Гісторыя Агратурызм Рэктар МДУ, наш зямляк

Рэктар МДУ, наш зямляк

-

- Рэклама -

Вучоны з Пружаншчыны

 Другога жніўня 1898 года ў вёсцы Панасюкі Пружанскага павета (тэрыторыя сучаснага раёна істотна адрозніваецца ад тых часоў) нарадзіўся хлопчык, якому далі імя ў гонар прарока Ільі. Маці, калыхаючы малога, не здагадвалася, што яму суджана стаць вучоным-гісторыкам, прафесарам, трыццаць дзявятым рэктарам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава. З чаго пачыналася дарога да навукі? Вядома, з сям’і, з дзяцінства.

Бацька Сава Рыгоравіч Галка (у іншых дакументах Галко), беззямельны селянін, удзельнік руска-турэцкай вайны 1877 – 1878 гг., у год народзінаў сына быў прыняты на працу лесніком у Белавежскую пушчу. Маці Антаніна Савічна даглядала васьмёра дзяцей, вяла хатнюю гаспадарку. Жыццё было складаным. За 17 гадоў службы сям’я па загадзе кіраўніцтва пушчы тройчы мяняла месцажыхарства. Работы ў лесе было шмат, але за яе плацілі вельмі мала. Не хапала грошай, каб купіць усім дзецям абутак і адзежу. Толькі старэйшаму сыну як асноўнаму памочніку бацька на зіму плёў лапці, астатнія ў халодныя дні сядзелі ў хаце. Лепшым ласункам для дзяцей было не малако, а прадукты, што засталіся ад яго перапрацоўкі. Але пры ўсім такім жыцці бацькі ніколі не пракліналі свой лёс, яны проста працавалі і прыцягвалі да гэтага дзяцей.Чытаць далей…

Спецыяльнай сістэмы выхавання ў сям’і не было. Сава Рыгоравіч быў строгім чалавекам, але добра разумеў дзіцячую душу, дапамагаў сынам і дочкам раскрыць свае таленты, заахвочваў ініцыятыву. Ён навучыў паважаць старэйшых, добразычліва ставіцца да ўсіх людзей, знаёмых і незнаёмых. У вольныя часы малапісьменны бацька цягнуўся да кніжак, больш за ўсё яго цікавіла геаграфія і прыродазнаўства. Часта паўтараў, што «вучэнне – свет, а невучэнне – цемра». Дзецям імкнуўся даць адукацыю, асабліва дзяўчынкам. Лічыў, што дочкі, скончыўшы школы, змогуць зарабляць сабе на хлеб, і галоўнае – без пасагу выйдуць замуж. Так пазней і сталася. Адна з дачок, Кацярына, ужо за савецкім часам, выкладала ў Бярозе рускую мову і літаратуру. Сярод трох сыноў не вучыўся толькі старэйшы, Антон. Ён дапамагаў па гаспадарцы, працаваў на розных работах. У 1910 годзе быў прызваны ў царскую армію. Служыў матросам, а затым да пенсіі працаваў стрэлачнікам на чыгуначнай станцыі ў Мурманскай вобласці. Сярэдні сын Ілья першы крок да ведаў зрабіў у Раснянскай школе Брэсцкага павета, але праз год быў вымушаны яе пакінуць. Працаваў чорнарабочым на гуце, памочнікам каморніка ў лясніцтве. У 1913 годзе сямейныя абставіны палепшыліся, і хлопец паступіў у Свіслацкае гарадское вучылішча. Днём з задавальненнем спасцігаў школьныя прадметы, а штовечар працаваў рабочым у пякарні, бо выдаткаваных бацькам грошай не хапала нават на вельмі беднае харчаванне і аплату кватэры.

Невядома, кім бы стаў Ілья, каб не Першая сусветная вайна. Улетку 1915 года, калі ўжо да лясной глушы добра даносіліся гукі гарматаў, бацька вырашыў ехаць з сям’ёй у Расію да свайго былога аднапалчаніна, з якім зрэдку перапісваўся. Так Галкіны (хутчэй за ўсё, пад уздзеяннем рускай мовы прозвішча трансфармавалася з Галка [Галко] у Галкін. – «КГ») трапілі ва Уладзімірскую губерню. Пачаўся новы перыяд у жыцці сямнаццацігадовага Іллі. Сваю вучобу ён прадоўжыў у Каўроўскім Вышэйшым пачатковым вучылішчы. Гэта быў час народных хваляванняў, якія тут, у цэнтры імперыі, былі больш шырокімі.

Лютаўская рэвалюцыя 1917 года дайшла і да прамысловага горада, у якім падзенне самадзяржаўя віталі ўсе – ад рабочых да рэспектабельных дэпутатаў гарадской думы і земскіх чыноўнікаў. Вялікая маса людзей выходзіла на вуліцы з чырвонымі бантамі на грудзях і крычала «Няхай жыве свобода!». Штодзень праходзілі мітынгі. Народ аднолькава апладзіраваў усім выступоўцам: бальшавіку, эсэру, меншавіку, анархісту. Кастрычніцкія падзеі ў пралетарскім павятовым горадзе прайшлі без кровапраліцця. Вуліцы запоўніліся дэманстрантамі, якія распявалі «Смело, товарищи, в ногу!». Мяняліся настроі і перакананні. Малады Галкін не вельмі разбіраўся ў тым, што адбываецца ў краіне, якія змены ў грамадскім строі прынясуць гэтыя дзве рэвалюцыі. Ён не маршыраваў пад аркестр у калонах, а быў простым назіральнікам. Парада дырэктара вучылішча, які заклікаў юнакоў «не губляць дарагі час, а вучыцца», уздзейнічала на Іллю больш, чым агітацыя рэвалюцыйных актывістаў. Яго час рашучых дзеянняў яшчэ не наспеў.

Пасля заканчэння вучылішча юнак не быў прызваны на вайну і таму паступіў у чыгуначнае тэхнічнае вучылішча. Вучоба перамяжоўвалася з практыкай. Працуючы падручным сталярнага, кавальскага, ліцейнага цэхаў, ён пачаў сталець і асэнсоўваць сваё сацыяльнае становішча. Пачало фармавацца пачуццё супольнасці, адказнасці. Прыйшоў час чытаць Ф. Дастаеўскага, творы якога прымусілі задумацца аб духоўных каштоўнасцях.

Пошук свайго месца ў жыцці прывёў Іллю ў Іванава-Вазнясенскі політэхнічны інстытут на адзяленне агранаміі – захацелася быць бліжэй да зямлі. Але праз тры месяцы вучобы Галкін разам з сябрам уступіў у рады Чырвонай Арміі і трапіў на Усходні фронт, на разгром Калчакаўскай арміі. Гэта быў асаблівы, ключавы этап у фармаванні свядомасці былога пушчанца.

Вольга МАКАРЧУК

(Далей чытайце ў №№ 35 – 36 “Краязнаўчай газеты”)

Папярэднi артыкулЗгадка і прабачэнне
Наступны артыкулУзнагароды да прафесійнага дня
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам