Гісторыя Агратурызм Новы праект БФК І "Краязнаўчай газеты"

Новы праект БФК І “Краязнаўчай газеты”

-

- Рэклама -

Захаваем і ўшануем сваю малую радзіму

 Кожны раз, прыязджаючы ў сваю пастаўскую вёсачку, якая ўжо вымірае, з сумам успамінаю, што яшчэ 50 гадоў таму яна была жывой і шумнай, што каля нашай хаты, дзе былі ўстаноўлены вялікія арэлі, па вечарах збіралася нямала моладзі. Была, хоць і невялічкая, пачатковая школа, мы актыўна разам з бацькамі ўдзельнічалі ў мясцовых абрадах, калядаваннях ды іншым… На жаль, сёння гэта ўжо незваротнае мінулае, а ад вёскі можа застацца парослае хмызняком месца з некалькімі закінутымі хатам, як гэта і сталася з не адной сотняй іншых…

Па многіх гарадах Беларусі і іншых краінах свету раз’ехаліся яе былыя жыхары. Многія проста забыліся пра сваю вёсачку, якая некалі была для іх цэлым сусветам… Але ж гэта несправядліва і няправільна, бо для кожнага чалавека павінны быць свой бераг, сваё святое месца, да якога неабходна час ад часу прыплываць і прыязджаць, падтрымліваць памяць і жывіць сябе той вадою і паветрам з глыбінь жыватворных крыніц…

Успамінаецца свята адной вёскі на Беласточчыне, на якім давялося пабываць у час працы ў Польшчы. Ініцыятывай і намаганнямі аднаго з былых жыхароў была падрыхтавана вялікая фотавыстава аб усіх яе жыхарах з выкарыстаннем здымкаў з сямейных архіваў і размешчана яна была на брамках або на сценах хат. Самым памятным эпізодам гэтага свята стаў абыход двароў усімі прысутнымі і ўспаміны аб былых гаспадарах і насельніках кожнага дома…

Чытаць далей…

Для нашай краіны праблема вёсак і мястэчак, што знікаюць назаўсёды, з’яўляецца вельмі вострай. Вось толькі некаторыя факты для яе пацвярджэння. Па дадзеных Сусветнага банка (інфамацыйна-аналітычны зборнік Сусветнага банка «Індыкатары сусветнага развіцця» за 2008 год) Рэспубліка Беларусь не толькі ўваходзіць у групу краін, дзе колькасць сельскага насельніцтва зніжаецца, але і мае сярод іх адзін з самых высокіх паказчыкаў сярэдняга штогадовага зніжэння долі сельскага насельніцтва – 1,6 % у год (у свеце – 0,6 %). Газета «Звязда» нядаўна паведамляла, што, напрыклад, з 2009 па 2013 год на тэрыторыі Магілёўшчыны па прычыне скарачэння сельскіх населеных пунктаў было скасавана 40 сельскіх саветаў, а іх функцыі перададзены іншым адміністрацыйна-тэрытарыяльным адзінкам.

Але гэтая праблема з’яўляецца і балючай, бо разам з вёскамі знікае гісторыя, мясцовыя традыцыі, назапашаны стагоддзямі мясцовы ўклад жыцця беларусаў… На жаль, ніякія аграгарадкі або ўзбуйненыя новыя вёскі ўжо не заменяць іх.

Не запісаная і не занатаваная для гісторыі інфармацыя аб вёсках, што знікаюць, абядняе гісторыю краіны, пазбаўляе людзей духоўнага і душэўнага грунту. Як тут не ўспомніць выказванне аднаго мудрага чалавека: «Ведаю, бо люблю. І люблю, бо ведаю». Нельга не любіць сваю малую радзіму, але гэта любоў можа грунтавацца толькі на глыбокім веданні яе і на трывалай памяці аб ёй. А значыць, трэба паспець зрабіць гэтую вельмі важную справу сёння, бо заўтра прыйдзецца зноў праводзіць экспедыцыі і адшукваць згубленае…

Таму заўсёды радуешся, калі чытаеш артыкулы у «Краязнаўчай газеце» аб цікавай працы мясцовых краязнаўцаў, якія праводзяць экспедыцыі, карпатліва збіраюць матэрыялы аб гісторыі свайго краю, былых яго жыхарах, ствараюць на месцах невялічкія музейныя экспазіцыі.

Нізка пакланіцца і шчыра падзякаваць неабходна такім людзям, як, напрыклад, Ігар Пракаповіч з Паставаў, які падрыхтаваў і выдаў ужо некалькі кніжак-нарысаў па гісторыі Пастаўскага краю. Гісторыя назваў усіх населеных пунктаў Пастаўскага раёна была апублікавана і ў «Краязнаўчай газеце». Выдатны прыклад для пераймання.

Колькі дзён таму зусім выпадкова трапіла ў рукі грунтоўная кніга С. Барыса і А. Рогача «Нарачанка і яе берагі» – «помнік любімай рацэ», як вельмі ўдала назваў яе ва ўступным слове Міхась Чарняўскі. Напісалі яе два аўтары, выхадцы з Нарачанскага краю інжынер-электрык Анатоль Рогач і настаўнік, этнограф і журналіст Сымон Барыс. Сапраўдная кніга-эпапея стала своеасаблівым помнікам Нарачанцы і Нарачанскаму краю. Дарэчы, як піша М. Чарняўскі, вілейскія краязнаўцы на чале з А. Рогачам за 20 гадоў паставілі каля 20 помнікаў і памятных знакаў вядомым асобам Вілейскага раёна і знакавым падзеям, якія тут адбыліся. З захапленнем перачытваючы яе (для мяне амаль усе апісаныя мясціны добра знаёмыя), падумаў, што лепшага падручніка па гісторыі роднага краю і не прыдумаеш.

І яшчэ адзін вельмі павучальны прыклад з Вілейшчыны: у 2009 годзе па ініцыятыве таксама краязнаўцаў і пры падтрымцы райвыканкама быў створаны Мемарыял памяці былых вёсак, якія зніклі за апошнія 70 гадоў (аўтары А. Рогач, А. Капцюг, Я. Ігнатовіч), дзе абазначаны на камянях 253 зніклыя паселішчы на Вілейшчыне.

У свой час «Краязнаўчая газета» ўжо звярталася з прапановай аб правядзенні на месцах з удзелам прадстаўнікоў мясцовых улад, краязнаўцаў і музейных работнікаў абследавання закінутых вясковых хатаў… Колькі цікавых дакументальных матэрыялаў і прадметаў у іх можна было б знайсці, якія маглі б стацца неацэннымі музейнымі экспанатамі. Можа, тады і сталі б па-сапраўднаму цікавымі і адметнымі, не падобнымі адзін да аднаго і мясцовыя краязнаўчыя музеі.

А летапіс мясцовых школ? Які багаты матэрыял можна сабраць і захаваць для гісторыі аб былых настаўніках і навучэнцах, якія пакінулі свой след на зямлі. Для сённяшніх вучняў гэта была б вельмі павучальная праца.

Разумеючы і ацэньваючы гэтую праблему, Беларускі фонд культуры разам з «Краязнаўчай газетай» распачынае вялікі грамадскі праект пад назвай «Ушануем і захаваем сваю малую радзіму».

Змест яго можа быць самым разнастайным і адметным, у кожным рэгіёне альбо канкрэтным населеным пункце ён будзе не падобным на іншыя і можа ўключаць:

складанне і выданне ілюстраваных картаў усіх населеных пунктаў (зніклых і існых) з кароткімі даведкамі і датамі іх заснавання;

устаноўку памятных дошак і памятных знакаў, каплічак, прысвечаных гістарычным падзеям і вядомым людзям – выхадцам з гэтых мясцін, зніклым вёскам;

– добраўпарадкаванне і прадметнае абазначэнне аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, стварэнне мясцовых дабрачынных фондаў і збор сродкаў для гэтай справы;

правядзенне экспедыцый і збор матэрыялаў для напісання гісторый, запісы ўспамінаў старэйшых іх жыхароў;

– фарміраванне і стварэнне на базе мясцовых адметных традыцый творчых калектываў, турыстычных маршрутаў і тутэйшых турыстычных брэндаў;

стварэнне этнаграфічных і музейных куткоў і экспазіцый у мясцовых бібліятэках і школах, захаванне (аднаўленне) найбольш цікавых збудаванняў як будучых аб’ектаў турыстычных маршрутаў;

стварэнне грамадскіх аб’яднанняў у форме зямляцтваў.

На апошнім хачу засяродзіць асаблівую ўвагу, бо кожная вёска або горад мае сваіх цікавых, а часта і знакамітых землякоў, якія па розных прычынах даўно пакінулі родныя мясціны. Але ж іх патэнцыял вельмі важны, бо можа працаваць на карысць іх краю. Ёсць добрыя прыклады, і аб іх таксама пісала «Краязнаўчая газета», калі намаганнямі землякоў была аказана значная дапамога па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы культурных і адукацыйных аб’ектаў, перададзены бібліятэчкі кніг і іншае.

Аб’яднанне выхадцаў у зямляцтвы дазволіць кансалідаваць такія намаганні, дасць магчымасць кожнаму аддзячыць сваёй малой радзіме, паспрыяць захаванню для гісторыі, а можа, і развіццю, фарміраванню іміджу і турыстычнай прывабнасці канкрэтнага населенага пункта.

Практыка стварэння зямляцтваў атрымала вельмі шырокае распаўсюджванне ў Польшчы і некаторых іншых краінах Еўропы, у Расійскай Федэрацыі. На сённяшні дзень эфектыўна дзейнічаюць у Маскве зямляцтвы абласцей і рэгіёнаў Расіі – Астраханскае, Данбаскае, Мікалаеўскае, Карэльскае, Омскае, Стаўрапольскае, зямляцтвы студэнтаў, зямляцтвы выхадцаў з іншых краін – Украіны, Латвіі, Літвы і г.д. Каардынуе іх дзейнасць Савет Асацыяцыі зямляцтваў. Варта адзначыць, што ў розных рэгіёнах Расіі дзейнічае таксама звыш 80 беларускіх зямляцтваў. Зямляцтвы ў Расіі разглядаюцца як адзін з важных інстытутаў грамадзянскага грамадства. Дзяржава аказвае ім дапамогу.

У Польшчы практычна ў кожным павеце (раёне) ўжо многія дзесяцігоддзі існуюць «Stowarzyszenia milosnikow», якія аб’ядноўваць блізкіх, захопленых людзей і ініцыіруюць разнастайную дзейнасць па прэзентацыі і папулярызацыі рэгіёнаў і канкрэтных мясцін.

На жаль, такая практыка не атрымала пакуль належнага распаўсюджвання на Беларусі. Хаця ўжо ёсць адзін прыклад, калі па ініцыятыве вядомага беларускага паэта – выхадца з Полацка Навума Гальпяровіча прыняты захады па стварэнні Полацкага зямляцтва. Спадзяюся, што ў бліжэйшы час будзе створана і Пастаўскае зямляцтва.

Мяркую, найбольш прымальнай формай для іх арганізацыі стануць мясцовыя грамадскія аб’яднанні, у якія будуць уключацца разам з выхадцамі з канкрэтных раёнаў таксама і людзі, што доўгі час працавалі там, а таксама прадстаўнікі мясцовых органаў улады, дзяржаўных і іншых грамадскіх арганізацый. Асноўнымі мэтамі і задачамі зямляцтваў могуць быць усямернае выкарыстанне прафесійнага вопыту землякоў на карысць паспяховага сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, адраджэння і захавання гісторыка-культурнай спадчыны, фарміраванне пазітыўнага іміджу і турыстычнай прывабнасці, пачуцця патрыятызму і гонару за сваю малую радзіму, аказанне падтрымкі і дапамогі землякам і членам іх сямей.

Спецыялісты і актывісты Беларускага фонду культуры гатовы аказаць неабходную дапамогу, сфарміраваць (пры неабходнасці) навукова-творчыя групы з ліку вядомых навукоўцаў і спецыялістаў для распрацоўкі планаў і праграм, правесці адпаведныя семінары, а Краязнаўчая газета будзе шырока асвятляць вопыт іх дзейнасці. Сумеснымі намаганнямі мы зможам ажыццявіць гэты вельмі важны грамадзянскі праект.

 Тадэуш СТРУЖЭЦКІ, сябра Выканкама ГА «Беларускі фонд культуры»

 Ініцыятыўная прапанова Тадэуша Іванавіча аб стварэнні ў раёнах нашай краіны іх зямляцтваў была агучаная пад час прэс-прэзентацыі 500-га нумара «Краязнаўчай газеты» 28 студзеня і паступова знаходзіць падтрымку на старонках афіцыйнай прэсы і ў чытачоў нашай газеты. Просім звярнуць увагу на серыю публікацыяў «КГ» аб знакамітых земляках Капыльшчыны (аўтар А. Бельскі), якія ў большасці яшчэ і невядомыя на радзіме. Такіх публікацыяў на нашых старонках будзе ўсё больш, і мы маем надзею, што «момант ісціны» прыйдзе да ўсіх, хто зацікаўлены ва ўзбагачэнні гістарычнага досведу аб сваім родным кутку.

Ініцыятыва Т. Стружэцкага будзе папаўняцца новымі напрацоўкамі: праектам палажэння аб зямляцтве, праектам мясцовага фонду ці іншай грамадскай супольнасці, скіраванай на падтрымку гэтай ідэі. Яны будуць апублікаваныя ў «КГ». 

Уладзімір ГІЛЕП

Наступны артыкулПрапанова БФК
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам