Гісторыя Агратурызм Выданні краязнаўцаў краіны

Выданні краязнаўцаў краіны

-

- Рэклама -

Дапаможнік краязнаўцам, падказка турыстам

 Пачну з прынагодных паэтычных радкоў:

«Чароўных вандровак пярсцёнкі» 

адкрыцце шляхоў у мінулае,

сувязь з часамі новымі,

удалы пошукаў плён.

Кніга «Чароўных вандровак пярсцёнкі: краязнаўчыя маршруты па Мёрскім раёне» (далей «Пярсцёнкі») належыць аўтарству Вітаўта Ермалёнка, найлепшага знаўца гісторыі райцэнтра Мёры і ваколіцаў. Навукова-папулярнае вы­дан­не выйшла сёлета ў сакавіку, наклад кнігі паўтысячы асобнікаў. Томік важкі – 204 старонкі, мае 195 ілюстрацыяў. Выявы яднаюць у сабе мінулае і сучаснасць: адлюстроўваюць памяткі гісторыі нашага краю, а таксама іх ашчадных збіральні­каў – сяброў гуртка «Арганаўты мінулага», пільных у хаджэннях па слядах сівое даўніны.Чытаць далей…

Piars'cionki_01Як ужо зразумела з назвы, у «Пярсцёнках» ідзе аповед аб краязнаўчых маршрутах па Мёрскім раёне, пракладзеных па мясцінах, што захавалі памяць пра выбітных асобаў, важныя падзеі і паданні краю. Маршруты гэтыя («Малы залаты пярсцёнак Мёршчыны» ды «Бронзавы пярсцёнак Мёршчыны») былі створаныя і практычна выпрабаваныя спадаром Ермалёнкам пры ўдзеле яго выхаванцаў «арганаўтаў мінулага» ў 2006 – 2008 гг.

Вялікая карысць кнігі ў тым, што на яе матэрыялах можна праводзіць краязнаўчыя паходы, што нададуць удзельнікам багатыя веды па гісторыі населеных пунктаў раёна; выданне пазнаёміць з непаўторнымі краявідамі, што паспрыяе ўзмацненню духоўнай повязі з зямлёй, дзе нам лёсам суджана жыць. Мэтазгоднае таксама выкарыстанне гэтых напрацовак для выхаваўчай працы сярод школьнікаў раёна, для арганізацыі дзейнасці турыстычных суполак, а таксама – для налаштавання паспяховага перасоўвання прыватных вандроўнікаў, якім цікавая і блізкая сэрцу Беларусь. Гэта сапраўдны скарб і дарагая знаходка, у якой прапрацаваныя ўсе патрэбныя дэталі.

Вернемся да структуры «Пярсцёнкаў». Ужо адзначана, што ў кнігу ўлучаныя два краязнаўчыя маршруты, што суадносна і ўтвараюць дзве яе часткі.

Першы – «Малы залаты пярсцёнак Мёршчыны» – з’яўляецца найбольшым па працягласці, мае 148 км, яго апісанне ў кнізе займае 130 старонак. Маршрут раз­лічаны на трохдзённы паход на роварах. Узор адметнасці шляху сатканы роз­нымі ніткамі. Ёсць расповеды пра лёс выбітных асобаў: скульптара і паўстанца Генры­ха Дмахоўскага, фоталетапісца в. Узмёны святара Паўла Валынцэвіча, змагароў за беларушчыну Флора Манцэвіча, Кузьмы Крука, Язэпа Малецкага, Пётры Прос­тага (Ідэльфонса Бобіча), герояў Другой сусветнай вайны, паэтаў Паўла і Пятра Сушко, шматграннага творцы Сяргея Панізьніка, пісьменнікаў Франца Сіўко і Рышарда Курыльчыка, біскупа беларускай грэка-каталіцкай царквы на эміграцыі Чэслава Сіповіча ды інш. Другая нітка – помнікі ар­хі­тэктуры: Свята-Мікалаеўскія цэрквы ў вёсках Чэрасы і Узмёны, палац Лапацін­скіх і калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 г. у в. Лявонпаль, сядзіба Мілашаў у в. Ідолта, касцёл Маці Божай Шкаплернай паміж вёскамі Ідолта і Мілашова, палац Рудніцкіх у в. Дзедзіна, касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў в. Пераброддзе і інш. Не забытыя і помнікі прыроды, краявіды бало­та Ельня, гаю­чыя крыніцы ды інш. І разам з імі – ніткі памятак ар­хеалогіі: гарадзішчы, курганныя могілкі, селішчы, замкі і інш. А таксама – ніткі многіх паданняў.

Другі маршрут – «Бронзавы пярсцёнак Мёршчыны»; апісанне яго займае 62 старонкі, працягласць 88 км. Маршрут прапанаваны ў трох варыяцыях: на рова­рах (два дні), на аўтобусе або легкавым аўтамабілі (дзень), а таксама – камбіна­ва­ны: з выкарыстаннем цягніка і прыгарадных аўтобусаў (тры дні), што асабліва зручнае ў плане вырашэння мэтаў, якія ставяць перад сабой асобныя турыстыч­ныя групы. Узор адметнасці гэтага шляху сатканы ніткай лёсаў выбітных асобаў: паў­станца Яна Клётта, ксяндза Юзафа Бародзіча, дзеячаў беларус­кага руху Вацлава Ластоўскага і Браніслава Туронка, Героя Савецкага Саюза ві­цэ-адмірала Ягора Томкі, кампазітара Генадзя Цітовіча і інш.; ніткаю помнікаў ар­хі­тэктуры: касцёлам Унебаўзяцця Дзевы Марыі ў Мёрах, Кублішчанскай стара­вер­скай Траецкай царквой, касцёлам Святой Тройцы ў Новым Пагосце, сядзібай Клёт­таў у в. Снегі ды інш.; помнікамі прыроды: старыя паркі, азёры, валуны і камень-следавік і інш.; памяткамі археалогіі (паселішча эпохі неаліту, гара­дзіш­ча, курганныя могільнікі ды інш.), а таксама паданнямі. Асобны пункт маршруту – наведванне гістарычнага музея СШ №3 г. Мёры.

Piars'cionki_02 Piars'cionki_03Да кожнага раздзела прыкладзены спіс скарыстаных крыніцаў і літаратуры, пабудаваны на архіўных матэрыялах, гістарычнай навуковай, навукова-папулярнай, мемуарнай і публіцыстычнай літаратуры.

Мяркую, што «Чароўных вандровак пярсцёнкі: краязнаўчыя маршруты па Мёрскім раёне» зойме сваё пачэснае месца на палічцы краязнаўчых даследаванняў Бацькаўшчыны і будзе выкарыстанае са значнай карысцю для развіцця ведаў аб краі і турыстычнай справы, выхавання пачуцця любові да Мёрскага краю як мясцовых жыхароў, так і заезджых вандроўнікаў. Аўтару кнігі, кіраўніку музеяў і гуртка «Арганаўты мінулага», сябру рэдкалегіі «Краязнаўчай газеты» шаноўнаму сп. Ермалёнку дзякуем за шыкоўны падарунак сучаснікам, а таксама жадаем новых поспехаў на ніве апрацоўкі і выдання матэрыялаў, сабраных за дзесяцігоддзі нястомнай краязнаўчай працы.

 Ігар КАНДРАТОВІЧ

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам