Гісторыя Агратурызм Слова бібліятэкара ў падтрымку роднай мовы

Слова бібліятэкара ў падтрымку роднай мовы

-

- Рэклама -

Каб беларусам звацца, роднай мовы не трэба цурацца!

19 гадоў запар люты на календары вызначаецца Міжнародным днём род­най мовы. Сёлета 21 лютага навінныя перадачы ўсіх тэлеканалаў Беларусі вый­шлі на беларускай мове, чым прыемна парадавалі. Аднак на наступны дзень усё вярнулася на ранейшы рускамоўны лад. Рэальная на сённяшні дзень сітуа­цыя: руская мова, якая ў 1995 г. была абвешчаная другой дзяржаўнай мовай Рэс­пуб­ліцы Беларусь, неўпрыкмет стала фаварытнай.

Японскі славіст Курода (Руносукэ Курода з Токіа склаў і выдаў «Японска-беларускі і беларус­ка-японскі слоўнік» на 1500 словаў; гэта першы беларуска-іншамоўны слоўнік, складзены небеларусам і неславянінам. – «КГ») пісаў пра нас, беларусаў: «Не разумею я гэтай ціхай і за­гад­кавай краіны, жыхары якой грэбуюць сваёй мовай». Пры такім стаўленні ў людзей фармуецца разуменне беларускай мовы і літаратуры як чагосьці другаснага. Мова выціснутая з ужытку ў побыце, адукацыі, у прафесійным асяродку; і спрацоўвае прынцып: «Калі неабавязкова, то і навошта»… Адсутнічае натуральнае моўнае асяроддзе: урок беларускай мовы ў школе 1 раз на тыдзень, а для дзіцяці, якое фактычна больш мову нідзе не чуе, гэта вельмі мала. Родная мова абмежаваная ў нашай інфармацыйнай прасторы – на тэлебачанні і радыё. У жыцці бытуе прас­та­моўе (нават трасянка – спроба паяднаць у адну дзве мовы, якія, нягле­дзячы на падабенства, маюць абсалютна розныя моўныя сістэмы). Мы жывем у непісь­мен­ным навакольным асяроддзі: шмат памылак на шыльдах, у рэкламе… Патра­ба­ванні да агульнай культуры і культуры маўлення ў грамадстве вельмі знізіліся. Сёння нашай асноўнай праблемай з’яўляецца тое, што стала не сорамна пісаць і гаварыць з памылкамі. Інтэрнэт не спрыяе культуры маўлення, тут пануе элемен­тарная непісьменнасць. У сеціве няма аўтарытэтнай інфарма­цыйна-даведачнай крыніцы. Раней слоўнікі былі ў любой установе, дзе пісалі і гаварылі па-беларус­ку, цяпер навошта корпацца ў слоўніку, калі праз «Гугл» усё можна перакласці, і карыстальнік асабліва не сумняваецца, правільна ці не.Чытаць далей…

Між тым, узгадаем жыццёвую аксіёму: мова – фактар яднання нацыі. Зна­чыць, узнікла неабходнасць мэтанакіравана ствараць моўнае асяроддзе, каб у мо­ладзі і дарослых укаранілася патрэба карыстацца роднай мовай і пашыраць яе ўжыванне, знаходзіцца ў асяродку нацыянальнай культуры. Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь, беларуская мова дзяржаўная, а значыць трэба, каб яна гу­чала ў нашай дзяржаве, натуральна ўжывалася сярод розных слаёў насель­ніц­тва – жыла і развівалася. Не мода, не цікаўнасць, а патрэба – рэальнае жыццё бе­ларускай мовы. Нездарма ж А. Міцкевіч называў беларускую мову самай бага­тай і самай чыстай гаворкай. Каб беларусам звацца, роднай мовы не трэба цу­рац­ца! Плён быў бы несумненны, калі б у ранішнім эфіры, калі людзі пад радыё збіраюцца на працу, гучалі 5-10-хвілінныя праграмы «Гаворым па-беларуску пра­вільна». Мусіць працаваць прынцып самасвядомасці: кім сябе чалавек адчувае на гэтай зямлі. Гісторыя – мудры настаўнік. Узгадаем некаторыя гістарычныя факты.

У 1588 г. Леў Сапега аб’явіў беларускую мову дзяржаўнай. Усе тры статуты Вялікага Княства Літоўскага напісаныя на беларускай мове. Да сярэдзіны ХVІІ ст. дакументы ў асноўным афармляліся па-беларуску. Князі карысталіся ёй для дып­ла­матычнай перапіскі. Вялікі князь ВКЛ, князь крэўскі і віцебскі Альгерд добра ве­даў нямецкую мову, але з пасламі крыжаносцаў размаўляў па-беларуску. Росквіт беларускай мовы прыйшоўся на 1-ю палову ХVІІ ст., калі па-беларуску размаўлялі гарады і мястэчкі, на ёй пісаліся кнігі і службовыя паперы, ёю карысталася царква.

У Заходняй Беларусі ў польскіх школах за тое, што дзеці размаўлялі па-бе­ла­рус­ку, білі лінейкай па далоньках. Будучага паэта Валянціна Таўлая ў 1925 г. польскія ўлады выключылі са Слонімскай настаўніцкай семінарыі за тое, што не пажадаў адмовіцца ад беларускай мовы, не збаяўшыся ганенняў. Ды й Між­народ­ны дзень роднай мовы ўзнік па прапанове Бангладэш у гонар 5 студэнтаў, якія 21 лютага 1999 г. загінулі, адстойваючы свае правы вучыцца на роднай мове бангла.

Відавочная ісціна: засваенню роднай мовы спрыяе чытанне беларуска­моў­ных твораў і беларускамоўных перыядычных выданняў. Аналіз чытання на беларускай мове ў бібліятэках Бярэзіншчыны дазваляе прасачыць выкарыстанне беларускамоўнай часткі фондаў і быць аргументам для паляпшэння стану працы па садзейнічанні цікавасці землякоў для роднай мовы і айчыннай літаратуры.

Чытанне твораў айчынных аўтараў у арыгінале – сапраўдная школа мовазнаўства, спасціжэння чыстай літаратурнай беларускай мовы, свед­чан­не патрэбы чытачоў знаходзіцца ў асяродку нацыянальнай культуры. Любому вясковаму бібліятэкару баліць, калі вёска чытае І. Шамякіна або В. Быка­ва па-руску. Усё ж беларуская кніга знаходзіць шлях да чытача: выдача твораў беларускіх аўтараў у сельскіх бібліятэках Бярэзіншчыны за мінулы год склала 21% ад агульнай колькасці выдачы мастацкай літаратуры (у сярэднім 2 кнігі на 1 чытача). Найлепшыя леташнія паказчыкі ў Пагосцкай (4 кнігі айчынных аўтараў на 1 чытача), Лешніцкай (3 – на 1 чытача), Багушэвіцкай, Любушанскай, Ушанскай ( у сярэднім 2 – на 1 чытача).

Сапраўдны гонар вясковых бібліятэк – прыхільнікі беларускай літаратуры. У Пагосцкай бібліятэцы гэта ўрач-стаматолаг Галіна Дылейка. У аграгарадку Багушэвічы радуе мясцовага бібліятэкара сваёй прыхільнасцю да чытання беларускамоўных твораў рабочы сельсавета Васіль Макарэвіч, бібліятэчны заўсёднік з 1985 г. Яго гадавы рэкорд – 35 твораў беларускай літаратуры, ад класікаў – да сучаснікаў.

У Лешніцкай бібліятэцы захапляюцца чытаннем беларускіх аўтараў былыя жывёлаводы, цяпер пенсіянеры. Таццяна Маразенка за год прачытала 47 твораў беларускіх аўтараў, з іх 32 – па-беларуску, сваю прыхільнасць да чытання перадала дачцы Анжэле. Ганна Жукоўская прачытала 31 твор беларускіх аўтараў, кожны другі – на мове арыгінала. У аграгарадку Любушаны ставіць рэкорды па чытанні твораў беларускіх аўтараў пенсіянер Міхаіл Цэдрык, у вёсцы Мачаск – Ніна Верамейчык. Пенсіянерка з аграгарадка Уша Тамара Магілёўцава, былая перадавая ткачыха Мінскага тонкасуконнага камбіната і работніца швейнай фабрыкі ў Жодзіне, узнагароджаная ордэнам Працоўнай Славы, здзіўляе мясцовага бібліятэкара сваімі чытацкімі рэкордамі, у пераважнай большасці – па-беларуску. Бібліятэкары былымі не бываюць, да кніг цікавасці не губляюць! Колішні работнік Ушанскай бібліятэкі Фаіна Шумская, жыхарка вёскі Калюжыца, маці героя-афганца, летась мела 16 «асабістых сустрэчаў» з героямі твораў беларускіх пісьменнікаў.

Жыхарка аграгарадка Уша, былая руплівіца мясцовага калгаса Валянціна Канд­ранцова лічыць, што добрая кніга заслугоўвае, каб яе перачытвалі. Жанчына любіць перачытваць і знаходзіць новыя аспекты ў творах І. Сяркова, В. Быкава, М. Лынькова, І. Шамякіна, С. Грахоўскага, У. Ліпскага, Л. Левановіча. Летась чы­тач­ка здзейсніла 25 такіх сустрэчаў-дыялогаў з любімымі аўтарамі і героямі іх кніг.

На жаль, няма такіх уражальных прыкладаў сярод вясковых настаўнікаў, мо­ладзі і падлеткаў. Бадай, шчаслівае выключэнне – школьнікі аграгарадка Па­гост, дзе бібліятэка размешчаная на тэрыторыі школы, і пераважную большасць яе карыстальнікаў складаюць школьнікі: на кожнага за год даводзіцца 23 выданні.

Відавочная праблема апошняга часу: элементарныя пытанні пра беларускую кнігу выклікаюць цяжкасці ў сучаснікаў. Паспрабуйце папрасіць прадстаўнікоў так званай культурнай эліты назваць, напрыклад, 5 твораў Быкава ці 5 сучасных беларускіх пісьменнікаў. Ці не таму нават супрацоўнікі нашага тэлебачання то націск не там паставяць, то няправільна прозвішча «вядомага» пісьменніка назавуць? Значная частка прадстаўнікоў інтэлігенцыі дэманструе разуменне беларускай літаратуры як чагосьці другаснага, у параўнанні з літаратурамі іншых народаў. Чалавек, які не можа прачытаць 8 радкоў Лермантава, выглядае некультурным. А 8 радкоў Багдановіча здольныя прачытаць вельмі нямногія, нават сярод тых, хто мае вышэйшую адукацыю.

Сёння існуюць педагогі, якія не проста нічога не чытаюць, але і перака­на­ныя, што сучасны настаўнік павінен чытаць толькі так званую грыфаваную літаратуру. Пры гэтым цяжка верыцца ў эфектыўнасць выкладання імі прад­ме­таў. Грыф Міністэрства адукацыі неабходны для падручнікаў, але як можна выкладаць гісторыю роднай краіны і паспрыяць любові вучняў да свайго прадмета, калі выкладчык не чытаў нічога, акрамя падручніка? Бібліятэкары ўсё часцей з некай сарамлівасцю прызнаюцца, што да іх нават настаўнікі-філолагі не прыходзяць пацікавіцца кніжнымі навінкамі. Ці можна папракаць падлеткаў за тое, што яны не любяць чытаць, калі навокал амаль не засталося аматараў чытання, нават у педагагічным асяродку? Якую беларускую кнігу можа параіць настаўнік, які не тое што новую кнігу, часопіс «Полымя» ці «Маладосць», якія выпісвае бібліятэка, ніколі не пагартаў?

Бібліятэка, як ніякі іншы грамадскі інстытут, адчувае моц рэальнага ўздзеяння кнігі на чалавека. Таму важна не згубіць беларускамоўны, кніжны складнік у дзейнасці бібліятэк. З мэтай актывізацыі (стымуляцыі) увагі да бела­рускай мовы і літаратуры ў лютым у сельскіх бібліятэках Бярэзінскага раёна прай­шоў месячнік «Прыгарніся да роднага слова» пад дэвізам «Беларускай кні­зе – вясковую прапіску». Кожны чацвер месяца пазіцыянаваўся як беларус­ка­моў­ны дзень і дзень паглыбленай прапаганды твораў беларускіх аўтараў. Што­дзённа ў вясковых бібліятэках праводзіліся акцыі «Кожнаму чытачу – беларускую кнігу». Практыкаваліся агляды-сюрпрызы «Кніга – падарунак прыхільніку роднай мо­вы», «Твае першыя кніжкі – па-беларуску», «Будзь у фармаце – чытай беларус­кае», «Беларуская літаратура: нам ёсць чым здзівіць чытача». Бібліятэкары звяр­та­лі асаблівую ўвагу наведнікаў на лепшыя мастацкія творы беларускіх пісьменні­каў – юбіляраў месяца (года) С. Алексіевіч, В. Гапеева, М. Гарэцкага, Я. Маўра, А. Бу­тэвіча, У. Арлова, В. Адамчыка, А. Міцкевіча ў час рэкламных акцыяў «Знака­выя кнігі», «Кніга – фаварыт», «Кнігі жадаюць пазнаёміцца», «Эліт-кнігі юбіляра», «Не­за­служана забытыя». Прайшлі сустрэчы-бенефісы з аматарамі чытання беларус­кіх твораў на роднай мове, працаваў лозунг «Прачытаў беларускую кнігу сам – парай іншаму».

Па выніках месячніка Пагосцкая сельская інтэграваная бібліятэка стала лепшым папулярызатарам беларускай мовы і літаратуры. У сярэднім кожны чытач бібліятэкі прачытаў 2 беларускамоўныя выданні і 1,5 – беларускіх аўтараў. Добрыя паказчыкі ў лютым па Ушанскай, Любушанскай, Багушэвіцкай бібліятэках (па 1 беларускамоўным выданні на 1 наведніка бібліятэкі). Запатрабаванасць беларускай кнігі ў бібліятэцы – паказчык таго, як яна падаецца чытачам, на колькі ў іх асэнсаваная і распаўсюджаная патрэба знаходзіцца ў асяродку айчыннай культуры, як бібліятэкар сам ставіцца да роднага слова.

 Тамара КРУТАЛЕВІЧ, загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай ЦРБ

(Цалкам артыкул надрукаваны ў № 11 “Краязнаўчай газеты”)

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам