Экспанаты, якія прайшлі праз сэрца
Маё творчае супрацоўніцтва з беларускімі перыядычнымі выданнямі доўжыцца амаль трыццаць гадоў. Прыгадаю 1989 год, калі я толькі прыйшла працаваць у музей. Пашчасціла адправіцца ў пошукавую экспедыцыю па раёне разам з навукоўцам і пісьменнікам Эдуардам Карніловічам. Заўважыўшы маю цікавасць да гэтай справы, ён паспеў даць некалькі каштоўных парадаў, якія я час ад часу ўспамінала, чытаючы яго кнігі.
Памятаю свае першыя артыкулы ў раённай газеце, што з’явіліся ў выніку карпатлівай пошукавай працы, сустрэчаў са шматлікімі людзьмі, працы ў архівах і Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Я ніколі не думала пра каштоўнасць такой працы, проста мне было цікава знаходзіць нешта новае і пісаць пра гэта. Пазней, калі пачала выступаць на навуковых канферэнцыях, друкавацца ў агульнанацыянальных выданнях, заўважыла цікавасць вядомых навукоўцаў да маіх матэрыялаў і ўсвядоміла, што займаюся важнай справаю, раблю свой унёсак у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Бацькаўшчыны. Я ганаруся, што мне ўдалося вярнуць для беларускай культуры імёны некаторых нашых землякоў, якіх не ведалі на радзіме.Чытаць далей…
За час працы ў музеі мне пашчасціла сустрэцца з многімі вядомымі вучонымі, артыстамі, пісьменнікамі, мастакамі, іншымі творчымі людзьмі, якім я прысвяціла цыклы выставак і артыкулаў; для нашых гасцей спявалі салісты оперы Антаніна Гіль і Аляксандр Кеда, чытаў свае вершы артыст Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Якуба Коласа Пятро Ламан, іграў артыст Марыінскага тэатра Васіль Жучэнка, распавядала пра свае спартыўныя дасягненні чэмпіёнка Еўропы Тамара Шыманская, адкрывалі таямніцы прыгажосці таленавітыя мастакі, дзяліліся дасягненнямі беларускія навукоўцы.
А колькі ўнікальных фотаздымкаў было знойдзена за гэты час і ўпершыню надрукавана на старонках перыядычных выданняў і кніг! Творчы праект «Стары фотаздымак» завяршыўся выпускам маёй чарговай кнігі, цёплую прадмову да якой напісаў прафесар Аляксей Пяткевіч.
Шмат матэрыялаў, напісаных мною, змешчана ў гісторыка-дакументальнай хроніцы Карэліцкага раёна «Памяць», у навуковых зборніках, а вельмі многія дакументы і фотаздымкі ляглі ў аснову экспазіцыі Карэліцкага раённага краязнаўчага музея «Зямля і людзі», дзеля стварэння якой 20 гадоў таму я прыклала шмат сілаў і намаганняў. I хаця маральна яна не састарэла і сёння яшчэ падабаюцца наведнікам, але час патрабуе абнаўлення. Спадзяюся, што сярод тых, хто прыйшоў мне на змену, знойдуцца фанаты сваёй справы, якія здолеюць стварыць новую экспазіцыю, улічаць рэаліі часу.
Колькі разоў у цяжкія моманты жыцця я шукала сілаў і натхнення ў залах музея, дзе памяць, як кінастужка, пракручвала важныя для мяне падзеі, звязаныя з гісторыяй, вандроўкамі і сустрэчамі.
Святлана КОШУР, г. Карэлічы
Ад рэдакцыі. Гэткімі словамі заканчваецца кніга С. Кошур «Залатая падкова Свіцязі», пра якую мы распавялі ў мінулым нумары. Чытачы і ўсе сябры «Краязнаўчай газеты» маюць магчымасць сустрэцца з даследчыцай Карэліччыны, музейным работнікам на чарговай краязнаўчай імпрэзе. З першых вуснаў пачуеце пра цікавосткі зямлі, якая ўзгадавала Ігната Дамейку, Яна Булгака, Мікалая Нагорнага, Пятра Конюха, Барыса Кіта, зямлі, маёнткі якой сталі прататыпамі сядзібаў у знакамітай паэме «Пан Тадэвуш». Беларускі фонд культуры і Святлана Андрэеўна запрашаюць 1 чэрвеня ў Літаратурны музей Максіма Багдановіча (Мінск, вуліца М. Багдановіча, 7а). Сустрэча пачнецца а 15 гадзіне.