Гісторыя Агратурызм Новая кніга віцебскага даследчыка

Новая кніга віцебскага даследчыка

-

- Рэклама -

Старонка айчыннага краязнаўства

 У студзені ў Оршы праходзіў ІІІ (абласны) этап рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі. Тут я і сустрэўся са сваім даўнім знаёмым, гісторыкам і краязнаўцам Мікалаем Піваварам. Ён і падарыў мне сваю новую кнігу «Гістарычнае краязнаўства Беларусі ў 1961 – 1991 гг.».

 У новым навуковым выданні ўпершыню адлюстраваныя асноўныя этапы развіцця гістарычнага краязнаўства ў згаданы перыяд. На велізарным фактычным матэрыяле прааналізаваныя здабыткі і дасягненні, праблемы і недахопы ў дзяржаўным, грамадскім і школьным накірунках краязнаўчай працы. Асобны раздзел прысвечаны дзейнасці вядомых краязнаўцаў краіны.Чытаць далей…

Pivavar_01Значную ўвагу ўдзяліў аўтар дзейнасці створанага ў БССР у 1966 г. Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Сярод задачаў, якія стаялі перад ім, было і вывучэнне гісторыка-культурнай спадчыны. Аддзяленні таварыства былі створаныя і ў рэгіёнах. Як і ва ўсіх савецкіх грамадскіх арганізацыях, у працы таварыства было шмат фармалізму. Аднак колькасць ягоных сяброў з кожным годам расла і дасягнула ў 1991 г. ажно 2 мільёнаў 100 тысячаў чалавек! Трэба спадзявацца, што і тыя капейкі, за якія мы набывалі адпаведныя маркі таварыства, прынеслі нейкую карысць усеагульнай працы па захаванні нашай старасветчыны. Так, у тым ліку і на сродкі таварыства толькі ў 1974 г. праводзіўся рамонт і рэстаўрацыя Сафійскага сабора ў Полацку, замка ў Міры, кансервацыя рэштаў замка ў Навагрудку, узводзіўся ахоўны павільён над месцам раскопак старажытнага Бярэсця.

Pivavar_02Падрабязна спыняецца аўтар і на асвятленні дасягненняў і праблемаў школьнага краязнаўства. Між іншага згадвае адзін з загадаў Міністэрства асветы СССР 1985 г., у якім была зацверджаная норма турысцка-краязнаўчых паходаў у школе – 2-3 паходы ў год. «Верагодна, – адзначае даследчык, – такія нормы некалькі ніжэйшыя за магчымыя, аднак рэаальна дасягальныя ў школе». Сапраўды, у той час школьнікі разам з настаўнікамі здзяйснялі цікавыя і карысныя турысцка-краязнаўчыя паходы па родным краі. Згадаю тут вядомага настаўніка гісторыі і краязнаўца з Оршы Рыгора Трутко (ён, дарэчы, вучыў Уладзіміра Караткевіча, а потым і працаваў з ім), які са сваімі навучэнцамі абыйшоў ці не ўсю Беларусь. Дарэчы, фота яго ёсць у кнізе (аднак, у тэксце ён ні разу не згаданы). На вялікі жаль, цяпер турысцка-краязнаўчыя паходы ў школах амаль не арганізуюцца.

Аналізуе аўтар і дзейнасць школьных краязнаўчых музеяў, якія вядомы расійскі гісторык акадэмік С. Ціхвінскі называў самай масавай формай далучэння моладзі да краязнаўчай працы. Прыемна, што ў згаданы час быў створаны добры краязнаўчы музей у маёй роднай 17-й школе Оршы, куды некалі мой старэйшы брат перадаў знойдзены нашым бацькам у кар’еры зуб маманта. Застаецца дадаць, што многія школьныя краязнаўчыя музеі маюць экспанаты, якім пазайздросцяць і дзяржаўныя. Згадаю тут толькі музей вызвалення Оршы і дзейнасць маладзёжнага пошукавага клуба «Русічы» ў Аршанскім політэхнічным прафесійным каледжы (былым ПТВ № 110). Адкрыты ў 1992 г., ён сёлета якраз адзначыць першы значны юбілей. На жаль, у 2011 г. пасля сумнавядомых падзеяў у мінскім метро музей пазбавіўся шматлікіх узораў савецкай і нямецкай зброі (даўно ўжо ў непрацоўным стане), знойдзеных сябрамі клуба пад час раскопак на месцах баёў. Але і сёння там ёсць што паглядзець!

Апошні раздзел кнігі прысвечаны ўласна краязнаўцам. «Каго лічыць краязнаўцам?» – задае пытанне М. Півавар і дае ўласную тыпалогію даследчыкаў роднага краю. Ён вылучае асноўныя рысы «тыповага» краязнаўцы. Сярод іх мне больш да спадобы апошняя рыса – «Любоў да краю. Краязнаўца – заўжды краялюб» (арфаграфія аўтара кнігі. – В.Л.).

«Бацькам» сучаснага беларускага краязназнаўства называе М. Півавар гісторыка Генадзя Каханоўскага (1936 – 1994), які «сваёй нястомнай дзейнасцю і энергіяй у другой палове ХХ ст. абуджаў да краязнаўчай працы дзясяткі асоб, быў чалавекам, які прыклаў шмат намаганняў для стварэння Беларускага краязнаўчага таварыства ў канцы 1980-х гг.». Праўда, зазначае аўтар, «з яго адыходам фактычна перастала дзейнічаць Беларускае краязнаўчае таварыства, сціх і арганізаваны краязнаўчы рух». Але колькі ж было краязнаўцаў-аматараў у згаданы аўтарам час? Па ягоных падліках у Беларусі на канец 1980-х гг. працавалі ад 1,5 да 2 тысячаў краязнаўцаў (у асноўным «піянераў» і «пенсіянераў»), але найбольш актыўных было каля 200. Назаву толькі некаторых герояў кнігі, з кім мне пашчасціла неаднойчы кантактаваць па сумеснай краязнаўчай працы, – Адам Мальдзіс, Аркадзь Падліпскі, Уладзімір Ліўшыц, Рыгор Шарай. Дай ім Бог здароўя і творчага даўгалецця!

Ці стала краязнаўцаў потым больш? Так, адказвае даследчык, «іх колькасць імкліва пачала павялічвацца з правядзеннем палітыкі “галоснасці”, паслабленнем цэнзуры, палітызацыяй грамадства і іншых акалічнасцей».

Колькі іх шчыруе на ніве краязнаўства цяпер, відаць, М. Півавар адкажа ў новай кнізе. Па ягоных словах, у ёй будзе разгледжаны і феномен аршанскага краязнаўства, самая высокая «хваля» якога назіралася ў другой палове 1980-х – першай палове 1990-х гг. Не ведаю, колькі дакладна краязнаўцаў у іншых рэгіёнах краіны, але на Аршаншчыне за апошнія 20 гадоў іх колькасць, здаецца, не павялічылася. Маючы 54 гады, аўтар гэтых радкоў лічыць сябе ці не самым «маладым» з аршанскіх краязнаўцаў. З уласных шматгадовых назіранняў заўважу, што краязнаўцы неяк цяжка паддаюцца фармальнай арганізацыі. Кожны з іх, як тая котка, якая гуляе сама па сабе. Але гэта толькі ў даследчай працы, а калі трэба выступіць адзіным фронтам для захавання гісторыка-культурнай спадчыны, краязнаўцы хутка арганізуюцца. Гэтаму ёсць ужо не адзін прыклад. Нездарма, згадваючы гэта, газета «Звязда» яшчэ ў 2008 г. пісала пра тое, што ў Оршы некалі паставяць помнік краязнаўцу. Праўда, аршанцаў «апярэдзілі» ў Глыбокім, паставіўшы ў 2015 г. свой помнік зборнаму вобразу мясцовага даследчыка краю.

Шмат ужо зроблена ў айчынным краязнаўстве, але зрабіць трэба яшчэ болей як краязнаўцам-аматарам (здаецца, У. Фолкнеру належаць словы, што «хай ваша родная мясціна памерам з паштовую марку, вывучаць яе можна ўсё жыццё»), так і дзяржаўным навуковым установам. Даўно трэба выдаць «Беларускую краязнаўчую энцыклапедыю» і даведнік «Краязнаўцы Беларусі». Няма сумневу, што пры энтузіязме і апантанасці М. Півавара гэтыя выданні хутка пабачаць свет. А галоўнае – неабходна шырока працягваць выкарыстанне краязнаўства ў выхаванні патрыятызму і нацыянальнай свядомасці, ды не толькі маладога пакалення.

 Віктар ЛЮТЫНСКІ, выкладчык Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа, краязнаўца

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам