Гісторыя Агратурызм Памяці выдатнага краязнаўцы

Памяці выдатнага краязнаўцы

-

- Рэклама -

Феномен Куржалава

 Асаблівасцю краязнаўства Віцебскай вобласці можна лічыць яго «школьны» характар. Галоўным асяродкам краязнаўства тут доўгі час з’яўляўся сектар краязнаўства ў Віцебскім абласным пазашкольным аб’яднанні. Пад метадычным кіраўніцтвам Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі ў вобласці створаная сістэма школьных гурткоў і музеяў. Дзякуючы вопытным педагогам тысячы дзяцей Прыдзвінскага краю фармуюць у сабе грамадзянскія якасці, атрымліваюць прышчэпку гістарычнай свядомасці і нацыянальнай самасвядомасці. У межах розных кірункаў усебеларускай экспедыцыі «Наш край», што мае годны працяг у рэспубліканскай акцыі «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся», на Віцебшчыне (як і ў іншых мясцінах краіны, але на больш высокім узроўні) праводзіцца вельмі патрэбная праца па вывучэнні лакальнай гісторыі і культуры – пачынаючы ад сям’і, вуліцы, школы, вёскі да горада і вобласці.Чытаць далей…

З самага пачатку нацыянальнага адраджэння ў другой палове 1980-х гг. Віцебская вобласць амаль заўсёды займае першыя месцы на рэспубліканскіх спаборніцтвах, якія ладзіць Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь для ацэнкі стану краязнаўчай працы і падвядзення яе вынікаў у краіне.

Што з’явілася прычынай «школьнага» характару віцебскага краязнаўства? Тое, што па шэрагу аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынаў ні музей, ні ВНУ не сталі цэнтрамі краязнаўчых даследаванняў. Але ў галіне школьнай адукацыі такі цэнтр узнік. Галоўную ролю ў арганізацыі сістэмы школьнага краязнаўства адыгрываў загадчык сектара краязнаўства пры Віцебскім абласным аб’яднанні пазашкольнай работы Алег Куржалаў.

Kurzhalau_01Нарадзіўся Алег Васільевіч 18 кастрычніка 1953 г. у Віцебску. Скончыў СШ № 29, гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1975). Разам з ім вучыліся асобы, якія сталі пазней вядомымі даследчыкамі гісторыі Беларусі, – У. Арлоў, Э. Зайкоўскі, Г. Кулажанка і інш.

У 1978 г. Куржалаў пераехаў у Віцебск, дзе стаў працаваць адказным сакратаром Кастрычніцкага раённага савета Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГіК) і займаўся мемарыяльным краязнаўствам. Давялося рыхтаваць інфармацыйныя даведкі, гістарычныя запіскі, абгрунтаванні, неабходныя для ўзяцця пад ахову выяўленых аб’ектаў. Вычытваў і пісаў абгрунтаванні на дасланыя гранкі другога тома «Збору помнікаў гісторыі і культуры», прысвечанага Віцебскай вобласці. Па ініцыятыве А. Куржалава было ўсталявана некалькі мемарыяльных дошак, у тым ліку ў гонар паўстання 1863 г. на будынку ратушы (была знятая пад час рэстаўрацыі будынка і не адноўленая).

У першай палове 1980-х гг. працягвалася руйнаванне старой забудовы Віцебска. Былі знішчаныя будынкі па вул. Леніна, старая аптэка на пл. Свабоды. Як кіраўнік раённага аддзялення таварыства аховы помнікаў А. Куржалаў выказаўся супраць гэтага, пачаў пісаць дакладныя ў гарвыканкам, не паставіў подпіс пад рашэннем аб зносе аптэкі.

У 1984 г. пачаліся падрыхтоўчыя працы па разбурэнні Пакроўскай царквы, на месцы якой планавалася пабудаваць шматпавярховы дом. Сталі нават свідраваць сцены царквы з мэтай закладкі толавых шашак. А. Куржалаў зрабіў шэраг захадаў, каб не дапусціць гэтага. Даслаў запыт у «Белрэстаўрацыю» аб гістарычнай каштоўнасці гэтага помніка архітэктуры. Звярнуўся да аднаго з архітэктараў Віцебска, Я. Калбовіча, з прапановай распрацаваць праект стварэння ў будынках манастыра карціннай галерэі, залы арганнай музыкі. Падрыхтаваныя матэрыялы даслаў у Маскву, у Міністэрства культуры СССР. Не чакаючы адказу, стаў збіраць калектыўныя лісты супраць зносу будынка. Такія лісты былі сабраныя ад некаторых арганізацыяў, будаўнікоў, якія ў той час працавалі на рэстаўрацыі ратушы.

Нарэшце з Масквы ў Міністэрства культуры БССР, Рэспубліканскі савет БДТАПГіК і Дзяржбуд прыйшоў адказ, у якім станоўча ацэньвалася ініцыятыва стварэння культурнага комплексу ў будынках былога манастыра. Працы па разбурэнні былі прыпыненыя, а потым і згорнутыя ўвогуле. Новы кіраўнік вобласці В. Грыгор’еў пераглядзеў справу аб зносе будынкаў манастыра і праз пэўны час прыняў рашэнне аб перадачы будынка праваслаўнай царкве. Аднак А. Куржалава, дзейнасць якога супярэчыла жаданням абласнога кіраўніцтва, вырашылі ўзорна пакараць. Ён быў выкліканы на парткам і звольнены з працы з фармулёўкай «за неўзгадненне дзейнасці з кіраўніцтвам». Але яшчэ некалькі гадоў А. Куржалаў працягваў плённа займацца аховай помнікаў.

У другой палове 1980-х – пачатку 1990-х гг. А. Куржалаў актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці віцебскага гісторыка-культурнага таварыства «Узгор’е». Дзейнасць аб’яднання была шматпланавай: вывучэнне гісторыі Беларусі, дапамога ў правядзенні археалагічных раскопак, прапаганда і папулярызацыя беларускай мовы, прыцягненне ўвагі да вострых экалагічных пытанняў на Віцебшчыне. Сябры таварыства ладзілі вандроўкі па славутых мясцінах Беларусі, суботнікі па падрыхтоўцы помнікаў да рэстаўрацыі. У розных акцыях аб’яднання прымалі ўдзел ад дзясяткаў да сотні чалавек. Сярод тых, хто найбольш актыўна ўдзельнічаў у працы клуба, былі В. Арлоў, Л. Вакар, А. Мемус, М. Паўлаў, С. Цярэнцьеў, Л. Хмяльніцкая, Т. Цаль, І. Цішкін, Ю. Якімовіч. Адным з арганізатараў, актыўным удзельнікам быў А. Куржалаў.

Пасля звальнення ў 1985 г. з пасады кіраўніка раённага аддзялення БДТАПГіК А. Куржалаў працаваў загадчыкам аддзела экскурсіяў Віцебскай абласной станцыі юных турыстаў. З 1992 г. аддзел быў рэарганізаваны ў Віцебскае абласное аб’яднанне па арганізацыі пазашкольнай працы, у якім з восені 1995 па лета 2011 г. ён займаў пасаду загадчыка аддзела краязнаўства і беларусазнаўства. Менавіта тут раскрыўся талент А. Куржалава, які дазволіў яму стаць адным з найлепшых арганізатараў школьнага краязнаўства на Віцебшчыне і ў справе нацыянальнага адраджэння Беларусі канца ХХ ст.

У 1989/1990 навучальным годзе наш зямляк быў адным з ініцыятараў і арганізатараў правядзення першай значнай справы па нацыянальным адраджэнні ў галіне народнай адукацыі на Віцебшчыне. Былі здзейсненыя экскурсійна-навучальныя спаборніцтвы настаўнікаў Віцебска «Літаратурная Віцебшчына». У выніку да краязнаўства далучылася значная колькасць настаўнікаў. Гісторыяй сваёй мясцовасці зацікавілася шырокае кола жыхароў горада і вобласці. Шматлікія матэрыялы, сабраныя пад час конкурсу, былі перададзеныя ў фонды абласнога краязнаўчага музея.

Пад час кіравання аддзелам краязнаўства і беларусазнаўства А. Куржалаў стварыў добра арганізаваную сістэму школьнага краязнаўства, якая вывела педагогаў Віцебшчыны на першыя месцы ў краіне. Важнымі чыннікамі поспеху сталі сістэмная і метадычная праца з выкладчыкамі, арганізацыя конкурсаў, канферэнцыяў, пошук сярод педагогаў таленавітых, здольных на актыўную працу над праектамі, падтрымка настаўнікаў, вучняў і іх праектаў на ўсіх узроўнях падрыхтоўкі, выдавецкая дзейнасць. На нашую думку, галоўную ролю ў паспяховай працы віцебскіх настаўнікаў, арганізаваных А. Куржалавым, адыграла і стварэнне сістэмы пазітыўнай канкурэнцыі. Сярод краязнаўцаў, якія, як правіла, займаюцца даследаваннямі аднаго краю на адным матэрыяле, часта існуе пэўная канкурэнцыя, рэўнасць, часта ад ціхай непрыязі людзі пераходзяць да ўзаемнай непавагі, адмовы ў сумеснай працы і г.д. Куржалаву ўдалося пазбегнуць гэтага. Пастаянна арганізуючы канферэнцыі, семінары, агляды музеяў, вывучэнне і распаўсюджванне лепшага досведу, ён сабраў кола лепшых настаўнікаў краю, якія змаглі арганізаваць выдатныя музеі ў сваіх школах, рыхтаваць працы для рэспубліканскіх конкурсаў. Склалася сітуацыя, калі краязнаўцы не супернічалі, а спаборнічалі, дапамагалі адно аднаму. На традыцыйныя зборы, якія праводзіў аддзел беларусазнаўства і краязнаўства, а таксама канферэнцыі, якія ладзіліся Рэспубліканскім цэнтрам турызму і краязнаўства, стараліся прыехаць усе школьныя краязнаўцы з новымі знаходкамі, выдадзенымі кнігамі, падрыхтаванымі даследаваннямі, метадычнымі распрацоўкамі.

Семінары і канферэнцыі даюць магчымасць абмяняцца думкамі, падзяліцца досведам, праблемамі, шляхамі іх вырашэння. Тут адбываецца генерацыя ідэяў, робяцца метадалагічныя абагульненні не толькі мясцовага, рэгіянальнага, але больш шырокага характару. Такія мерапрыемствы садзейнічаюць здароваму спаборніцтву паміж краязнаўцамі-педагогамі, далучэнню да сістэмнай працы ў галіне школьнага выхавання маладых педагогаў. Для ўдзельнікаў гэта добрая магчымасць атрымаць новы досвед, уражанні, удакладненні і, вярнуўшыся, на новым узроўні працягваць працу па даследаванні роднага краю. Вынікам мерапрыемстваў з’яўляюцца новыя школьныя музеі, метадычныя распрацоўкі, кнігі, альбомы, занальныя і рэгіянальныя канферэнцыі.

Найважнай прычынай паспяховасці школьнага краязнаўства на Віцебшчыне з’яўляецца сістэмнасць. Мала зацікавіцца тэмай, напісаць артыкул, стварыць летапіс школы, падрыхтаваць паведамленне і арганізаваць дзяцей для выступлення. Праз некаторы час прыходзіць стомленасць, з’яўляюцца іншыя інтарэсы. Пастаянны ж інтарэс падмацоўваецца комплексам мерапрыемстваў. Так, актывізацыі краязнаўчай працы спрыяе пастаяннае правядзенне канферэнцыяў, конкурсаў, семінараў па розных тэмах – ад методыкі выкладання заняткаў гуртка да арганізацыі і правільнай прэзентацыі вынікаў працы школьных музеяў.

Сярод лепшых адзначым В. Бандарэвіча (Сянно), А. Бубалу (Верхнядзвінск), В. Грыбко (Чашніцкі раён), В. Ермалёнка (Мёры), Д. Карасёва (Полацкі раён), Л. Нікіціну (Віцебскі раён), І. Пракаповіча (Паставы), В. Пячонкіна (Орша), Р.  Шарыпкіна (Глыбоцкі раён) і іншых педагогаў вобласці.

Менавіта дзякуючы аддзелу краязнаўства і беларусазнаўства пад кіраўніцтвам А. Куржалава ўпершыню ў Беларусі ўзнікла ідэя распрацоўкі і выдання школьных дапаможнікаў па краязнаўстве. Цяпер такія кнігі выпушчаныя і выкарыстоўваюцца ў розных аб’ёмах у шэрагу раёнаў вобласці – Аршанскім, Віцебскім, Пастаўскім, Полацкім, Сенненскім, Ушацкім, Чашніцкім, Шумілінскім. На розных стадыях падрыхтоўкі навучальныя дапаможнікі яшчэ ў некалькіх раёнах.

Важнай ініцыятывай Віцебшчыны стала выданне першых у краіне тэматычных зборнікаў, падрыхтаваных з удзелам сталых і юных краязнаўцаў: «Святкуем угодкі», «Гонар і слава Віцебшчыны», «Свой край у пашане мець прымусь», «Легенды і паданні Віцебшчыны», «Алімпіяда па беларусазнаўстве і краязнаўстве» і інш.

Дзякуючы краязнаўчым экспедыцыям, семінарам, сустрэчам з вядомымі землякамі, арганізаваным А. Куржалавым, многія школьныя музеі (у тым ліку найлепшыя ў краіне – гісторыка-краязнаўчы музей у ДАСШ № 3 г. Мёры, гісторыка-этнаграфічны музей у в. Заронава Віцебскага раёна) папоўніліся каштоўнымі экспанатамі. Пры непасрэдным удзеле Алега Васільевіча падрыхтаваныя экспазіцыі, прысвечаныя знакамітаму этнографу і фалькларысту М. Нікіфароўскаму ў Вымнянскай СШ Віцебскага рёна, выдатнаму дзеячу беларускага адраджэння Б. Эпімаху-Шыпілу ў Ветрынскай СШ Полацкага раёна, праведзеная рэканструкцыя этнаграфічнага музея «Хата ў жыцці беларуса» ў ДАСШ № 5 г. Наваполацка. Асобна адзначым удзел Куржалава ў распрацоўцы экспазіцыі музея Уладзіміра Караткевіча ў Оршы. Адна з лепшых краязнаўцаў Віцебшчыны Л. Нікіціна ўпэўненая ў тым, што менавіта дзякуючы метадычнай дапамозе і парадам А. Куржалава створаны ёю музей «Гісторыя Заронаўскага краю» знайшоў сваё месца ў сістэме школьных музеяў рэгіёна і цяпер з’яўляецца ўзорным.

Доўгі час разам з А. Куржалавым у аддзеле працавалі яго калегі і аднадумцы, якія зрабілі вялізны ўклад у фармаванне сістэмы школьнага краязнаўства Віцебшчыны: В. Арлоў, Н. Зайцава, Л. Сіманёнак, А. Чарнышова і інш. Вопыт стварэння сістэмы школьнага краязнаўства знайшоў пэўнае адлюстраванне ў дысертацыі, падрыхтаванай І. Пракаповічам.

Kurzhalau_02А. Куржалаў – аўтар ідэі і галоўны рэдактар «Зборніка матэрыялаў аб дзейнасці музеяў навучальна-выхаваўчых установаў Віцебшчыны». Ён аўтар шэрагу публікацыяў у мясцовым і рэспубліканскім друку, прысвечаных пытанням развіцця краязнаўства, аховы помнікаў.

На жаль, улетку 2011 г. А. Куржалаў па шэрагу аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынаў вымушаны быў сысці з пасады загадчыка аддзела краязнаўства і беларусазнаўства. Але школьнае краязнаўства Віцебшчыны дзякуючы створанай сістэме працуе і прыносіць добрыя вынікі. Як кажуць, вынікі працы кіраўніка найлепш бачныя пры яго адсутнасці.

 Мікола ПІВАВАР, г. Віцебск

Фота аўтара

(Паводле матэрыялаў зборніка другой канферэнцыі «Віцебскі край»)

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам