Гісторыя Агратурызм Нашы спачуванні

Нашы спачуванні

-

- Рэклама -

1 лютага з Франкфурта-на-Майне (ФРГ) прыйшла жалобная вестка. На 108-м годзе жыцця там памёр вядомы дзеяч беларускага замежжа, навуковец Барыс КІТ (сапраўднае прозвішча Кіта).

Нарадзіўся ён 6 красавіка 1910 г. у беларускай сям’і ў Пецярбургу, якая ў 1918 г. вярнулася на Навагрудчыну. Выпускнік Навагрудскай беларускай гімназіі (1928 г.) і фізіка-матэматычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта (1933 г.). Выкладчык і дырэктар (у 1939 г.) Віленскай беларускай гімназіі. Увосень таго ж года ўзначаліў адроджаную гімназію ў Навагрудку. Двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі. У 1939 – 1941 гг. школьны інспектар аблана Баранавіцкай акругі. Пад час фашысцкай акупацыі арганізоўваў беларускія школы, ратуючы моладзь ад высылкі ў Германію. Дырэктар настаўніцкай семінарыі ў Паставах і Адміністрацыйна-гандлёвай вышэйшай школы ў Маладзечне. У 1944 г. правёў месяц у турме гестапа.Чытаць далей…

З лета 1944 г. – у эміграцыі. Вучыўся ў 1945 – 1948 гг. на факультэце медыцыны ў Мюнхенскім універсітэце.

З 1948 г. жыў у ЗША. Адзін з заснавальнікаў найбуйнейшай у гэтай краіне беларускай калоніі ў Саўт-Рыверы (Нью-Джэрсі).

Кар’еру пачынаў у фармацэўтычных кампаніях Нью-Джэрсі і Каліфорніі. Потым быў навуковым супрацоўнікам першай у ЗША аэракасмічнай кампаніі «North American Aviation Inc.» (Лас-Анджэлес, 1956 – 1958 гг.), дзе ажыццяўляліся касмічныя праекты: стратэгічныя ракеты «Navaho», праект падарожжа чалавека на Марс «Apollo», чаўночны карабель «Shuttle». Кіраўнік навуковай групы аддзела касманаўтыкі Міністэрства ваенна-паветраных сілаў ЗША (1958 – 1963 гг.); у 1963 – 1964 гг. старшы навуковы супрацоўнік міжнароднай карпарацыі IT&T (дзе даследавалі і будавалі спадарожнікі сувязі, што было першым этапам у падрыхтоўцы падарожжа амерыканцаў на Месяц) і Нацыянальнага бюро стандартаў ЗША (1964 – 1968 гг.). Старшы эксперт-даследчык Дзяржінстытута сістэмнага аналізу Міністэрстваў абароны і транспарту ЗША (1968 – 1972 гг.). У 1960 г. выдаў навукова-папулярную кнігу «Дапаможнік па ракетным паліве», у 1964 г. напісаў другую – «Гісторыя і сучасны стан савецкай касманаўтыкі».

Даследаваў вадкі вадарод як асноўнае ракетнае паліва. Падрыхтаваў матэматычны разлік палётаў касмічных караблёў на Месяц.

З 1972 г. жыў у Франкфурце-на-Майне. Да 1993 г. прафесар матэматыкі Еўрапейскага аддзела Мэрылендскага ўніверсітэта (ЗША). Доктар філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі (1983 г.). Адзін з заснавальнікаў Міжнароднага астранаўтычнага таварыства Германа Оберта (ФРГ) і Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (Мінск – Масква). Акадэмік Міжнароднай акадэміі касманаўтыкі (Парыж).

За ўнёсак у развіццё астранаўтыкі Б. Кіт быў адзначаны прэміямі і ўзнагародамі: лаўрэат залатога медаля Германа Оберта і Вернэра фон Браўна (ФРГ), сябар Залы славы Вашынгтонскага біяграфічнага інстытута (ЗША), уладальнік падзякі Федэрацыі касманаўтыкі Расіі. Імя Б. Кіта сярод славутых навукоўцаў ЗША замураванае ў капсуле часу ў сцяну Капітолія.

Б. Кіт быў фундатарам многіх эміграцыйных беларускіх выданняў. У 1990-я гг. наведваў радзіму. Пакінуў успаміны. Ганаровы жыхар Навагрудка; там у 2008 г. адкрыты ягоны музей.

Пры канцы мінулага стагоддзя намагаўся закласці ў Беларусі нацыянальны ўніверсітэт еўрапейскага кшталту.

Пры канцы жыцця ў адным з інтэрв’ю аб сваім доўгажыхарстве казаў: «У мяне няма ніякіх рэцэптаў. Думаю, гэта спалучэнне многіх элементаў. Найперш, беларуская генетыка. Па-другое, увесь час я меў прыгожую дзейнасць: займаўся вучыцельствам, навукай. Па-трэцяе, маё жыццё было спачатку страшэнна цяжкім. Я многа галадаў, а гэта добра для арганізму. І потым я стараўся не пераядаць. Але самае, можа, важнае – чыстае сумленне. Я нікому ніякага зла не рабіў. Толькі дабро. Дзякаваць Богу, што я ніколі не быў салдатам».

Пахаваны на праваслаўных могілках у г. Вісбадэне (ФРГ).

ГА «Беларускі фонд культуры» і «Краязнаўчая газета» шчыра смут­ку­юць з нагоды смерці выдатнага навукоўцы і беларуса Барыса КІТА і выказ­ваюць спачуванні родным і блізкім спачылага, усім суайчыннікам у розных краінах.

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам