Гісторыя Агратурызм Свята на Чэрвеньскім рынку

Свята на Чэрвеньскім рынку

-

- Рэклама -

Адраджэнне традыцыяў

Выхаднымі днямі напрыканцы ліпеня ў мінскай Лошыцы ладзілі свята «Чэрвянец» з нагоды Дня гандлю і дня стварэння гарадскім галавой Мінска (1890 – 1901 гг.) Каралем Янам Чапскім Ігуменскага рынку, папярэдніка Чэрвеньскага рынку.

Чытаць далей…

Гэты рынак быў заснаваны на Ігуменскай горцы на рагу з Ігуменскім трактам, па якім у губернскі Мінск з гаспадарак Караля Яна Чапскага везлі на продаж розныя тавары. Пасля перайменавання Ігумена ў Чэрвень (1923 г.) рынак таксама атрымаў назву Чэрвеньскі. Гэта папулярнае ў мінчанаў месца гандлю праіснавала на сучасным перакрыжаванні вуліцаў Маякоўскага і Аранскай больш за 100 гадоў, пакуль у 2013 г. не было прададзенае іранскай кампаніі «Дзідас» за 700 000 долараў пад будаўніцтва гандлёва-забаўляльнага цэнтра.

Адраджэнне Чэрвеньскага рынку на новым месцы ў Лошыцы (па вул. Маякоўскага, 184) некалькі разоў пераносілася, пакуль з цяжкасцямі ён нарэшце не атрымаў тут сталую прапіску і новае жыццё.

Кіраўніцтва рынку на чале з Аляксандрам Калініным разам са стварэннем гандлёвай інфраструктуры і абсталяваннем гандлёвых месцаў узяло курс на адраджэнне старадаўніх традыцыяў – калі на рыначных плошчах ладзіліся таксама розныя забавы, тэатралізаваныя прадстаўленні, выступалі вулічныя музыкі, блазны, асілкі і гімнасты, прапаноўваліся рамесныя паслугі.

Каб прыцягнуць рамеснікаў і майстроў народнай творчасці на Чэрвеньскі рынак, было вызначанае нават асобнае месца, што атрымала назву «Плошча майстроў». Цягам каляндарнага года тут пачалі адзначаць народныя святы «Гуканне вясны», «Спас» і іншыя, на якіх выступаюць музыкі, выканаўцы народных песень і творчыя калектывы розных жанраў, спартоўцы.

І цяпер праграма «Чэрвянца» была вельмі разнастайнай і цікавай. Разам з традыцыйнымі гульнямі, конкурсамі, танцамі, майстар-класамі народных майстроў былі арганізаваныя дэгустацыя грэцкіх аліў, аліўкавага алею, спецыяў. Выступалі сілавыя жанглёры ў межах ХVIII Міжнароднага фестывалю гіравога спорту, была арганізаваная выстаўка рэспубліканскага конкурсу дзіцячых малюнкаў «Выгадуем зялёную эканоміку» і матэрыялаў аднаўлення Прылуцкай сядзібы Караля Яна Чапскага.

Chervianec2Цвіком праграмы стала ўрачыстае адкрыццё вядомымі кіраўнікамі прадпрымальніцкіх структураў А. Калініным (Беларускі саюз прадпрымальнікаў) і Уладзімірам Карагіным (Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў) «Алеі зорак». Першыя тры чырвоныя зоркі, умураваныя ў квадратныя пліты з чорнага граніту, усталяваныя ў гонар заснавальніка рынку Караля Яна Чапскага, асілкаў Якуба Чахаўскога і Панцялея Філікідзі.

Ва ўрачыстасцях таксама прынялі ўдзел старшыня Мясцовага гісторыка-культурнага фонду «Ляліва» Іван Гардзіеўскі, легендарны грэцкі асілак Панцялей Філікідзі, члены Беларускай федэрацыі гіравога спорту і інш.

Як было паведамлена пад час адкрыцця «Алеі зорак», гарадскі галава Караль Ян Чапскі з 1894 г. выконваў свае абявязкі, не атрымліваючы за гэта грошай. А свае сродкі ўкладваў ў добраўпарадкаванне горада, у рэканструкцыю заводаў, будаўніцтва каналізацыі, водаправода і г.д. Пры ім было завершанае будаўніцтва гарадскога драматычнага тэатра (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), распачатыя працы па ўмацаванні набярэжнай ракі Свіслач (1891 г.), выбрукаваны Койданаўскі гасцінец, адкрытыя ламбард, першая лінія грамадскага транспарту – мінская конка (1892 г.), пабудаваныя электрастанцыя (1894 г.), масты цераз Свіслач – Нізка-Рыначны (1893 г.) і Ляхаўскі (1897 г.), першая ў гісторыі Мінска тэлефонная станцыя агульнага карыстання, адкрытыя радзільны прытулак і рамеснае вучылішча (1895 г.), першая публічная бібліятэка (1900 г.) і шмат іншага.

Чапскі быў вялікім аматарам спорту і прапагандыстам здаровага ладу жыцця. У 1892 г. ён заснаваў і ўзначаліў Гарадское таварыства аматараў спорту. З гэтага часу пачалі праводзіць спаборніцтвы па лёгкай і цяжкай атлетыцы. Спаборніцтвы асілкаў па падняцці гіраў ладзіліся на тэрыторыі Ігуменскага рынку. Вядома, што менавіта тут свае сілавыя трукі дэманстраваў знакаміты на ўвесь свет Я. Чахаўскі. Чапскі заснаваў таксама роварнае таварыства, дзе можна было ўзяць ровар напракат. У 1894 г. сябра роварнага таварыства, працаўнік Лібава-Роменскай чыгункі Аляксандр Дзевачка ў гонцы Санкт-Пецярбург – Масква атрымаў перамогу, абагнаўшы чэмпіёна свету з Францыі.

Я. Чахаўскі (1879 – 1941), ураджэнец Гродна, знакаміты асілак і барацьбіт, увайшоў у гісторыю цяжкай атлетыкі дзякуючы сваім унікальным сілавым трукам. У 1913 г. у Міхайлаўскім манежы Санкт-Пецярбурга ён прайшоў па крузе, утрымліваючы адной рукой звязак з шасці грэнадзёраў з амуніцыяй, за што атрымаў залаты пояс Атлетычнага таварыства. Ён утрымліваў на грудзі памост з аркестрам з 30-і музыкаў, праз памост праязджалі тры грузавыя аўтамабілі з публікай, лавіў на грудзі пудовыя гіры.

Грэцкі асілак П. Філікідзі, неаднарозовы чэмпіён свету ў гіравым спорце, на першым фестывалі гіравога спорту, які праходзіў на Чэрвеньскім рынку, устанавіў абсалютны сусветны рэкорд – падняў мезенцам вагу ў 112 кг.

Запрасілі П. Філікідзі і на ХVIII Міжнародны фестываль гіравога спорту, у якім прынялі ўдзел паўтара дзясятка спартоўцаў (у тым ліку дзве жанчыны). Жаночы дуэт не толькі вызначыўся на атлетычным памосце з 16-кілаграмовымі гірамі, але і прадэманстраваў вакальныя здольнсці ў складзе гурта «Розум-Бэнд». У перапынках паміж спаборніцтвамі публіку цешылі артысты комік-шоў «Антракт», дуэта «Два буслы». Ахвочыя вывучылі пад дударскую музыку сярэднявечны танец «Маразуля», паспрабавалі свае сілы ў якасці музыкаў аркестра «падручных прыладаў» і лялькаводаў у ажыўленні «спячай прыгажуні» Анфісы. Пераможцы конкурсаў атрымалі адмысловыя прызы – купоны на зніжкі на розныя тавары Чэрвеньскага рынку.

Свята было добра падрыхтаванае і разлічанае на наведнікаў усіх узростаў. Але, на жаль, з-за неспрыяльнага надвор’я ў суботу публікі, якая б прыйшла менавіта на свята, было мала. Вядома, што адраджэнне народных традыцыяў заўсёды праходзіць цяжка, бо гэта – няпростая справа. Мы спадзяемся, што гэта не спыніць энтузіястаў, і Чэрвеньскі рынак войдзе ў сучасную сталічную гісторыю не толькі як гандлёвая кропка на карце Мінска, а і ў якасці адмысловага культурнага цэнтра.

Наталі КУПРЭВІЧ

Фота аўтара

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам