Гісторыя Агратурызм Мае кніжныя мерыдыяны

Мае кніжныя мерыдыяны

-

- Рэклама -

Ад Пысіна пачатак

 Мы, людзі старэйшага пакалення, выхаваныя на кнізе. Добрай кнізе. Мастацкай кнізе. Мастацкай і па літаратурным змесце, і па афармленні. Дзякуй Богу, у наш час не было сённяшніх пакетбукаў – кніжак на адзін дзень, альбо на адно прачытанне, якія пасля гэтага самі па сабе рассыпаліся, станавіліся непатрэбнымі аркушыкамі з нейкім тэкстам на іх.

А мы, студэнты шасцідзясятых, або інакш шасцідзясятнікі – так называлі пакаленне савецкіх людзей, якія нечакана, пад час кіраўніцтва Краінай Саветаў Мікіты Сяргеевіча Хрушчова, атрымалі магчымасць удыхнуць свабоды, і найперш духоўнай, сталі чытаць такое, пра што раней і марыць не маглі. Нездарма час той назвалі хрушчоўскай адлігай. Нават гаварыць і абмяркоўваць не на кухні, а публічна, можна было раней недазволенае. Што праўда, гэты так доўга чаканы і, як аказалася, часовы момант хрушчоўскай адлігі мінуў чамусьці надзвычай хутка. Аднак жа зерне было пасеенае. А пасеянае абавязкова ўзыдзе, рана ці позна прарасце новым коласам. А ён расшчодрыцца новымі зернейкамі, мноствам новых зярнятак, якім наканавана таксама стаць коласам. Такім чынам, працэс выхавання кнігай станавіўся незваротным і няспынным.Чытаць далей…

Адсюль і перапоўненыя тады стадыёны, але не футбольнымі фанатамі, а аматарамі паэзіі, прыхільнікамі сапраўднага праніклівага мастацкага слова. Паверыць у тое сённяшнім футбольным фанатам надзвычай складана, але такі цуд сапраўды адбываўся. Адсюль і начныя стаянні ў чарзе (сёння і гэта ўявіць немагчыма, а некалі так было паўсюдна) сотняў людзей – жанчынаў, мужчынаў, пажылых, маладых – каля кніжных магазінаў, каб падпісацца на зборы твораў савецкіх і замежных пісьменнікаў. Адсюль і багатыя хатнія бібліятэчкі, праўда, варта дзеля справядлівасці прызнаць, што для некаторай часткі такіх збіральнікаў гэта было не больш чым прэстыжным – з іх пакеплівалі, што кнігі яны падбіраюць па колеры пераплёту – каб пасавалі да шпалераў, якімі абклееныя сцены пакоя. Не без таго, былі і такія. Але не яны станавіліся заканадаўцамі моды. Ды і модай гэта назваць цяжка. Бо ў таго пакалення, і найперш шасцідзясятнікаў, была (і засталася на ўсё жыццё) сапраўдная любоў да кнігі.

Прызнаюся, што з гэтага пакалення і я. Я не магу змірыцца з тым, што сённяшнім маладым спадчыннікам колішніх бацькоўскіх кватэраў з усім іхнім начыннем сталі замінаць не толькі састарэлыя шафы, ложкі ды канапы, але і шыкоўныя кніжныя зборы. У выніку ўсе гэтыя рэчы разам з кнігамі аказваюцца на сметніку. Душа баліць, хочацца крычма крычаць: людзі, што вы робіце, спыніцеся! Не губіце кнігу! Не адразайце дарогу сваім дзецям да чытання! Збяднеюць яны духоўна без добрай кнігі, без мастацкага слова счарсцвее душа, пакрыецца скарынкай абыякавасці. І вы самі на сваім уласным лёсе спазнаеце гэта. Лепш аддайце кнігі ў дзіцячы садок, у дзіцячы дом ці не вельмі багатую школу-інтэрнат, у прытулак для пенсіянераў, у бальніцу – хай дзеткі і знямоглыя людзі патрымаюць у руках сапраўдную кнігу, хай пачытаюць. Пасеянае – узыдзе.

Усё гэта выклікала ў мяне жаданне падзяліцца з вамі, шаноўныя чытачы, уражаннямі ад некаторых некалі прачытаных, а пазней не раз перачытаных, кніг з уласнай бібліятэчкі. Захацелася зрабіць незвычайнае (невялічкае) падарожжа па маіх кніжных мерыдыянах. Да менавіта гэткага вызначэння майго намеру падштурхнуў паэтычны зборнік нашага вельмі таленавітага, але сёння несправядліва падзабытага паэта з Магілёва Аляксея Пысіна, які мае сімвалічную для мяне назву «Кніжныя мерыдыяны».

Яна і цяпер перада мной – невялікага фармату паэтычная кніжачка А. Пысіна. Просценька аформленая, у мяккай вокладцы. Але не толькі для мяне яна была прыцягальным магнітам. Вершы гэтага зборніка вабілі, зачароўвалі, цешылі, прымушалі думаць.

З Аляксеем Васільевічам мы не былі знаёмыя. Ужо нашмат пазней сустракаліся некалькі разоў пад час яго прыездаў у Мінску па пісьменніцкіх справах. А тады ішоў 1965 год. Я вучыўся ў 10 класе Сноўскай рускамоўнай адзінаццацігодкі, што ў Нясвіжскім раёне. А ў той школе быў выдатны, проста таленавіты настаўнік беларускай літаратуры і апантаны краязнаўца Іван Іосіфавіч Калоша, хай пухам будзе яму сходжаная пешкі і з’езджаная на веласіпедзе (ровары, як казалі ў нашых нясвіжскіх, былых заходнебеларускіх паселішчах) беларуская зямля. Гэта ён шмат каго назаўсёды далучыў да краязнаўства, улюбіў у наш беларускі край і ў нашыя родныя мясціны. Было і яшчэ адно, святое, да чаго схіліў многіх з нас Іван Іосіфавіч. Ён далучыў нас да кнігі. Да мастацкай кнігі. Да беларускай кнігі. Далучыў сур’ёзна і надоўга. Я тады стаў адным з пастаянных наведнікаў сноўскай кнігарні, прадаўшчыца якой ці не спецыяльна для нас, выхаванцаў І. Калошы, рэгулярна прывозіла ў вёску самыя апошнія кніжныя навінкі.

Pysin A_01Акурат тады я набыў паэтычную кнігу А. Пысіна «Мае мерыдыяны» (выдавецтва «Беларусь», 1965). Тыраж яе, як па сённяшнім часе, неверагодны – 5 тысячаў асобнікаў. Некалькі бяссонных начэй пайшло на чытанне-перачытванне. Здаралася, тое чытанне прыхваткамі доўжылася і на ўроках матэматыкі, фізікі. Сваім захапленнем я падзяліўся з сябрамі, даў пачытаць ім. А пасля Іван Іосіфавіч прапанаваў выказаць свае ўражанні на ўроку літаратуры. Адбылося. І гэта падахвоціла мяне на незвычайны для школьніка крок – даслаць водгук на кнігу ў рэдакцыю раённай газеты «Чырвоны сцяг». Надрукавалі. Допіс вучня пра кнігу вядомага і прызнанага паэта. Гэта для мяне было даволі высокай ацэнкай. Праўда, назваць гэты допіс хоць нейкай рэцэнзіяй нават з нацяжкай наўрад ці ўдасца.

А далей ужо была мая поўная самадзейнасць. А мо і жаданне трохі фарсануць. Адным словам, выразаў я тую публікацыю з раёнкі, уклаў у канверт свой ліст разам з кніжачкай «Мае мерыдыяны» (каб аўтар пакінуў аўтограф) і накіраваў у Магілёў. А паколькі адраса не ведаў, то напісаў проста: Магілёў, Аляксею Пысіну.

Пасля доўга перажываў, ці дойдзе маё пасланне, ці захоча знаны паэт ліставацца з нейкім невядомым вясковым школьнікам.

І якое ж было маё здзіўленне і невымоўная радасць, калі не менш здзіўленая паштарка прынесла ў мае Баяры (гэта непадалёк ад Снова, куды мы ездзілі ў школу на роварах, бо скончылі ўжо сваю Вялікаліпаўскую васьмігодку) важкі канверт з Магілёва і папрасіла распісацца, бо пісьмо было заказное. А на адыход цікаўна запытала:

– А хто гэта – Аляксей Пысін? Мо родзіч твой?

Калі паштарка, задаволеная з таго, што я знаюся з такімі людзьмі, пайшла, я акуратна разрэзаў канверт. Там ляжаў ліст Аляксея Васільевіча і… дзве кніжкі ягоных вершаў «Мае мерыдыяны». Адна была з надпісам: «Анатолю Бутэвічу з пажаданнем вялікай дарогі ў жыццё. А. Пысін. 5.VІ.1965 г. Магілёў».

Другая кніжка была чыстая. Я зразумеў, што Аляксей Васільевіч вярнуў і мой асобнік. Мо каб я перадаў каму іншаму, што я ахвотна і зрабіў на радасць новаму ўладальніку – кніжка ж пабывала ў руках паэта.

У лісце Аляксей Васільевіч пісаў сваім выразным почыркам:

«Дзень добры, Анатоль!

Сёння вярнуўся з камандзіроўкі. Мяне чакала тваё пісьмо. Відаць, адказваю табе з нейкім спазненнем.

Дзякую за добрыя словы аб маёй кніжцы. Добра, што ў вашым сельскім магазіне прадаюць паэтычныя зборнікі: гэта не ўсюды робіцца. Ваш загадчык магазіна заслугоўвае пахвалы.

Якія ў мяне кніжкі? “Наш дзень”, “Сіні ранак”, “Сонечная паводка”, “Мае мерыдыяны”, а таксама кніжкі для дзяцей “Матылёчкі-матылі” і “Вясёлка над плёсам” выдадзены ў Мінску выдавецтвам “Беларусь”. Дзве кніжкі вершаў у перакладзе на рускую мову “Эхо” і “Миллион адресов” выйшлі ў маскоўскім выдавецтве “Советский писатель”.

Я вельмі рад, што ў нас расце моладзь, якая не цураецца роднага матчынага слова, шануе і паважае яго. Хіба наша мова горш іншых? Ніколькі. Творчасць Купалы і Коласа, Кузьмы Чорнага і Янкі Брыля, Аркадзя Куляшова і Сцяпана Гаўрусёва – сведчанне гэтаму. А аповесці Васіля Быкава?

Жадаю табе, Анатоль, усяго найлепшага.

5.VІ.1965 г. А. Пысін».

Вось такі ліст. Так няшмат і так даўно напісана, а ўсё адно як сёння. Тыя ж праблемы засталіся і з распаўсюджваннем беларускіх кніг, і з беларускай мовай.

А тады я быў проста шчаслівы. Ад усведамлення паяднанасці нашай вёскі, нашай сельскай школы з вялікім светам літаратуры, ад такога шчодрага і шчырага ўчынка Аляксея Васільевіча.

Неўзабаве пра ліст ведала ці не ўся школа. Яго прачыталі і патрымалі ў руках разам з надпісанай паэтам кнігай многія. Парадаваўся за маю смеласць і Іван Іосіфавіч, настаўнік маёй беларускасці і маёй дагэтуляшняй захопленасці краязнаўствам і гісторыяй. А мо ў тым настаўніцкім спрыянні і ў тым першым ліставанні з сапраўдным паэтам схаванае запачаткаванне маёй далучанасці да літаратуры, майго сённяшняга ўваходжання ў Саюз пісьменнікаў?

Першы верш васямнаццацігадовы Пысін надрукаваў у газеце «Чырвоная змена», дзе нашмат пазней мне пяць гадоў давялося працаваць намеснікам рэдактара. Усю вайну паэт знаходзіўся на фронце, быў двойчы паранены. Гэта і абумовіла многія матывы творчасці А. Пысіна. Ягоны почырк у ваеннай тэме быў адметны, меў шчымлівае гучанне, хоць і быў часта насычаны дакладнымі дэталямі, абставінамі, фактамі. Ды гэта не замінала майстру сказаць тое, што хвалявала, што прасілася на паперу з абпаленага полымем перадавой сэрца. Гэтая тэма не адпускала яго праз усё жыццё. Ён нават просьбу незвычайную пакінуў сваім нашчадкам:

 

Ведайце: калі мяне не стане –

Я ў сваю дывізію пайшоў.

 

Дала мне маці гэту мову,

Каб не нямым прыйшоў у свет,

Дала мне маці гэту мову

Як спадчыну і запавет.

 

Дачка мая! Ў жыццёвай прозе

У буднях і святочным днём

Не пакідай яе ў парозе,

Калі увойдзеш ў нечы дом.

 

Дай жа Божа нам, сённяшнім, трымацца гэтага запавету, не выракацца і не саромецца мовы сваёй матчынай, ніколі і нідзе не пакідаць яе бязмоўнай падчаркай у парозе сваёй хаты…

Ён быў не гучным паэтам. У яго быў свой лёс, свой голас, які не грымеў, а спавядальна-ціха (і таму мо асабліва даходліва) прамаўляў да свайго чытача-слухача. Але казаў так, што не пачуць і не адгукнуцца было немагчыма. І чулі, і разумелі, і разам спагадалі, і вучыліся – жыццю, праўдзе, чалавечнасці.

 

Анатоль БУТЭВІЧ

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам