Гісторыя Агратурызм Прыватная ініцыятыва аб ушанаванні зніклай вёскі

Прыватная ініцыятыва аб ушанаванні зніклай вёскі

-

- Рэклама -

Там, дзе жылі продкі

Сыходзяць ад нас не толькі людзі – сыходзяць і вёскі, часцяком – зане­па­даюць і знікаюць яшчэ нядаўна шматлікія паселішчы. Але не заўсёды сыходзяць у нябыт. Пра адзін з такіх выпадкаў і раскажу тут.

У Клімавіцкім раёне непадалёк цяперашняга аграгарадка Макеевічы яшчэ 15 гадоў таму была вёска, што мела цікавую назву, якую цяжка патлумачыць: Саў­на, з націскам на другое а. У 1970-я гады было тут 65 дамоў, пад тры сотні чалавек, былі і клуб, і вялікая жывёлагадоўчая ферма. Але моладзь, як зазвычай, з’яз­джа­ла вучыцца ды й назад не вярталася, а старэйшыя паміралі або пера­яз­джалі – да дзяцей або бліжэй «да цывілізацыі». Засталіся недагледжаныя дамы. Цалкам Саўна перастала існаваць у 2002 годзе, дамы пазносілі, а месца вёскі зааралі й засеялі.Чытаць далей…

Людміла Няхайчык, якая цяпер жыве ў Раўбічах непадалёк Мінска, нарадзілася ў Макеевічах (гэта за 6 кіламетраў ад Саўны). На танцы, кажа, моладзь хадзіла з аднае вёскі ў другую. І распавяла, што адзін з ураджэнцаў зніклай вёскі вырашыў ушанаваць памяць пра роднае паселішча.

Sauna_01– Хаця ўсё жыццё Мікалая Крупініна прайшло ў Расіі, але штогод, пакуль жылі бацькі, прыязджаў у Саўну, дапамагаў ім, – распавядае Людміла Ульянаўна. – Атрымалася так, што хутка па смерці бацькоў вёска перастала існаваць. Каб увекавечыць колішняе паселішча, у 2013 годзе ўсталяваў памятны знак. Адкрыццё адбылося 27 верасня. І з таго часу штогод тут адбываюцца сустрэчы землякоў.

М. Крупінін нарадзіўся ў 1951 годзе. Вышэйшую адукацыю (інжынер лясной гаспадаркі) атрымаў у Бранскім тэхналагічным інстытуце ў 1973 годзе, працоўную дзейнасць пачаў ляснічым у Цюменскай вобласці. Пазней пасяліўся і працаваў у Ніжнявартаўску. У 1989 годзе заснаваў і стаў кіраўніком Ніжнявартаўскага міжра­ён­нага камітэта па ахове навакольнага асяроддзя. Пры ягоным удзеле ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе былі распрацаваныя і пачалі дзейнічаць першыя ў Расіі рэгіянальныя законы «Аб ахове навакольнага прыроднага асяроддзя», «Аб ра­дыя­цыйнай бяспецы» і інш. У 1993 годзе Мікалай Якаўлевіч прыцягнуў да Ніж­нявартаўскага рэгіёна ўвагу Расійскай Акадэміі прырода­знаўчых навук (РАПН) і замеж­ных эколагаў, калі арганізаваў першую міжнародную канферэнцыю па праб­лемах забруджвання водных і зямельных рэсурсаў краю. Прызначаўся кіраў­ніком Дэ­пар­тамента дзяржаўнага кантролю і перспектыўнага развіцця ў сферы прырода­карыстання і аховы навакольнага асяроддзя Міністэрства пры­род­ных рэсурсаў Ра­сіі па Уральскай федэральнай акрузе. У 1996 годзе стаў кандыдатам сельска­гаспа­дар­чых навук, у 2009-м – доктарам экана­міч­ных навук і акадэмікам РАПН. М. Крупінін выдаў больш за 50 навуковых працаў, аўтар кнігі «Госу­дар­ственный контроль природо­пользования». Цяпер ён прафе­сар Дзяржаў­нага Ураль­скага горнага ўніверсітэта, а таксама старшыня Бюро рэгіянальнай гра­мадскай ар­ганізацыі «Ханты-Мансійскае рэгіянальнае аддзяленне між­галі­новых эколага-эканамічных даследаванняў Расійскай Акадэміі прырода­знаўчых навук». У 1990 годзе нашаму земляку пры­своенае званне «Заслужаны эколаг Расійскай Федэрацыі».

Sauna_06– 27 верасня, – кажа Мікалай Якаўлевіч, – Узвіжанне, вялікае свята; але ж можна штосьці і самому ўзвесці. Так і будую штогод.

У 2013 годзе пастаўленыя знак на месцы былога цэнтра вёскі і каплічка. Тады ж ініцыятар абвясціў, што сустрэчы будуць кожны год у гэты ж дзень. Ін­фар­мацыю таксама размяшчае ў інтэрнэце, у сацыяльных сетках. У 2014-м за­кла­лі невялікі сквер. Потым з’явіліся альтанка, калодзеж, план вёскі. Ініцыятыву падтрымалі мясцовыя ўлады: месца даглядаюць, штогод высаджваюць кветкі. Усе мера­прыемствы па стварэнні своеасаблівага мемарыялу праводзяцца па іні­цыя­тыве і на сродкі Мікалая Якаўлевіча. Штогод збіраюцца былыя жыхары, прыхо­дзяць жыхары Макеевічаў: сёлета было 150 – 200 чалавек, летась столькі ж. Бывае, прыязджаюць саўноўцы і з Чалябінска, з Мінска, Магілёва, Клімавічаў…

Sauna_02 Sauna_03 Sauna_04 Sauna_05Людзі прыязджаюць зранку: і адразу ж пачынаюцца згадкі. Тут жа пра­хо­дзяць канцэрты; Мікалай Якаўлевіч прывозіць з сабою артыстаў, прыязджалі яго­ныя цяперашнія землякі – з Екацярынбурга, Ханты-Мансійска, былі і ягоныя родзічы з Украіны. Прыязджаюць артысты і з Клімавіцкага раёна. «А потым – размовы, згад­кі, спяваюць, танцуюць, могуць быць сталы (ён прывозіць з сабою чай і да чаю…), – распавядае Л. Няхайчык. – Цэлы дзень доўжыцца свята. А пад вечар раз’язджаюцца». І дадае: «Народу падабаюцца такія сустрэчы. Вы ўявіце, што людзям значаць яны. Яго цэняць, паважаюць. Такое зрабіць у на­шыя дні. Не заціснуўшы ў кішэні валюту гэтую… А прывезці ў родную вёску. Гэта ўчынак».

…Цяпер на месцы колішняй вёскі ўзвышаецца знак, з якога рас­прас­цёртымі крыламі імкне ўвысь журавель. Тут жа змешчаны памятны надпіс пра колішняе па­селішча, у аснове якога закладзеная капсула з зямлёю, якую Крупінін прывёз з Іерусаліма. Настаяцель Свята-Міхайлаўскага храма а. Іна­кенцій асвяціў знак і ад­служыў паніхіду аб жыхарах Саўны, ветэранах Вя­лікай Айчыннай вайны. Знайш­лося месца ў мемарыяле імёнам і прозвішчам 348 былых жыхароў вёскі, на плане паселішча пазначаныя дамы, дзе хто жыў. Шкада толькі, што ў мема­рыя­ле не знайшлося месца мове, якая бы­туе тут здаўна – надпісы зробленыя толькі па-руску. Думаецца, шануючы бацькоў і землякоў, варта ўсё ж шанаваць і іх культуру, што выяўляецца найперш праз мо­ву (верагодна ж, і першыя маміны калыханкі для Міколкі, і першыя казкі ды прыказкі былі на беларускай мове, і першыя бацькавы настаўленні…).

Гэтай восенню жыхары Макеевічаў звярнуліся ў Клімавіцкі райвыканкам з ініцыятываю аб наданні М. Крупініну звання «Ганаровы грамадзянін Клімавіцкага раёна». Землякі адначаюць не толькі ягоныя заслугі аб ушанаванні памяці пра мі­нуўшчыну роднага куточка, але і тое, што ён спрыяе папулярызацыі Міжна­род­на­га фестывалю дзіцячай творчасці «Залатая пчолка».

Памяць пра яшчэ адно зніклае паселішча ўшанаванае ініцыятываю ягонага ўраджэнца. А колькі такіх паселішчаў знікла па нашай краіне толькі за апошнія паўста­год­дзя?

 Уладзімір ПУЧЫНСКІ

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам