Гісторыя Агратурызм Моўныя асаблівасці паўднёвай Беларусі

Моўныя асаблівасці паўднёвай Беларусі

-

- Рэклама -

Лексічная спадчына гарынскіх рыбакоў

 Рыбная лоўля – спрадвечны занятак жыхароў Давыд-Гарадка. Тут лавілі рыбу круглы год, як на рацэ Гарынь, так і на яе шматлікіх прытоках, затоках, рукавах, азёрах-старыцах і азярынах-ямах.

Кашы, жакі і восці меліся амаль што ў кожнай хаце. Жакі былі двух відаў: однокрылец – з адным крылом і двохкрылец – з двума крыламі. У тых жа, хто займаўся рыбалавецкім промыслам, быў цэлы арсенал рыбалоўных прыладаў. Гэта – лата (невад, сшыты, златаны з чатырох-пяці сетак); сеткі (гонельна, плавуча, сторчова); волакі (плавучы волок, волочайка-подстаўлянка, броднік-брэдзь, цяганка, настаўня-звон, прапорга, цэнето).

Паколькі лата была вялікіх памераў, ёю лавілі толькі ў рацэ, як летам, так і зімой, вырубаўшы вялікую тоню.Чытаць далей…

У адпаведнасці са спосабам закіду сетку называлі па-рознаму: сетка гонельна, якую закідалі пад карчы і кусты ў ціхаводдзі і, пастукваючы па вадзе вяслом, заганялі рыбу ў сетку; сторчовой сеткой лавілі там, дзе вада з озера ўпадае ў рэку – тут сетку ставілі старчком; плавучой сеткой лавілі плывучы пасярэдзіне ракі.

Мясцовыя рыбаловы вызначалі і чатыры разнавіднасці волакаў. Плавучым волоком лавілі два рыбакі з двух чоўнаў едучы за вадой пасярэдзіне ракі; волочайкой (другая назва – подстаўлянка) – чатыры чалавекі: двое грэблі вёсламі, а двое тапілі і падстаўлялі прыладу пад кусты каля самага берага; бродніком (сінанімічная назва – брэдзь) – на мелкаводдзі, па азёрах; цяганкой – едучы ў лодцы па затоках і прытоках рэчкі з запаволеным цячэннем.

Настаўня – нерат, корпус якога ўяўляў сабой сетку, нацягнутую на абручы. Прычым абручы былі розных памераў. Па знешнім выглядзе рыбалоўная пастка і атрымала другую назву – звон. Ёю лавілі плывучы на чоўне па мелкаводдзі і па азярынах-ямах, якіх у наваколлі было безліч.

Прапорга – рыбалоўная снасць, якая нагадвае вялікі сачок на доўгай палцы. Ёю лавілі рыбу з берага, а зімой апускалі пад лёд.

Аднак галоўным у мясцовых рыбакоў быў сезонны лоў рыбы, які зваўся вэсьнянка, бо ў гэты перыяд быў самы вялікі ўлоў. На пачатку сакавіка, калі лёд яшчэ стаяў на рэчцы, брыгада рыбакоў выпраўлялася на рыбацкі майдан, дзе яшчэ пад час сенакосу быў збудаваны курэнь. На конях туды везлі снасці, лодку, харчы, цёплую адзежыну. Агонь у курані гарэў дзень і ноч, каб сагрэцца, бо яшчэ трымаліся маразы. Прарубвалі вялікую тоню, лёд баграмі прапіхвалі ўніз і пускалі за вадой. Вада скаламучвалася і рыба ўсплывала наверх. Кожныя 2-3 гадзіны і ўдзень, і ўначы выцягвалі лату, вымалі ўлоў і зноўку закідвалі. Так лавілі рыбу два-тры тыдні без належнага адпачынку, без цеплыні хатняга жылля, пакуль вада не пачне падаць. Гэта была цяжкая праца, але ж і быў добры заробак.

У такіх жа экстрэмальных умовах лавілі рыбу і цэнетом. Такая праца была пад сілу толькі маладым і дужым.

Пры лоўлі цэнетом (конусападобным нератам вялікіх памераў) на рыбацкі майдан дадаткова везлі стаўбы і жэрдкі, каб зрабіць прыстасаванне. Прарубвалася вялікая палонка-тоня, па баках якой убіваліся ў зямлю стаўбы, а на іх усталёўвалася тоўстая калода. Па баках прыбіваліся жэрдкі і прымацоўваўся нерат, які пры дапамозе няхітрых прыладаў здымаўся, каб выбраць рыбу, і зноў ставіўся на месца. Гэты спосаб лоўлі быў яшчэ цяжэйшы, але і заробак быў значна большы. Вылаўленую рыбу сартавалі на два гатункі: коронку (вагой 500 г) і поўкоронку (вагой 200-300 г) і прадавалі купцам. На выручаныя грошы набывалі асноўныя пакупкі таго часу: зямлю, сенажаць, свойскую жывёлу, прадметы побыту і інш. Менавіта ў тыя далёкія гады склаліся прымаўкі: «У рыбака золота рука»; «Жак – гак, сетка – шметка, лата – хата, а цэнето – лавочка». Тут маецца на ўвазе, што з заробленых грошай можна было пабудаваць хату і нават разжыцца гандлёвай лаўкай.

Мясцовыя старажылы з ахвотай прыгадвалі сваю маладосць і свой нялёгкі рыбалавецкі занятак, аздабляючы ўспаміны паэтычным словам. «Ловілі му рыбу латою цалою брыгадою. Було нас п’яць чоловек, але ж ловілі ні цалы век, а толькі із молоду, бо тогды ні бояліса холоду. Ловілі рыбу годамі, вуцягвалі із воды пудамі. Свежы пойм сортовалі і купцам продавалі. I була наша рыба на славу, шчо вэзлі ее дажэ ў Варшаву. От так му жылі ні тужылі, а рыбу варылі, пэклі і сушылі. А ў хаці ўсегда була смачна еда».

Захаваліся ў мясцовым фальклоры і трапныя прымаўкі-адказы на пытанні: «Як пойм?»; «Споймалі шчо?». Калі рыбы налавілі мала, то чулася ў адказ: «Німа рыбу ў ямі – будом варыць з в’юнамі»; «Моя рыба пойшла до глыба»; «На язі німа нажы, а на лешчэ – будуць брацца ешчэ»; «Рыба ні ў руццэ, а ў раццэ». Апошняя прымаўка можа гучаць і наадварот, калі рыбаловы хваляцца здабычай: «Рыба ні ў раццэ, а ў руццэ». Часам, трымаючы на руцэ вялікую рыбіну, якая зіхацела серабрыстай луской, рыбак выхваляўся: «Бачыцэ, у рыбака золота рука».

Дарэчы, у даўнейшыя часы былі вельмі негатыўныя адносіны да чалавека, які бавіў час з вудачкай. Яго лічылі гультаём і прымаўкамі катэгарычна падкрэслівалі: «Рыба і зайцы завэдуць у старцы». «З вудара ні бувае господара»; Бытуе і другі варыянт: «З вудара і дудара ні бувае господара». Традыцыйна рыбная лоўля лічылася абавязкам і заняткам дзяцей. Да гэтай справы іх прывучалі і падахвочвалі з маленства. Калі пад час вуджэння хтосьці з дарослых падыходзіў да маленькага вудара і цікавіўся: «Споймаў шчо?- можна было пачуць у адказ: «Рыбка плавае по дну, ні споймаў я ні одну». У такім выпадку чулася пажаданне: «На мой прыход злові вэлікі вэрховод». А пры развітванні гаварылася: «На мой отход злові вэлікі вэрховод». Дарослыя навучылі дзяцей і магічнаму заклінанню. Збіраючыся дахаты, дзятва высыпала ў ваду рэшткі прынады і вымаўляла: «Рьібка, рыбка, закажыса да й нікому ні бэрыса, а як я прыду, то зноў возьміса».

Даўно ўжо няма колішніх прыстасаванняў, але дзяды-прадзеды пакінулі сваім нашчадкам багатую вусна-паэтычную спадчыну, звязаную з рыбалавецкім заняткам: казкі, павер’і, закляцці, прыказкі і прымаўкі, загадкі і прыпеўкі, трапныя параўнанні і ўстойлівыя словазвароты, у якіх знайшлі адбітак назіранні і разважанні чалавека аб навакольным асяроддзі, яго стаўленне да тых ці іншых з’яваў прыроды і да самога сябе, а таксама мудрыя думкі і дасціпны гумар.

У мясцовым фальклоры захавалася старажытнае павер’е, у якім адухаўляецца прырода. «У началі зіму, як рэка начынае замэрзаць, рыбак бэрэ пешню і йдзэ на рэку. Стане одноею ногою на лёд і рубае ёго. Як вода ні пошла, то вон смело йдзэ по рэццэ на другу сторону. Ідзэ і провэрае пешнёй лёд, но нідзе ні пробіў, шчоб показалас вода. А тонкі лёд ёму говорыць – хоць я трэшчу, но ні пушчу – тогды ідзі по лёду смело».

Прыгадалі старажылы і цікавую казку аб паходжанні прымаўкі «На бязрыб’і і рак рыба». Паводле іх версіі яна ўзнікла такім чынам. «Роскажу тобе про вудара. З вудара ні бувае господара. Вудар – гэто самуй лодар, нічого ні хочэ робіць, а толькі з вудкой сэдзіць. Ідзэ вудзіць – жонку будзіць. Жонка ўстае – рыбу вудзіць ні дае. Трэба робіць домашню роботу, а вудар кажэ: я ні маю охоты робіць твою роботу. Собраў свое вудкі да й пойшоў на цалые суткі. Далеко от хаты зайшоў а свое место знайшоў. Вудар на бэрэзі сеў, поеў і давай закідаць вудкі – одну на хлеб, а другу на чэр’яка. Доўго сэдзіць і на пэро гледзіць. Нешчо ні тоўкае – вон далей ожыдае да й думае – шчэ того ні бувало, шчоб ні клёвало. А як надоело ждаць, то стаў вон плёваць. А рыба аніяк ні хочэ тоўкаць (кляваць). А як пэрэстаў плёваць, то й стало клёваць. От і цягне вудар-нібурака із воды ні рыбу, а рака. Iз того ўрэм’я і пошла поговорка: на бэзрыб’і і рак рыба».

Бытуе ў гаворцы і такая загадка: «Хата-буката на вокна багата, хто ў ее ўлезэ, то назад ні вулезэ». Адгадка да яе – рыбалавецкая прылада жак.

Шырока ўжываюцца ў мясцовай гаворцы ўстойлівыя словазвароты і параўнаннямі. Вось некаторыя з іх: «Дзэржыцца, як рак за бэрэга»; «Круціцці, як в’юн»; «Наставіўса бу ерш»; «Прысмоктаўса, як п’яўга»; «Скачэ, як рыба на патэльні»; «Моўчыць бу рьіба»; «Плавае шчо рыба»; «Набраўса, шчо жаба мула» (вельмі стаміўся) і шмат іншых.

Вядома, што пералічаныя вышэй прылады для лоўлі рыбы – гэта толькі адна з частак мясцовай рыбалавецкай лексікі. Шмат самабытных лексічных адзінак у назвах рыбы: кучомка, носар – разнавіднасці ярша; пэньдзюр, пэньдзюрык – пячкур; головэшка – падуст; снопарга – галец; сабля – чахонь; швайка – шчупак; под’язік, яльчужок – невялікі язь. У назвах чалавека-рыбалова: жаковік, стоян, цэнетнікі. У назвах прыстасаваннях для захоўвання рыбы: нізало, лычко, сажык. I гэты пералік далёка не поўны.

Дарэчы, будзе не лішнім сказаць колькі словаў пра мясцовую гаворку, якую старажылы завуць городзецкой говоркой. Вось як яе характарызаваў В. Вольскі: «Гаворка мясцовых людзей, вядома, беларуская і па сваім слоўнікавым запасе і па граматычным ладзе, але асаблівасці фанетыкі з непрывычнымі інтанацыямі надаюць ёй дзіўнае гучанне. Часам здаецца, нібы людзі гавораць на нейкай незнаёмай славянскай мове».

Безумоўна, што фізіка-геаграфічныя асаблівасці Давыд-Гарадка, размешчанага на стыку дзвюх дыялектных зон – заходнепалескіх і ўсходнепалескіх гаворак – паўплывалі на мясцовую гаворку і знайшлі свой адбітак як на лексічным складзе, так і на фанетычнай афарбоўцы слова. Больш за тое, у некаторых выпадках яна істотна адрозніваецца ў фанетычным і марфалагічным плане ад гаворак бліжэйшага наваколля. Напрыклад, мясцовае слова пачэць – частка ракі, дзе вада не паспела замерзнуць, у вёсках Альпень і Альшаны (гл. «Тураўскі слоўнік») зафіксавана як «пацеж», «пацеч»; лексема вотмудзь – вір у в. В. Малешаў – «вотмуць»; дзеяслоў хажаць – даставаць рыбу са стаўных прыладаў, у в. Альшаны – «хаджаць»; слова бэрэг – бераг у в. Луткі – «берэг»; дзеяслоў пэрэехаць – пераехаць у в. Хотамель – «перэехаць».

У якасці прыкладу адметнай і своеасаблівай гаворкі Давыд-Гарадка часткова пададзены толькі адзін яе лексічны пласт. Што датычыцца мясцовай гаворкі наогул, то яна яшчэ чакае ўвагі даследчыкаў-мовазнаўцаў.

 Таццяна СТАХЕЙКА, г. Мінск

Папярэднi артыкулТрадыцыі Клімавіччыны
Наступны артыкулМіфы Лепельшчыны
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам