Тры юбілеі п’есы Кандрата Лейкі
Беларускі паэт, празаік, публіцыст, драматург і педагог Кандрат Лейка (1860 – 1921) нарадзіўся на Слонімшчыне ў вёсцы Збочна. Роўна 105 гадоў таму, у 1912 годзе, у Вільні асобнай маленькай кніжачкай выйшла з друку яго п’еса для дзяцей «Снатворны мак». Яе Кандрат Лейка прысвяціў дзецям Слонімскага павета. П’еса паклала пачатак беларускай нацыянальнай драматургіі для дзяцей.
Чытаць далей…
Упершыню гэты твор нашага земляка быў пастаўлены рэжысёрам Язэпам Камаржынскім у Дзвінску ў 1922 годзе. У спектаклі тады выступалі вучні ўзорнай беларускай школы пры Беларускіх настаўніцкіх курсах Дзвінска. Гэта адбылося 95 гадоў таму.
Другі раз сцэнічнае жыццё п’еса Кандрата Лейкі «Снатворны мак» атрымала ў горадзе Краснаполле Магілёўскай вобласці. Мясцовы народны тэатр у 1987 годзе таксама звярнуўся да п’есы нашага земляка. Яе паставіў тэатральны рэжысёр Валянцін Ермаловіч. Было гэта 30 гадоў таму.
П’еса «Снатворны мак» – гэта навеяны фалькларыстычным духам і паэтычнасцю драматычны твор, у якім аўтар выяўляе гуманістычныя ідэалы. У п’есе дзейнічаюць адухоўленыя вобразы кветак – Маку, Званочка, Ружы, Рэзеды, а таксама вобразы Пчалы, Асы, Мурашкі, Матыля, Коніка. Ёсць тут і міфалагічны вобраз добрага Дзеда-Лесавіка. П’есай «Снатворны мак» Кандрат Лейка паказаў сваю блізкасць не толькі да беларускай народнай песні, але і да казкі, да міфалагічных традыцыяў нашага фальклору.
Сяргей ЧЫГРЫН
(Паводле электроннага выдання «Слонімскі край». 2017, № 6)