Гісторыя Агратурызм Полацк, якім яго бачыў Ф. Скарына

Полацк, якім яго бачыў Ф. Скарына

-

- Рэклама -

Полацк у эпоху ранняга Адраджэння

 Гісторыя адвяла гарадам выдатную ролю калыскі цывілізацыі і цытадэлі рэвалюцыі. Канкрэтныя ўмовы па-рознаму вызначалі магчымасці выканання тым ці іншым горадам гэтай ролі.

Час жыцця і творчай дзейнасці Францыска Скарыны быў адным са складаных этапаў у гісторыі феадальнага Полацка. Магчыма, гэтым трэба растлумачыць, што аднабаковы падыход да некаторых падзеяў яго гісторыі, які адлюстраваўся ў дакументах канца XV і пачатку XVI ст., прывёў укладальніка зборніка «Полацкія граматы XIII – пачатку XVI ст.» А. Харашкевіч да думкі, нібыта з пачатку XVI ст. пачынаецца новы перыяд у гісторыі Полацка, што «характарызуецца рэзкім падзеннем яго эканамічнага значэння…». Дастаткова, аднак, звярнуцца да ўсёй сукупнасці крыніцаў, што захаваліся і якія змяшчаюць звесткі пра Полацк, і стане відавочнай памылковасць прыведзенага меркавання.

Значэнне свайго горада даволі красамоўна, з глыбокім пачуццём уласнай годнасці вызначылі самі палачане: у 1464 г. яны заявілі рыжскаму магістру: «А Полтеск теж ест, хвалячи Бога, место славутное, как и которое, а не есть нижшое во чести и во всем ни Вилни, а ни Мариборка, а ни Кданьска».Чытаць далей…

Прайшло сто гадоў, і сярод сведчанняў пра Полацк, датаваных 1564 г., зна­ходзім апавяданне на нямецкай мове сучасніка і, напэўна, сведкі штурму Полац­ка рускімі войскамі. Ён склаў апісанне гэтай падзеі пад вельмі характэрнай на­звай: «Апісанне, як быў узяты і заняты ў 1563 г. маскавітамі Полацк – галоўны горад у Літве». Другое апісанне гэтай падзеі, апублікаванае ў Нюрнбергу ў 1564 г., таксама называе Полацк славутым горадам і крэпасцю. Выдадзенае ў Празе ў 1579 г. паведамленне пра ўзяцце Полацка войскамі караля і вялікага кня­зя літоўскага Стэфана Баторыя ў тым жа 1579 г. пакінуў на чэшскай мове невядо­мы аўтар, назваўшы яго так: «Праўдзівае і дакладнае паведамленне пра ўзяцце славутага замка і крэпасці вельмі вялікага пагранічнага горада Полацка, размеш­чанага на літоўскай мяжы». Як бачым, агульнае значэнне Полацка за гэтыя сто гадоў у вачах відавочцаў не дае падставы для высновы, якую прапанавала ўкладальнік зборніка дакументаў «Полацкія граматы XIII – пачатку XVI ст.».

Больш важкія доказы эканамічнага значэння Полацка могуць даць звесткі пра эканоміку горада, але, на жаль, да нашых дзён іх дайшло вельмі мала. Аднак некаторыя з іх змяшчаюць досыць пераканаўчыя сведчанні актыўнай гандлёвай дзейнасці Полацка. Так, у 1506 – 1507 гг. Полацк унёс пабор з гандлю ў казну 1519 коп грошаў літоўскіх, тады як узятыя разам Гродна, Навагрудак, Мінск, Брэст – усяго 900 коп грошаў (Гродна і Навагрудак па 100 коп, Мінск – 300, Брэст – 400 коп). У гэтыя ж гады мытны збор толькі з гандлю воскам і соллю ў Полацку даў казне 3937 коп, або 20% гэтага збору з усіх гарадоў Вялікага Княства Літоўскага, у ліку якіх былі Кіеў, Коўна, Смаленск, Уладзімір на Валыні, Львоў і дзясяткі іншых гарадоў.

Пэўнае ўяўленне пра маштабнасць гандлёвага абарачэння Полацка даюць захаваныя звесткі Полацкай мытні («каморы») пра гандаль горада воскам і сол­лю, што складалі тады найважнейшыя прадметы вывазу (воск) і ўвозу (соль). Уся­го цягам 1508 – 1509 гг. праз мытню паступіла воску 19 223 камяні, або 768 920 фунтаў, і солі 30 224 мяшкі (вага невядомая). Гандлёвая дзейнасць По­лацка як маштабная і трывалая з’ява, паводле мерак таго часу, склалася яшчэ ў XIII ст. Яна вылучалася геаграфічнай разнастайнасцю гандлёвых маршрутаў по­лац­кіх купцоў, пра што сведчыць, напрыклад, дагавор з Рыгай 1265 г., паводле якога полацкія купцы забяспечылі сабе «волное торгованье в Ризе, на Готьском березе и в Любце». Дагаворы XV в. (1406, 1439, 1447 гг.) захавалі за імі права «торговати доброволно и за море путь чист водою и сухим путем как издавна бывало по старому». Пра гандаль палачанаў «за морам» сведчыць грамата 17 сакавіка 1464 г.

У сваю чаргу Полацк прывабліваў на свае рынкі шмат замежных купцоў. Так, грамата сярэдзіны XV ст. паведамляе, што «немец много здесе», а грамата 1446 г. нагадвала магістрату Рыгі, што «у Полоцку ваших купцов полно».

Крайне мізэрныя звесткі захаваліся пра рамесную вытворчасць у горадзе ў канцы XV – першай палове XVI ст. Дакументы згадваюць 30 рамесных прафесіяў, але не даюць магчымасці вызначыць колькасць тагачасных рамеснікаў у Полацку.

Пра папаўненне гарадскога насельніцтва Полацка з суседніх земляў Рускай дзяржавы вельмі красамоўна сведчыць ліст магната Льва Сапегі князю Крыштофу Радзівілу ад 20 ліпеня 1599 г. У ім паведамлялася, што сярод жыхароў Полацка значную частку складаюць выхадцы з Маскоўскай дзяржавы («własnej Moskwy»). Гэта цалкам тлумачыцца даўнімі і трывалымі сувязямі феадальнага Полацка з многімі рускімі гарадамі, асабліва з Псковам, Ноўгарадам, Разанню і, вядома, Масквой.

Цяжка знайсці адказ на пытанне пра структуру гарадскога насельніцтва і колькасць жыхароў Полацка. З асобных згадак у шэрагу дакументаў і з пераліку насельніцтва ў Полацкай рэвізіі 1552 г. можна з упэўненасцю казаць, што сярод палачанаў былі баяры, шляхта, духавенства, мяшчане, чорныя людзі, яўрэі. Полацкая рэвізія называе агульную колькасць старэйшых у сям’і – 1517, што дае падставу для падліку ўсіх жыхароў-мяшчанаў: 7585 чалавек. Калі зрабіць падлік старэйшых у сям’і па пасадах, то іх агульная колькасць будзе большай – 1777, г.зн. усіх мяшчанаў – 8885 чалавек. Але і гэтая лічба не поўная, бо тут не ўлічанае, што ў многіх дамах мяшчанаў жылі па дзве і нават тры сям’і, пра што бегла згадвае Полацкая рэвізія. Гэтую акалічнасць улічылі сучасныя аўтары працаў па гісторыі Гданьска XV – XVII стст. У іх падліках колькасці жыхароў у горадзе на кожны дом прынята ў сярэднім лічыць дзве сям’і. Аналагічны падлік мог бы даць лічбу толькі мяшчанаў у Полацку ў 1552 г. не менш за 15 000 жыхароў. Але іншую шматлікую групу гарадскіх жыхароў склалі чорныя людзі. Паводле сведчання «Хронікі Літоўскай і Жамойцкай», полацкі ваявода Давойна, які кіраваў абаронай Полацка ў 1563 г., каб зменшыць расход харчавання, неабходны для яго войска, «черни теж простого люду 24 000 з замку выгнал преч». Такім чынам, толькі дзве з пералічаных групаў жыхароў Полацка – мяшчане і чорныя людзі – у сярэдзіне XVI ст. складалі ў Полацку каля 40 000 жыхароў. У Гданьску ж у гэты час агульная колькасць жыхароў таксама дасягнула 40 000 чалавек. Пры ўліку колькасці сем’яў астатніх катэгорыяў насельніцтва агульная колькасць жыхароў Полацка прыкметна павялічылася б.

На значную колькасць жыхароў у Полацку ўказваюць і звесткі пра колькасць двароў. Паводле сведчання Лебедзеўскага летапісу, пры штурме Полацка ў лютым 1563 г. «Острог болшой весь згорел, а дворов в Остроге сгорело 3000». Значыць, мінімальная колькасць жыхароў толькі ў гэтым пасадзе складала 15000 чалавек. Але Полацк меў яшчэ пяць пасадаў – Вялікі, Запалоцце, Якімань, Слабодскі, Крыўцоў і прадмесце Кобак. Гараджане таксама насялялі вуліцы і завулкі Верхняга і Ніжняга замкаў. У Верхнім замку крыніцы называюць пяць вуліцаў (Вялікая, Пятроўская, Ільінская, Падольская, Пятніцкая) і два завулкі (Андронаў, Узнясенскі). Калі нават дапусціць, што колькасць жыхароў усіх пералічаных раёнаў Полацка была такая ж, як аднаго Астрожскага, то з улікам таго, што ў многіх дамах жылі па 2 сям’і, Полацк у сярэдзіне XVI ст. налічваў не менш (калі не больш) за 50 000 чалавек.

Значную групу (384 старэйшыя ў сям’і) сярод мяшчанаў складалі, мяр­кую­чы з вопісу войска, зацверджанага Віленскім сеймам 1 мая 1528 г., мяшчане-землеўладальнікі, абавязаныя нароўні з баярамі несці вайсковую службу.

Якімі б скупымі ні былі прыведзеныя звесткі, яны дастаткова яскрава свед­чаць, што няма падставаў разглядаць першую палову XVI ст. як час рэзкага па­дзен­ня эканамічнага Полацка. I ў XVI ст., кажучы словамі аўтара Баркулабаўскага летапісу, горад паўставаў перад сучаснікамі як «град славный великий Полоцк».

Абставіны ўнутры горада складваліся пад моцным уплывам гарадской палітыкі вярхоўнай улады. Яна фармавалася, перажывала рэзкія ваганні з прычыны, з аднаго боку, прамой зацікаўленасці казны ў даходах ад гандлёвай дзейнасці Полацка, а з другога, абароны інтарэсаў феадалаў, якія таксама імкнуліся па-свойму выкарыстаць эканамічную дзейнасць горада, гарадскога насельніцтва.

 3іновій КАПЫСКІ, г. Мінск

Паводле кнігі «Зборнік матэрыялаў»

(Далей чытайце ў “Краязнаўчай газеце”, №№ 25 і 26)

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам