Гісторыя Агратурызм Новая кніга пра Палессе

Новая кніга пра Палессе

-

- Рэклама -

Кніга пра Палессе і палешукоў

 З радасцю і гонарам за наш палескі радавод, за яго таленавітых сыноў і дачок успрыняла я кнігу вядомага жыткавіцкага журналіста Сяргея Кулакевіча «Вільча, Случ, радзіма». Яна выйшла летась у кастрычніку ў мазырскім выдавецтве «Калор» з уступным словам пісьменніка Уладзіміра Гаўрыловіча.

 У кнігу ўвайшлі нарысы і замалёўкі, успаміны, абразкі з мінулага і сучаснага. Духоўны скарб Палесся – гэта яго жыхары, шчырыя працаўнікі, тыя, у каго баліць душа аб будучыні роднай шматпакутнай зямлі. Іх жыццёвыя лёсы перакрыжаваныя з лёсам радзімы. Асабліва кранаюць, западаюць у сэрца ўспаміны пра самых блізкіх і дарагіх – дзядоў, бабуляў, маці, бацьку, сяброў-аднадумцаў, любімых настаўнікаў. Дзякуючы ім хлопчык Сяргейка спазнаў любоў і ласку, радасць і горыч ад часам непасільнай працы, навучыўся адказваць за свае ўчынкі. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і службы ў арміі ён стаў працаваць у рэдакцыі «Новага Палесся». Праз усё жыццё С. Кулакевіч пранёс удзячнасць галоўнаму рэдактару газеты Івану Карповічу, журналісту ад Бога. Іван Фёдаравіч яшчэ на пачатку 1970-х заўважыў і падтрымаў юнага карэспандэнта-васьмікласніка.Чытаць далей…

Kulakievicz_01Пад уплывам твораў таленавітага аўтара нараджаюцца ўспаміны аб маім палескім радаводзе. І мая мама, ураджэнка Хойніцкага раёна, была паланянкай, як і Надзея Іванаўна, маці Сяргея Адамавіча. Надзея Іванаўна была адпраўленая ў Германію разам з бацькамі і братам. Перажыла жахлівую трагедыю – на яе вачах у час бамбёжкі загінулі маці і бацька. Іх магілы засталіся на чужыне. Вярнулася з братам на радзіму, у Верасніцу, выйшла замуж у Вільчу за Адама Кулакевіча, сына вядомага і паважанага ўрача Мірона Дзям’янавіча. Выгадавалі з мужам васьмёра дзяцей, дачакаліся ўнукаў і праўнукаў. Пражылі разам у згодзе 70 гадоў. Надзея Іванаўна была граматнай, ведала на памяць шмат вершаў. У час Вялікай Айчыннай вайны сям’я дапамагала партызанам. Надзея Іванаўна пякла хлеб, а сястра мужа Вольга Міронаўна, рызыкуючы жыццём, дастаўляла яго ў дамоўленае месца.

Бацька Сяргея Адам Міронавіч у баях з немцамі быў паранены, трапіў у палон, пасля вызвалення год служыў у інжынерна-сапёрных войсках. Летам 1946 года быў дэмабілізаваны.

Kulakievicz_02Аўтар кнігі з удзячнасцю і захапленнем называе прозвішчы тых, хто прысвяціў сваё жыццё ўмацаванню сельскай гаспадаркі, народнай асвеце, культуры краіны. У сваіх нарысах С. Кулакевіч успамінае вядомых кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў Жыткаўшчыны Яўгена Алейнікава, Міхаіла Субата, Васіля Страха, Міхаіла Якубоўскага, Адама Жураўскага, Аляксандра Мельнікава і іншых. Аўтар прыходзіць да высновы, што ўсе яны «валодалі вялікім маральным, чалавечым запасам. Сумленне ў іх было высокай пробы. Цяжка ўспомніць хаця б аднаго з іх, хто б думаў у першую чаргу аб уласным дабрабыце. Многія так і памерлі ў сваіх сціплых вясковых хацінах». Моцны старшынёўскі корпус шмат зрабіў для павышэння дабрабыту людзей. «У паўсядзённай бітве за хлеб, за ўздым сельскай гаспадаркі раслі, мужнелі і мацнелі дзясяткі таленавітых арганізатараў вытворчасці», – успамінае С. Кулакевіч. У яго памяці ўзнікаюць вобразы знакамітых кіраўнікоў і шэраговых сейбітаў, народных майстроў, знаўцаў сваёй справы.

С. Кулакевіч імкнецца занатаваць у памяці нашчадкаў гістарычныя звесткі пра старажытны Тураў, яго знакавыя даты, пра загадкавыя крыжы – сімвалы зараджэння хрысціянства на нашай зямлі. Ён праяўляе даследчыцкую зацікаўленасць у стварэнні асабістага ўяўлення аб дарагіх яго сэрцу навакольных вёсках Вільча, Браніслаў, Града, Загацце, Князь-Бор і іх жыхарах. Аб гэтым яскрава сведчаць назвы нарысаў «Знакавы год Турава», «Жывы музей пад небам», «На белым цеплаходзе па серабрыстай Прыпяці», «Вёска, родная вёска мая» і іншых.

Публіцыстычная аснова твораў С. Кулакевіча тонка аздобленая, арганічна перакрыжаваная з па-майстэрску створанымі дыялогамі, маналогамі-споведзямі, жывой пявучай гаворкай палешукоў, лірычнымі адступленнямі, пейзажнымі замалёўкамі, тонкім народным гумарам. Карані роду Кулакевічаў, іх землякоў ураслі ў глебу Тураўскай пушчы, у загадкавую плынь Прыпяці, Случы, прыбярэжных палёў і сенажацяў. «Калі адняць ад Вільчы Случ – гэта значыць адняць паўжыцця, а то і само жыццё», – гаворыць аўтар. Сталіцай буслоў называе ён родную вёску. Сталіцай палескага сенакосу спрадвеку з’яўляецца Балонне, заліўны луг, што шырока раскінуўся ўздоўж Прыпяці і Случы, дзе вельмі прыгожая дзікая прырода. Палескімі джунглямі называе пісьменнік непралазныя зараснікі вербалозу, хмызнякі, балоцістыя мясціны абапал рэкаў і азёраў. «Яшчэ ад нашых дзядоў і прадзедаў па сённяшні дзень засталася некранутая чалавекам першабытнасць, глушэча, неруш. Дзе цяпер знойдзеш такія пакінутыя нам продкамі-дрыгавічамі мясціны?».

Нібыта з вышыні птушынага палёту я сама аглядаю зажураныя вербы, схіленыя над вадой, пяшчотную Случ, што зліваецца з матуляй-Прыпяццю, Замкавую гару з велічным помнікам Кірылу Тураўскаму, ціхія палескія вёсачкі, бусліныя гнёзды, палі і сенажаці, лясы і пералескі Тураўшчыны і Жыткаўшчыны. І ўпэўніваюся: малюнкі прыроды ў нарысах С. Кулакевіча паўстаюць не самі па сабе, яны гарманічна ўзаемадзейнічаюць з асэнсаваннем працоўных будняў селяніна. Аўтар кнігі – карэнны паляшук, які дакладна, па-мастацку пераканаўча перадае карціну працы вільчанцаў на сенажаці. Ён параўноўвае іх з паўстанцамі Каліноўскага. Столькі ў іх рухах рашучасці, зладжанасці, адзінага парыву, што дзіву даешся – як праца аб’ядноўвае людзей, узвышае сутнасць чалавека, узбагачае яго духоўны свет. Нездарма палешукамі-гарапашнікамі, шчырымі працаўнікамі называюць нашых землякоў. «Работа спорыцца. Мужыкі высякаюць з лазняку адзёнак, на якім будзе стаяць свежы стог, я цягаю Орлікам копы, цётка Соня, наша суседка, па вулічнаму Сойка, ды Жэрыкава Ганна жвава падграбаюць сена. Жанкі худыя – скура, косці ды мускулы, такіх звычайна ніякая стома не бярэ. Шчыруюць, стараюцца, толькі лыткі незагарэлыя з-пад спадніцаў мільгаюць. Мужчыны стагуюць, галоўнае – добра затрамбаваць сярэдзіну, каб дажджамі не забіла, і сена не загарэлася, не счарнела. Усё мацней угравае неба. Гучна стракочуць конікі. Буслы, падсілкаваўшыся ля вадаёмаў, раз-пораз закідваюць на спіны дзюбы і дробна, доўга клякочуць. Ад зыркага сонца ўсё бачыцца праз дрогкую смугу».

Карціна гэтая настолькі дакладная, праўдзівая, што міжволі ў маёй памяці ўзнікаюць эпізоды сялянскай талакі, на якую, як на свята, збіраліся старыя і малыя, а таксама ўспаміны аб сваіх надпрыпяцкіх запаветных лугавінах і затоках, аб сваёй сенажаці. «Галько, чаму ты так памаленьку сена падграбаеш? Мо ты не снедала, харашуха?» – звяртаўся да мяне дзядзька Рыгор. Ён так працаваў, складваў копы, стагаваў – як песню спяваў! Нібыта не з граблямі і віламі завіхаўся, а на скрыпцы граў.

Як дасведчанага журналіста, пісьменніка, як інтэлігента С. Кулакевіча трывожыць праблема занядбання роднай беларускай мовы. Надзённай, жыццёва абгрунтаванай паўстае яна ў нарысах «Мой Купала», «Якуб Колас, па аўтабіяграфічных і літаратурных старонках», «Дзве сустрэчы з Іванам Мележам», «Крынічнае беларускае слова» і іншых. Свой асабісты клопат аб будучыні беларусаў аўтар выказвае рашуча, смела, без аглядкі на супрацьлеглую пазіцыю. Ён заклікае: «Дакраніцеся душой да свайго, роднага – і вы спазнаеце асалоду гаючага, спеўнага беларускага слова, адчуеце гонар за гэты цуд і асабістую адказнасць за яго захаванне ў новых стагоддзях» («Зноўку і заўсёды пра родную мову»).

Не сумняваюся, што кніга С. Кулакевіча «Вільча, Случ, радзіма» за кароткі час пасля выхаду ў свет ужо знайшла свайго ўдзячнага чытача. Яе хочацца чытаць і перачытваць. А гэта яскравае сведчанне таленавітасці аўтара, яго грамадзянскага абавязку перад памяццю тых, хто ствараў і стварае векавечную спадчыну нашай Бацькаўшчыны.

 Галіна ДАШКЕВІЧ, г. Мазыр

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам