Гісторыя Агратурызм Вандроўка па знакавых мясцінах

Вандроўка па знакавых мясцінах

-

- Рэклама -

Ад Персіярні да беларускага Луўра

 Група прыхільнікаў беларушчыны на чале з кандыдатам мастацтва­знаў­ства Галінай Мяшковай нядаўна здзейсніла экскурсійную паездку ў Слуцк і Ста­рыя Да­ро­гі. Экскурсаводам быў вядомы паэт і публіцыст, ураджэ­нец Слуцка Яўген Гучок. Аб падарожжы з такім унікальным гідам і патрыётам Радзімы, ча­ла­векам з энцыклапедыч­нымі ведамі, шырокім кругаглядам і прыгожай душой можна было толькі марыць. У былым цэнтры пра­ва­слаўя мы даведаліся шмат з гісторыі Случчыны і Літвы (Беларусі), а ўвесь апо­вед быў пераплецены выдатнымі вершамі самога Яўгена Сяргеевіча.Чытаць далей…

Неўзабаве нас сустрэла Слуцкая раўніна. На ўсход ад го­рада, распавёў Я. Гучок, землі ўжо не такія, а сама Случчына, якая з’яўляецца па­чаткам Палесся, – гэта багатыя землі першай катэгорыі з каласальнымі ўраджая­мі. Як той казаў: «Калі не ўродзіць Слуцкая раўніна, дык не пракорміць і Украіна».

У Слуцку спачатку накіраваліся на старыя могілкі канца XVIII – ХІХ ст., дзе раней ад­на частка была лютэранскай, другая кальвінісцкай. На каталіцкай, дзе калісьці было шмат прыгожых помнікаў і якія бясследна зніклі, пакланіліся магіле Альгерда Абуховіча-Бандынелі, аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры і на­шчадку старажытнага роду.

Па дарозе Я. Гучок паказаў дом свайго сябра Рыгора Родчанкі, слуцкага края­знаўцы, фалькларыста, літаратуразнаўцы і паэта, які адшукаў магілу Абуховіча.

Гарадскі Дом культуры стаіць якраз на Замкавай гары, а раней там была Мікала­еўская царква. Мінаем гарсавет, карцінную галерэю, славуты слуцкі базар. Мы па­бачылі, дзе быў будынак дваранскага сходу, пастаялы двор, гандлёвая вучэль­ня – пазней культурна-асветніцкі цэнтр «Папараць-кветка», а таксама адзіны захаваны корпус Свята-Траецкага манастыра. Такі мізэр ад такой святыні!

Захаваўшы ў сэрцы малітоўную цеплыню храма з яго салодкім пахам ладану, мы скіраваліся далей. Па дарозе даведаліся, што на месцы цяперашняга за­во­да чыгуналіцейнага абсталявання амаль 100 гадоў існавала Слуцкая ману­фак­тура, або Персіярня (1741 – 1846), фабрыка слуцкіх паясоў.

Sl-StDar_01Помнік слуцкім паясам скульптара С. Гумілеўскага нагадаў радкі М. Багда­новіча. Пасля мы наведалі Музей слуцкіх паясоў пры Унітарным прадпрыемстве «Слуцкія паясы», дзе нас гасцінна сустрэлі і распавялі пра горад і пра «персіярню», брэнд Беларусі. 

Sl-StDar_02Калі выйшлі з музея, пабачылі пабудаваныя пад час Другой сусветнай вайны драўляныя дамы. У ад­ным з іх, двухпавярховым, была нямецкая камендатура, а па вайне – суд. Далей рушылі да ружовых муроў Слуцкай міні-ТЭЦ. І даведаліся, што на яе месцы, насупраць гімназіі, некалі стаяў самы прыгожы дом у горадзе, дом Эдварда Вай­ніловіча. У ім у 1920 г. некалькі дзён знаходзілася Рада Случчыны і штаб Слуцкай брыгады. Пасля канчат­ковай ліквідацыі Чырвонай Арміяй Слуцкага збройнага чыну дом адразу знішчылі. Будынак жа дваран­скага сходу напаткаў лепшы лёс – у ім сёння краязнаўчы музей.

Цікава, што раён, дзе жылі немцы, швейцарцы, якія выкладалі ў знакамітай слуцкай гімназіі (архітэктар Кароль Падчашынскі), арганізаванай Радзівілам у 1617 г., называўся Калонія. Ста­тут Слуцкай кальвінскай гімназіі быў настолькі распрацаваны, што знакаміты чэш­скі асветнік Ян Амос Каменскі выкарыстоўваў яго ў сваёй працы. Гэтую гімназію скончыў вядомы астраном Вітольд Цераскі, многія іншыя знакамітыя дзеячы навукі і культуры.

Развітваючыся з горадам, мы заўважылі, што пасля кожнай сустрэчы з ім у сэрцы застаецца пачуццё цеплыні і любові да гэтага ўнікальнага беларускага паселішча.

Час у гасцінным Слуцку праляцеў хутка, наперадзе нас чакаў музей Анатоля Белага ў Старых Дагогах. Мінаючы населеныя пункты Случчыны, мы даведаліся, адкуль пайшлі некаторыя назвы вёсак: Лучнікі – там стаяў полк лучнікаў, Бранавічы, дзе было ратнае поле… Багатая зямля слуцкая і на сучасных літаратараў: з Набушава Алесь Пашкевіч, з Лясішча Галіна Каржанеўская, Алесь Жук з Клешава…

Sl-StDar_03Перад 52-м домам па вуліцы Садовай у Старых Дарогах нас сустрэла гаспадыня музея, жонка і паплечніца А. Белага – чароўная Ала Мікалаеўна. Пасля вітальных словаў, падмацаваных шчодрым абедам, пачалося нашае знаёмства з экспазіцыйнымі заламі. Пры ўваходзе ў першую – «Жывапісная Беларусь» – нас сустрэў драўляны анёл-ахоўнік, які тут з’явіўся як сімвал веры і адраджэння. Леваруч уся сцяна завешаная палотнамі Леаніда Шчамялёва. Рухаючыся далей па зале, я пабачыла партрэт пісьменніка Альгерда Абуховіча-Бандынэлі пэндзля мастака Алеся Цыркунова. 

Далей драўляныя прыступкі прывялі нас на другі паверх першага з чатырох двухпавярховых дамоў музея. За нашым узыходжаннем у залу «Гісторыя Беларусі ў мастацкіх вобразах і партрэтах» сачыў «Сымон-мызыка» Георгія Ціхановіча. Некалі пра­фе­сар Георгій Штыхаў казаў, што па музеі А. Белага можна вывучыць усю гісторыю Беларусі.

Прыпыніліся каля экспазіцыі, прысвечанай Наталлі Арсенневай, якая складаецца з нотных арку­шаў і фотаздымкаў славутай паэтэсы, і каля «чэшскага» стэнда (менавіта вядомы чэхаславацкі дыпламат Ян Масарык, заступнік беларусаў, прыклаў намаганні, каб для беларусаў стварылі месцы ў Карлавым універсітэце). Вытанчаная арыста­кра­тычная жаноцкасць вылучае партрэт Магдалены Радзівіл, якая хацела, каб у Ва­ты­кане была створаная структура ў падтрымку беларуш­чы­ны, што працавала б на развіццё беларускай каталіцкай царквы, і для гэтай справы княгіня аддала свае вельмі дарагія каралі і пярсцёнак.

У трэцяй зале ёсць два стэнды, прысвечаныя Васілю Быкаву: ілюстрацыі мастакоў да яго кніг, партрэты і асабістыя рэчы пісьменніка. Можна пабачыць і мастакоўскі талент Васіля Уладзіміравіча: прадстаўленыя ягоныя нацюрморты і малюнкі тушшу. В. Быкаў падараваў музею свае пэндзлі, і сп. Белы дарыў іх мастакам, якія, на яго думку, вызначыліся.

Ала Мікалаеўна паведаміла, што з задавальненнем наведвалі музей па­слы. Двойчы – пасол Чэхіі Уладзімір Румл, амерыканскі пасол Карын Сцюарт прысутнічала пра адкрыцці помніку Т. Касцюшку. А шведскі пасол Стэфан Эрыксан зазначыў: «Неймаверна, неспасціжна, каб гэткае мог зрабіць адзін чалавек».

Гаспадыня падвяла нас да невялікага стэнда, прысвечанага караням Анатоля Яўхімавіча, з архівам партызанскага мінулага сям’і Белых, з лістамі, узнагародамі, з картай Старых Дарог, з кнігай «Памяць. Старадарожскі раён».

Старыя крэслы, канапа, рарытэтны буфет застаўся Анатолю Яўхімавічу «ад бацькоў бацькоў». Ягоныя бацька і дзед былі шляхцюкамі з Заходняй Беларусі. Менавіта любоў да прыгажосці, да культурнай спадчыны яго роду, унутраная інтэлігентнасць зрабіла пунктуальнага і мэтанакіраванага лётчыка-вайскоўца вядомым мастацтвазнаўцам, калекцыянерам і гісторыкам.

І вось ізноў мы ў першай зале, побач з карцінай «Веру – Уваскрэснеш» і фотапартрэтам А. Белага. Па сваёй маштабнасці і значнасці старадарожскі музей можна з гонарам назваць беларускім Луўрам дзякуючы багатай гісторыі калекцыянавання мастацкіх і гістарычных рэліквіяў. Аднаго наведвання мала, трэба вяртацца сюды зноў і зноў, бо немагчыма з першага разу асэнсаваць усю глыбіню гэтага праекта даўжынёй у жыццё. Зразумела, што ён патрабуе пастаяннай падтрымкі і вывучэння спецыялістамі мастацтва і культуры. Трэба прыязджаць сюды і пісаць студэнцкія дыпломы, магістарскія, кандыдацкія і доктарскія дысертацыі.

 Кацярына МЯШКОВА, паэтка і публіцыстка

(Цалкам артыкул чытайце ў №№ 14 і 15 “Краязнаўчай газеты”)

Папярэднi артыкулАграсядзіба па-беларуску
Наступны артыкул
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам