Гісторыя Агратурызм Пісьменнік польскі і беларускі

Пісьменнік польскі і беларускі

-

- Рэклама -

Слова праз стагоддзі

 17 сакавіка салон музея-сядзібы «Пружанскі палацык» сабраў вялікую колькасць гасцей. Сярод іх былі людзі, якія добра ведаюць творчасць нашага земляка Юзафа Ігнацыя Крашэўскага (1812 – 1887), 205 гадоў з дня нара­джэн­ня якога адзначаецца сёлета, а таксама тыя, хто толькі адкрывае гэтае імя для сябе. Галоўнаю нагодай сустрэчы былі тры значныя падзеі: прэзентацыя беларускамоўнага перакладу гістарычнай аповесці Ю.І. Крашэўскага «Кароль у Нясвіжы. 1784», якую зрабіў вядомы філолаг і літаратуразнаўца Міхась Кенька (урывак з гэтага твора ў свой час друкавала «Краязнаўчая газета». – Рэд.), зна­ёмства з новым творам народнага мастака Беларусі Івана Міско – барэль­е­фам з выявай славутага дзеяча, і адкрыццё выстаўкі «З Доўгага – у свет», дзе прадстаўленыя экспанаты з фондаў «Пружанскага палацыка», прысвечаныя знакамітай асобе.Чытаць далей…

Крашэўскі, якога называюць сапраўдным тытанам працы, яшчэ не вельмі вядомы шырокаму грамадству. Аднак справа па вяртанні яго імя для Беларусі ўжо зрушылася з месца. Гэта шматгранная асоба нашай мінуўшчыны ўсё больш цікавіць і прываблівае да сябе. Няўрымслівы літаратар, чые творы занялі месца французскіх раманаў у шляхецкіх салонах ХІХ ст., выдатны даследчык гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, грамадска-палітычны дзеяч, выдавец, крытык, публіцыст, музыкант, мастак, пісьмовая спадчына якога налічвае каля 600 тамоў. Уплыў гэтай асобы на грамадска-культурнае і навуковае жыццё тагачаснай Еўропы немагчыма вызначыць ніякімі лічбамі. Крашэўскі быў асабіста знаёмы і стаяў у адным шэрагу з такімі дзеячамі айчыннай гісторыі, якіх сёння называюць пачынальнікамі беларусазнаўства, – братамі Тышкевічамі, А. Кіркорам, Я. Чачотам і інш.

Kraszeuski_01Сапраўдным адкрыццём Крашэўскі стаў для скульптара І. Міско. Зна­ёмства з жыццём і дзейнасцю ўнікальнай асобы, размовы з перакладчыкам М. Кенькам і даследчыцай Русланай Гусевай натхнілі майстра, які ў 2015 г. стварыў партрэт Ю.І. Крашэўскага. Барэльеф з гіпсу быў выкананы ў форме круглага медальёна дыяметрам 55 см. На ім выява Крашэўскага ў профіль побач з кнігамі. Твор І. Міско набыты «Пружанскім палацыкам» і заняў адно з цэнтральных месцаў на новай выстаўцы.

Найбольш яскрава талент Крашэўскага праявіўся менавіта ў літаратурнай дзейнасці. І хоць пісаў наш зямляк пераважна на польскай мове, яго нельга аднесці ў поўнай меры да прадстаўнікоў той ці іншай нацыянальнасці. Яго творчасць можна ахарактарызаваць як маральную, гуманістычную, што нясе ў сабе вялікую любоў да Бацькаўшчыны. Дарэчы, маёнткі сям’і Крашэўскіх – Доўгае і Куплін – знаходзіліся непадалёк Пружанаў, а таксама ў польскім Раманаве (дзе больш за паўстагоддзя існуе музей) і іншых мясцінах. Менавіта стваральная аснова, зварот да агульначалавечых каштоўнасцяў, глыбокі патрыятызм і дэмакратычнасць адзначалі прысутныя сярод асноўных характэрных рысаў твораў літаратара.

Менавіта гэтыя якасці разам з цікаўнасцю да падзеяў беларускай гісторыі прывабілі Міхася Іванавіча звярнуцца да Ю.І. Крашэўскага. Філолаг зрабіў ужо некалькі перакладаў. У вядомай серыі «Скарбы сусветай літаратуры» выдадзеныя два тамы, куды ўвайшлі творы «Маці каралёў» і «Паперы Глінкі» (2007), «Кароль у Нясвіжы. 1784» і «Апошняя са слуцкіх князёў» (2009). Дарэчы, рукапіс выдання 2009 г. М. Кенька перадаў у фонды «Пружанскага палацыка». Гістарычная аповесць «Кароль у Нясвіжы. 1784», што расказвае аб паездцы апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага на сейм у Гродна, лічыцца адным з самых беларускацэнтрычных твораў Крашэўскага. Яна ў 2016 г. была выдадзеная асобна ў серыі «Мая беларуская кніга». Як зазначыў адзін з выдаўцоў і рэдактараў кнігі – пісьменнік і журналіст Уладзімір Сіўчыкаў, – задачай серыі з’яўляецца не проста папулярызацыя беларускамоўнай літаратуры, але і пашырэнне кола аўтараў, чыя творчасць непарыўна звязаная з Беларуссю. У планах выдавецтва – выхад новых перакладаў кніг Ю.І. Крашэўскага.

Kraszeuski_02Пад час сустрэчы ў музеі выступалі таксама іншыя перакладчыкі і даследчыкі творчасці Крашэўскага. Сярод іх – Р. Гусева (г. Брэст), якая даўно вядзе вялікую грамадскую працу па захаванні спадчыны дзеяча, увекавечванні яго імя. Яна з’яўляецца не толькі перакладчыкам шэрагу твораў, але і выдала некалькі асобнікаў даследаванняў. Аб працы па вывучэнні дзейнасці Ю.І. Крашэўскага і яго братоў апавяла кандыдыт педагагічных навук Марыя Жыгалава (г. Брэст). Свае пераклады вершаў прачытала брэсцкі літаратар Любоў Красеўская, а паэт і пчаляр Мікола Папека з в. Лінова (Пружанскі раён) – урыўкі з неапублікаванага перакладу рамана «Чортава Магіла».

Пранікнёнасцю і чуллівасцю вызначалася выступленне Ганны Чабадзінскай-Пшыбыслаўскай – былога дырэктара музея Ю.І. Крашэўскага ў Раманаве (Польшча), якая адзначыла, што ягоная творчасць садзейнічае аб’яднанню людзей розных краінаў і нацыянальнасцяў, не мае межаў і натхняе на стваральную працу. Менавіта энтузіязм былога дырэктара ў многім дапамог вяртанню імя Крашэўскага ў Беларусь. Польскі музей у 2003 г. перадаў «палацыку» больш за 130 копіяў фотаздымкаў і дакументаў, малюнкаў і карцінаў земляка. Гэта стала пачаткам для пакуль адзінай у нашай краіне калекцыі, што адлюстроўвае спадчыну Крашэўскага. На сёння яна налічвае больш за 380 адзінак захоўвання. Многія з іх можна ўбачыць на выстаўцы «З Доўгага – у свет».

Kraszeuski_03Сустрэча ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» аб’яднала розных людзей, якія цікавяцца ўласнай гісторыяй. Яна дала магчымасць яшчэ раз успомніць славутую асобу, жыццё і дзейнасць якой з’яўляюцца сапраўдным прыкладам грамадзянскасці і сумлення, і спадзяванне, што калі-небудзь на Пружаншчыне з’явіцца музей, прысвечаны вялікаму працаўніку-гуманісту Юзафу Ігнацы Крашэўскаму.

 Наталія ПРАКАПОВІЧ, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»

Фота Сяргея РАБЧУКА: Міхась Кенька прадстаўляе пераклад аповесці; Пераклад чытае М. Папека; На выстаўцы «З Доўгага – у свет»; у цэнтры – барэльеф, выкананы І. Міско. Стаяць (злева направа): Р. Гусева, Л. Красеўская, Ю. Зялевіч, М. Жыгалава, Г. Чабадзінская-Пшыбыслаўская, У. Сіўчыкаў, М. Кенька

Папярэднi артыкулВершы пра родны край
Наступны артыкулНовая кніга пра Палессе
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам