Гісторыя Агратурызм Развагі з нагоды творчага конкурсу

Развагі з нагоды творчага конкурсу

-

- Рэклама -

Ці прагрыміць у Беларусі новы Гром?

 У прадмове міністра культуры Рэспублікі Беларусь Юрыя Бондара да энцыклапедычнага да­вед­ніка «Заслужаныя аматарскія калектывы», які 3 сакавіка быў прэзентаваны на XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы выдавецтвам «Беларуская Энцыкла­пе­дыя імя П. Броўкі», згадваецца, што ўпершыню ў 2002 г. званне «Заслужаны» атрымаў ансамбль «Крупіцкія музыкі» Крупіцкага Цэнтра культуры імя У.М. Грома. Цяпер колькасць заслужаных аматарскіх калектываў у краіне больш за сто.

Сціплыя звесткі, змешчаныя ў даведніку, дадаюць, што ансамбль быў створаны ў 1982 г., а з 1985-га носіць званне «народнага». Паведамляецца і пра колькасць удзельнікаў, іх узрост, інструментальны склад, рэпертуар і кіраўніцтва.Чытаць далей…

Hraj_000На жаль, не ўзгадваецца стваральнік першага ў краіне Заслужанага ама­тар­скага калектыву Рэспублікі Беларусь, музея народных інструментаў, майстра народных музычных інструментаў, даследчык-фалькларыст, заснавальнік народных ансамбляў і шматлікіх ініцыятываў па адраджэнні і заха­ванні традыцыяў народнай творчасці і папулярызацыі народнага мастацтва, лаў­рэат прэміі «За духоўнае адраджэнне», кавалер медаля Францыска Скарыны Уладзімір Гром.

Дзякуючы гэтаму рупліўцу народнай музычнай культуры, які цягам чвэрці стагоддзя ўзначальваў ансамбль, адроджаныя традыцыі выканання на духавых народных інструментах, падрыхтаваная плеяда таленавітых музыкаў, выдадзе­ныя 7 рэпертуарных зборнікаў. Інструменталь­ныя п’есы, харэаграфічныя кампазіцыі і народныя песні ў выкананні «Крупіцкіх му­зыкаў» заваявалі вялікую аўдыторыю ў краіне і сталі своеасаблівым брэндам Беларусі не толькі ў Расіі, але і ў еўрапейскіх краінах – Бельгіі, Галандыі, Германіі, Італіі, Латвіі, Літве, Польшчы, Румыніі, Францыі, Чэхіі, Эстоніі, а таксама ў Азіі – у Кітаі і Японіі.

Ансамбль з’яўляецца ініцыятарам і заснавальнікам шэрагу фестываляў, пры­све­чаных прапагандзе традыцыяў выканання на розных народных музычных інструментах. Ужо два дзесяцігоддзі ў Крупіцах ладзяць раённы фестываль юных цымба­лістаў «Спеў дуброў», заснаваны ў гонар народнага артыста СССР Іосіфа Жыно­віча, стваральніка беларускіх канцэртных цымбалаў.

З 2015 г. на сцэне цэнтра культуры збіраюцца выканаўцы на традыцыйных ду­хавых інструментах для ўдзелу ў фестывалі «Грай, музыка, грай!», створанага для захавання творчай спадчыны У. Грома, пошуку і падтрымкі мала­дых талена­ві­тых выканаўцаў, развіцця выканальніцкіх школаў і ўдасканалення выканальніц­кага майстэрства, устанаўлення творчых сувязяў паміж аматарскімі і прафесій­ны­мі калектывамі.

Першы фестываль выканаўцаў на народных духавых інструментах сабраў разам з мясцовымі народнымі калектывамі сталічных пра­фесіяналаў, сярод якіх ансамбль старажытных пастуховых труб «Festivo» Саюза музычных дзеячаў Бе­ла­русі, капэла беларускіх народных духавых інструментаў «Гуды» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (БДУКіМ), многіх дзеячаў мастацтва, майстроў па вырабе народных музычных інструментаў. Сталічныя навучальныя ўстановы прад­стаўлялі таксама на­вучэнцы дзіцячай школы мастацтваў № 19 і гімназіі № 14. Фес­тываль заявіў пра сябе, добра «прагучаў», атрымаў станоўчыя водгукі і высокую адзнаку прафе­сія­налаў.

Чарговы фестываль прайшоў на сцэне Крупіцкага Цэнтра культуры імя У.М. Гро­ма 3 сакавіка 2018 г. Вялікая падрыхтоўчая праца па яго арганізацыі выка­на­ная жонкай і паслядоўніцай У. Грома – дырэктарам Крупіцкай дзіцячай школы мастацтваў Зояй Макараўнай. Былі адабраныя канцэртныя нумары, рас­пра­цаваны сцэнар, падрыхтаваны відэафільм з архіўных запісаў пра традыцыі вы­канальніцтва на народных духавых інструментах і музыкаў У. Грома, Іва­на Еўдакімава, Вячаслава Пратасевіча, Івана Лячкоўскага, Уладзіміра Пузыню, Вік­тара Кульпіна і інш., знойдзеныя спонсары. На свята запрасілі народнага артыста БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР і прэміі «За духоўнае адраджэнне», мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага ар­ке­стра народных інструментаў Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча прафесара Міхаіла Казінца, кіраўнікоў навучальных мастацкіх установаў і калектываў.

Пачатак фестывалю паводле традыцыі абвясцілі гукі пастуховай трубы. Пер­шай на сцэну выйшла Лізавета Крыгер, лаўрэат міжнародных конкурсаў, вы­хаван­ка Дзяржынскай дзіцячай школы мастацтваў (настаўнік Уладзімір Радзевіч). Яна ўжо мае сцэнічны досвед і нават выступала як салістка з Нацыянальным ака­дэміч­ным аркестрам народных інструментаў Рэспублікі Беларусь імя І. Жы­но­віча на галоўнай сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Эстафету перанялі дэбютан­ты – маладыя выканаўцы на беларускіх дудках у складзе фальклорнага ансамбля «Чароўныя гукі» Міханавіцкай ДШМ Мінскага раёна, якія займаюцца пад кіраў­ніцт­вам Руслана Нусава. Іх запальнае выкананне народных песень «За­йграй жа мне, дударочку» і «Ах ты, дудка мая» ў апрацоўцы У. Грома не пакіну­ла ў зале абыякавых.

Хлопцы з фальклорнага ансамбля «Самагуды» Маладзечанскай ДШМ на ча­ле з кіраўніком Сяргеем Яруком пацешылі лірычным шматгалоссем жалеек у на­род­най песні «У зялёным лузе каліна стаяла» ў апрацоўцы Аляксандра Крамко і рытмічнай танцавальнай «Скакухай» Ігара Мангушава. Птушыныя галасы і пера­лі­вы альпійскага ражка можна было пачуць у музыцы вальса «Спатканне» (апра­цоў­ка У. Грома), які выканалі дзяўчаты ансамбля акарынаў гімназіі № 14 Мінска. Пад пяш­чотны голас жалейкі гукаў вясну жаночы народны гурт аўтэнтычных спеваў «Жу­раў­ка» Крупіцкага цэнтра культуры Мінскага раёна (кіраўнік – Зоя Гром). Пра­дэ­манстравалі сваё майстэрства выканання на дудзе і дудцы сольныя выка­наў­цы Дзяніс Сухі і Сяргей Ярук.

Са сваім рэпертуарам пазнаёмілі ўдзельнікі народнага сямейнага ансамбля «Жывіца» з аграгарадка Бор Пухавіцкага раёна, у складзе якога 9 удзельнікаў, у тым ліку муж і жонка Юрый і Наталля Крывашэі, іх сын Юрый (грае на сямі музычных інструментах), сястра Юрыя Пятровіча Таццяна Крывашэй, стрыечны брат Таццяны і Юрыя Сяргей Шыкунец. Ансамбль, які з 2016 г. мае званне народнага, збірае і выконвае песні, танцы і абрады з мясцовай фальк­лорнай спадчыны. Майстэрствам ігры на дудзе і жалейцы ў «Беларускіх найгры­шах» Васіля Купрыяненкі падзяліўся малады кіраўнік ансамбля Ю. Крывашэй.

Hraj_01 Hraj_03 Hraj_02 Hraj_04 Hraj_05 Hraj_06 Hraj_07 Hraj_08 Hraj_09 Hraj_10 Hraj_11Сямейная пара прафесійных музыкаў Трамбіцкіх – цымбалістка Вольга і Кан­станцін (традыцыйныя духавыя) – у 2011 г. заснавала народны ансамбль інструментальнай музыкі «Кросны», у складзе якога таксама выкладчыкі Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.

Гарачымі апладысментамі віталі гледачы гаспадароў фестывалю народны ансамбль танца «Крупіца». Даспадобы прыйшліся фрагменты каляднага абраду ад народнага ансамбля аўтэнтычных спеваў «Жураўка», інструментальны найгрыш «Скакуха» і беларуская народная песня «Ах ты, дудка мая!» ад трыа музыкаў на чале з салістам Сяргеем Лісіцам. Гледачы атрымалі асалоду ад выступлення мэтраў традыцыйнай духавой музыкі – капэлы народных духавых інструментаў «Гуды» БДУКіМ пад кіраўніцтвам І. Мангушава, якія прапанавалі лірычную народную мелодыю «Чырвоная калінушка» ў апрацоўцы кіраўніка і яго захап­ляль­ную танцавальную п’есу «Хто так танча?»

Напрыканцы пацешылі сваім майстэрствам легендарныя «Дударыкі» – узор­ны і заслужаны аматарскі калектыў сталічнай гімназіі № 14 на чале з заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрыем Ровенскім, якія падаравалі «Кру­піцкую польку».

Усім калектывам і асобным выканаў­цам М. Казінец уручыў дыпломы ўдзельніка фестывалю. У фае цэнтра куль­ту­ры ўсіх чакала святочная вячэра і фольк-дыскатэка з музыкамі і танцорамі этна­су­полкі БДУКіМ. Свята ўдалося! Канцэрт такога ўзроўню па праве за­слу­гоўвае шырэйшай, агульнанацыянальнай сцэны, вялікай глядацкай аўдыторыі і трансля­цыі па цэнтраль­ным тэлебачанні.

Ці дасягнутыя мэты фестывалю? Часткова – так. Творчая спад­чына У. Грома не пыліцца на бібліятэчных паліцах, яна жыве і гучыць у на­вучальных класах і на канцэртных сцэнах. На базе музея народных інструментаў, створанага з ініцыятывы творцы, функцыянуе навукова-творчая лабараторыя «Беларускія народныя музычныя інструменты». Выканальніцкія школы ёсць – зболь­шага гэта мастацкія калектывы са складам выканаўцаў усіх узроставых групаў. У межах сваіх калектываў музыкі займаюцца ўдасканальваннем майстэр­ства. З сувязямі ў час інтэрнэту праблемаў няма. Дык чаго не стае?

На думку аўтара гэтых радкоў у крупіцкім фестывалі ёсць слабое месца – пошук і падтрымка маладых таленавітых выканаўцаў, перайманне мясцовых трады­цы­яў выканання. У праграме фестывалю адсутнічае адукацыйны складнік: няма майстар-класаў, падвядзення і абмеркавання вынікаў. Можна было б правесці круглы стол, на якім паслухаць як кіраўнікоў калектываў, так і выканаўцаў, акрэсліць кола праблемаў, абмеркаваць і вызначыць накірункі іх вырашэння.

У краіне ёсць вельмі ўдалы прыклад сістэмнай працы ў гэтым накірунку – рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня». Для развіцця ідэяў фестывалю традыцыйнай духавой музыкі трэба ўліцца ў рэчышча «Бера­гіні», што прадугледжвае сістэмную працу па перадачы традыцыяў, конкурсныя адборы розных узроўняў, майстар-класы і інш. У праграме фестывалю можна вылучыць асобную намінацію ў падпраграме «інструментальнае выканальніцтва». А далей – толькі праца на мясцовых узроўнях.

 Наталі КУПРЭВІЧ

Фота аўтара

Папярэднi артыкул700 нумароў за 15 гадоў
Наступны артыкулКонкурс імя І. Ушакова
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам