Гісторыя Агратурызм Наш каляндар

Наш каляндар

-

- Рэклама -

Двойчы кароль Рэчы Паспалітай

 Станіслаў Ляшчынскі нарадзіўся 20 кастрычніка 1677 г., быў адзіным дзіцём Рафала Ляшчынскага і Ганны Ябланоўскай. Род Ляшчынскіх герба «Вянява» быў адным з самых старажытных у Польшчы. Атрымаўшы хатнюю адукацыю, Станіслаў шмат падарожнічаў па Еўропе. Вярнуўшыся на радзіму, атрымаў пасаду падчашага кароннага. Хутка пабраўся шлюбам з Кацярынай Апалінскай, пасаг якой падвоіў багацці мужа. У сям’і нарадзіліся дзве дачкі – Ганна і Марыя.

Пасля смерці караля Яна Сабескага на трон быў абраны Аўгуст ІІ. Але хутка пачалася Паўночная вайна, спачатку паспяховая для Швецыі. Аўгуст ІІ быў саюзнікам Пятра I, і калі ў 1701 г. шведскія войскі з’явіліся на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, апазіцыя ў краіне перайшла на бок шведаў. Аўгуст пакінуў трон, і будучага ўладара мусіў выбраць кароль Швецыі Карл ХІІ. Ён прапанаваў каралеўскі пасад С. Ляшчынскаму.Чытаць далей…

Неўзабаве пасля каранацыі была падпісаная мірная дамова паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй. Кароль Станіслаў залежаў ад Карла не толькі палітычна, але і матэрыяльна – прыхільнікі Аўгуста ІІ вынішчылі маёнткі Ляшчынскага. Калі Карл XII нанёс чарговую паразу Аўгусту II і расійскім войскам у Польшчы, кароль Аўгуст вымушаны быў адмовіцца ад польскай кароны на карысць Ляшчынскага. Тады новага караля прызнала большасць магнатаў, хаця спачатку яго падтрымлівалі толькі саюзнікі шведаў Сапегі.

Здавалася б, усё гэта на карысць каралю Станіславу. Але 7 ліпеня 1709 г. шведы пацярпелі паразу ў бітве пад Палтавай, і кароль Рэчы Паспалітай мусіў пакінуць прастол і перабрацца ў Швецыю. Там С. Ляшчынскага не любілі – лічылі, што менавіта з-за яго Швецыя вядзе бесперспектыўную вайну, на якую траціць шмат грошай. Але і ў Рэчы Паспалітай Ляшчынскага не чакалі, і ён вырашыў адмовіцца ад кароны. Аднак Карл ХІІ не згадзіўся з гэтым і перадаў Ляшчынскаму ў кіраванне сваё спадчыннае графства ў Заходняй Нямеччыне.

Пасля няўдалага замаху на сваё жыццё і смерці старэйшай дачкі Ганны ў 1717 г. Ляшчынскага чакала яшчэ адно выпрабаванне – у 1718 г. памёр Карл ХІІ. Былы кароль Рэчы Паспалітай папрасіў у французскага караля Людовіка XV прытулку ў Францыі і пасяліўся ў Эльзасе, мяркуючы, што яго палітычная кар’ера скончылася. Аднак раптам усё змянілася. Калі Людовіку XV споўнілася 14 гадоў, яму пачалі шукаць нявесту. Дарэчы прыгадалі 21-гадовую Марыю Ляшчынскую – прыгожую дзяўчыну, шчырую каталічку з беднай і неўплывовай ў Францыі сям’і (спадзяваліся, што дзякуючы гэтаму будучая каралева не будзе ўдзельнічаць у прыдворных інтрыгах). Пасля шлюбу дачкі Ляшчынскі перасяліўся ў Парыж і карыстаўся павагай як каралеўскі цесць.

У 1733 г. у Варшаве памёр Аўгуст ІІ. Успомнілі пра Ляшчынскага, яго кандыдатура пасля панавання чужаземнага манарха (Аўгуст быў саксонцам) займела нямала прыхільнікаў. С. Ляшчынскі прыехаў у Варшаву, сустрэўся са шляхтаю, якая 12 верасня абвясціла яго каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Аднак не ўся шляхта пагадзілася з гэтым, і пад аховаю расійскіх войскаў нязгодныя з кандыдатурай Ляшчынскага 5 кастрычніка абвясцілі саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста II, сына караля Аўгуста Моцнага, каралём і вялікім князем літоўскім Аўгустам III. С. Ляшчынскі быў каралём толькі 14 дзён, і ў выніку ён адмовіўся ад кароны.

Пасля смерці Аўгуста ІІІ былы кароль Рэчы Паспалітай прапанаваў французскаму ўраду падтрымаць яго ў якасці прэтэндэнта на трон, але той адмовіўся – Ляшчынскаму было ўжо 86 гадоў.

Памёр С. Ляшчынскі ва ўзросце 90 гадоў, але мог бы пражыць болей, каб не трагічны выпадак – ён стаяў каля каміна ў адным з аддаленых пакояў палаца, калі загарэўся яго шлафрок. Ляшчынскі хацеў патушыць агонь, але занадта нахіліўся і паваліўся ў камін, яго крыкаў ніхто са слуг не пачуў. Пахавалі С. Ляшчынскага ў касцёле ў Нансі. Частку праху з труны ў адмысловай урне ўзяў у 1814 г. генерал Сакальніцкі, які з салдатамі вяртаўся з Францыі ў Польшчу. Урна была перададзеная кафедральнаму касцёлу ў Познані.

 Падрыхтавала Ніна КАЗЛЕНЯ

Папярэднi артыкулІніцыятыва
Наступны артыкулЁсць творчыя людзі на Навагрудчыне!
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам