Гісторыя Агратурызм Памяці выдатнага фізіка

Памяці выдатнага фізіка

-

- Рэклама -

Фізік з-пад Беразіно Мікалай Барысевіч

 21 верасня каляндар чарговы раз нагадае нам дату нара­джэння слыннага сына Бярэзіншчыны Мікалая Барысевіча. У гэты дзень акадэміку з су­светным імем споўні­лася 95 гадоў з дня нараджэння. Нашая бярэзінская зямля падарыла свету чалавека з ліку тых, хто вызначае інтэлектуальнае аблічча беларускай нацыі, беларускай і су­светнай навукі.

М. Барысевіч – адзін з самых вядомых беларускіх фізікаў, першы беларус, які стаў акадэмікам Акадэміі навук СССР. Уз­нагародаў і званняў у Барысевіча столькі, што хапіла б на вялікі калектыў, на некалькі лёсаў: Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Дзяржаўных прэміяў СССР і БССР, чатыры разы ад­значаны ордэнам Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, Францыска Скарыны, польскім медалём Мікалая Каперніка, залатымі медалямі Чэха­славацкай і Славацкай акадэміяў «За заслугі перад чалавецтвам», «За асаблівыя заслугі перад навукай». Імя нашага земляка значыцца ў прэстыжных між­народных выданнях «Хто ёсць хто ў свеце», «Між­народны даведнік вядомых дзеячаў», «5 тысячаў бія­графіяў з усяго свету» (ЗША), «Хто ёсць хто» (Вяліка­брытанія). Яго ведаюць у брытанскім Кембрыджы, дзе Барысевіч быў на­меснікам генеральнага дырэктара Між­народнага бія­графічнага цэнтра.

Рэйтынг сусветнай вядомасці Барысевіча зашкальвае. А запалілася зорнае імя ў верасні 1923 г. у маленькай вёсачцы за 30 км ад мястэчка Беразіно. Роду цёплая ка­лыска – маленькі пасёлак з 7 хатаў Лучны Мост. У народзе паселішча называлі Барысы, таму што ўсе жыхары вёскі насілі адно прозвішча – Барысевіч. Вось такое фа­мільнае сваяцтва. Дзяцінства і юнацтва будучага акадэміка прайшлі не ў рафінаваным асярод­дзі, а ў сялянскай сям’і – са строгім жыццёвым укладам, са сваім разуменнем дабра і зла, гонару і годнасці. У шмат­дзетнай сям’і Барысевічаў Мікалай быў адзіным хлапчуком, таму да мужчынскай працы пры­вучаўся змалку. Бацькі Аляксандр Андрэевіч і Марыя Сямёнаўна былі простыя, пры­стойныя, чыстыя душой людзі, змаглі даць сыну многае.

Мікалая нястрымна цягнула да ведаў. Па­клаўшы ў зрэбную торбачку аловак і паперу, ён вы­правіўся ў школу. У суседняй вёсцы Сяліба скончыў 7 класаў. Каб сын вучыўся далей, бацька ад­вёз яго ў Беразіно. Тут, у рай­цэнтры, знахо­дзілася адзіная ў раёне школа, дзё ўжо вучылася яго сястра Вера. Па суботах брат і сястра вы­праўляліся дадому, у Лучны Мост, а ў ня­дзелю, узяўшы прадукты, пешшу вярталіся ў Беразіно. Праз год ад­крылася сярэдняя школа ў Сялібе, яе Барысевіч скончыў з ад­знакай (залатых медалёў тады не давалі). У школе хлопец захапіўся матэматыкай і фізікай, мог усю ноч пра­седзець за рашэннем задачаў у задымленым ад газавай лямпы пакоі.

З выбарам прафесіі праблемаў не было, душа ляжала да да­кладных навукаў, ужо даўно галоўнай мэтай для Мікалая быў універсітэт. Выпускны вечар ад­быўся 18 чэрвеня 1941 г., а 22 пачалася вайна, кардынальна пера­кроіўшы лёс юнака. Планы на вучобу давялося ад­класці і ўступіць у пад­польную камсамольскую групу. Потым быў 152-і партызанскі атрад у Клічаўскіх лясах, артылерыйскі полк з якім хлопец прайшоў усю Беларусь, Польшчу, дайшоў да Берліна.

Прыбыўшы з фронту, юнак адразу адправіўся ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У прыём­най камісіі энтузіязм ня­даўняга франтавіка пад­вергся сур’­ёзнаму вы­прабаванню. Яму на­стойліва да­во­дзілі: брацца за фізіку і вышэйшую матэматыку пасля некалькіх гадоў жыцця ў акопах – чыстая авантура. Але хлопец сказаў цвёрда, што не сыдзе, пакуль у яго не прымуць экзамены. Давялося стварыць камісію, і хоць экзаменавалі дзёрзкага абітурыента без паблажкі за франтавыя заслугі, ён ад­каз­ваў бліскуча. І быў залічаны ў студэнты! На заняткі пры­хо­дзіў у салдацкай форме, на гру­дзях – узнагароды. Так ха­дзіў не з жадання пафанабэрыцца – іншага адзення проста не было. Пасля першых лекцыяў хлопец зразумеў, што слухаць іх бес­сэнсоўна, калі не засвоіць упушчаны матэрыял сама­стойна. Мікалай браў у бібліятэцы цэлыя звязкі пад­ручнікаў, ся­дзеў начамі пры святле газнічкі, зробленай з гільзы. Барысевіч настойліва змагаўся за права за­стацца ва ўніверсітэце і стаў адным з лепшых студэнтаў. Формулы, забытыя за ваенным часам, зноў набывалі ясны і знаёмы сэнс.

Задаткі навукоўца ў Барысевіча з’явіліся яшчэ ў студэнцкія гады. Ён казаў, што заўсёды лічыў за шчасце займацца навукай. Хлопец моцнай вясковай закваскі і неверагоднай сілы волі, геній з вёскі, ён выбіўся ў людзі – у перадавую айчынную навуку. Барысевіч ведаў: інтэлектуальная пазалота, якую даў універсітэт, хутка зляціць, калі не вучыцца далей. І была аспірантура ў Дзяржаўным аптычным універсітэце імя Вавілава ў Ленін­гра­дзе, абарона дысертацыі і ступень кандыдата фізіка-матэматычных навук.

Наш зямляк дасягнуў поспеху ў навуцы, пра што сведчаць Ленінская прэмія, Дзяр­жаўныя прэміі СССР і БССР. Мікалаю Аляксандравічу не было яшчэ і 30 гадоў, калі ён зрабіў навуковае ад­крыццё, якое стала вялікім унёскам у навуку. На рахунку акадэміка больш за 300 навуковых працаў і манаграфіяў, 60 гадоў нястомнай працы ў Акадэміі навук. У няпоўныя 46 гадоў Барысевіч стаў прэзідэнтам АН БССР, яго выбіралі (не пры­значалі!) цягам амаль двух дзесяці­год­дзяў. Пад кіраўніцтвам Барысевіча беларуская Акадэмія навук стала адным з най­буйнейшых навуковых цэнтраў былога Савецкага саюза. Пры Барысевічы было створана каля дзясятка новых навукова-да­следчых інстытутаў.

Як толькі вучоны адчуў, што па стане здароўя працаваць больш не можа, тут жа напісаў заяву аб сыхо­дзе. Апошнія гады хваробы на­кат­валі ўсё больш, але Мікалай Аляксандравіч трымаўся ба­дзёра. Кожны дзень на старэнькай «Волзе» прыяз­джаў на працу ў Прэзідыум АН Беларусі ўжо не як ганаровы прэзідэнт, а вучоны. Яго любілі за дасціпнасць, абаянне, дабрыню. Злёгку прыжмурыўшы разумныя вочы, ён казаў: «На любы кабінет гля­дзі як на гасцініцу, з якой рана ці позна да­вя­дзецца з’яз­джаць. І тады ты падымешся спакойна і па­дзякуеш тым, з кім працаваў».

25 кастрычніка 2015 г. Мікалай Барысевіч пайшоў з жыцця. Як сцвярджае пры­каз­ка, «калі памірае мудры чалавек, знікае цэлая бібліятэка». Аднак памяць пра вялікага вучонага захоў­ваюць куткі акадэмічнай кафедры. Рабочы кабінет Барысевіча ў Нацыянальнай акадэміі навук пера­аб­сталяваны пад музей, дзе кожны прадмет – жывая памяць. З 2016 г. медаль імя Барысевіча ўручаецца перспектыўным маладым навукоўцам. У 2017 г., які быў Годам навукі, выйшлі ў свет 4 паштовыя маркі «Выдатныя вучоныя Беларусі», на адной з якіх – выява М. Барысевіча. Увекавечанае імя навукоўца і ў назве вуліцы ў Беразіно.

У гонар 95-годдзя М. Барысевіча на яго малой ра­дзіме прымеркаваная выязная акцыя «Геній з вёскі», а на базе агра­гарадка Сяліба – вечарына памяці ў рамках праекта «Святло знаёмай зоркі».

 Тамара КРУТАЛЕВІЧ, загадчыца аддзела маркетынгу Бярэзінскай ЦРБ

Да юбілею Мікалая Барысевіча 20 верасня прымеркавалі адкрыццё выстаўкі «Вучоны з душою скрыпкі» ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Значная частка экспанатаў (у тым ліку дзяржаўныя ўзнагароды юбіляра, карціна М. Савіцкага «Ранішняя цішыня», асабістыя рэчы навукоўцы) падараваныя музею Мікалаем Аляксанд­ра­вічам і яго жонкай Тамарай Сяргееўнай.

24 верасня з удзелам кіраўніцтва НАН Беларусі і былых калегаў па навуко­вай працы адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі (архітэктар Армэн Сардараў, скульптар Канстанцін Касцючэнка) на будынку Прэзідыума НАН Бела­ру­сі і мемарыяльнага музейнага пакоя ў яго працоўным кабінеце ў Інстытуце фізікі НАН Беларусі.

 Наталі КУПРЭВІЧ, тэкст і фота

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам