Трохі пазней А. Сідарэвіч са словаў унучкі У. Шкробава Люд­мілы Алегаўны ўдакладніў, што яе дзед памёр 30 красавіка 1967 г. і быў пахаваны са­праўды на малькавіцкіх могілках. Яго сын Алег 1923 г. нар. пайшоў па шляху бацькі і стаў настаўнікам. Прычым працаваў па спецыяльнасці і пад час нямецкай акупацыі – вучыў дзяцей у Задуб’і. Гэтага яму савецкая ўлада не даравала – сына, як і бацьку, рэ­прэсавалі. Памёр ён у 2008 г., так і не дачакаўшыся рэабілітацыі, якой няма нават сёння.

Такім чынам, У. Шкробаў нават вярнуўся ў Малькавічы, хоць там ён паспеў пражыць толькі якіх пару тыдняў. Гэта ў тым выпадку, калі ў яго біяграфіі няма памылкі, хаця і такое магчыма, бо гісторыя з такім хуткім арыштам выглядае даволі дзіўнай. Тым не менш, нават пазнейшае зняволенне дырэктара школы, «усходніка», не ўпісвалася б у масавасць рэпрэсіяў. Яшчэ больш здзіўляе факт вяртання менавіта ў заходне­палескую вёску / пасёлак, а не ў родны кут. Няўжо Малькавічы палюбіліся мацней, чым каларытныя Вялікія Аўцюкі? Адказы на гэтыя пытанні атрымаць ужо не ўдасца. Гіпатэтычна колішні дырэктар ўз’­яднаўся з сям’ёю. Жонка з дзецьмі, па ўсёй верагоднасці, не пад­вергліся высылцы, як гэта было б у выпадку вышэйшай меры пакарання «ворага народа».

Як бачна са словаў А. Сідарэвіча, наўрад ці У. Шкробаву пасля вяртання даверылі педагагічную працу, хоць пасля вайны кадраў істотна бракавала. Аднак ён далёка не адышоў ад выхавання маладога пакалення: працаваў пры дзіцячым доме.

Гэтая ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў дачакалася сваёй рэабілітацыі, што ад­былася 22 кастрычніка 1966 г. Тады У. Шкробаву споўнілася 77 гадоў. Звычайна, калі рэ­прэсаваны атрымліваў рэ­абілітацыю з боку дзяржавы, што пакарала яго, гэта для чалавека (тым больш калі ён верыў у пануючую ідэалогію) станавілася вялікай радасцю і давала адчуванне не­бес­сэнсоўна пражытага жыцця.

Анатоль ТРАФІМЧЫК

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам