Гісторыя Агратурызм Спадчына асветніка, паслядоўнікі і лёс беларускай мовы

Спадчына асветніка, паслядоўнікі і лёс беларускай мовы

-

- Рэклама -

Беларускі кнігадрук і беларуская мова пасля Скарыны

 Час скіраваць позірк на прадукцыю беларускіх друкарняў. Гонар стаць ра­дзімай першай, пасля Скарынавых, беларускай друкаванай кнігі на ўласна бела­рускіх землях выпаў старажытнаму Нясвіжу. Тут у 1562 г., дзякуючы старанням удзельнікаў рэфармацыйнага руху С. Буднага, Л. Крышкоўскага, М. Кавячын­ска­га, выдаецца «Катэхізіс». Кніга, вельмі падобная шрыфтам да скарынаўскіх ві­лен­скіх друкаў. Ад свайго ж папярэдніка Скарыны нясвіжскія выдаўцы запазычылі і галоўнае асветніцкае крэда – каму і дзеля чаго пакліканая служыць іхняя праца: «посполитым людемъ языка руского к наказанью и добро­му наученью». Гэта пер­шае і адзінае з дайшоўшых да нашага часу беларускіх выданняў у Нясвіжы. На па­чатку XIX ст. вядомы рускі бібліёграф В. Сопікаў апісаў яшчэ адну, пазней згуб­леную, кнігу С. Буднага «Аб апраўданні грэшнага чалавека». Мяркуючы па тэксце прадмовы, цытаванай Сопікавым, яна таксама друкавалася па-беларуску і пры­свя­чалася Астафію Валовічу, падканцлеру Літоўскаму, які садзейнічаў матэры­яль­на ў заснаванні Нясвіжскай друкарні і абяцаў «на размножение книг доб­рых накладов… не жаловати».Чытаць далей…

На гэтым фактычна і спыняецца служэнне нясвіжскіх асветнікаў непасрэд­на «людзям паспалітым рускага язы­ка». Што стала таму прычынай, невядома. Маж­ліва, і непасрэдным мецэнатам нясвіжскіх друкароў братам Радзівілам не зу­сім да душы прыпаў да іх жа звернуты заклік аўтараў «Катэхізіса» «абы ся ваши княжацкие милости не только в чужоземскихъ языцех кохали, але бы ся тежъ… й того здавна славного языка словенъского розмиловати и онымъ ся бавить рачи­ли». Бо амаль у гэты ж самы час (1563 г.) менавіта Мікалай Ра­дзівіл Чорны сваё «моўнае» замілаванне выказвае іншым спосабам, выдаючы ў Брэсце Біблію на польскай мове. На польскамоўную прадукцыю пераключаецца і Нясвіжская друкарня, дзе ў 1570, 1572 гг. выходзяць біблійныя тэксты ў пера­кла­дзе С. Буднага.

Для асноўнай масы народа ідэі Буднага, як і ўсяе Рэфармацыі, што ішла па Беларусі ў плашчы польскай ці лацінскай граматы, заставаліся недаступнымі. В. Лас­тоўскі, адзін з першых даследчыкаў гісторыі беларускай кнігі, схільны быў ускласці на рэфарматараў ледзь не галоўную, першапачатковую «віну» ў споль­ш­ч­ван­ні беларускага грамадства. Папрок, мажліва, і перабольшаны, бо існавалі і іншыя, не менш істотныя прычыны ўзмацнення паланізацыі. I ў той жа час нельга (дый наўрад ці варта) праходзіць міма сацыяльнага арыстакратызму і яўна кас­ма­палітычнай абыякавасці ідэолагаў-рэфарматараў да нацыянальных умоваў краіны, дзе яны спрабавалі пасеяць зерне сваіх ідэяў.

Гісторык У. Ігнатоўскі адносна сацыяльнай абмежаванасці Рэфармацыі на зем­лях Беларусі слушна заўважыў, што яна не заглыбілася ў народ­ныя нізы, «не абурыла сацыяльных пытанняў…». Відаць, таму праца рэфарматараў не заглы­бі­ла каранёў на беларускай глебе і ў хуткасці была канчаткова нейтра­лізаваная ваяўнічай контррэфармацыяй езуітаў.

I ўсё ж з усяго мноства беларускіх аўтараў XVI – XVIII стст. Будны, здаецца, аказаўся першым і, наколькі вядома, адзіным, хто ў сваіх творах непасрэдна пе­ра­клікнуўся са Скарынам, з яго першадрукамі. Гэта ўсяго некалькі між іншым кі­ну­тых словаў (у прадмове да польскага выдання Новага Запавету, Лоск, 1574) пра кні­гі, «што гадоў 50 таму Скарына, доктар нейкі друкаваў». Вось і ўсё. Як так, ней­кі? Чалавек жа зусім канкрэтны, не з абы-якой самаатэстацыяй: з Полацка-гора­да, у слаўным месце Віленскім, пры гаспадару Жыгімонце Казіміравічу выдаваў кнігі «людем посполитым к доброму навче­нию».

Культура падсечаная ў сваіх ка­ра­нях фактам прымусовага «пераўвасаб­лення» роднага горада першага бела­рус­кага гуманіста з калыскі нацыянальнага асветніцтва ў рассаднік духоўнай ка­ла­нізацыі тутэйшага насельніцтва. Дзе кара­леўская шабля і езуіцкі крыж (адвая­ванне Полацка ад войскаў Грознага войскам Стэфана Баторыя і заснаванне ў го­ра­дзе, коштам пацяснення праваслаўнай царк­вы, езуіцкай калегіі на чале з яе пер­шым рэктарам П. Скаргам – 1579 – 1584 гг.) складалі адно суцэльнае і непа­дзельнае ўзбраенне каланізатараў. Пры­кладна ў тым самым часе не бракавала ў тым самым горадзе пытанняў куды вастрэйшых, больш злабадзённых, звязаных з жыццём і бяссмерцем цэлага народа. I ў вырашэнні вось гэтай праблемы, быць або не быць беларусам як н а р о д у, імя і спадчына Францішка Скарыны маглі служыць толькі сцягам і менш за ўсё на­даваліся на ролю амаль забытага «экспа­на­та» («доктар нейкі») з бага­слоў­скага музея. Аўтар гэтых радкоў далёкі ад наме­ру паменшваць ці тым больш про­ціпастаўляць ролю Буднага ролі Скарыны ў гіс­то­рыі айчыннай культуры. Лічу, аднак, мажлівым згадаць пра відавочную мяжу па­між вытокамі беларускай рэфар­мацыі (Скарына) і рэфармацыйным рухам на зем­лях Беларусі (Будны і інш.) – з’я­вамі роднаснымі, але не тоеснымі, калі не розна­кі­рунковымі. Наколькі першая нараджалася з айчыннай глебы і ёю апладняла знеш­нія ўплывы, нагэтулькі дру­гая ішла на Літву-Беларусь звонку. Кепска, што абе­дзве (плынь рэфармацыйная Скарыны і плынь рэфармацыйная Буднага) не злучыліся і не пайшлі адным куль­ту­ратворчым рэчышчам.

Была гаворка аб Скарынавым замілаванні да роднай мовы. На сыходзе XVI ст. матыў гэты штораз цішэе і амаль зусім знікае. На яго месцы паўстае тры­вож­ная, ча­сам набатная мелодыя аб небяспечнасці заняпаду нацыянальнай куль­туры. Асуджаецца рэнегацтва маёмасна-адукаваных колаў Беларусі, што на тлустую поліўку з чужой міскі пачалі мяняць духоўныя скарбы свайго народа. Збяд­нелы шляхціц, уладальнік «убогай друкарні» Васіль Цяпінскі аддае свае нік­лыя сродкі на друкаванне кнігі (70-я гады XVI ст.), каб усенародна асудзіць на­цыя­нальную здраду, перасцерагчы суайчыннікаў аб пракажонай духоўнай хваро­бе: «Бо а хто богобойныи не задержить на такую казнь Божію гледечи, хто бы не му­сил пла­каты, видечи такъ великих княжат, таких панов значных, так много де­ток невинных, мужов з жонами в таком зацномъ руском, а злаща перед тымъ до­встипном учоном наро­де, езыка своего славного занедбане, а просто възгар­доу…». Нават праміж тых, смуткуе далей Цяпінскі ў прадмове да свайго «Еван­гел­ля», хто з абавязку закліканы навучаць другіх, паміж «духовными и учители» запанавалі непісьменнасць і культурная бездапаможнасць, і, што самае сумнае, – дзяцей, замест навучаць у бацькоўскай мове, да чужамоўнай граматы, «в пол­ские або в иные писма», кіруюць.

Цяпінскі, як і Скарына, стаў яскравым увасабленнем творчай сама­ідэн­ты­фікацыі сярэднявечнага беларуса («русіна») сярод славянскіх народаў. Гэтае са­ма­вызначэнне пацвярджалася і характарам выдадзенага друкаром «Евангелля» з паралельным старабеларускім і царкоўнаславянскім тэкстамі, раней такога па­ра­лелізму – мовы царкоўнаславянская і нацыянальная – практыка славянскага кнігадрукавання не ведала.

В. Цяпінскі і ўзроўнем патрыятычнай свядомасці, і фактычным зместам ас­ветніцка-гуманістычнай дзейнасці не проста прадоўжыў, але і ўзбагаціў скары­наў­скую традыцыю. Ён, па-першае, больш шырока і інтэнсіўна выкарыстаў жывую гутарковую мову ў рэлігійна-літаратурнай пісьменнасці. Па-другое, паставіў у якас­ці агульнаграмадскай задачу развіцця дэмакратычнай зместам, нацыя­наль­най духам школьнай асветы на тэрыторыі Беларусі. Па-трэцяе, гэта самае га­лоў­нае, выказаў высокае ўсведамленне навіслай над айчыннай культурай небяспекі і самаахвярную гатоўнасць да яе абароны.

Ад узаемадзеяння двух напрамкаў у літаратурным жыцці Беларусі канца XVI ст. (грамадска-культурны і рэлігійны) залежаў у нема­лой ступені стан асветы ў грамадстве, а значыць, мажлівасці развіцця, вынік «спа­борніцтва» тагачаснай беларускай культуры з польскай культурай, на тую па­ру больш багатай і разві­тай. Але ўзаемадзеяння напрамкаў, як таго патраба­ва­лі гістарычныя абставіны, не адбылося.

Аляксей КАЎКА, г. Масква

Паводле артыкула “Няма прароку месца” ў кнізе “Тут мой род”, Мінск, 1989 г.

(Далей чытайце ў №№ 47 — 48 за 2017 г., № 1 за 2018 г.)

Папярэднi артыкулАд продкаў — нашчадкам
Наступны артыкулКраязнаўчая канферэнцыя
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам