Гісторык з няпростай гісторыяй
Некаторыя жыхары вёскі Вулька-Целяханская, што знаходзіцца ў Івацэвіцкім раёне, памятаюць інтэлігентнага і эрудыраванага настаўніка гісторыі, які выкладаў у вясковай сямігадовай школе на пачатку 1960-х гадоў. Яго імя – Генадзь Ланеўскі.
Да нядаўняга часу амаль ніхто з вёскі не ведаў, што за простым школьным настаўнікам стаяў былы загадчык раённага аддзела адукацыі, актыўны ўдзельнік партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны, будучы гісторык і пісьменнік.Чытаць далей…
Вядома, што Генадзь Аляксандравіч нарадзіўся ў вёсцы Крупец Расонскага раёна. Пазней сям’я жыла ў пасёлку Гарбачова, дзе маці працавала ў медпункце. Бацька Аляксандр Антонавіч працаваў міліцыянерам, затым старшынёй Селяўшчынскага сельскага Савета. Пад час Вялікай Айчыннай вайны бацькі загінулі, а хлопец вымушаны быў пайсці ў партызанскі атрад. Ваяваў ён у атрадзе імя М. Шчорса брагады імя К. Ракасоўскага, дзе камісарам быў Пётр Машэраў – будучы кіраўнік Беларусі.
У пасляваенныя гады Г. Ланеўскі працаваў загадчыкам Маладзечанскага РАНА. Неяк у газеце «Народная воля» мне пашчасціла натрапіць на артыкул Л. Рубахавай «Прыгажун» пра Сяргея Прытыцкага. Ёсць у ім некалькі радкоў і пра Г. Ланеўскага. Аказваецца, у 1956 годзе Генадзь Аляксандравіч не пабаяўся напісаць пісьмо ў Маскву, дзе выказаў пратэст супраць магчымага разбурэння выдатнага помніка даўніны – Чырвонага касцёла ў Мінску[*]. Пасля гэтага Г. Ланеўскага выклікалі на прыём да С. Прытыцкага, які ў той час працаваў у Маладзечанскім абкаме. Аўтара пісьма выключылі з партыі і знялі з пасады загадчыка РАНА. Так Г. Ланеўскі стаў простым настаўнікам у вясковай сямігадовай школе, якая дагэтуль не мела нават добрага памяшкання. Дарэчы, мая бабуля, Вольна Аляксееўна Мялік, якая тады працавала ў школе звычайным тэхнічным работнікам, даволі добра сябравала з Генадзем Аляксандравічам. Яна яшчэ тады звярнула ўвагу, што да выдатнага настаўніка, прафесіянала сваёй справы вельмі негатыўна ставіліся некаторыя іншыя настаўнікі школы, якія былі «вернымі» членамі партыі і, верагодна, ведалі асабістую справу Ланеўскага.
У Вулька-Целяханскай школе Г. Ланеўскі працаваў нядоўга. Пазней ён некуды з’ехаў разам з жонкай (таксама настаўніцай, але працавала яна ў школе мястэчка Целяханы). Магчыма, дапамог П. Машэраў, які да таго часу ўжо працаваў у абкаме партыі Брэсцкай вобласці і, безумоўна, меў добрыя стасункі з былым партызанам.
Пазней пад аўтарствам Генадзя Аляксандравіча выйшлі кнігі «Начиналось с подполья», «Сыны і пасынкі Беларусі», «Тайшынскія гісторыі» і шматлікія артыкулы гістарычнай тэматыкі. А на пачатку 1990-х гадоў былая вучаніца Вулька-Целяханскай школы, Лідзія Юркевіч, пазнала свайго школьнага настаўніка гісторыі. Тады Г. Ланеўскі прыехаў адпачыць у санаторыі «Палессе», што знаходзіўся на беразе Вулькаўскага возера ў вёсцы Вулька-Целяханская. Так праз некалькі дзесяцігоддзяў Генадзь Аляксандравіч вярнуўся ў мясціны, дзе яму раней давялося адбываць своеасаблівую высылку за цвярозы погляд на жыццё і павагу да мінуўшчыны.
На жаль, пра Г. Ланеўскага больш не атрымалася нічога знайсці. Хацелася б ведаць болей пра яго далейшы лёс, літаратурную спадчыну і ці жывы ён яшчэ. Зусім незаслужана імя Генадзя Аляксадравіча адсутнічае пакуль у энцыклапедыях і даведніках. Можа, хто з чытачоў «Краязнаўчай газеты» ведае пра гэтага чалавека больш. З задавальненнем буду чакаць допісаў на электронны адрас aleksandr-myalik@yandex.ru.
Аляксандр МЯЛІК
[*] Рэдакцыя «КГ» лічыць, што размова ішла ўсё ж пра касцёл у Маладзечне (які, зрэшты, быў пазней разбураны).
У часопісе Маладосць, №1 за 1978 год была публікацыя Г.Ланеўскага “У краіне легенд”