Гісторыя Агратурызм Трагічныя старонкі гісторыі

Трагічныя старонкі гісторыі

-

- Рэклама -

Рэпрэсіі на Дзятлаўшчыне і армія Андэрса

 У спісах рэпрэсаваных Дзятлаўскага раёна, падрыхтаваных для кнігі «Па­мяць» упраўленнем унутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама ў 1996 годзе, значыцца 211 чалавек. Гэта цэлыя сем’і, сярод якіх сустракаюцца і немаўляты. Людзей рэпрэсавалі за тое, што яны працавалі ў панскай сям’і служанкамі, былі залічаныя савецкай уладай у «кулакі», да 1939-га пры польскай уладзе займалі пасады ў лясніцтве, былі асаднікамі, а таксама вялікая колькасць сем’яў былых ваеннаслужачых арміі Андэрса. Пытанне рэпрэсіяў на Дзятлаўшчыне малада­сле­даванае. Захацелася даведацца, хто з гэтых людзей жывы, пагутарыць з імі, запісаць успаміны пра перажытае. Такіх сведкаў знайшлося няшмат – большасць ужо ў лепшым свеце, аднак сякія-такія зачэпкі ўсё ж удалося знайсці.Чытаць далей…

І першае, пра што хочацца расказаць, – пра вайсковыя фармаванні, вядо­мыя як армія Андэрса. Грамадскасці Беларусі гэтая тэма стала шырокадаступ­най у 2016 годзе, калі ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з’явілася экспазіцыя, што складалася з матэрыялаў, прадастаўленых Пасольствам Рэспублікі Польшча ў Беларусі, фондаў музея Вялікай Айчыннай, а таксама асабістай калекцыі бела­рус­кага гісторыка Ігара Мельнікава. Экспазіцыя раскрывала малавядомыя ста­ронкі Другой сусветнай вайны і расказвала пра лёсы салдатаў-«андэрсаўцаў», ураджэнцаў Заходняй Беларусі, якія, трапіўшы ў савецкі палон у 1939 годзе, пра­йшоўшы лагеры і спецпасяленні, апынуліся ў польскім вайсковым фармаванні ў складзе брытанскай арміі і ўдзельнічалі ў баях за вызваленне Італіі. «Армія Ан­дэр­са» – умоўная назва фармаванняў узброеных сілаў Польскай Рэспублікі, створаных у 1941 годзе на тэрыторыі СССР згодна з дамоўленасцю паміж савец­кім і польскім урадам у выгнанні, з польскіх грамадзянаў, якія знаходзіліся на тэ­ры­торыі СССР, у тым ліку бежанцаў, інтэрнаваных вайскоўцаў польскай арміі і амніставаных зняволеных. Паводле афіцыйных звестак, армія налічвала 75 491 вайскоўцаў, была створаная і ўтрымлівалася за кошт матэрыяльна-тэхнічных рэ­сурсаў СССР і часткова за кошт сродкаў краінаў антыгітлераўскай кааліцыі Вялі­кабрытаніі і ЗША (абмундзіраванне і рыштунак). Аднак, насуперак першапачат­ко­вай дамоўленасці паміж урадам Савецкага Саюза і Польскай Рэспублікі аб сяб­роў­стве і ўзаемнай дапамозе, у адпаведнасці з якой створаная армія павінна была «весці вайну з нямецкімі разбойнікамі разам з савецкімі войскамі», а таксама згодна з загадам прэм’ер-міністра Польшчы В. Сікорскага, які прапаноўваў арміі застацца ў СССР і ваяваць разам з Чырвонай Арміяй, на розных падставах вяс­ной-летам 1942 года «армія Андэрса» была вывезеная з СССР у Іран, дзе ў ліпені 1943 года была перафармаваная ў 2-і польскі корпус у складзе брытанскай арміі, які толькі ў студзені 1944 года ў складзе 8-й брытанскай арміі быў адпраўлены на італьянскі фронт Другой сусветнай вайны.

5 ліпеня 1945 года Вялікабрытанія і Злучаныя Штаты, якія былі да гэтага ча­су саюзнікамі Польскага ўрада ў выгнанні, перасталі яго прызнаваць. У гэты час 2-і польскі корпус дасягнуў максімальнай колькасці за ўвесь перыяд свайго існававання. У маі 1946 года міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Эрнэст Бэвін выдаў загад аб роспуску польскіх падраздзяленняў брытанскай арміі. Апошнія пад­раздзяленні арміі Андэрса былі расфармаваныя ў 1947 годзе. Большасць былых вайскоўцаў засталася ў эміграцыі, аднак некаторыя былыя ваеннаслужа­чыя арміі Андэрса, у асноўным беларусы і ўкраінцы, ураджэнцы Заходняй Беларусі і Заходняй Укра­іны, вярнуліся ў СССР. У 1951 годзе 4520 андэрсаўцаў і членаў іх сем’яў былі адпраўленыя на спецпасяленне ў Іркуцкую вобласць да жніўня 1958 года.

У 1971 годзе Вярхоўны суд БССР прызнаў неабгрунтаванасць дэпартацыі былых «андэрсаўцаў».

Сярод дзятлаўчанаў за прыналежнасць да арміі Андэрса былі высланыя сем’і Уладзіміра Міхайлавіча Баброўскага з вёскі Уланаўшчына з жонкай Аленай, дзецьмі Васілём, Сямёнам і Іванам; Васіля Іванавіча Кардаша з вёскі Аханяны з жонкай Ганнай, дзецьмі Зінаідай, Раманам і Іванам; Васіля Фёдаравіча Ляўкевіча з жонкай Верай, дзецьмі Аленай і Уладзімірам; Сцяпана Восіпавіча Максімчыка з вёскі Паўсаты з жонкай Зінаідай і дзецьмі Іванам, Марыяй, Анастасіяй, Ганнай; Восіпа Мартынавіча Мар­тынчыка з жонкай Верай і дачкой Зінаідай; Іосіфа Станіслававіча Станкевіча з жонкай Надзеяй і дзецьмі Леанідам і Ядвігай; Рыгора Фёдаравіча Татарчыка з вёскі Гярбелевічы з жонкай Марыяй і дзецьмі Франяй і Цэ­сіяй; Міхаіла Ільіча Хрышчановіча з вёскі Гезгалы з жонкай Аленай і сынам Ула­дзі­мірам; Канстанціна Антонавіча Яраша з вёскі Вішава з сястрой Анастасіяй, дзецьмі Соф’яй, Яўгенам і Мікалаем; Міхаіла Пятровіча Лішыка з вёскі Драбавічы (сям’і не меў).

Дзятлаўскі раённы краязнаўчы музей займаецца пошукам звестак пра гэтых людзей і запісам успамінаў. Калі чытачы газеты могуць што-небудзь паведаміць, просьба патэлефанаваць у музей на нумар (8-01563) 21-3-41.

Алена АБРАМЧЫК, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

 Даведка ад рэдакцыі. У 2008 г. выйшла кніга Барыса Бароўскага «Беларусы ў арміі Андэрса: Ураджэнцы Беларусі ў арміі Андэрса пад час Другой сусветнай вайны» (Мінск, Выдавец Віктар Хурсік).

Выданне падрыхтаванае ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі (г. Маладзечна). У кнізе разглядаюцца матывы стварэння польскай арміі на тэрыторыі СССР у час Другой сусветнай вайны, яе фарміраванне з амніставаных ваеннапалонных і дэпартаваных былых польскіх грамадзянаў, у тым ліку беларусаў, пад камандаваннем генерала Уладзіслава Андэрса, акалічнасці перадысклакацыі арміі на Блізкі Усход, баявы шлях арміі ў складзе войскаў саюзнікаў, дзейнасць вайскоўцаў-беларусаў на Захадзе ў пасляваенны перыяд і іх далейшы лёс па вяртанні ў СССР. Таксама ў кнізе прыведзены жыццёвы і баявы лёс вайскоўцаў арміі Андэрса на прыкладзе ўраджэнцаў Маладзечаншчыны.

Яшчэ да выхаду кнігі большасць матэрыялаў выдання друкавалася ў «КГ».

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам