Гісторыя Агратурызм Вершы і сціхі першадрукара

Вершы і сціхі першадрукара

-

- Рэклама -

Паэзія Францыска Скарыны

 Пяцьдзясят гадоў таму назад выдатны рускі літаратуразнаўца Павел Беркаў свой артыкул «Ф. Скарына і пачатак усходнеславянскага вершаскладання» (1967) распачаў заўвагай, што «для шырокай аўдыторыі пастаноўка такога пытання, відаць, будзе нечаканай, для спецыялістаў па гісторыі беларускай культуры, магчыма, нават неправамернай». У пэўным сэнсе гэтыя словы, толькі ўжо ў адносінах не Скарыны-вер­ша­скла­даль­ні­ка, а Скарыны-паэта, можна паўтарыць і сёння. Слушнасць такога меркавання пацвярджае і выказванне арыгінальнага даследчыка творчасці Францыска Скарыны Юрыя Лабынцава: «Скарына-празаік вядомы нам яшчэ вельмі і вельмі мала. Скарына-паэт пакуль невядомы зусім. Пра паэтычны дар Францыска Скарыны даследчыкі казалі дагэтуль, ды і цяпер кажуць, мімаходзь, нізводзячы ягоны талент вершатворцы толькі да прызнання за ім “першых практыкаванняў”».

Гаворачы пра паэтычны дар, літаратуразнаўцы, як правіла, атаясамліваюць такія паняцці, як паэзія і вершаванне, і звычайна паказваюць наяўнасць такога дару ў Скарыны найперш (а часам і выключна) трыма яго невялікімі вершамі, надрукаванымі ў перакладзеных ім кнігах Бібліі «Кніга Іова», «Зыход» і «Кніга Эсфір». У прынцыпе гэта правільна, паколькі паэзія найчасцей увасабляецца ў творах вершаваных. Верш, вершаваная мова дзякуючы сваёй выразнай рытмічнай арганізацыі аказвае вялікае ўздзеянне на ўзнікненне эмоцыяў, без чаго паэзія як від слоўнага мастацтва існаваць увогуле не можа. У той жа час яна, паэзія, здараецца, карыстаецца і моваю мастацкай прозы, у якой таксама існуе своеасаблівы рытм (тэмпарытм). У такой паэтычнай прозе слова не проста абазначае пэўнае паняцце, а найперш стварае вобраз, выяўляе пачуццё, эмацыйна афарбаваную думку. Само яго гучанне становіцца сродкам выяўлення.Чытаць далей…

Для паэзіі, гэтай «музыкі душы» (І. Гердэр), характэрная павышаная эмацыйнасць, што ўзнікае дзякуючы моўнаму рытму, а таксама, як у Скарыны, выразнаму выяўленню гукавога ладу мовы, ужыванню разнастайных сінтаксічных фігураў (анафарычныя зачыны, разнастайныя паўторы, ампліфікацыі ды інш.), вялікай колькасці арыгінальных тропаў (метафары, параўнанні, эпітэты, перыфразы, гіпербалы і інш.), своеасаблівай іх канцэнтрацыі. Калі прыглядзецца, такое «паэтычнае рэчыва» ў той ці іншай ступені ўвасобленае ва ўсіх арыгінальных і перакладных тэкстах Скарыны, які, як слушна выказаўся прафесар Іван Саверчанка, «выявіў сябе як бліскучы нацыянальны паэт, сапраўдны майстар паэтычнага слова». Мы ведаем Скарыну перш як выдатнага асветніка, гуманіста, перакладчыка, публіцыста, філосафа, філолага-біблеіста, нават правазнаўцу і г.д. Дзе ж, у чым сярод такога мноства яго прыроджаных і набытых здольнасцяў выявіўся яшчэ і паэтычны талент?

Пачнем з вершаў у іх сённяшнім, класічным разуменні. Дакладней, з тых «некалькіх цікавых сваім зместам вершаваных радкоў, якія не страцілі свайго мастацкага і духоўна-маральнага значэння да нашага часу» (выказванне І. Саверчанкі ў кнізе «Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка»). Першы верш мае ўсяго чатыры радкі. Надрукаваны ён у якасці эпіграфа да «Кнігі Іова», выдадзенай у Празе 10 верасня 1517 г. Размешчаны на яе тытульным аркушы, адразу пасля назвы. Здавалася б, нязначны факт. Разам з тым не толькі жанрам эпіграфа-прысвячэння, але і месцам яго публікацыі (на тытульным аркушы) Скарына распачаў у беларускім кнігадрукаванні традыцыю гэтак званай эмблематычнай паэзіі – вершаваных прысвячэнняў-«эпікграм», – што асабліва расквітнела ў апошняй чвэрці ХVІ ст.

«Кніга Іова» была другой па чарговасці выдання кнігай Скарыны, што выйшла крыху больш як праз месяц пасля знакамітага «Псалтыра». Вось гэты першы з вядомых нам вершаў Францыска Скарыны:

Богу в троици единому ко чти и ко славе:

Матери его Пречистой Марии к похвале:

Всем Небесным силам и святым его к веселию:

Людем посполитым к лоброму научению.

І Я. Карскі, і В. Ластоўскі, і А. Коршунаў, і большасць іншых літара­тура­знаў­цаў, якія цытавалі гэты верш, адносяць яго да сярэдневяковай сілабіч­най сістэмы вершавання, да г.зв. віршаў. На тое, што дадзены верш сілабічны, указвае най­перш просты падлік складоў у кожным з яго радкоў: 15–14–15–14. У эпікграме ня­ма, як гэта было ў кананічнай сілабіцы, аднолькавай колькасці складоў ва ўсіх чатырох радках. Але затое яна захоўваецца адпаведна ў няцотных і цотных радках, што па вялікім рахунку не пярэчыць сілабічнаму характару верша. Такім чынам, можна абсалютна дакладна вызначыць дату ўзнікнення сілабікі ў бела­рус­кай пісьмовай паэзіі: 1517 г. Як сведчыць М. Гаспараў, «у рускай паэзіі першыя вопыты сілабікі адносяцца да часу каля 1654 г. <…> Усе яны пісаныя, відавочна, украінска-беларускімі аўтарамі. Але рашучым момантам у асваенні сілабікі рускай паэзіяй была творчасць Сімяона Полацкага (у Маскве з 1664)».

Звернемся цяпер да скарынаўскага вершаванага пераказу шырока вядомых Дзесяці запаведзяў з кнігі «Выхад» (люты 1519 г.). Па сутнасці гэта не проста пераказ, нават не «вольны пераклад» (У. Конан), а арыгінальны паэтычны твор, напісаны паводле матываў стара­жытна­яўрэй­скага арыгінала. Размешчаны верш «Веруй в бога единого…», у адрозненне ад папярэдняга твора, унутры тэксту прадмовы пасля словаў: «Яко господь бог десятеро приказание им дал написано на досках каменных». Прычым, усе дзесяць запаведзяў – што надзвычай паказальна і важна – надрукаваныя не паасобку, не дзесяццю радкамі, а папарна, пяццю радкамі. Прычым над кожнай з запаведдзяў ўказаны яе парадкавы лік.

ПЕРВОЕ:                                           ВТОРОЕ:

Веруй в бога единого.                      А не бери надармо имени его

ТРЕТЕЕ:                                            ЧЕТВЕРТОЕ:

Помни дни светые святити.            Отца и матку чтити

ПЯТОЕ:                                             ШЕСТОЕ:

Не забивай ни едина.                      И не делай Греху блудна

СЕДМОЕ:                                          ОСМОЕ:

Не вкради что дружнего.                 А не давай сведецтва лжива

ДЕВЯТОЕ:                                        ДЕСЯТОЕ:

Не пожедай жены ближнего.          Ни имения или речи его.

Заўважым, мы ўпершыню ўзнаўляем гэты верш так, як ён надрукаваны ў Ска­рыны. І сам П. Беркаў, які запазычыў вершаваную цытату у П. Владзімірава, і ўсе літаратуразнаўцы да яго і пасля яго, хто аналізаваў ці проста цытаваў гэты верш (Я. Карскі, В. Ластоўскі, А. Коршунаў, М. Грынчык, І. Саверчанка і інш.) за­піс­валі твор не ў выглядзе квінцілы (пяцірадкоўя), а – дэцымы (дзесяцірадкоўя). Ад­сюль, мы лічым, – галоўныя недакладнасці ў вызначэнні характару гэтага верша.

Паводле П. Беркава, «пераказ дзесяці запаведзяў ужо не падпарадкоўваецца правілам ранняга сілабічнага вершаскладання. Паслядоўнасць складоў у ім на­ступ­ная: 8:12; 9:7; 8:8; 7:9; 9:11. <…> Такім чынам, аб роўнаскладовасці асобных радкоў размовы тут быць не можа». Як бачым, П. Беркава падвёў зменены (у параўнанні са скарынаўскім) запіс верша – не пяццю, а дзесяццю радкамі. Калі ж зрабіць падлік складоў у пяцірадкоўі (так, як у Скарыны), атрымаецца наступны іх лік : 20–16–16–16–20. Дзіўная сіметрыя і гармонія! Вельмі рэдкія для свайго часу, надзвычай цікавыя два 20-складовікі… Своеасаблівая «рамка», што абрамляе тры 16-складовікі… Не звычайная канцавая, а ўнутраная рыфмоўка… Рыфмы адна-, двух- і трохскладовыя, у тым ліку састаўныя (ближнего – речи его)…

(…)

Як было ўжо сказана, Скарыну належыць і шэраг арыгінальных малітваў, якія таксама ўвайшлі ў «Малую падарожную кніжку». Дарэчы, некаторыя з іх («Малітва Імю Ісусаваму», «Малітва пабожная да Найсвяцейшае Багародзіцы Марыі» і інш.), як і асобныя «Псалмы Давіда», у перакладзе на сучасную беларускую мову склалі асобны раздзел у кнізе выбраных твораў а. Аляксандра Надсана, што ўбачыла свет у серыі «Беларускі кнігазбор» (Мінск, 2014).

Паэтычная сутнасць таленту Францыска Скарыны, выразна і найраней засведчаная перакладамі Святога Пісання, зразумела, не магла не выявіцца ў яго прадмовах і пасляслоўях да асобных кніг Бібліі. У цэлым скарынаўскі прадмоўна-пасляслоўны корпус адносіцца да рознастылёвай публіцыстыкі, дзе сярод інфармацыйна-справавога, навуковага стыляў стае, аднак, месца і стылю мастацкаму, нават паэтычнаму. Вось прыклад высокамастацкай і высокаідэйнай паэтычнай прозы – з «Предословия доктора Франъциска Скорины с Полоцька в книгу “Иудиф-вдовици”»: «Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя. Птици, летающие по воздуху, ведають гнезда своя. Рибы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя. Пчелы и тым подобная боронять ульев своих. Також и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають». Гэта глыбока эмацыйнае, вобразнае, рытмічна ўпарадкаванае выказванне не патрабуе спецыяльнага «перастварэння» ў верш, каб захаваць сваю паэтычнасць. Як не патрабуюць гэтага, скажам, вядомыя «Стихотворения в прозе» Івана Тургенева. Калі б гэта было іначай, Скарына, думаецца, сам выкарыстаў бы форму верша, накшталт таго, як ён выкарыстаў яе пры пераказе Дзесяці запаведзяў.

Такім чынам, ёсць усе падставы называць Францыска Скарыну, апрача ўсяго, яшчэ і таленавітым паэтам, вершазнаўцам, родапачынальнікам сілабічнага і танічнага вершавання ў беларускім пісьменстве, яскравым прадстаўніком сціхавога вершавання – сістэмы, што ў гісторыі ўсходнеславянскай паэзіі папярэднічала сілабічнаму вершаванню. У аснове сціхавога рытму скарынаўскага малітваслоўнага верша, разлічанага, як правіла, на вуснае выкананне, ляжалі два чыннікі: маўленчы, рытма-меладычны (традыцыйна замацаваныя распевы, інтаніраванне) і моўны, сэнсавы (тэматычны і сінтаксічны паралелізм, анафары, паўторы асобных лексем і інш.). У актыў Скарыны-паэта можна залічыць не толькі ўвядзенне ва ўсходнеславянскую паэзію сілабікі з арыгінальнымі элементамі аўтарскай паэтыкі (эпікграма, шаснаццаці- і дваццацірадковікі, унутраныя рыфмы), але і шырокае карыстанне малітваслоўным вершам, усталяванне рытмастваральных чыннікаў літургічнага сціха, распрацоўку некаторых яго жанраў, відаў і формаў (акафіст, акрасціх, акафіст-акрасціх імянны, акафіст-азбукоўнік, тэрцэт, дысціх і інш.).

 Вячаслаў РАГОЙША

(Цалкам артыкул чытайце  ў “Краязнаўчай газеце”, №№ 35 – 37)

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам