Шануем мінулае, думаем аб будучыні
Краязнаўчая дзейнасць заўсёды застаецца прыярытэтнай для бібліятэк Браслаўскага раёна, асабліва актуальнай становіцца ў апошнія гады. Летась былі аб’яўленыя раённыя бібліятэчныя краязнаўчыя чытанні «Браслаўская гісторыя: падзеі, факты, асобы». Усяго ў рамках гэтага праекта ў бібліятэках прайшло звыш ста мерапрыемстваў: гісторыка-краязнаўчыя ўрокі, уяўныя падарожжы па знакамітых мясцінах Браслаўшчыны, фальклорныя святы і інш. У рамках чытанняў прайшла краязнаўчая канферэнцыя бібліятэчных работнікаў «Сучасныя здабыткі ў даследаваннях гісторыі, археалогіі, этнаграфіі Браслаўшчыны і краязнаўчай дзейнасці розных культурна-асветніцкіх устаноў і арганізацый рэгіёна», удзел у якой прынялі таксама супрацоўнікі Браслаўскага музейнага аб’яднання і Браслаўскага цэнтра дзяцей і моладзі. У фінале адбыўся семінар бібліятэчных работнікаў «Бібліятэка як фактар захавання нацыянальнай культуры і краязнаўства», на якім былі падведзеныя вынікі чытанняў і разгледжаныя пытанні па бібліятэчным краязнаўстве. Абмеркавалі таксама захаванне і папулярызацыю нацыянальнай культуры, гісторыі, этнаграфіі. Да мерапрыемстваў работнікі аддзела бібліятэчнага маркетынгу выдалі буклеты «Праз спасціжэнне культурнай спадчыны – да нацыянальнай свядомасці», «Гераічныя імёны Браслаўшчыны», «Услаўлялі Браслаўшчыну ў мастацтве», «Вялікая Айчынная вайна на Браслаўшчыне» і інш.Чытаць далей…
Два гады таму Браслаўшчына адзначала некалькі юбілеяў: 950-годдзе горада Браслава, 75-годдзе Браслаўскага раёна, 55-годдзе ўваходжання яго ў склад Віцебскай вобласці. У сувязі з падзеямі ўсе бібліятэкі бралі ўдзел у бібліятэчным культурна-асветніцкім марафоне «Браслаўшчына юбілейная», што доўжыўся амаль год. У яго ўвайшлі мерапрыемствы патрыятычнай, гістарычнай і краязнаўчай тэматыкі, а таксама цыклы кніжных выставак, выпуск друкаванай прадукцыі. Найбольш цікавыя мерапрыемствы прайшлі ў цэнтральнай бібліятэцы: краязнаўчае падарожжа «У лабірынце вуліц і завулкаў Браслава», гадзіна цікавай размовы «Лёсам звязаныя з Браслаўшчынай», спазнаваўча-краязнаўчы ўрок «Станіслаў Нарбут – гуманіст, лекар, легенда і гонар нашага краю». У многіх бібліятэках прайшлі абмеркаванні твораў пісьменнікаў, ураджэнцаў Браслаўшчыны, сустрэчы з сябрамі раённага літаратурнага аб’яднання «Ветразь надзеі». У дапамогу бібліятэкарам былі надрукаваныя лістоўкі, памяткі, буклеты серыі «Цуд і гонар Браслаўскай зямлі», «7 маўклівых сведкаў мінуўшчыны», «7 цікавых падзеяў з гісторыі Браслаўшчыны», «7 цудаў прыроды Браслаўшчыны». Дарэчы, рэйтынг прыродных і архітэктурных аб’ектаў быў вызначаны шляхам анкетавання карыстальнікаў бібліятэк і работнікаў сістэмы.
Садзейнічае прапагандзе краязнаўчых ведаў і праца па доўгатэрміновых праграмах, распрацаваных бібліятэкарамі. Асноўнымі мэтамі іх з’яўляецца актывізацыя ролі бібліятэк у адраджэнні краязнаўства і нацыянальнай культуры, яе захаванасці і памнажэнні, прапаганда найлепшых набыткаў, папулярызацыя творчасці беларускіх (у т.л. і мясцовых) празаікаў і паэтаў. Паспяхова працуюць па рэалізацыі праграмаў «Мой край – мае вытокі» Друеўская, «Хто мы? Мы – беларусы!» Іказненская і Плюская, «Мая Радзіма – Беларусь» Мяжанская, «Беларусь – мая старонка» Богінская бібліятэкі.
Вялікая роля адводзіцца этнаграфічным куткам, што арганізаваныя ў Друеўскай, Слабодкаўскай і Пагашчанскай бібліятэках. Бібліятэкары па крупінках збіралі экспанаты, і сёння яны з’яўляюцца ўладальнікамі ўнікальных прадметаў даўніны, што выклікаюць нязменную цікавасць у наведнікаў, асабліва дзяцей і падлеткаў. Мясцовыя жыхары з задавальненнем перадаюць бібліятэкам рэчы, якія належалі іх продкам, бо ведаюць, што там яны зоймуць пачэснае месца і будуць надзейна захаваныя. Ва ўсіх этнаграфічных кутках праводзяцца экскурсіі і мерапрыемствы краязнаўчага характару, напрыклад, этнаграфічны квэст «Мары дзіўныя, утканыя ў ніці» і этнаграфічнае пано «Датуль завёмся мы народам, пакуль шануем карані» – у Друеўскай бібліятэцы, знаёмства з фотавыстаўкай «Нашы землякі – наш гонар!» і экскурсія «Калі ласка, у хату…» – у Слабодкаўскай бібліятэцы, чароўны куфэрак «Экскурсія ў беларускую хатку» і этнаграфічная гадзіна «Калыская мая залатая» – у Пагашчанскай бібліятэцы.
Яшчэ напрыканцы мінулага стагоддзя бібліятэкары Браслаўшчыны пачалі стварэнне Летапісаў вёсак. Вынікам карпатлівай працы ў фондах раённага краязнаўчага музея, гутарак з мясцовымі жыхарамі, збору фотаздымкаў і іншых дакументаў сталі аформленыя ў кожнай бібліятэцы Летапісы, што месцяць матэрыял па гісторыі вёсак, успаміны старажылаў, унікальныя фотаздымкі, аповеды пра герояў вайны і працы, пра этапы станаўлення і развіцця калгасаў, школаў, бібліятэк. Спецыяльныя раздзелы Летапісаў прысвечаныя мясцовым традыцыям і абрадам, фальклору, паданням і легендам, што перадаюцца пакаленямі. Матэрыялы Летапісаў актыўна выкарыстоўваюцца пры правядзенні мерапрыемстваў і афармленні краязнаўчых выставак.
Некалькі гадоў таму аддзелам бібліятэчнага маркетынгу створаная грунтоўная краязнаўчая праца «Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць. Браслаўскі раён», якая і цяпер мае вялікі попыт, бо можа даць адказ на пытанні, датычныя гісторыі ці сённяшняга дня раёна.
Штогод бібліятэкі Браслаўшчыны прымаюць удзел у рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» і неаднойчы станавіліся яго пераможцамі ў розных намінацыях.
Краязнаўства становіцца ўсё больш адметнай з’явай у сучаснай культуры. Шкада, што многае незваротна страчанае. Але яшчэ шмат чаго можна зберагчы і захаваць. Мы павінныя гэта зрабіць і перадаць нашчадкам. Бібліятэкі Браслаўшчыны маюць да гэтага непасрэднае дачыненне, бо з’яўляюцца сапраўднымі цэнтрамі беларускасці, носьбітамі і захавальнікамі нацыянальнай культуры.
Валянціна ЛУК’ЯНАВА, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦБС Браслаўскага раёна