Гісторыя Агратурызм Рэпартаж з запаведніка міфаў

Рэпартаж з запаведніка міфаў

-

- Рэклама -

Русалкі, Цмок, Валасянік ды іншыя на ахове беларускай прыроды

 Бадай, многія ведаюць, што беларускі Дзед Мароз жыве ў Белавежскай пуш­чы, па народныя жарты варта ехаць у Вялікія і Малыя Аўцюкі Калінкавіцкага раёна, айчынны цмок жыве ў Лепелі… Да гэткіх мясцінаў з устойлівымі асацыя­цыямі нядаўна дадаўся Бярэзінскі біясферны запаведнік. Ад нядаўняга часу тут пасяліліся персанажы беларускай міфалогіі. А пры канцы чэрвеня ўрачыста ад­крыты Музей міфаў; ён разам з міфалагічнай экасцяжынай і сонечнай электра­станцыяй уваходзіць у Цэнтр міфалагічнага турызму, што працуе ў запаведніку.

Цягам паўтара года ініцыятарам дапамагалі розныя арганізацыі і ўста­но­вы. Галоўным рухавіком стала грамадскае аб’яднанне «Адпачынак у вёсцы». На­па­ча­тку дапамагала рэкламнае агенцтва «Нэф», потым далучыліся «Беларусь­нефть». Дырэктар запаведніка Андрэй Пракошын так тлумачыць новую ініцыятыву:

– Праз расповед пра міфічных істотаў мы імкнуліся развіць у людзей па­чуц­цё беражлівага стаўлення да прыроды. Гэта яшчэ адзін інструмент, які мы ска­рыс­тоўваем, каб павысіць граматнасць насельніцтва, інструмент экалагічнай асветы.Чытаць далей…

На ўрачыстасць завіталі мясцовыя жыхары, прадстаўнікі арганізацыяў, што спрычыніліся да ініцыятывы, а таксама замежныя фундатары. Цэнтр створаны БГА «Адпачынак у вёсцы» і Бярэзінскім біясферным запаведнікам у рамках маштабнага праекта «Садзеянне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай эканомікі”», што фінансуецца ЕС і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН) у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.

Пад час адкрыцця Валерыя Кліцунова, кіраўнік «Адпачынку ў вёсцы», распавяла:

– Ідэя музея нарадзілася ў запаведніку. Спачатку тут з’явіўся Балотнік, по­тым маладыя спецыялісты захацелі праз міфы распавесці аб прыродзе і аб яе ахове. За паўтара года былі ўзлёты й падзенні, спрэчкі… Мы хацелі нешта не­звычайнае, бо міфы візуалізаваць складана. Спадзяемся, што асяроддзе, сім­ва­лы і гукі дапамогуць стварыць свой вобраз кожнае міфалагічнае істоты. З часам створым карту сакральных мясцінаў гэтага рэгіёна, будзе ўдасканальвацца Цэнтр.

А кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын зазначыла:

– Я лічу, што гэта цудоўная ідэя, і няма тут нічога вар’яцкага, абсурднага. Трэба вяртацца да сваіх каранёў, да гісторыі, паданняў свайго народа, каб буда­ваць разам будучыню. «Зялёная эканоміка» – гэта спалучэнне эканамічнага росту і аховы навакольнага асяроддзя, гэта меры, якія прадпрымаюцца адначасова дзе­ля павышэння эканомікі і захавання прыроды ў належным стане. Вельмі важ­на, каб і турызм меў устойлівы характар, каб не разбураліся месцы, куды пры­яз­джаюць турысты. Я паводле адукацыі гісторык і надаю вялікае значэнне заха­ван­ню культурнай спадчыны. Мы знаходзімся вельмі блізка адно да аднаго, бо многія міфы і паданні з’яўляюцца агульнымі для многіх народаў. Еўрасаюз лічыць, што неабходна захоўваць культурную спадчыну, карыстацца ёй, памнажаць яе.

Яе падтрымаў і намеснік пастаяннага прадстаўніка ПРААН у нашай дзяржаве Закары Тэйлар:

– Гэты праект грунтуецца на тым, што ў Беларусі атрымліваецца найлепей: паказаць сваю цудоўную прыроду і сваю гасціннасць. ПРААН з радасцю гатовае працягваць супрацоўніцтва ў галіне аховы прыроды з Беларуссю.

Сваё вітанне даслала і першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна (яго зачытала Наталля Марач). Адзначаецца, што «менавіта асабліва ахоўваемыя тэрыторыі, дзе сканцэнтраваная біялагічная і ландшафная разнастайнасць, выклікаюць найбольшую цікавасць для развіцця экалагічнага турызму. Пры канцы мінулага года зацверджаны план дзеянняў па развіцці “зялёнай эканомікі” ў Рэспубліцы Беларусь да 2020 г. Акрамя гэтага, экалагічны турызм – моцны адукацыйны інструмент, які не толькі распаўсюджвае інфармацыю, але і вядзе да ўсведамлення каштоўнасці прыроднай спадчыны дзяржавы».

muzej-mifau_01 muzej-mifau_03 muzej-mifau_04 muzej-mifau_05 muzej-mifau_06 muzej-mifau_07 muzej-mifau_08 muzej-mifau_09 muzej-mifau_10 muzej-mifau_11 muzej-mifau_02 muzej-mifau_12 muzej-mifau_13 muzej-mifau_14Пасля ўрачыстага адкрыцця пачаліся экскурсіі. Пакуль адна група ішла ў но­вы музей, іншая праходзіла экалагічную сцяжыну. Нашым правадніком па міфа­лагічнай сцежцы была Святлана Памяцко. Напачатку шляху яна патлумачыла:

– Падзелу ў беларускай міфалогіі на благіх ці добрых істотаў не было. Усе персанажы – нейтральныя. І благімі яны маглі быць толькі таму, што ахоўвалі тую тэрыторыю, дзе жывуць (балота, луг, поле ці лес). Калі чалавек нёс з сабою штосьці злое, натуральна, маглі нападаць, блытаць шляхі…

На сцяжыне (што цягнецца прыкладна 5 кіламетраў, вандроўка на 2 гадзі­ны) усталяваныя 17 інсталяцыяў: Цмок, Асілак, Аржавень, Вужыны Кароль, Пуш­чавік ды іншыя. А то раптам з-за дрэваў выйдзе Мядзведзь з расповедам, што ён быў чалавекам, ды сквапнасць загубіла, Валасень запросіць каля сваёй хаціны патанцаваць пад дуду, на свой лёс пажаляцца русалкі, якія грэюцца на галінах дрэва… Зрэшты, не буду расказваць усяго – неспадзевак на вас! Толькі папярэджу. Трасцу не ўгнявіце! А Балотнік з Кікімарай калі й не зацягнуць у багну ці нетры, то хаця фокусамі ды нечаканкамі будуць здзіўляць (прычым, могуць быць і пазасцэнарныя імправізацыі: у дзень адкрыцця Балотнік знайшоў вужаку, дык і яна стала своеасаблівым персанажам прадстаўлення).

А ў музеі правадніком стаў Зміцер Скварчэўскі – навукоўца, які займаецца беларускаю міфалогіяй. Ён навуковы кансультант Цэнтра міфалагічнага турызму. Спн. Кліцунова яго называе «камертонам, які не даваў усёй камандзе скочвацца ў папсовасць, у прыдумкі». З. Скварчэўскі не толькі добра ведае нашую міфалогію, але і здатны гэта цікава і даходліва распавесці, што рабіў не толькі ў музеі, але і ў аўтобусе па дарозе на Лепельшчыну.

Музей міфаў мае тры залы. У аснове канцэпцыі ляжыць Сусветнае дрэва. У беларусаў ніжні свет не быў пеклам. Гэта месца, куды сыходзяць продкі, гэта Маці-Зямля; адсюль мы выйшлі, і туды вернемся. Свет людзей – тое, што існуе цяпер. А нябёсы адрозныя ад паняцця многіх народаў. У нас не было вялікага пантэона багоў-небажыхароў. Нябёсы – гэта вырай, куды ляцяць нашыя пералётныя птушкі.

Таму першая зала – свет людзей, распавядае пра традыцыйныя каляндар­ныя святы, абрады, вераванні. Другая – падзем’е, цемра, валадарства змеяў ды Вужынага Караля. Апошняя зала – неба, вырай. У кожнае зале чакаюць свае цікавыя расповеды, гукі, светлавыя эфекты, а таксама ўрыўкі з радыё­спектакля паводле п’есы Васіля Дранько-Майсюка.

Потым, ужо на прэс-канферэнцыі, спн. Віктарын зазначыла:

– Для мяне вельмі важна захоўваць спадчыну і памяць аб нашай гісторыі. А таксама – інтэрпрэтаваць іх. І я пабачыла гэта і ў музеі, і пад час экскурсіі. Мне спадабаліся русалкі, спадабаўся Валасянік, з якім мы танцавалі, а таксама стары чалавек са змяёй (па шчырасці, я болей глядзела не на яго, а на змяю). ЕС (як і ААН) імкнецца дапамагаць палепшыць жыццёвы ўзровень вашых грамадзянаў. Можна казаць шмат доўгіх прамоваў – а можна зрабіць усё больш жыва, дынамічна. Тут ёсць імкненне спалучаць эканамічныя асновы з экалагічнымі.

Прадстаўнік ПРААН у Беларусі Ігар Чульба зазначыў, што «праект у надзейных руках, а ранейшыя набыткі захоўваюцца, прыкладам, той жа конкурс дзіцячых сачыненняў і малюнкаў – цяпер працы знаходзяцца ў Доме экалагічнай асветы ў Бярэзінскім запаведніку, і іх бачаць усе».

– Любая ініцыятыва згасне, калі яе не развіваць, – сказаў сп. Пракошын. – Таму далей мы будзем развіваць, удасканальваць Цэнтр міфалагічнага турызму. Праз расповед пра міфічных істотаў мы імкнуліся развіць у людзей пачуццё бе­раж­лівага стаўлення да прыроды. Гэта яшчэ адзін інструмент экалагічнай асветы.

На пытанне вашага карэспандэнта пра магчымасць самастойна наведваць но­вы цэнтр дырэктар запаведніка адказаў, што, праязджаючы непадалёк, можна за­вітаць і сюды. Праўда, экскурсія будзе іншаю, праводзіцца спецыялістамі, экс­кур­саводамі без артыстаў-аніматараў. Будзе распрацаваны стандартны фармат экскурсіі, якая будзе не менш цікаваю, відовішчнаю, спазнавальнаю, абяцаюць арганізатары.

Другое пытанне было пра адаптацыю тэмы для замежных гасцей, на роз­ных мовах. Бо адна справа распавядаць пра беларускае па-беларуску, іншая – зра­біць гэта адметна, з захаваннем асаблівасцяў, па-англійску, па-польску, па-руску…

– Мы не выпісваем перакладчыкаў з Мінска, – адказаў Андрэй Міхайлавіч. – Сёння нашыя спецыялісты, якія працуюць у турыстычным аддзеле, валодаюць многімі замежнымі мовамі (французская, англійская, нямецкая, польская). Акурат сёння я размаўляў з людзьмі, якія валодаюць англійскай мовай, былі і замежнікі. Яны адзначылі, што нашая супрацоўніца цудоўна правяла экскурсію па Музеі прыроды, выдатна валодала нашая супрацоўніца тэрмінамі, спецыяльнымі ведамі і фармулёўкамі. Нават магла пра тое распавядаць з гумарам. А міфалогія – такая ж спецыфіка, як і прыродная. Таму праблемаў з гэтым не будзе.

У працяг Валерыя Анатольеўна дадала:

– Нашыя гіды англамоўныя і нямецкамоўныя сказалі: сёння мы не будзем весці экскурсію, бо тэрміналогія – надзвычай складаная рэч. Яны будуць над гэтым працаваць. Шукаем паралелі, адэкватныя словы. Усе гэта ўсведамляюць.

Не абышлося свята без падарункаў. Актыўны ўдзел у адкрыцці браў музыка і этнограф Алесь Лось – іграў на вырабленай ім дудзе. Яе і падараваў музею.

– Міфалогія – гэта не самамэта, гэта ключык да спасціжэння нас саміх на на­шай зямлі, сярод нашых землякоў, суседзяў. Адным з такіх фактраў з’яўляецца дуда, – зазначыў творца. – Гэты інструмент зроблены паводле прапорцыяў дуды Хведзькі Цеханаўца, які жыў тут, у Домжарыцах. Быў у вёсцы і яшчэ адзін дудар. І ў суседніх – па адным, па два. Гэтая дуда характэрная акурат для гэтых мясцінаў. Я лічу, што інструменты – шлях да спазнання нашай культуры. Таму гэтая дуда, пад якую сёння танчылі вельмі цікавы «крывы танок», застаецца тут, у Музеі міфаў.

Пры канцы адзначу: калі ў краіне з’яўляецца музей (ці іншая кропачка), звязаны з беларускаю гісторыяй, даўніною – гэта варта вітаць. І пабачыць. Тым больш, новы музей мае цікавы слоган: «Мы маем міфы». На якім слове не рабі націск – усё дае гонар за краіну, за продкаў, нясе надзею наступнікам. Для Лепельшчыны ж гэта і ўвогуле выдатны набытак. Пад час урачыстасцяў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Аксяновіч сказаў, што ў Віцебскай вобласці Лепельскі раён у экспарце турыстычных паслугаў займае 25%. Няхай Цэнтр міфалагічнага турызму стане новаю прыцягальную кропкаю адметнасці беларускай прыроды.

 Уладзімір ПУЧЫНСКІ, фота аўтара

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам