Навіны Наш каляндар

Наш каляндар

-

- Рэклама -

«Вочы бачаць тое, што ёсць, а душы, як і заўсёды, хочацца большага…»

 10 кастрычніка споўнілася 60 гадоў вядомаму паэту, празаіку, эсэісту і перакладчыку Леаніду Дранько-Майсюку.

Нарадзіўся творца ў Давыд-Гарадку Столінскага раёна. У 1975 г. паступіў на завочнае аддзяленне паэзіі Літаратурнага інстытута імя А.М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1982 г. У 1982 – 2002 гг. – рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Са жніўня 2002 г. – на вольнай працы.

Аўтар 16 кніг вершаў, эсэ і прозы. Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» (за нізку апавяданняў у часопісе «Дзеяслоў» (2005).

Падрыхтаваў Алесь САЧАНКА

 ГА «Беларускі фонд культуры» і рэдакцыя «Краязнаўчай газеты» шчыра віншуюць Леаніда Васільевіча і жадаюць моцнага здароўя, дабрабыту, натхнення і плёну ў творчасці!Чытаць далей…

Прапануем чытачам урывак з кінаэсэ Уладзіміра Мароза «Узвышанец» (цалкам надрукаванае ў дадатку «Літаратурная Беларусь» супольнага праекта ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і газеты «Новы Час» 29 верасня 2017 г.) і вершы юбіляра.

 «Ёсць у паэта самы любімы куточак – Паўночны завулак.

“Вельмі люблю Мінск, люблю блукаць па мінскіх завулках. Непадалёку ад Тэатра музкамедыі ёсць мой любімы Паўночны завулак. Дарэчы, незамужнім дзяўчатам магу параіць жыццёва неабходны маршрут – з вуліцы Сухой выйдзіце праз лагчыну да Транспартнага завулка. Там на ўзвышшы па-над Нямігай стаіць дом з верандай і бярозай. Адтуль адкрываецца прыгожы краявід на Тэатр музычнай камедыі. Калі дужа хочацца выйсці замуж, дачакайцеся таго часу, калі на тэатр упадуць зоркі ў выглядзе фіялетавых вішань. І ўжо заўтра вы сустрэнецеся са сваім жаніхом!”

А ў паэта Дранько-Майсюка Паўночны завулак стаў месцам сустрэч са спадарыняй Эл. Ад гэтых сустрэч нарадзіўся “Нервовы раман”. І ўвогуле, цэлая “Кніга для спадарыні Эл”. Зноў жа, таямніца. Былі вершы для А, цяпер спадарыня Эл. Чарговая паэтычная містыфікацыяці ці водгулле рэальнага сюжэта? Адно зразумела, як сцвярджае сам пісьменнік:

“Вочы бачаць тое, што ёсць, а душы, як і заўсёды, хочацца большага, таму паэзія шукае ў рэчаіснасці свой нерэчаісны змест…”

Ужо больш за дзесяць гадоў Леанід Дранько-Майсюк афіцыйна нідзе не працуе, жыве літаратурнай работай. На вольным хлебе, як гавораць. Неад’емным складнікам такога жыцця з’яўляюцца творчыя сустрэчы паэта з чытачамі. Якраз тут можна пачуць вершы ў выкананні аўтара (калі не лічыць прачытанае адзінаму слухачу Хомку). Але галоўны момант тут – аўтографы прыхільнікам (больш прыхільніцам) яго паэзіі. У гэтым сэнсе паэт не мае сабе роўных. Ніводзін аўтограф (а іх бывае некалькі дзясяткаў пасля сустрэчы) не паўтараецца, шмат рыфмаваных. Уявіце, як прыемна такое чалавеку, пасля гэтага нязмушана палюбіш беларускую літаратуру. Унікальная з’ява».

 

Леанід ДРАНЬКО-МАЙСЮК

 

Паблізу Нямігі

 

Што мне хочацца? Нічога.

Але хочацца найбольш,

Каб дзіцячая трывога

Затупілася, як нож.

 

Кроў з крыві не выцякае.

Смерць прыходзіць назусім.

А трывога – здань такая?

Ці душы застыглы дым?

 

Не, выяўная, што срэбра

І як золата само!

Ці ж такая не патрэбна?!

Можа, й так, ды ўсё дармо…

 

Так, дармо… З трывогай тою

Варта іншы верш пачаць:

«Хата родная чужою

Не была, а можа стаць…»

 

Вяртаючыся на Францысканскую

 

Як добра госцем быць у той жанчыны.

Якая просіць-патрабуе вершаў

На мове беларускай і за гэта

Частуе мёдам у завулку Снежным;

 

Як добра славіць каралеву Бону,

Яе партрэт угадваць у завеі

І варажыць у задуменні: «Сфорца…

Гучыць – як сонца і гучыць – як сэрца…».

 

Як добра слухаць, размаўляць і думаць

Пра ўсё і ні пра што адначасова,

А потым, ноч у зорах не крануўшы,

Ісці праз Менск гадзіну і другую…

 

Завулак Снежны, Кальварыйская, Няміга,

Феліцыянаўская… Ах, якія назвы!

А тыя кіламетры, што прайшоў я,

Як тыя пацалункі, што ў парозе.

 

Ноч на зыходзе, і яшчэ не днее,

І радасць набіраецца ў аорту,

І не ў жыцці – у Бібліі магчыма

Паганцу стаць апосталам адданым…

 

Натомлены, вясёлы, бесклапотны,

На Францысканскую вяртаюся паволі,

Каб скласці новае для хітрай Эл,

Якая просіць-патрабуе вершаў.

 

І раптам (мушу тутака прызнацца,

Што без прыслоўя «раптам» абысціся

І ў лірыцы чуллівай немагчыма,

Якой душа пазбавіцца не хоча…), –

 

Дык вось, ужо так сталася, што раптам

Я сам сабе прамовіў зледзянела,

Прагаварыў-прабедаваў-правойкаў:

«У горле сушыць і баліць у грудзях…».

 

Бядуе так нямоглая старая,

Так жаляцца чарнобыльскія дзеці,

І гэтак я паскардзіўся (шчаслівы!),

Адчуўшы боль імгненны і пякучы.

 

І прыпыніўшыся пад нейкай аркай,

Згадаў-успомніў Міхася Стральцова,

Знядужанага ў сукрутку бальнічным…

О, свеце родны мой!.. О, свеце ясны!..

Папярэднi артыкул
Наступны артыкулМузей драўлянай скульптуры ў Літве
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам