Абярэг для землякоў
Аўтар больш як 200 публікацыяў у кнігах, навуковых зборніках і перыядычных выданнях (у тым ліку – у «Краязнаўчай газеце») Святлана Кошур з Карэлічаў нядаўна выдала чарговую, восьмую, кнігу пра родныя мясціны – «Залатая падкова Свіцязі».
З некаторымі яе працамі – кнігамі «Вяртанне на Радзіму» (2002) і «Зямля Карэліцкая і яе славутыя людзі» (2009) – нашыя чытачы знаёмыя. Новае выданне запрашае ў вандроўку па ваколіцах славутага возера Свіцязь. Гэтае месца становіцца адпраўною кропкаю.
Напачатку аўтар настройвае на адпаведны лад вершам знакамітага нараджэнца гэтых мясцінаў, падае вытрымку з верша Адама Міцкевіча «Свіцязь»:
Мiж дpэў, бы ў вянoчкy, aдкpыeццa вoкy
Тaм вoзepa Свiцязь, як дзiвa.
Як быццaм xтo шыбiнy лёдy звыcoкy
Сюды aпycцiў бepaжлiвa.
А здapыццa быць тyт нaчнoю пapoю,
Зacтынeш, aддaўшыcя чapaм:
Рoй зop нaд тaбoю, poй зop пaд тaбoю
І мecяцы двa пepaд твapaм!Чытаць далей…
Першы, аднайменны, артыкул «Залатая падкова Свіцязі» распавядае пра навакольныя вёскі Асташын, Мірацічы, Валеўка, Радагошча, Чамброў, Райца, Малюшычы, Валокі, Варонча, Цырын, Карчова, Мядзвядка, Беразавец, запрашае на месцы былых маёнткаў (у тым ліку ў Туганавічы), а таксама ў Мір і Карэлічы. У кожнай кропцы гэтага своеасаблівага маршруту адкрываюцца свае цікавосткі і таямніцы. А расповед пра райцэнтр дапоўнены вытрымкамі з дзённіка Міхаіла Казіміра Радзівіла Рыбанькі, дзе згадваюцца падзеі, звязаныя з тагачаснымі Карэлічамі. Асобныя артыкулы прысвечаныя цікавым людзям гэтага краю – Якаву Бязмену з вёскі Краснае (ён стаў прататыпам Сымона Тургая з трылогіі Якуба Коласа «На ростанях»), настаўніцы Аляксандры Зотавай (якая сябравала з Якубам Коласам), паэту Янку Журбе, начальніку карэліцкай пошты Паўлу Богушу, мастакам Валянціну Рамановічу, Эдварду Кучынскаму, Аляксею Будзейку, Мікалаю Панасенку і Уладзіміру Ешману, літаратарам і навукоўцам Уладзіміру Навумовічу і Але Петрушкевіч… Багата персаналіяў па навукоўцах, якія нарадзіліся на Карэліччыне, знойдзе чытач у артыкуле «На ніве асветы»: канструктар і тэхнолаг Аляксандр Раковіч, фізік Андрэй Богуш, вучоны-ветэрынар Аляксандр Богуш, вынаходнік, дарожны будаўнік Мікалай Вырко, энергетык Аркадзь Качан, кандыдаты тэхнічных навук Сямён Карповіч і Юрый Сініца, матэматык, прафесар Уладзімір Конюх, педагог і матэматык Георгій Булдык, філолаг Іван Булдык, філосаф, прафесар Павел Кікель, селекцыянер-бульбавод Георгій Піскун ды іншыя.
Шмат увагі ў кнізе прысвечана расповядам пра час, калі раён быў у складзе Польшчы, пра перыяд калектывізацыі і раскулачвання, пра гады фашысцкай акупацыі. «Давялося мне чуць ад састарэлых людзей, — піша С. Кошур у артыкуле “Абярэг для землякоў”, — што ў гады вайны ў вёсках узнавіўся абрад ткання ручніка-абыдзенніка, які з даўніх часоў меў ахоўную функцыю і вырабляўся ў час агульнага няшчасця. Некалькі жанчын адной вёскі збіраліся разам у адну хату, каб на працягу дня ці ночы спрасці і выткаць абярэг. Ткалі яго калектыўна за мінімальны тэрмін. Пад час працы ўсе ўдзельнікі абраду павінны былі захоўваць маўчанне». І далей распавядае пра вёскі, дзе праходзіў гэткі абрад, пра лёсы салдатаў Вялікай Айчыннай, якія з іх пайшлі на фронт.
Цыкл артыкулаў «У гады калектывізацыі» распавядае пра пакручастыя лёсы дбайных вяскоўцаў, якія з працы маючы болей «положеного», былі залічаныя да кулакоў, не маглі нават пры ўсім сваім жаданні стаць калгаснікамі, а нехта і ўвогуле патрапіў у сібірскую старану, на высылку, дзе з цяжкасцю выжывалі. Нехта спрабаваў дабіцца паслаблення – звярталіся асабіста і пісьмамі ў дзяржаўныя ўстановы. У кнізе прыведзены цікавы ліст сямнаццацігадовага Леаніда Кузьміча з вёскі Горныя. Перад Генералісімусам Сталіным ён хадайнічаў за дзядулю Яўстафія Рыгоравіча Кузьміча. «Ветливо прошу вас дарагой папаша памочь нашему гору. Мы дети сироты, отец наш погиб на фронте Отечественной войны в 1945 году, а мать вышла замуж в 1946 году, – пісаў хлопец. – Просим Вас дарагой и любимый папаша взять во внимание наше сельскохозяйственное палажение, так как мы остались сиротами и сейчас живём в одном доме с дедушкой и бабушкой которые уже нетрудоспособные а мы ещё несовершеннолетние, дедушку обложили сельскохозяйственным налогом которого он не всостоянии выплатить. (…) Прошу Вас не откажите в маей прозьбе. 30 января 1949 г.». Праўда, пісьмо не дапамагло, Баранавіцкі аблвыканкам пакінуў рашэнне ў сіле. А вось ліст да Сталіна ды іншыя тагачасныя дакументы аб кулацкіх гаспадарках цяпер захоўваецца ў музейнай экспазіцыі «Зямля і людзі».
Багата іншых матэрыялаў можна пабачыць у карэліцкім музеі «Зямля і людзі», якому 25 гадоў жыцця аддала С. Кошур. І пра кожны яна можа распавядаць цікавыя гісторыі. Некаторыя змешчаныя ў новай кнізе. Ёсць тут і расповед пра яе сямейны фотаальбом. Лёсы сем’яў яе бацькоў Ганны Пракопаўны з роду Грынько і Андрэя Антонавіча Пыско, сям’і Надзеі Андрэеўны Кузьміч (якая адна гадавала сына Аляксандра, будучага мужа аўтара кнігі) цесна знітаваныя з цэлаю эпохаю. У 1935 годзе сям’я Пракопа Грынько з Чырвонай Слабады была рэпрэсаваная і высланая ў архангельскую тайгу. Як там жылі і выжывалі яны і падобныя да іх небаракі – асобная гісторыя. А інжынер-мостабудаўнік Ілля Пыско так і не папрацаваў па спецыяльнасці – у 1941 годзе загінуў з аднакурснікамі, абараняючы Маскву. І з такіх дзясяткаў кароценькіх гісторыяў складаецца гісторыя эпохі, у якой нараджаліся і сталелі пакаленні дзядоў і бацькоў чытачоў нашай газеты.
Кніга таксама багата ілюстраваная. Тут можна выдзеліць аж тры своеасблівыя альбомы. Фотаальбом сямейны, на аснове якога спн. Кошур распавядае аб падзеях мінулага стагоддзя, фотаальбом, прысвечаны землякам (вядомым і звычайным грамадзянам), лёсы якіх звязаныя з Карэліччынай, і альбом рэпрадукцыяў жывапісных і графічных твораў мясцовых мастакоў.
Цешыць, што дзесяцігоддзі, аддадзеныя Святланай Андрэеўнай працы ў краязнаўчым музеі, сталіся перыядам збірання і сістэматызацыі сведчанняў і дакументаў прамінулых эпохаў. І матэрыялы тыя не засталіся ляжаць у запасніках – выходзяць у выглядзе публікацыяў у перыядычных выданнях, у кнігах. Гэта – своеасаблівы летапіс Карэліцкага краю. Не кожны рэгіён можа пахваліцца, што мае гэткага даследчыка. Зямлі на падкове Свіцязі пашанцавала.
Уладзімір ПУЧЫНСКІ
Ад рэдакцыі. У адным артыкуле складана распавесці пра шматграннае выданне. А колькі засталося па-за старонкамі кнігі! І нашыя чытачы маюць магчымасць з першых вуснаў даведацца пра свіцязянскі край, задаць свае пытанні аўтару кніга «Залатая падкова Свіцязі». Зрабіць гэта можна будзе пад час сустрэчы, што неўзабаве адбудзецца ў Мінску ў рамках імпрэзаў «Мой род – мая радзіма». Запрашаем! Час і месца паведамім у наступным нумары.