Гісторыя Агратурызм Скарбніца ведаў і традыцыяў

Скарбніца ведаў і традыцыяў

-

- Рэклама -

Ганненскі кірмаш прасоўваюць у бібліятэцы

25 гадоў запар Нацыянальная бібліятэка Беларусі праводзіць рэспубліканскі конкурс «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры». Так выяўляюцца крэатыўныя формы працы, наватарскі падыход да бібліятэчнай справы, інавацыйныя ідэі і праекты. А робіцца гэта ўсё дзеля захавання багатай нацыянальнай спадчыны – мовы і літаратуры, гісторыі і традыцыяў. Штогод удзел у конкурсе прымаюць бібліятэкі Зэльвенскага раёна – і, трэба сказаць, даволі паспяхова. Сёлета на рахунку супрацоўнікаў аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі чарговая перамога: у намінацыі «Пошукавая і даследчая праца» зэльвенцы былі прызнаныя лепшымі ў краіне.

Чытаць далей…

Кожны край мае самабытную і непаўторную гісторыю, культурную і прыродную спадчыну. Вывучэнне мінулага дазваляе ўзнавіць карціну жыцця нашых продкаў, паказаць вытокі сучаснасці. Зэльвенцы беражліва ставяцца да старадаўніх традыцыяў і звычаяў, таму святы на нашай зямлі заўсёды праходзяць цікава і запамінальна. Гэта пацвярджае знакаміты Ганненскі кірмаш, у падрыхтоўцы якога ўдзельнічаюць прадстаўнікі сярэдняга і малога бізнесу, арганізацыі, прадпрыемствы, установы раёна, а таксама і нашая бібліятэка.

Пасля доўгага перапынку Ганненскі кірмаш ладзіўся ў 2001, 2002 і 2004 гг. У 2010 г. раён быў выбраны як пілотная пляцоўка для рэалізацыі сумеснага праекта Праграмы развіцця ААН і Еўрапейскага саюза «Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні». Праект правядзення кірмашу трапіў у лік пераможцаў, і ПРААН выдаткавала на яго здзяйсненне 18 мільёнаў рублёў (цяпер 1 800 рублёў). З 2012 г. Ганненскі кірмаш ладзіцца кожны год.

Адраджэнне кірмашовых традыцыяў павялічыла цікавасць да гістарычных вытокаў, і супрацоўнікі Зэльвенскай бібліятэкі пачалі збіраць і сістэматызаваць гістарычныя звесткі. Іх пошук і даследаванне вядзецца з 1996 г.

У асноўным фонд краязнаўчых дакументаў, прысвечаных Ганненскаму кірмашу, фармуецца з апублікаваных і неапублікаваных дакументаў. Дэфіцыт інфармацыі супрацоўнікі кампенсуюць тым, што ствараюць буклеты, дайджэсты, бібліяграфічныя спісы, зборнікі вершаў і тэматычныя папкі «Здалёк купцоў склікала Зэльва» і «Зэльвенскі кірмаш – гонар наш», «Ганненскі кірмаш у СМІ», што дапамагае адказваць на краязнаўчыя запыты.

Не спыняецца праца па вывучэнні архіўных дакументаў. Гістарычныя звесткі бібліятэкары імкнуцца знайсці ў архівах, фондах мясцовых краязнаўчых музеяў. Дзякуючы працы з дакументамі была створаная хроніка правядзення свята, сабраныя і сістэматызаваныя дакументальныя звесткі аб яго арганізатарах і фундатарах. Выяўленая інфармацыя была адлюстраваная ў самаробнай кнізе «История возникновения и традиции Анненской ярмарки».

Аб запатрабаванасці тэмы Ганненскага кірмашу сведчыць колькасць зваротаў чытачоў да яе – за год бібліятэка дае прыкладна 150 даведак. У апошні час запыты паглыбіліся і сталі больш канкрэтнымі. Чытачоў цікавяць як краязнаўчыя выданні, так і інфармацыя з розных крыніцаў аб тым, якую ролю кірмаш адыгрываў ва ўнутраным гандлі Гродзенскай губерні, яго тавараабарот, гістарычныя факты з кірмашовага жыцця.Hannenski_kirm2

Для больш поўнага задавальнення запытаў карыстальнікаў быў створаны своеасаблівы банк інфармацыі. Ён уключае ў сябе традыцыйную папяровую картатэку «Ганненскі кірмаш», электронныя папкі са звесткамі: архіў працаў навукоўцаў, якія ў розныя гады прымалі ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях пад час кірмашу; відэаматэрыялы – асабістай генерацыі і знойдзеныя ў інтэрнэце; спасылкі на інтэрнэт-публікацыі пра Ганненскі кірмаш у розныя гады; фотаздымкі Ганненскага кірмашу з 2010 г.

Ствараюцца бібліяграфічныя паказальнікі. У дайджэсце «Ганненскі кірмаш» адлюстраваныя ў храналагічнай паслядоўнасці матэрыялы перыядычнага друку з 1996 г. Цяпер ствараецца наступны выпуск дайджэста, які змесціць артыкулы перыядычнага друку з 2016 г.; складаецца бібліяграфічны спіс літаратуры «Новае дыханне Ганненскага кірмашу» і інш.

Тэматычныя выстаўкі – адна з самых эфектыўных формаў нагляднай працы з краязнаўчымі звесткамі. Кніжная выстаўка «Фарбы Ганненскага кірмашу», выстаўка-экспазіцыя «Гэй вы, коні, мае коні», відэаагляд «Фестиваль “Анненская ярмарка” в зеркале периодики» спрыялі таму, каб друкаваныя выданні, даведнікі не залежваліся на паліцах, а апынуліся ў полі зроку карыстальнікаў.

Для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй кірмашу, летась на сайце Зэльвенскай раённай бібліятэкі (zelvacbs.by), была створаная краязнаўчая старонка «Ганненскі кірмаш». На ёй прадстаўленая не ўся інфармацыя па тэме, а толькі тая, што сёння пераведзеная ў электронны варыянт. Цікавасць да старонкі пацвярджаецца колькасцю наведванняў – за жнівень 2016 г. іх было больш за 3 000.

Вельмі важна сёння ведаць і правільна інтэрпрэтаваць сваю гісторыю. Постаці Сапегаў, Радзівілаў і іншых магнатаў заўсёды прыцягвалі ўвагу вучоных, але іх роля ў гісторыі ацэньваецца часам вельмі палярна. Таму стала традыцыяй пачынаць Ганненскі кірмаш навукова-практычнай канферэнцыяй, якая дапамагае праліць святло на невядомыя многім факты правядзення зэльвенскіх кірмашоў у мінулыя стагоддзі.

Супрацоўнікі аддзела бібліятэчнага маркетынгу наладжваюць сувязі з навукоўцамі: дамаўляюцца аб удзеле, збіраюць падрыхтаваныя матэрыялы для папаўнення архіва і далейшага выкарыстання ў працы. За час правядзення канферэнцыяў аб сваіх даследаваннях распавядалі навукоўцы і краязнаўцы-аматары з Брэста, Гродна, Мінска, інфармацыя пра гэта змешчаная ў даведніку «Ганненскі кірмаш: навукова-даследчая дзейнасць».

Склалася зваротная сувязь з навукоўцамі. Выяўленню новых матэрыялаў дапамагаюць загадчык аддзела гісторыі Беларусi сярэднiх вякоў i пачатку новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі Валянцін Голубеў, загадчык аддзела крыніцазнаўства і археаграфіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Доўнар, дактарант кафедры новай і найноўшай гісторыі гістарычнага факультэта БДУ Сяргей Токць і іншыя. У выніку сумеснай працы бібліятэкары стварылі краязнаўчы нарыс «Листая страницы эпох… История Анненской ярмарки», буклеты «Яўстах Севярын Сапега – нашчадак дзярэчынскай мінуўшчыны» і «Загінуў, вяртаючыся ў Дзярэчын: старонкі жыцця князя Аляксандра Сапегі». Акрамя таго штогод навукоўцы робяць цікавыя прапановы па «раскрутцы» зэльвенскага брэнда, некаторыя з іх ужо здзейсненыя.

Па выніках навукова-практычных канферэнцыяў 2013 і 2014 гг. краязнаўчыя фонды зэльвенскіх бібліятэк папоўніліся зборнікам артыкулаў «Ганненскі кірмаш. Мінулае, сучаснае, будучае», прэзентацыя якога адбылася пад час кірмашу ў 2015 г. У кнізе прыводзяцца цікавыя фактаграфічныя звесткі. Так, у невялікіх мястэчках не было паліцыі. На час правядзення Ганненскага кірмашу стваралася часовая паліцыя пад старшынствам мясцовага земскага спраўніка. Ці вось яшчэ адна вартая ўвагі праца – «Рынкавая плошча Зэльвы. Сацыятапаграфічнае развіццё ў часы Сапегаў (канец ХVІІ – першая палова ХІХ ст.)». Даследчыкі прасачылі развіццё рынкавай плошчы і вуліцаў Зэльвы. У 1616 г. рынкавы пляц займаў каля 900 кв. м. Вакол плошчы знаходзілася 16 мяшчанскіх сядзібаў. Вуліцаў у мястэчку на той час было толькі тры – Ваўкавыская, Дворная і Мяжэрыцкая, усе яны пачыналіся ад плошчы. У інвентары 1631 г. па-ранейшаму згадваецца тры вуліцы, а ў 1815 г. – ужо восем. Назвы вуліцаў кажуць самі за сябе: Слонімская вяла праз раку Зальвянку на Слонім, Ружанская мела брэсцкі накірунак, Касцельная і Царкоўная вялі да храмаў, Дворная – у палац Сапегаў, што размяшчаўся ў раёне сённяшняга мікрараёна «Паўночны» ў Зэльве. Уладальнікамі сядзібных пляцаў на плошчы былі продкі сённяшніх Горбачаў, Геніюшаў, Жукоў, Казлоўскіх, Крамнікаў, Путрэшаў, Рудых, Русакевічаў, Сакалоўскіх, Язерскіх… Такім чынам, кніга «Ганненскі кірмаш…» – выдатная крыніца інфармацыі для ўсіх, хто хоча даведацца пра Зэльву ў даўнія часы, пра гісторыю ўзнікнення і развіцця кірмашу, пра генеалогію роду Сапегаў, іх гісторыка-культурную спадчыну.

Як распавёў на канферэнцыі ў 2015 г. Аляксандр Суша, намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, уявіць жыццё любога магнацкага роду без бібліятэкі немагчыма. Усебакова адукаваныя людзі, Сапегі стагоддзямі збіралі лепшае з тагачаснай сусветнай літаратуры. Інтэнсіўнымі пошукамі раскіданага па свеце кнігазбору Сапегаў займаецца Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Большасць кніжнага багацця магнатаў знаходзіцца ў Літве, Польшчы, Расіі, Украіне. На вялікі жаль, ніводнага рэпрынтнага выдання з кнігазбору Сапегаў у музейным пакоі Ганненскага кірмашу пакуль што няма, але надзею займець яго мы не страчваем.

Музейны пакой Ганненскага кірмашу быў адкрыты ў 2016 г. Яго стварэнню папярэднічала руплівая праца па збіранні экспанатаў, фотаматэрыялаў ды інш. Многія дакументы з бібліятэчнага архіва апынуліся ў музейным пакоі, адмыслова для яго бібліятэкары стварылі серыю буклетаў «Імгненні кірмашу…» – яны ўтрымліваюць інфармацыю аб храналогіі свята, арганізатарах, фундатарах і творчых калектывах, якія выступілі на святах.Hannenski_kirm

Частка экспазіцыі пакоя апавядае аб мінулым Ганненскага кірмашу. Тагачаснае ўбранне шляхты, гербы роду Сапегаў, прадметы ўжытку – усё нагадвае аб XVIII стагоддзі, адкуль бярэ свой пачатак кірмаш. Адзін з раздзелаў прысвечаны коням – галоўнаму аб’екту таргоў у Зэльве.

Даследчая праца бібліятэкараў дапамагла мастаку-афарміцелю стварыць экспазіцыю герба роду Сапегаў, схему планіроўкі тагачаснай Зэльвы ў 1832 г.

Дакладна вядома, што сярод шматлікіх тавараў, якія пастаўляліся на кірмаш, было нямала кніг. Так, на адзін з іх было прывезена «сто пудоў кніг»! Гэтую традыцыю прадоўжылі бібліятэкары ў «Павільёне даведак», дзе прапаноўвалі зборнікі вершаў, календары, буклеты, паштоўкі. У 2016 г. можна было набыць і сімвал Ганненскага кірмашу – сувенірнага коніка, зробленага рукамі супрацоўнікаў аддзела бібліятэчнага маркетынгу.

Унёсак у падрыхтоўку свята бібліятэкары зрабілі, калі арганізоўвалі выстаўкі дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, фотавыстаўкі, працавалі ў інфармацыйных кіёсках. Таксама на кірмашы традыцыйна ладзяцца літаратурныя імпрэзы: паэтычная гасцёўня «Збіраю я краіну па радках…», вечар паэзіі «Мая маленькая радзіма, што Зэльваю завецца», прэзентацыя зборніка «Ганненскі кірмаш. Мінулае, сучаснае, будучае». Летась адбылася літаратурная сустрэча з Уладзімірам Мазго, сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі, мясцовымі творцамі Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ Пятром Сямінскім, Дзмітрыем Радзівончыкам, Тамарай Мазур, Ірынай Данік, Валянцінам Семянякам і інш.

М. Кніга, намеснік дырэктара Зэльвенскай раённай бібліятэкі

P.S. З 2015 г. мы шукаем партрэт Антонія Казіміра Сапегі. Супрацоўнікі аддзела бібліятэчнага маркетынгу звярталіся ў Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы, у Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Нацыянальную бібліятэку Беларусі, да мясцовых краязнаўцаў, яны не губляюць надзеі знайсці новыя, раней невядомыя факты з гісторыі Ганненскага кірмашу.

Папярэднi артыкулФотазгадка пра класіка
Наступны артыкулПамятаем і шануем
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам