Гісторыя Агратурызм У Бярэзінскім запаведніку ствараюць Музей міфаў

У Бярэзінскім запаведніку ствараюць Музей міфаў

-

- Рэклама -

Дзе Балотнік арабскіх прынцаў водзіць?

 Мы лепей ведаем чужое, чым сваё. Бадай, расхожы выраз адносіцца і да традыцыяў, да міфалогіі нашых продкаў.

Легенды і міфы старажытных Грэцыі, Рыма, Егіпта, выдатныя кнігі Мікалая Куна – не толькі гэта вядомае нам са школьнае пары. Апошнім часам дадаліся, дзякуючы ў асноўным навамодным фэнтэзі, міфічныя істоты кельтаў ды сканды­на­ваў. Але па-за веданнем пераважнае большасці землякоў застаюцца свае, бе­ларускія, лесавік, палявік, балотнік, Зюзя… І размова тут ідзе не пра тое, што трэ­ба верыць у іхняе існаванне ды схіляць перад імі галовы, выпрошваць у іх міласць. Варта проста ведаць, што нашыя продкі назапасілі вялікую спадчыну са сваімі поглядамі на навакольны свет, са сваім падыходам да светабудовы, сваю эстэтыку, этычныя нормы. Зрэшты, праз неверагодныя гісторыі адбывалася вы­ха­ванне маладога пакалення, якое пазней станавілася нашымі далёкімі пра…ба­булямі ды пра…дзя­дулямі. У міфах ды казках закладзеныя маральныя пады­хо­ды, уласцівыя канкрэтнай супольнасці.Чытаць далей…

Нашае выданне распавядала, што ў Бярэзінскім біясферным запаведніку рэалізуецца ініцыятыва «Экатурызм у Бярэзінскім: інавацыйныя падыходы, парт­нёрскія мадэлі, “зялёная” свядомасць». Яе ажыццяўляе грамадская арганізацыя «Адпачынак у вёсцы» ў партнёрстве з запаведнікам. Ініцыятыва – частка маштабнага праекта «Садзе­янне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі», што фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН) у партнёр­стве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэс­публікі Беларусь. Плануецца стварэнне Цэнтра міфалагічнага турызму, дзе будуць экасцяжынка «У краі міфаў» і «Музей міфічных істотаў».

Пад час ХХ міжнароднага кірмашу «Отдых-2017» адбылося прадстаўленне ініцыятывы і расповед пра будучы цэнтр. На імпрэзе прысутнічалі прадстаўнікі турыстычнага бізнесу нашай краіны і замежжа, а таксама журналісты. На пачатку сустрэчы прадстаўнік ПРААН у Беларусі Павел Сачак зазначыў:

– «Адпачынак у вёсцы» – тая арганізацыя, што дапамагала нам яшчэ ў 2015 г. А потым прадставілі свой праект і перамаглі ў конкурсе. Яны дапамагалі сфармаваць уяўленне пра экатурызм у Беларусі. А цяперашняя праграма спрыяе ў тым ліку і экалагічнай адукацыі, калі праз міфалагічныя сюжэты, праз вобразы істотаў можна навучыць правілам паводзінаў на прыродзе.

mify_01Выступоўца таксама падзяліўся ўражаннямі ад наведвання Бярэзін­скага запаведніка. Ён меў магчымасць паўдзельнічаць у праходжанні «міфа­ла­гічнай» сцяжынкі ўначы, калі эфект ад пачутага ды ўбачанага абвастраецца.

Арганізатары зазначаюць, што беларуская міфалогія не часта скарыстоўваецца ў айчынных турыстычных праграмах. Таму ідэя ініцыятывы ў тым, каб распавесці пра нашую прыроду праз міфалагічныя вобразы, бо нашыя продкі верылі, што кожны біятоп (участак тэрыторыі, сушы або вадаёма, з адна­роднымі ўмовамі асяроддзя, заняты пэўнымі раслінамі, жывёламі, грыбамі, мікраарганізмамі) мае сваіх апекуноў: палявік шчыруе ў полі, лясун – у лесе, у балоце – балотнік і г.д.

Ініцыятарам стварэння незвычайнага цэнтра ў запаведніку дапамагалі розныя арганізацыі і асобы. Пачалі з супрацоўніцтва з рэкламным агенцтвам «Нэф», абмяркоўвалі ідэі, што можна рэалізаваць у Бярэзінскім запаведніку. «Беларусьнефть» дапамагла аформіць мясцовую аўтазаправачную станцыю. Летась у чэрвені прайшоў трэнінг па інтэрпрэтацыі прыроднай спадчыны.  Беларускі саюз дызайнераў мінулагоднім жніўнем ладзіў тут пленэр. У кастрыч­ніку прайшлі заняткі школы рамеснікаў, у лістападзе – школы аніматараў.

Пра задачы, што ставілі перад сабою стваральнікі цэнтра, распавяла кіраўнік «Адпачынку ў вёсцы» Валерыя Кліцунова:

– Сярод асноўных – стварэнне асветніцкага Цэнтра міфалагічнага турызму, інфармацыйна-адукацыйная і маркетынгавая кампанія, прасоўванне ідэі ўзнаўляльных крыніцаў энергіі. Ужо стаіць невялікая сонечная электрастанцыя (з дапамогаю якой мы расказваем пра таямніцы энергіі сонца), створаная экасцяжына. Немалаважнае і наладжванне стасункаў з мясцовымі жыхарамі, прыцягненне іх да выканання пэўных задачаў праграмы. Мэта стаіць такая: чалавек пасля наведвання нашага цэнтра, музея пачне паводзіць сябе больш адказна ў адносінах да навакольнага асяроддзя.

Канцэпцыя музея, – працягвае спн. Кліцунова, – грунтуецца на Сусветным дрэве. У розных народаў ёсць гэты архетып, што ляжыць у аснове нашага светаўспрыняцця. Складаецца ён са свету людзей, нябёсаў і ніжняга свету. У беларусаў ніжні свет не быў пеклам. Гэта месца, куды сыходзяць продкі, гэта Маці-Зямля; адсюль мы выйшлі, і туды вернемся. Свет людзей – тое, што існуе цяпер. А нябёсы адрозныя ад паняцця многіх народаў. У нас не было вялікага пантэона багоў-небажыхароў. Нябёсы – гэта вырай, куды ляцяць нашыя птушкі. Тэма міфалогіі вельмі тонкая, таму мы імкнуліся падабраць кансультантаў высокага ўзроўню, стараліся ўсё максімальна выверыць. А вобразы міфалагічных істотаў не візуальныя, а перадаюцца з дапамогаю гукаў, тэатральных і светлавых інсталяцыяў.

Слоганам музея сталі словы «Мы маем міфы». І кожны ўдзельнік зможа набрацца ўражанняў ад пабачанага/пачутага, а нешта дадумаць, дапрыдумаць, уявіць.

Пад час праходжання па сцяжыне міфаў можна пазнаёміцца з рознымі міфалагічнымі істотамі. Пачынаецца яна са своеасаблівага партала – люстэркаў сярод дрэваў (іх ролю выконваюць лісты нержавейнай сталі), у якіх шматкроць адлюстроўваюцца наваколле і людзі, якія пачынаюць шлях. Такім чынам ужо напачатку атрымліваецца вельмі моцны псіхалагічны эфект. І праходзячы праз гэты партал, вандроўнікі прамаўляюць традыцыйную замову:

«Мяне маці нарадзіла,

Сонейкам абгарадзіла,

Месяцам падпаясала,

У дарогу адпраўляла.

Ранні бег – не дабег,

Позні бег – не дабег,

A мне ад Госпада Бога –

Шчасліва дарога».

Дарэчы, пра замежных гасцей таксама падумалі. Яны разам з усімі будуць прамаўляюць тыя словы – для гэтага тут жа змешчаны тэкст, напісаны па-беларуску лацінскаю графікай (праўда, стваральнікі транслітэравалі паводле прынцыпаў англійскай мовы, а не беларускаю лацініцай). Стваральнікі Цэнтра міфалагічнага турызму перакананыя, што важна прамовіць словы не ў перакладзе, а так, як тэкст быў створаны нашымі продкамі.

mify_04 mify_03Кожнаму міфу на прыпынках-палянах прысвечаныя 17 адмысловых інсталяцыяў, побач стаяць своеасаблівыя шчыты-люстэркі, на якіх змешчаная інфармацыя на беларускай і англійскай мовах пра пэўную істоту. А дом Балотніка прысвечаны астраноміі. Тут будзе расповед пра тое, як продкі называлі сузор’і, якія існавалі паданні пра касмічныя аб’екты.

mify_02Вельмі эмацыйна пра ініцыятыву распавяла супрацоўніца Бярэзінскага біясфернага запаведніка Святлана Памяцко. Быў прадэманстраваны невялікі відэафільм пра міфы Лепельшчыны, расповед падмацоўваўся шэрагам фотаздымкаў. Акурат, каб зацікавіць патэнцыйных прадаўцоў турыстычных паслугаў. Напрыканцы ж чакаў сюрпрыз. Арганізатары імпрэзы прывезлі з сабою Балотніка. Ён з жарсцю распавядаў пра свае балотныя бярэзінскія ўладанні, пра цішыню і спакой лесу, згадаў пачутыя не раз словы замежных гасцей, што мы маем найкаштоўны дар – прыроду, традыцыі. «Ходзім мы з прынцам адной аравійскай краіны, і той усё вохкае, захапляецца, маўляў, якую каштоўнасць маеце, але ці заўсёды цэніце яе, – згадвае Балотнік. – Кажу яму: ды што тут такога, вось у вас там – сапраўдны цуд, рай на зямлі. Ён мне запярэчыў, што не разумеюць многія тут, якія скарбы навокал. Што не ў нафтагрошах шчасце, не ў матэрыяльным багацці, не ў спякоце круглы год. То прыязджайце ў Бярэзінскі запаведнік! Увогуле – часцей бывайце на прыродзе».

Тут і варта спыніцца, бадай. Бо астатняе – знаёмства з Музеем міфаў, экасцяжынкай, з Балотнікам ды насельнікамі запаведніка яшчэ наперадзе. На чэрвень запланаванае адкрыццё Цэнтра міфалагічнага турызму. Там і сустрэнемся.

 Уладзімір ПУЧЫНСКІ

Фота аўтара (з прэзентацыі) і БГА «Адпачынак у вёсцы»

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам