Гісторыя Агратурызм Падведзеныя вынікі конкурсу сярод бібліятэк

Падведзеныя вынікі конкурсу сярод бібліятэк

-

- Рэклама -

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Грамадскае аб’яднанне «Беларускі фонд культуры»

 Аб выніках ХХV рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры»

 15 мая 2017 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі былі падведзеныя вынікі юбі­лейнага ХХV рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» за 2016 г.

Конкурс праводзіцца штогод сярод публічных бібліятэк краіны ў два этапы (аб­ласны і рэспубліканскі).

У конкурсе прынялі ўдзел 36 публічных бібліятэк: 12 цэнтральных бібліятэк і 24 бібліятэкі-філіяла, у тым ліку 15 гарпасялковых і сельскіх. Члены журы адзна­чылі высокую якасць прадстаўленых працаў, разнастайнасць увасобленых ідэяў, твор­чы падыход удзельнікаў, выдатнае афармленне прадстаўленых матэрыя­лаў. Практычна кожная конкурсная праца змяшчала ўласныя распрацоўкі, рэк­лам­ную і інфармацыйную прадукцыю; суправаджалася электроннымі прэзен­тацыямі, відыяматэрыяламі аб рабоце бібліятэкі, распрацоўкамі гульнявых праграмаў, сцэнарыямі і г.д.

Па выніках конкурсу дыпломамі першай, другой і трэцяй ступеняў былі адзначаныя 24 публічныя бібліятэкі, 4 бібліятэкі прадстаўленыя журы да заахвочвання. Пераможцы атрымаюць узнагароды і прэміі.

Паведамім пра асноўныя дасягненні бібліятэк-пераможцаў, якія атрымалі дыпломы першай, другой і трэцяй ступеняў у кожнай з намінацыяў.Чытаць далей…

Найбольшая колькасць працаў была прадстаўленая ў намінацыю «За пошукавую і дас­ледчую працу» – 11.

Першае месца сярод гарадскіх і раённых бібліятэк прысуджана Зэльвінскай раённай бібліятэцы за збор, выяўленне і сістэматызацыю матэрыялаў аб Ганненскім кірмашы. Біблія­тэ­кай створаная хроніка правядзення свята, сабраныя і сістэматызаваныя дакумен­таль­ныя звесткі аб яго арганізатарах і фундатарах. На аснове здзейсненай наву­кова-пошукавай работы падрыхтаваныя: самаробная краязнаўчая кніга «История возникновения и традиции Анненской ярмарки», папяровая картатэка артыкулаў «Анненская ярмарка», бібліяграфічны паказальнік з працягам «Ганненскі кірмаш», даведнік «Ганненскі кірмаш: навукова-даследчая дзейнасць», краязнаўчы нарыс «Листая страницы эпох… История Анненской ярмарки», зборнік артыкулаў «Га­нненскі кірмаш. Мінулае, сучаснае, будучае», зборнікі вершаў «Да нас вярнуўся гонар наш – славуты Ганнескі кірмаш».

Лепшай сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк у гэтай намінацыі стала Каз­ловіцкая сельская бібліятэка Калінкавіцкага раёна. Матэры­ял, сабраны пад час скрупулёзнай даследча-пошукавай работы бібліятэкара, ад­люстроўвае ўсе гістарычныя этапы развіцця вёскі Казловічы. З мэтай прадстаў­лення побыту і культуры вяскоўцаў, вяртання памяці аб зямлі, якая з’яўляецца іх вытокам і калыскай, у 2016 г. у бібліятэцы была створаная «Этнахатка сялянскага побыту», аформленая ў выглядзе старадаўняй хаты з прадметамі побыту, пры­ла­дамі працы той далёкай пары. Гэта дапамагае ўзнавіць аблічча мінулых эпох, а дакументы, фатаграфіі, успаміны землякоў раскрываюць гісторыю развіц­ця вёскі. Этнахатка налічвае звыш 300 экспанатаў і выклікае вялікую цікавасць у чытачоў.

На другое месца ў гэтай намінацыі вылучана гарадская бібліятэка № 4 імя Б.М. Мікуліча г. Баб­руйска за працу, прысвечаную вывучэнню жыцця, дзейнасці і творчай спадчыны беларускага пісьменніка Б.М. Мікуліча, імя якога з гонарам носіць біб­ліятэка. У ходзе даследчай і пошукавай работы бібліятэкараў у архівах і музеях Беларусі, цеснага супрацоўніцтва з роднымі і знаёмымі было сабрана шмат копіяў дакументаў, лістоў, рукапісаў, фотаздымкаў. У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва супрацоўнікі бібліятэкі пазнаёміліся з асабістым фондам беларускага пісьменніка, які складаецца з рукапісаў некаторых твораў, рэцэнзіяў на прачытаныя кнігі, сшыткаў з яго перакладамі і вершаміі, сцэнарыямі да святочных канцэртаў, перапіскі з сёстрамі, сябрамі, пісьменнікамі.

Сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк на другое месца вылучана Сас­ноў­ская сельская бібліятэка Віцебскага раёна. У рамках края­знаўчага праекта «Гісторыя сяла – гісторыя народа (2015 – 2016 гг.)» бібліятэкар ра­зам з сябрамі клуба «Пошук» вяла работу па вывучэнні сучаснага становішча вё­сак свайго рэгіёна: збірала этнаграфічныя, тапанімічныя матэрыялы, вывучала традыцыі мясцовасці. Вынікам рэалізацыі праекта стаў краязнаўчы даведнік па родным краі «Любы сэрцу сасновы край. Летапіс родных вёсак», у якім адлюстра­ваная інфармацыя аб вёсках Віцебскага раёна ад часу іх заснавання і да нашых дзён.

Трэцяе месца ў намінацыі «За пошукавую і дас­ледчую працу» заняла Цэнтральная раённая бібліятэка г. Жабінкі. Бібліятэкарамі ажыццяўляецца даследаванне і збор матэрыялаў аб удзеле ваеннаслужачых Жабінкаўскага раёна ў баявых дзеяннях у Афганістане, успамінаў воінаў-інтэрнацыялістаў аб афганскіх падзеях. У выніку пошукава-даследчай работы супрацоўнікамі бібліятэкі створаны электронны рэсурс – база дадзеных «Афганистан: наша память и боль», якая карыстаецца значным попытам у чытачоў бібліятэкі. Пры падрыхтоўцы базы дадзеных былі выкарыстаныя паўнатэкставыя матэрыялы, фотадакументы, а таксама пісьмы, перададзеныя воінамі-афганцамі або іх родзічамі з розных архіваў, рэсурсы інтэрнэт.

Сярод бібліятэк, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці, трэцяе месца атры­мала Махроўская сельская бібліятэка Іва­наўскага раёна. Адраджэнне самабытнай беларускай культуры, захаванне фальклор­най спадчыны, папулярызацыя матэрыялаў аб жыцці знакамітых землякоў, выву­чэн­не гісторыі свайго краю, стварэнне шэрагу значных гісторыка-краязнаўчых і літа­ратуразнаўчых матэрыялаў аб родным краі – асноўныя напрамкі краязнаўчай дзейнасці гэтай бібліятэкі. Вынікам такой работы стала напісанне бібліятэкарам летапісу в. Махро. На яго старонках прадстаўленыя запісы сустрэчаў з вясковымі старажыламі, іх успаміны, фотадакументы, копіі матэрыялаў з сямейных архіваў, школьнага краязнаўчага музея. Матэрыялы, прадстаўленыя ў летапісе, кожны год дапаўняюцца і ўдакладняюцца, а потым выкарыстоўваюцца пад час падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемстваў.

konk-biblijatek_01У намінацыю «За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем» бібліятэкамі было даслана 9 працаў.

Лепшай сярод гарадскіх і раённых бібліятэк прызнана Цэнтральная гарад­ская дзіцячая бібліятэка г. Баранавічы» за папулярызацыю бе­ларускай кнігі ў дзіцячым асяроддзі сродкам інавацыйных формаў масавай рабо­ты. Бібліятэкай рэалізаваны крэатыў-праект «Вясёлка юбілейных падзеяў», асноў­най задумкай якога з’яўляецца адзначэнне юбілеяў пісьменнікаў ці кніг у бібліятэ­цы цікавымі, нестандартнымі мерапрыемствамі, у аснове якіх – камп’ютарныя тэхналогіі. У выніку ажыццяўлення крэатыў-праекта ў бібліятэкараў атрымалася зацікавіць юных чытачоў, выклікаць у іх яркія ўражанні, сфармаваць станоўчую матывацыю да чытання беларускай кнігі, павагу і любоў да роднай мовы.

Першая прэмія сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк прызначана Чэр­неў­скай сельскай бібліятэцы Дрыбінскага раёна за плённую працу ў напрамку нацыя­нальнага адраджэння, выхавання любові і павагі да роднага краю, цікавасці да вывучэння гісторыі сваёй вёскі сярод падрастаючага пакалення. З 2014 г. біблія­тэкай паспяхова рэалізуецца мэтавы праект «Беларускія канікулы ў сельскай біб­ліятэцы». Праект прадстаўляе комплекс напрамкаў і мерапрыемстваў па аргані­зацыі занятасці, адпачынку дзяцей і падлеткаў у цеснай сувязі з народнымі тра­ды­цыямі гэтай мясцовасці. Больш за 100 арыгіянальных экспа­натаў вясковага побыту сабрана ў этнаграфічным пакоі бібліятэкі «Ад родных выто­каў», распрацаваны і ўкараняецца ў жыццё краязнаўчы маршрут «Сцяжынкамі роднага краю».

Другое месца ў намінацыі заняла Горацкая раённая дзіцячая бібліятэка. Умела выкарыстоўваючы розныя формы, метады, прыёмы і сродкі работы, дзіцячая бібліятэка імкнецца ахапіць усе напрамкі бібліятэчнай асветы, стварыць спрыяльныя ўмовы для захавання і адраджэння нацыянальных культурных здабыткаў, гістарычнай спадчыны, выхавання ў падрастаючага пакалення павагі і гонару за Радзіму, стварыць умовы для прасоўвання кнігі і чытання, павышэння прававой культуры чытачоў, патрэбнасці весці здаровы лад жыцця, фармавання маральнай асобы. Гэта патрабуе пастаянных намаганняў і сістэмнай працы з боку бібліятэкараў, што яны і адлюстравалі ў «Азбуцы бібліятэкі». Арыгінальна аформленая праца падрабязна адлюстроўвае дзейнасць бібліятэкі па ўсіх яе напрамках на кожную літару алфавіта.

Другой прэміяй сярод бібліятэк, размешчаных у сельскай мясцовасці, журы адзначыла Камянюцкую сельскую бібліятэку-філіял № 20 Камянецкага раёна. Цікавую комплексную работу праводзіць бібліятэка па прывіцці дзецям і падлеткам беражлівага стаўлення да навакольнага асяроддзя, фармаванні экала­гічнай культуры. Сістэмны і паслядоўны характар экалагічнага выхавання юных карыстальнікаў забяспечвае мэтавая праграма «Жыві, Зямля» (2016 – 2020 гг.), якая стала працягам праграмы «Стань для прыроды сябрам» (2013 – 2015 гг.). Выклікаюць інтарэс змястоўныя пасяджэнні і арганізаваныя ў бібліятэцы цікавыя мерапрыемствы аматарскім аб’яднаннем «Юны эколаг».

На трэцяе месца ў гэтай намінацыі вылучаная бібліятэка-філіял № 2 г. Гомеля. Прапаганда беларус­кай нацыянальнай спадчыны з’яўляецца прыярытэтным напрамкам асветніцкай дзейнасці бібліятэкі, якую яна вядзе з дапамогай экспанатаў бібліятэчнага музея народнага побыту. Калекцыя музея пачала фарміравацца ў 1990-х гг., а пасля з’яўлення двух праектаў, «Часоў злучальная нітка» і «У родным сло­ве – цэлы свет», работа па прыцягненні дзяцей да вывучэння беларускай традыцыйнай культуры значна актывізавалася. У рамках гэтых праектаў супра­цоўнікі бібліятэкі праводзяць тэматычныя экскурсіі з элементамі тэатралізацыі і майстар-класамі, прысвечаныя беларускаму традыцыйнаму побыту, ежы, во­прат­цы, рукадзеллю, урокі, фальклорныя вечары і святы, гадзіны краязнаўства, выстаўкі як у бібліятэцы, так і па-за ёю.

Сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк трэцяе месца прысуджанае Дварышчанскай сельскай бібліятэцы Лідскага раёна. Своеасаблівым брэндам бібліятэкі з’яўляюцца ўнікальныя краязнаўчыя матэрыялы па гісторыі вёскі Дворышча, яе знакамітых земляках, сабраныя па каліўцах з розных крыніцаў, з успамінаў сваякоў і аднавяскоўцаў. Дзякуючы намаганням і старанням бібліятэкара, пры ўстанове створаны этнаграфічны пакой «Спадчына», дзе сабраная калекцыя, што налічвае больш за 100 экспанатаў беларускага побыту: макет печы, прылады селяніна, рэчы хатняга побыту, адзенне селяніна сярэдзіны XIX – пачатку XX ст., рэчы-сведкі Вялікай Айчыннай вайны, вырабы народнага тэкстылю (абрусы, посцілкі, ручнікі з самаробнага палатна).

konk-biblijatek_02 konk-biblijatek_03 konk-biblijatek_04 konk-biblijatek_05 konk-biblijatek_06 konk-biblijatek_07У намінацыю «За падтрымку і развіццё чытання» бібліятэкі прадставілі на разгляд журы 9 працаў.

Лепшай сярод гарадскіх і раённых бібліятэк стала Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка імя Г. Новік. Бібліятэкары займаюцца вывучэннем гісторыі краю і зберажэннем куль­турных традыцыяў, праводзяць вялікую работу па ўшанаванні памяці выдатнай па­эткі Ганны Новік, прапагандуюць творчасць мясцовых паэтаў. У бібліятэцы распрацаваны і з поспехам рэалізуецца праект «Чытаем кнігі мясцовых аўтараў» (2014 – 2017 гг.). У рамках праекта бібліятэкары актыўна прапагандуюць твор­часць мясцовых аўтараў, выкарыстоўваючы інавацыйныя формы і метады: раз­мяш­чаюць вершы паэтаў на сайце бібліятэкі, ствараюць электронныя прэзен­та­цыі, буктрэйлеры; выдаюць і прэзентуюць зборнікі мясцовых паэтаў. Важным да­сягненнем бібліятэкі з’яўляецца стварэнне калекцыі кніг мясцовых аўтараў з аўтографамі.

Першую прэмію сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк атрымала Салта­ноў­ская сельская бібліятэка Рэчыцкага раёна, якая з’яўляецца для вяскоўцаў не толькі інфармацыйна-культурным цэнтрам, але і месцам, дзе можна знайсці пад­трымку творчых задумак. У сваёй рабоце бібліятэка карыстаецца інавацыйным падыходам, у аснове якога – інтэрактыўныя формы правядзення масавых мера­прыемстваў: прэзентацыі кніг, хіт-парады, флэш-мобы, віртуальныя турнэ, мас­тацкія экскурсы і шэраг іншых. Асаблівая ўвага бібліятэкара надаецца мастац­ка­му афармленню памяшкання – бібліятэка выглядае як святочная пляцоўка: усю­ды яркія фарбы, кветкі, драпіроўкі з тканіны, казачныя персанажы. Рэаліза­ваць крэатыўныя ініцыятывы дае магчымасць аматарскае аб’яднанне «Авангард».

Другое месца ў намінацыі «За падтрымку і развіццё чытання» прысуджанае дзіцячай бібліятэцы № 10 г. Мінска. Вялікую ўвагу бібліятэка надае папулярызацыі кнігі і асабліва чытання дзяцей і падлеткаў. Яна з поспехам рэалізуе шэраг праектаў, напрыклад: «Школа сямейнага выхавання», «Расцём з цікавай кнігай», «KINOмания», «“Играй & К°” – гульнявая пляцоўка». На развіццё ў падрастаючага пакалення патрэбнасці ў пастаянным удумлівым чытанні накіраваная комплексная мэтавая праграма «Чытанне дзяцей – каштоўнасць сучаснай культуры».

Сярод гарпасялковых і сельских бібліятэк на другое месца журы вылучыла Пагародзенскую сельскую бібліятэку Воранаўскага раёна за актывізацыю ціка­васці дзяцей да беларускай літаратуры, нацыянальнай культуры, мовы. Біблія­тэ­ка актыўна працуе па мэтавай праграме «Я люблю свой родны край» (2016 – 2020 гг.), галоўнай мэтай якой з’яўляецца адраджэнне і захаванне гісторыка-культур­най спадчыны роднага краю. Распрацаваная і паспяхова рэалізуецца праграма летняга чытання «100 ідэяў для лета». Шмат мерапрыемстваў праходзіць падчас Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі. Супрацоўнікі бібліятэкі цікава праводзяць летнія чытанні пад адкрытым небам, у гарадскім скверы, на пляцоўцы каля бібліятэкі.

Трэцяй прэміяй у намінацыі «За падтрымку і развіццё чытання» адзначаная Цэнтральная раённая бібліятэка імя Я. Янішчыц Пінскага раёна, дзе праводзіцца вялікая работа па далучэнні карыстальнікаў да чытання твораў беларускіх і мясцовых пісьменнікаў. Адным з накірункаў літаратурнага краязнаўства з’яўляецца папулярызацыя творчасці Я. Янішчыц, імя якой носіць бібліятэка, а таксама Якуба Коласа, які жыў і працаваў на Піншчыне. Традыцыйна ў лістападзе ў бібліятэцы праходзяць «Каласавіны» і тыдзень папулярызацыі творчасці Я. Янішчыц «Янішчыцкі лістапад». Гонар бібліятэкі – клуб літаратараў Піншчыны «Пінчукі», які стаў месцам сустрэчаў мясцовых пісьменнікаў.

Трэцяе месца сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк заняла Махаўская сельская бібліятэка Магілёўскага раёна. Бібліятэка рэалізуе доўгатэрміновы праект «Молодое поколение выбирает чтение», накіраваны на фармаванне ў дзяцей і моладзі станоўчага стаўлення да чытання, папулярызацыю літаратуры, развіццё сямейнага чытання.

Менш за ўсё працаў было прадстаўлена ў намінацыю «За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы» – 7.

Лепшай сярод гарадскіх і раённых бібліятэк прызнаная Цэнтральная гарад­ская бібліятэка імя К. Маркса г. Магілёва. Сярод навацыяў бібліятэкі – дзе­ю­чы каворкінг-цэнтр, шырокая праграмна-праектная дзейнасць: міжнародны інтэрнэнт-праект «Мая любімая кніга», сацыяльна-інавацыйны праект «Мабіль­ная бібліятэка», пілотны віртуальны праект «Беларусь гасцінная», сумесны твор­чы праект з Магілёўскім абласным мастацкім музеем імя П.В. Масленікава «Музей і бібліятэка – за­ха­вальнікі духоўнай спадчыны», крэатыў-праект «Арт-вакно як аб’ект культурнай прасторы бібліятэкі», інавацыйны праект «Класіка ў новым фармаце», літара­тур­ны праект-марафон «Чытаем байкі Кандрата Крапівы разам», праект «Моладзь у руху, або Жыві ў рытме свайго горада», пілотны праект «75 секунд пра подзвіг», праграма «Бібліятэка – інфармацыйны цэнтр міжнацыянальных культураў».

Першае месца ў гэтай намінацыі атрымала Агарэвіцкая сельская бібліятэка Ганцавіцкага раёна. Дзейнасць бібліятэкі вызначае мэтанакіраваная работа па зборы, захаванні і папулярызацыі матэрыялаў аб гістарычным мінулым і сучаснасці вёскі, культурнай спадчыны краю, аб жыцці і працоўных здабытках ураджэнцаў агарэвіцкай зямлі. Бібліятэчны праект «Гісторыя в. Агарэвічы з бібліятэчнай паліцы ў сучасны фармат» раскрывае старонкі гістарычнага мінулага і сучаснасці, культурную спадчыну вёскі Агарэвічы. Мультымедыйная энцыклапедыя – вынік краязнаўчага пошуку, знаходак, сустрэчаў бібліятэкараў на працягу дзясяткаў гадоў, якія пастараліся раскрыць як мага паўней гісторыю вёскі і яе людзей.

На другую прэмію ў вылучаная Цэнтральная раённая бібліятэка Коб­рынскага раёна. З мэтай захавання гістарычнай памяці, павышэння цікавасці да гісторыка-куль­турных каштоўнасцяў Кобрынскага рэгіёна, рэкламна-інфармацыйнага за­беспячэння турыстычнага патэнцыялу горада і раёна супрацоўнікі бібліятэкі рас­пра­цавалі і рэалізоўваюць краязнаўчы турыстычна-бібліяграфічны праект «Пом­нікі, памятныя мясціны Кобрынскага раёна». Вынікам праекта стаў інфарма­цый­на-турыстычны банк – кампакт-дыск «Краязнаўчы турыстычна-бібліяграфічны праект “Помнікі, памятныя мясціны Кобрынскага раёна”», які дае магчымасць аператыўнага доступу да тэкставых, фактаграфічных, бібліяграфічных, ілюстрацыйных матэрыялаў, відэаматэрыялаў аб Кобрынским раёне.

Сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк другое месца ў гэтай намінацыі атрымала Ржаўская сельская бібліятэка Слаўгарадскага раёна. Сістэмны характар работы бібліятэкі ў краязнаўчым кірунку забяс­печ­вае мэтавая праграма «Горжусь тобой, земля моя!», асноўнымі задачамі якой з’яўляюцца: усебаковае вывучэнне краю, пошук невядомых звестак аб малой Ра­дзі­ме, папулярызацыя творчасці беларускіх пісьменнікаў і пісьменнікаў-землякоў, захоўванне памяці аб заснавальніку бібліятэкі Я.І. Драйчуку, аб гісторыі біблія­тэкі. Назапашаныя краязнаўчыя звесткі былі пакладзеныя ў створаную бібліятэкай базу дадзеных «Знакомьтесь: Ржавская библиотека-филиал», мэта якой – захаван­не памяці аб людзях, якія пакінулі добры след у гісторыі бібліятэкі, знаёмства маладога пакалення з жыццём і дзейнасцю вядомых людзей.

Навацыямі ў галіне бібліятэчнай справы вызначылася Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І.Х. Каладзеева, якая заняла ў конкурсе трэцяе месца. Створаны пры бібліятэцы аддзел галерыйна-выставачнай дзейнасці выступае цэнтрам эстэтычнай асветы і выхавання жыхароў Барысаўскага раёна. Галерыйна-выставачны комплекс з’яўляецца месцам правядзення цікавых і масштабных праектаў нацыянальнага і міжнароднага ўзроўняў: фестываляў, акцыяў, мастацкіх выставак. Напрыклад, за 2015 – 2016 гг. аддзел арганізаваў і прадставіў барысаўчанам і гасцям горада каля 60-і мастацкіх мерапрыемстваў, якія наведалі звыш 18,5 тыс. чалавек. Адзелам галерыйна-выставачнай дзейнасці паспяхова рэалізуюцца мастацкія і сацыякультурныя праекты, арганізуецца шэраг разнапланавых тэматычных і персанальных выставак.

Сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк на трэцяе месца вылучаная Сапоцкінская гарпасялковая бібліятэка – цэнтр турызму і краязнаўства Гродзенскага раёна. У мэтах развіцця беларускага турызму, супрацоўнікі бібліятэкі актыўна займаюцца папулярызацыяй ведаў аб Аўгустоўскім канале праз гісторыка-культурныя турыстычныя маршруты. Распрацаваныя Сапоцкінскім сельскім Саветам турыстычныя маршруты прадугледжваюць наведванне Сапоцкінскай гарпасялковай бібліятэкі. Знаёмства чытачоў з матэрыяламі аб Аўгустоўскім канале праходзіць у бібліятэцы праз выставачную і сацыякультурную дзейнайсць. Спазнавальнай формай папулярызацыі ведаў з’яўляюцца чытанні «Аўгустоўкі канал: былое і сучаснасць», якія праходзяць у бібліятэцы штомесячна. Мерапрыемствы, прысвечаныя Аўгустоўскаму каналу, уключаныя ў праграму дзіцячага клуба «Пачытаем-пагуляем» і клуба вольнага часу «Натхненне».

Чатыры бібліятэкі-ўдзельніцы конкурсу былі вызначаны журы на заахвоч­валь­ныя прэміі: дзіцячая бібліятэка імя А.С. Пушкіна г. Наваполацка, Іўеўская дзіцячая бібліятэка, Завалочыцкая сельская біблія­тэ­ка Глускага раёна, Лёзненская цэнтральная раённая бібліятэка.

Вынікі конкурсу сведчаць аб невычэрпным патэнцыяле работы бібліятэк па фармаванні нацыянальнай свядомасці насельніцтва, распаўсюджванні ідэі бе­ла­рускасці, прапаганды нацыянальнай спадчыны, гісторыі, літаратуры, мовы, народнай культуры. І сёння можна з упэўненасцю сказаць, што конкурс «Біблія­тэка – асяродак нацыянальнай культуры» будзе працягвацца і пашырацца, спрыяць больш якаснай рабоце бібліятэк, стымуляваць іх да рэалізацыі новых задумак і планаў, пошуку інавацыйных і цікавых сваім чытачам формаў работы.

 Наталля КАРНЯЙЧУК, вядучы бібліятэкар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вольга КАКШЫНСКАЯ, галоўны бібліятэкар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Фота Юрыя ЧАРНЯКЕВІЧА і Наталлі АГАРОДНІКАВАЙ

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам