Гісторыя Агратурызм Удзячнасць нашым маці

Удзячнасць нашым маці

-

- Рэклама -

Шчасце – у дзецях

 З глыбіні стагоддзяў дайшла да нас вялікая запаведзь: шануй бацьку свайго і маці сваю. Жанчына, дзякуючы якой мы прыходзім на гэтую зямлю, назаўсёды застаецца для кожнага анёлам-ахоўнікам.

Радуе, што сапраўдных захавальніцаў хатняга ачага на Любаншчыне нямала. Сярод іх – Марыя Панамарэнка з вёскі Рэдкавічы. Нарадзілася Марыя Мікалаеўна ў 1932 г. у беднай працавітай сялянскай сям’і, дзе гадавалася чацвёра дзяцей. Калі дзяўчынцы было дзесяць гадоў, памерла маці. Неўзабаве бацька прывёў у хату другую жонку, Васіліну, і ў сям’і нарадзіліся яшчэ тры дачкі.Чытаць далей…

Безумоўна, цяжка жылося ў тыя часы вялікай сям’і. Кожнае дзіця з маленства ведала, што адзінай крыніцай існавання з’яўляецца праца, толькі яна забяспечвае чалавека ўсім неабходным. Таму бацька вучыў сваіх сыноў і дачок заўсёды ставіцца да працы сумленна, з поўнай аддачай і цярпеннем. Вельмі добра засвоіла гэтую навуку Марыя і, колькі памятае сябе, ніколі не сядзела без справы. З малых гадоў зведала, чаго варты кожны кавалак хлеба і кожная капейка.

Першы клас дзяўчынка скончыла да вайны, пасля вайны адвучылася яшчэ два класы і стала дапамагаць бацькам па гаспадарцы. У тыя цяжкія гады выжыць зноў-такі дапамагала праца. Але ж вясёлая, спрытная, працавітая дзяўчына марыла зарабіць багата грошай, каб дапамагчы сям’і. Сямнаццацігадовая Марыя з сяброўкамі завербавалася і паехала ў далёкую Карэлію, у горад Кубава. Там амаль год дзяўчаты працавалі на будоўлі. Было нялёгка, але Марыя не звяртала ўвагі на цяжкасці, бо добра зарабляла.

Марыя Мікалаеўна часта ўспамінае тыя гады, калі жыла ў невялікай карэльскай сям’і. Гаспадары абыходзіліся з ёй як з роднай дачкой, і дзяўчына старалася дагадзіць ім. Уранку, да працы, хадзіла ў лес па грыбы і ягады. «Столькі многа іх было на той час, – кажа мая суразмоўца, – журавінаў, буякоў… Ягады ссыпалі ў бочкі, перасыпаючы цукрам, грыбы таксама марынавалі ў бочках. А рыбы ўсякай было ў мясцовым возеры! Вялілі яе і стараліся, каб была «з душком». Хоць доўга я прывыкала да гэтай яды, але жылося мне там весела».

Падумвала Марыя ўжо выйсці за карэльца замуж, многія прапаноўвалі, але ніхто з іх не спадабаўся. З будучым мужам Аляксандрам Панамарэнкам Марыя пазнаёмілася ў рабочай сталовай. Хлопец, які прыехаў з Гомеля на будоўлю, адразу запрыкмеціў чарнявую прыгажуню з доўгай касой. Ёй таксама спадабаўся бялявы ветлівы юнак, і завязалася паміж маладымі людзьмі сяброўства, якое хутка ператварылася ў сапраўднае каханне. Пабраўшыся шлюбам, пайшлі жыць у невялікую хаціну.

У 1955 г. нарадзілася дачушка Райка. Але нядоўга радаваліся маладыя бацькі: дзяўчынка пачала часта хварэць, дактары сказалі, што з-за мясцовага клімату.

Марыя і Аляксандр вырашылі ехаць на радзіму. У горад гаспадыня ехаць адмовілася, бо сумавала па вёсцы свайго дзяцінства. Прыехаўшы ў Рэдкавічы, пачалі будаваць сваю хату, разнастайныя пабудовы, завялі вялікую гаспадарку. Марыя працавала ў паляводчай брыгадзе, Аляксандр уладкаваўся дарожнікам ў любанскае дарожна-будаўнічае ўпраўленне.

Адно за адным у сям’і нараджаліся дзеці – на свет з’явіліся яшчэ восем дачушак і адзін сынок. Выхоўваць дзесяць дзяцей – вялікая праца і адказнасць. Прыходзячы позна ўвечары з працы, не ведала руплівая гаспадыня, ці то за дзяцей, ці то за гаспадарку брацца. Але спраўлялася, ды яшчэ ў вольныя хвіліны вельмі любіла вышываць. Калі я пытаюся ў Марыі Мікалаеўны, ці цяжка было ўпраўляцца з такой вялікай сям’ёй, яна горда адказвае: «Не, я ж тады спраўнай маладзіцай была, шустрай. Бывала, ляжаш спаць у тры гадзіны ночы, а ў пяць трэба падымацца, каб справіцца з хатняй гаспадаркай, дзяцей накарміць ды ў калгас на працу паспець».

Значную частку справаў браў на сябе гаспадар. Панамарэнкі ніколі не дзялілі працу на мужчынскую і жаночую. У каго быў час, той і выконваў патрэбную работу. Ды і дзяцей з самага ранняга ўзросту паўсюль бралі з сабой: разам і палолі, і сена рыхтавалі, і скаціну даглядалі – з маленства прывучалі да працы. І вучыліся дзеці старанна, ахвотна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці школы. Пазней кожны абраў свой жыццёвы шлях.

Добра, што сын Аляксандр з сям’ёй жыве ў Рэдкавічах – амаль кожны дзень прыходзіць ён да матулі, каб справіцца аб здароўі і ў чымсьці дапамагчы. Дачка Рая жыве ў суседняй вёсцы Шыпілавічы, іншыя дзеці – у Мінску і Гомелі.

– Думала, – прызнаецца Марыя Мікалаеўна, – што цяжка з дзецьмі, калі яны малыя. А потым, як пакінулі роднае гняздо, зразумела, што цяпер і пачынаюцца галоўныя перажыванні.

У 1965 г. жанчына была ўзнагароджаная медалём Мацярынства, у 1974 г. ёй прысвоілі ганаровае званне «Маці-гераіня», Марыя Мікалаеўна мае ордэны «Матчына слава».

За шматгадовую добрасумленную працу ў паляводстве нашая зямлячка ў 1982 г. была адзначаная медалём «Ветэран працы», працоўны стаж М. Панамарэнкі – 38 гадоў. Але не змагла жанчына прызвычаіцца да слова «пенсіянерка» і яшчэ дзесяць гадоў адпрацавала ў Рэдкавіцкім доме механізатара прыбіральшчыцай. Жыве адна, бо ў 1995 г. яе муж пайшоў з жыцця.

Цяпер Марыя Мікалаеўна пастаянна дома, часта сядзіць на лавачцы ў дагледжаным садзе, дзе мы і гутарылі.

– Сучасная моладзь нейкая нерашучая, – разводзіць рукамі мая суразмоўца. – Дзеці – гэта ж вялікая радасць. На цяперашні час я б яшчэ больш дзетак нарадзіла, – весела разважае зямлячка. – Гэта ж толькі падумайце, разумныя людзі машыны прыдумалі, якія самі бялізну мыюць, перапалоскваюць. А я ж, бывала, прыйду з калгаснай працы, накармлю сям’ю, дагледжу гаспадарку, а пасля поўначы мыю адзенне дзяцей, каб заўсёды чыстымі хадзілі. А яшчэ ж і грошы немалыя плаціць дзяржава за нараджэнне дзяцей, за догляд іх да трох гадоў. Я ж у свой час пасяджу два тыдні дома пасля нараджэння дзіцяці – і зноў на працу ў калгас. Праўда, падрасталі дзеці, бачылі, як мы з гаспадаром працуем з рання да позняга вечара, і стараліся нам ва ўсім дапамагаць.

А я падумала: гэта ж сапраўднае шчасце, што ёсць каму наведвацца ў бацькоўскую хату, што кожны выхадны дзень поўніцца яна дзіцячымі галасамі і што няма калі Марыі Мікалаеўне сумаваць. Шчасце і душэўная асалода любой жанчыны, трываласць сям’і – у дзецях. Таму гаспадыня задаволеная сваім вялікім сямействам.

– Багатая я цяпер стала, – зазначае Марыя Мікалаеўна, – бо ў мяне ўжо дваццаць два ўнукі, дваццаць пяць праўнукаў і адзін прапраўнук.

І жанчына кожнага агортвае цеплынёй, клопатам, увагай, падтрымлівае добрым словам. Хапае ў яе мудрасці, вопыту, душэўнасці, таму вырасціла і выхавала добрых дзяцей, стварыла ў сваім доме атмасферу ўтульнасці, добразычлівасці. Сваёй гасціннасцю прыцягвае і аднавяскоўцаў, бо за ўсё жыццё ніколі ні з кім не пасварылася, нікога не пакрыўдзіла, нікому не перайшла дарогу.

І цяпер Марыя Мікалаеўна не сядзіць без справы. Як і раней, у яе паўсюль чысціня і парадак. Кожны дзень з радасцю сустракае сваіх унукаў і праўнукаў. Вось у гэтым, мабыць, і ёсць сакрэт сапраўднага сямейнага дабрабыту і мацярынскага шчасця.

– Жыццё нам дадзенае, каб пражыць яго годна, – кажа Марыя Мікалаеўна, – гэта значыць, у любові, дабрыні, шчасці, радасці. А дзе ўсё гэта, як не у дзецях?!

Мамы нашыя святыя! Вы дорыце жыццё, вы доўжыце род чалавечы, вы нашая слава і нашая сіла!

 Марыя СЛІВЕЦ, бібліятэкар Рэдкавіцкай сельскай бібліятэкі Любанскага раёна

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам