Гісторыя Агратурызм Вандроўка па Баранавіччыне

Вандроўка па Баранавіччыне

-

- Рэклама -

Па сцяжынках суайчыннікаў

 Калі сырое, з зацяжнымі дажджамі вераснёўскае надвор’е змянілася на доўгачаканае бабінае лета, сонечныя дні зноў паклікалі вандроўніка, фатографа, мастака Уладзіміра Цвірку ў падарожжа. Ён ужо здзейсніў нямала падарожжаў па Беларусі, пасля якіх распрацаваў 150 маршрутаў вандровак па краіне. Цяпер засталося толькі дапоўніць даследаванні.

А сёмай гадзіне ціхім вераснёўскім ранкам мы ўжо былі на шляху ў багаты на гістарычныя падзеі Баранавіцкі раён.Чытаць далей…

OLYMPUS DIGITAL CAMERAНайперш мы наведалі цікавы куточак гэтага краю – вёску з дзіўнаю назваю Новая Мыш. Беларускі вучоны-географ Вадзім Жучкевіч выказвае думку, што назва вёскі паходзіць ад рэчкі Мышанкі, прытока Шчары. Беларускі паэт і фалькларыст ХІХ ст., сябра Адама Міцкевіча Ян Чачот, які часта наведваў Новую Мыш, у баладзе «Мышанка» дае назву гэтай вёскі паводле народных паданняў. Упершыню Новая Мыш згадваецца ў XV ст., а ў 1566 г. упамінаецца ўжо як мястэчка. У XVІ – XVІІ стст. тут існаваў замак, але пад час Трынаццацігадовай вайны 1654 – 1667 гг. замак і мястэчка былі ўшчэнт зруйнаваныя войскам Маскоўскай дзяржавы. У 1860 г. тут было 160 двароў, 1 030 жыхароў, дзейнічала народнае вучылішча, 3 яўрэйскія школы, бровар, цагельня. У 1825 г. пабудаваны касцёл Перамянення Пана, у 1859 г. Праабражэнская царква. Памяць свайго выдатнага земляка Я. Чачота жыхары Новай Мышы ўшанавалі помнікам яму на адной з вуліцаў вёскі.

OLYMPUS DIGITAL CAMERAВёска Палонка знаходзіцца за 12 км на захад ад Новай Мышы. Краязнаўцам і неабыякавым да гісторыі Беларусі людзям яна вядомая перш за ўсё бітвай, што адбылася тут 28 чэрвеня 1660 г. паміж войскамі Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваннем гетмана Паўла Сапегі і ваяводы Стэфана Чарнецкага і войскамі Масковіі. Нягледзячы на тое, што войска ВКЛ налічвала 15 тысячаў чалавек, а маскоўскае войска – 46 тысячаў, нашыя продкі, воіны ВКЛ, перамаглі. Трэба адзначыць, што 8 кастрычніка 1660 г. у бітве на рацэ Бася, што на Магілёўшчыне, П. Сапега і С. Чарнецкі таксама перамаглі войска Масковіі пад кіраўніцтвам Юрыя Далгарукага. Па значнасці бітву каля Палонкі можна параўнаць з бітвай пад Оршай, з яе пачалося вызваленне Беларусі ад маскоўскіх захопнікаў. Мясцовыя жыхары падказалі нам, дзе знаходзіцца памятны знак, мемарыяльны камень «Крывавы паток», прысвечаны гэтай бітве. Ад мясцовай жыхаркі мы даведаліся, што шыльду з памятнага каменя некалькі разоў знішчалі вандалы, але, як гэта часта бывае, вінаватых не знайшлі – ды іх і не шукалі. Дарэчы, першая згадка пра Палонку датуецца 1506 г., калі ў яе ваколіцах войскі ВКЛ на чале з дворным маршалкам Міхаілам Глінскім і гетманам Станіславам Кішкам разбілі войска татараў. У вёсцы ёсць царква Святой Параскевы Пятніцы, пабудаваная ў 1880 г. Вось як пранікнёна напісаў пра сваё паселішча настаўнік Палонкаўскай сярэдняй школы Анатоль Буй:

 Там, дзе сосны ўзнімаюцца гонка,

Дзе цячэ невялікі ручай,

Размясцілася вёска Палонка –

Гэта мой дарагі, мілы край.

 Наведалі мы таксама вёску (а некалі мястэчка) Моўчадзь, дзе знаходзіцца царква Святых Пятра і Паўла, пабудаваная ў 1869 – 1873 гг. Доўга мы шукалі ў наваколлі старажытны магільны склеп, але так і не знайшлі. І апытанне мясцовых жыхароў не дало вынікаў.

У вёсцы Паручын мы ўбачылі Свята-Пакроўскую царкву (1783 г.), а ў вёсцы Вольна – царкву Святой Троіцы (першапачаткова гэта быў касцёл, пабудаваны ў 1768 г.).

Нарэшце вандроўка па гэтым краі прывяла нас да вёскі Завоссе, непадалёк якой знаходзіцца Музей Адама Міцкевіча. Тут у 1798 г. ён нарадзіўся. Пасля Першай сусветнай вайны ад сядзібы засталіся толькі падмуркі, яе аднаўлялі паводле малюнкаў Напалеона Орды і Эдварда Паўловіча. У 1927 г. на гэтым месцы быў устаноўлены помнік паэту, у 1995 г. ён быў адноўлены, але ў 1996 г., пры рэканструкцыі сядзібы, помнік быў знесены. З часоў А. Міцкевіча засталася толькі старая ліпа.

На тэрыторыі музея нас не вельмі гасцінна сустрэла супрацоўніца аховы – маўляў, музей прымае наведнікаў толькі ў выхадныя дні, мы ж прыехалі ў аўторак. Праўда, потым яна палагаднела. Уражанні ад знаёмства з музеем засталіся добрыя, цікава было ўбачыць сядзібны будынак, двухпавярховы лямус, студню, іншыя гаспадарчыя пабудовы, адноўленыя на тых жа месцах, дзе яны стаялі раней.

OLYMPUS DIGITAL CAMERAЗа 35 км на паўночны ўсход ад Баранавічаў знаходзіцца вёска Паланечка, якая ўпершыню згадваецца ў XVІ ст. як мястэчка. У канцы XVІІІ – пачатку ХІХ ст., пры Мацеі Радзівілу, тут збудавалі палац, дзе былі вялікая бібліятэка, архіў, багатая калекцыя манетаў. У 1751 г. у мястэчку быў пабудаваны касцёл Святога Юрыя, у якім хрысцілі будучага вядомага даследчыка, геолага, народнага героя Чылі Ігната Дамейку. Мястэчка наведваў і паэт Уладзіслаў Сыракомля. У гады паўстання 1863 – 1864 гг. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ў ваколіцах мястэчка дзейнічалі паўстанцкія атрады.

Потым мы накіраваліся ў вёску Карчова, якая першапачаткова называлася Туганавічы. Упамінаецца ў 1510 г. як маёнтак, што належаў спачатку Туганоўскім, а з 1758 г. – Верашчакам. Наведалі мы Туганавіцкі пейзажны парк, які быў створаны ў другой палове XVІІІ ст. Частымі гасцямі гаспадароў маёнтка былі А. Міцкевіч, Я. Чачот, Тамаш Зан, І. Дамейка. Улетку 1818 г. у Туганавічах Міцкевіч пазнаёміўся з Марыляй Верашчака – дачкой гаспадароў маёнтка. У Туганавіцкім парку была альтанка з высаджаных па крузе шасці ліпаў (часткова захаваліся. — «КГ»), так званая «калыска кахання», дзе сустракаліся Адам і Марыля. Канстанцін Туганоўскі ў 1831 г. узяў шлюб са старэйшай сястрой Марылі – Софіяй, і род Туганоўскіх зноў стаў уладальнікам сядзібы. Вядома, што К. Туганоўскі падтрымліваў цесныя сувязі з К. Каліноўскім. У яго маёнтку дзейнічала майстэрня, адкуль зброя перапраўлялася ў паўстанцкія атрады. Пасля падаўлення паўстання К. Туганоўскі быў арыштаваны і замардаваны ў Віленскай турме. Непадалёк парку ва ўрочышчы Кут знаходзіцца валун – «камень філарэтаў», каля якога А. Міцкевіч і яго сябры давалі клятву ідэалам свабоды, братэрства і незалежнасці. Гэта ім, сваім сябрам Я. Чачоту, Т. Зану, І. Дамейку і іншым, А. Міцкевіч прысвяціў верш «Песня філарэтаў».

Даволі змястооўнай і цікавай атрымалася нашая восеньская паездка па мясцінах Баранавіцкага раёна. Па дарозе дамоў мы заехалі ў гарадскі пасёлак Мір, з якім звязана шмат старонак жыцця У. Цвіркі. А ў Стоўбцах мы наведалі добра дагледжаныя старыя яўрэйскія могілкі, дзе самыя раннія пахаванні датуюцца 1813 г. Пакуль не прыйшлі халады, мы збіраемся здзейсніць яшчэ некалькі падарожжаў па багатай на падзеі і помнікі даўніны роднай Беларусі.

 Лявон ЦЕЛЕШ, г. Дзяржынск

Фота аўтара

Папярэднi артыкулМілыя вобразы матуляў
Наступны артыкул
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам