Гісторыя Агратурызм Лёсы людскія

Лёсы людскія

-

- Рэклама -

«Паплыла» смерць на параходзе прэч

 Гэтыя гісторыі з жыцця простага беларускага селяніна, ураджэнца вёскі Касута[*] Вілейскага раёна Уласа Захаравіча Радзівановіча (1887 – 1974) мне расказаў яго ўнук па бацькавай лініі, мой даўні знаёмы – сябар Мікалай Радзівановіч. Смерць не раз хадзіла побач з Радзівановічам-старэйшым, але ўсялякі раз анёл-ахоўнік адводзіў яе. А яшчэ будзе правільна сказаць, што лёс Уласа Захаравіча – гэта летапіс пакалення, якому давялося вытрымаць шмат цяжкіх выпрабаванняў.

Да 1939 года вёска Касута знаходзілася на тэрыторыі Польшчы. Жыццё было нялёгкім (а калі яно для беларускіх сялянаў было лёгкім?). Але справы ва У. Радзівановіча паціху ладзіліся. Да 5 гектараў сваёй зямлі ён, узяўшы ў дзяржавы крэдыт, прыкупіў яшчэ 20 гектараў, у планах была новая пакупка зямлі. Ды прыйшлі Саветы. У адзін момант усё перавярнулася з ног на галаву. Больш за тое, па даносе У. Радзівановіч апынуўся за кратамі ў вілейскай турме. Адтуль яго з іншымі зняволенымі этапавалі ў Карагандзінскую вобласць Казахстана – у «Карлаг» (адзін з адрасоў велізарнага ўсесаюзнага ГУЛАГа).Чытаць далей…

Radzivanovicz_01Было гэта ўжо перад самай вайной. Каб крыху пазней, застаўся б Улас Захаравіч ляжаць у роднай зямлі. Справа ў тым, што ён трапіў у апошні перадваенны этап сталінскіх этапаў з вілейскай турмы. Калі ж пачалася вайна, вязняў, якія засталіся, проста расстралялі. Дарэчы, сёння каля вёскі Касута стаяць два крыжы, праваслаўны і каталіцкі – на месцы, дзе 26 чэрвеня 1941 г. было расстраляна каля паўтары сотні вязняў з Вілейскай турмы, якіх збіраліся пагнаць на ўсход, ды немцы былі ўжо побач. Так анёл-ахоўнік першы раз адвёў смерць ад У. Радзівановіча.

Другі раз Улас пазбег смерці, калі яго з іншымі зняволенымі везлі па чыгунцы ў Казахстан. Па дарозе ахоўнікі выдалі ўсім селядцы. Галодныя людзі накінуліся на ежу, зусім не падазраючы, які «фокус» ім падрыхтавалі. На шчасце Уласа, яго сусед аказаўся бывалым чалавекам. Ён папярэдзіў: «Не еш многа, могуць не даць вады». Улас паслухаўся і, як аказалася, правільна зрабіў. Вады і сапраўды нікому не далі. Пакуль даехалі да лагера, шмат хто памёр ад смагі.

Ужо ў бараку У. Радзівановіч захварэў на дызентэрыю, як і многія іншыя яго таварышы па няшчасці. Зноў многія памерлі. А Улас дадумаўся выпіць газы, якая аказалася пад рукой. «Усё роўна паміраць, – падумаў ён. – А так, мо, дапаможа». І сапраўды дапамагло. Зноў смерць абышла бокам.

Аднойчы зняволеных пагналі нарыхтоўваць сена. Атрымалася так, што напарнік Уласа першы залез на стог сена, каб адтуль скідаць яго. Улас таксама збіраўся залезці, але затрымаўся ўнізе на пару хвілінаў. Гэта і выратавала яму жыццё. Напарнік раптоўна праваліўся ўніз, дзе знаходзілася цэлае кодла галодных пацукоў, якія ў імгненне вока да смерці загрызлі няшчаснага нарыхтоўшчыка сена. Побач з ім мог апынуцца і Улас. Але і гэтым разам яму пашанцавала.

У 1942 г. Улас Захаравіч, каб вырвацца са сталінскай катаргі, назваўся палякам і запісаўся ў армію польскага генерала Уладзіслава Андэрса, вайсковае злучэнне якога на той час дыслакавалася на тэрыторыі Ірана. Але пакуль беларускі «паляк» дабраўся да гэтай краіны, яму споўнілася 55 гадоў – ужо не ваяка.

Назад у Саветы У. Радзівановіч ехаць не захацеў. Успоўмніў, што ў Амерыцы на заробках знаходзіліся яго стрыечныя браты, ды і наогул там было шмат землякоў. І ён вырашыў таксама падацца за акіян. Неяк дабраўся да Александрыі. Купіў ужо і білет на параход. І трэба ж было такому здарыцца, што ў дзень адплыцця Улас сустрэў свайго земляка – знаёмага з суседняй вёскі. Ці не дзіва: на іншым канцы свету, у Егіпце, за тысячы кіламетраў ад роднага дому – і такая сустрэча! Землякі на радасцях вырашылі сустрэчу адзначыць і пайшлі ў бліжэйшую карчму. За размовай, успамінамі пра бацькаўшчыну і пра тое, ці давядзецца каму з іх зноў пабачыць яе, не заўважылі, што параход ужо адплыў. Але, як пазней стала вядома, гэтая затрымка ў карчме выратавала жыццё У. Радзівановічу. Параход, на якім ён збіраўся плысці ў Амерыку, немцы патапілі. Так зноў удалося абхітрыць смерць.

У родную вёску Улас Захаравіч вярнуўся зноў жа праз Іран. Здарылася гэта ў 1949 г. Як успамінала бабуля Мікалая Радзівановіча Аляксандра, свайго мужа Уласа яна здалёк адразу і не пазнала. Ён быў без барады і не па-сялянску адзеты, а ў еўрапейскім касцюме. Але яго выдаваў рост – 185 сантыметраў і, канечне, знаёмая ўсмешка.

Radzivanovicz_02На заканчэнне хацелася б сказаць некалькі словаў і пра ўнука Уласа Захаравіча – Мікалая Мікалаевіча Радзівановіча. Нарадзіўся ён у 1947 г. там жа, на Вілейшчыне. У 1971 г. скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут. Працаваў на Мінскай птушкафабрыцы № 1. Потым служыў у Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі працаваў на Смаргонскай птушкафабрыцы. З 1979 па 1995 г. – дырэктар Жлобінскай птушкафабрыкі (размяшчаецца ў вёсцы Саланое). З 1995 г. – фермер (адзін з самых паспяховых на Жлобіншчыне). У 1993 г. за пабудову праваслаўнага храма ў Саланым (грошы пералічыла мясцовая птушкафабрыка, якую тады ўзначальваў М. Радзівановіч) ён быў узнагароджаны царкоўным ордэнам Святога Уладзіміра III ступені. Доўгі час з’яўляўся актыўным сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады). У 1995 г. вылучаўся кандыдатам у Вярхоўны Савет Беларусі.

 Мікалай ШУКАНАЎ, краязнаўца, г. Жлобін

Фота Таццяны СКОБЕЛЕВАЙ і з сямейнага архіва Радзівановічаў

На здымках: Улас Радзівановіч; у сапраўдных гаспадароў заўсёды багаты стол: Мікалай Радзівановіч і ягоная жонка Ніна Аляксееўна


[*] Даўней у вёсцы Касута нарадзіўся першы ўкраінскі гетман Піліп Орлік.

Папярэднi артыкулМіфы Лепельшчыны
Наступны артыкулНашы спачуванні
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам