Гісторыя Агратурызм Наша гісторыя: ідэі, падзеі, асобы

Наша гісторыя: ідэі, падзеі, асобы

-

- Рэклама -

Беларусы вызваляюць Украіну ад татараў

 Альгерд быў кругом беларускім князем, беларускім дзяржаўным дзеячам, беларускім патрыётам. Яшчэ пры жыцці Гедзіміна ён валодаў беларускімі ўдзеламі – Крэўскім і Віцебскім княствамі. Калі Альгерд стаў вялікім князем, пад яго вярхоўнай уладай апынуліся і ўсе іншыя беларускія землі, што складалі Вялікае Княства Літоўскае. З небеларускіх зямель у той час у Княства ўваходзіла толькі Жамойць (этнаграфічная Літва ў сучасным значэнні слова), якая часта рабілася разменнай манетай у спрэчках паміж літвінамі-беларусамі і крыжакамі. І крывёю, і духам Альгерд чуўся беларусам, сваёю, роднаю была для яго тагачасная беларуская мова, якую называлі русінскай або літоўска-русінскай і на якой размаўлялі ў сям’і Гедзіміна ды і ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім, апроч Жамойці. Цесна звязанае з беларускасцю было і яго веравызнанне. Вызнаваў ён праваслаўе. Гэтак жа, як і яго жонкі: Марыя, дачка віцебскага князя, і Юльяна, дачка цвярскога князя Аляксандра Міхайлавіча, якога татары па даносе Івана Каліты абезгаловілі ў Залатой Ардзе.Чытаць далей…

Стаўшы вялікім князем, Альгерд наважыў далучыць да сваёй беларускай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага – і ўсе іншыя беларускія землі. Ён марыў, каб усе яго суродзічы згуртаваліся ў адну дзяржаву, у сваю дзяржаву. Гэта была мэта яго жыцця. І ён поўнасцю здзейсніў яе. Да Беларусі Альгерд далучыў спрадвечныя крывіцкія, дрыгавіцкія і радзіміцкія землі з удзельнымі цэнтрамі Смаленск, Бранск, Гомель, Мсціслаў і іншымі. Усе беларусы ці не ўпершыню за многавекавую гісторыю зажылі ў сваёй уласнай дзяржаве, не падпарадкоўваючыся нічыёй волі. Ім адкрыўся шырокі прастор для выяўлення сваіх прыродных здольнасцяў, свайго таленту, для росквіту сваёй культуры і мовы.

Ды Альгерд не абмежаваўся далучэннем да Вялікага Княства Літоўскага этнічна беларускіх зямель. Ці ж мог «русін» Альгерд спакойна глядзець, як ужо другое стагоддзе цягае на сваёй шыі цяжкое ярмо мангола-татарскай няволі братняя Русь? Як на поўдні, так на поўначы і ўсходзе? Як уладар вялікай вольнай краіны Альгерд лічыў сваім абавязкам дапамагчы братнім народам скінуць з шыі жорсткіх і ненажэрных ханаў Залатой Арды і іхных стаўленікаў – рускіх князёў, вызваліць ад татараў усю рускую зямлю.

– Русь павінна быць пад рукой Літвы, – гаварыў Альгерд. – Бо Літва – гэта тая ж Русь. Белая Русь, Вольная Русь. Толькі з ёй могуць знайсці ўсе русічы волю ад татараў.

Спачатку ён кінуў свой позірк на Украіну, што, нібы тая рыба ў сетцы, білася ў татарскай няволі ўжо другое стагоддзе.

Для ваеннага паходу на заходні улус Залатой Арды, якім з’яўлялася Украіна, Альгерд сабраў ваяроў амаль з усіх беларускіх земляў. Войска для гэтай выправы склалася з полацкіх, віцебскіх, менскіх, пінскіх, тураўскіх, нальшчанскіх, віленскіх, заслаўскіх, гомельскіх, бранскіх і іншых харугваў. Самыя большыя сілы далі аб’яднанаму войску сыны новагародскага князя Карыята – Альгердавы пляменнікі Аляксандр, Юры, Канстанцін і Фёдар, якія і былі галоўнымі завадатарамі выправы.

З іхнага роднага Новагародка – нядаўнай сталіцы ВКЛ – і распачаўся сумесны паход беларускіх князёў.

Кіраваліся на Падолле, на Дзікае поле. Ішлі туды праз Валынь, якая ўжо бы­ла пад рукой Княства. Валадарыў там адзін з Альгердавых братоў – Любарт Гедзімінавіч. Папоўніўшы войска русічамі-валынянамі, пайшлі да межаў Падолля.

Татары і іх памагатыя, убачыўшы беларускія харугвы, пакідалі свае заставы і паўцякалі хто куды. Вядома ж, яны адразу даносілі сваім гаспадарам пра набліжэнне агромністага войска з поўначы, і там спешна рыхтаваліся да сустрэчы з ім. Таму Альгерд загадаў рухацца як мага хутчэй.

Увечары спыніліся на начлег у адным з падольскіх сёлаў. Спачатку людзі пры набліжэнні войска кідаліся наўцёкі, хаваліся ў садах ды агародах. Але, убачыўшы, што за імі ніхто не гоніцца, памалу вярталіся ў свае хаты-мазанкі. Вельмі здзівіла іх, што і рабаваць вайскоўцы не кідаліся.

А ўсё таму, што гэтак замысліў князь Альгерд. У іншых ваенных паходах, па­ходах на чужынцаў, на ворагаў, і ён, як гэта звычайна рабілася пры захопе селіш­чаў праціўніка, дазваляў сваім воінам «пагуляць». Але тут было інакш. Альгерд ішоў вызваляць блізкіх па крыві русічаў-украінцаў. Таму ён загадзя забяспечыў войска харчовымі прыпасамі і загадаў нічога самавольна не браць у насельніцтва.

У сяле Альгерду з яго ахоўнікамі падшукалі самую лепшую хату – чыстую, прасторную. Уладкаваўшыся, ён загаварыў з гаспадыняй. Гэта была не старая яшчэ, але ўжо сівая, з нейкім глыбокім смуткам у вачах жанчына. Альгерд папытаў, чаму яна адна ў такой вялікай хаце. Адчуўшы спагаду ў голасе гэтага вялікага начальніка, жанчына не ўтрымалася, заплакала. Раз за разам выціраючы ражком хусткі слёзы, што так і каціліся з вачэй, расказала, як пабудавала разам з сваім «чоловікам» гэтую хату, як яны выгадавалі ў ёй трох сыноў і дзвюх дочак. Ды сталася вялікая бяда. Усіх траіх сыноў разам з бацькам забралі ў сваё войска татары. Ні ад сыноў, ні ад «чоловіка» даўно ўжо ні слуху, ні духу. Адзінай яе ўцехай былі дзве дочкі – прыгожыя, чарнавокія. Але аднаго разу наляцеў на сяло атрад баскакаў, што спаганяў даніну. І трэба ж было яе Аксане і Грыпінцы трапіцца на вочы татараў. Не згадала маці, як, уварваўшыся ў хату, два скуластыя татарыны схапілі яе дочак, прывязалі да сёдлаў і, завязаўшы ім раты, каб не крычалі, паскакалі прэч. Доўга бегла яна з немым крыкам за татарамі, пакуль не звалілася на дарогу, страціўшы прытомнасць.

Як ні хацелася, але нічога суцяшальнага сказаць жанчыне князь Альгерд не мог. Паабяцаў толькі выгнаць з Украіны татараў.

Зранку Альгерду далажылі, што насустрач ідзе вялікая татарская раць. Затрубілі трубы, і неўзабаве Альгердава войска рушыла далей.

Кастусь ЦВІРКА   Паводле кнігі «Гісторыя Беларусі паводле паданняў і легендаў». Мінск, 2006.

(Далей чытайце ў №№ 33 – 34 “Краязнаўчай газеты”)

Папярэднi артыкулПаэтычны водгук
Наступны артыкулДля будучых турыстычных маршрутаў
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам