Гісторыя Агратурызм Юбілей класіка

Юбілей класіка

-

- Рэклама -

Шчырая душа пад моцным псеўданімам

 Сёлета 17 верасня споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук, Героя Сацыялістычнай Працы, лаўрэата шматлікіх прэміяў і ўзнагародаў Максіма Танка (Яўгена Іванавіча Скурко), асобу якога можна вызначыць кароткім выказваннем: «Шчырая душа пад моцным псеўданімам». Малады паэт усведамляў, што літаратурны поспех залежыць ад гучнага псеўданіма. У адным з інтэрв’ю Максім Танк успамінаў: «Свет “раслінных” псеўданімаў быў ужо, што называецца, разабраны: Колас, Чарот, Пушча, Васілёк… Мне нічога не заставалася, як пашукаць што-небудь “жалезнае”, вось і спыніўся на Танку».

Што галоўнае ў танку? Пэўна, браня… Сапраўды, маладому паэту-камсамольцу, які тройчы сядзеў у віленскай турме «Лукішкі» як член падпольнай бальшавіцкай арганізацыі, у змаганні за высокія ідэалы моцная браня была вельмі патрэбнай. Найперш ён жадаў аб’яднання роднай Заходняй Беларусі з усходняй яе часткай, якія з-за гістарычных абставінаў былі падзеленыя мяжой. Максімам Танкам паэт упершыню назваў сябе ў Вільні ў няпоўныя 20 гадоў: падпісаўся так у красавіку 1932 года пад вершам, прысвечаным забастоўцы польскіх гарнякоў. Якраз у 27-ы дзень яго нараджэння 17 верасня 1939 г. і адбылося ўз’яднанне Беларусі. Магутнай зброяй у змаганні за адзінства Беларусі, за родную мову юнак выбраў беларускае вершаванае слова.Чытаць далей…

На жаль, у савецкім грамадстве найперш былі запатрабаваныя «барацьбітныя» і патрыятычныя вершы паэта. «Паэзія наша – цяжкая, як камень, вырваны з бруку пад час вулічных баёў, немілагучная – як стогн і крык, чырвоная – як пралітая кроў», – пісаў Максім Танк пра свой перыяд творчасці і час змагання з фашызмам. Аднак паэта заўсёды цягнула спазнаваць таямніцы душы – сваёй, землякоў, людзей іншых народаў. Шмат яго вершаў прысвечана жанчыне, каханню, а некаторыя жывуць у народзе песнямі (самая знакамітая – «Завушніцы» на музыку Уладзіміра Мулявіна).

Як вядома, яшчэ 36-гадовым Максім Танк стаў галоўным рэдактарам, па сутнасці, галоўнага ў БССР літаратурнага часопіса «Полымя». У складзе розных дэлегацыяў бываў у краінах Заходняй Еўропы, у ЗША, Чылі, Кітаі, Японіі, тройчы прадстаўляў інтарэсы краіны ў ААН. У замежных вандроўках Яўген Іванавіч імкнуўся трапіць на рынак, паназіраць за мясцовым людам, адчуць іншую паўсядзённасць. Прывозіў і незвычайныя рэчы: з Чылі – кавалак меднай руды на памяць, з Англіі – трэску з дома, дзе працаваў Шэкспір… Ды заўсёды ў сэрцы была Бацькаўшчына, тут ён пісаў самыя лепшыя вершы. Амаль чвэрць стагоддзя, з 1966 па 1990 гг., Максім Танк узначальваў Саюз пісьменнікаў Беларусі, шмат сіл аддаваў, каб мацаваліся міжлітаратурныя сувязі. Уражвае спіс – больш за 160 паэтаў! – творы якіх ён перакладаў на беларускую мову. Ды і самога Максіма Танка выдавалі на рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, узбекскай, таджыкскай, казахскай, польскай, балгарскай, карэльскай і іншых мовах.

У кнізе «Максім Танк. На камяні, жалезе і золаце» выдавецтва «Мастацкая літаратура» прадстаўленыя ўспаміны, эсэ, прысвячэнні. Са старонак тома праз успаміны сяброў паўстае вобраз не «забранзавелага» класіка, а цэльнага, светлага мастака і чалавека – дзядзькі Максіма, дзеда Максіма, шчырага сябра Яўгена Іванавіча з вострым розумам, чуйнай і мудрай душой, цудоўным пачуццём гумару. У асобе гэтага чалавека арганічна суседзілі і філасофская веліч, і зямная прыгажосць. Для Яўгена Іванавіча не было лепшай стравы, як сала з цыбуляй. А яшчэ паэт вельмі любіў малако. Аднойчы купіў у бабулі 3-літровы слоік. Тая гаворыць: «Мне слоік трэба, іх мала!». «Добра!» – сказаў той. Узяў ды выпіў нагбом адразу ўсё малако, а слоік аддаў бабульцы. А вось алкагольнымі напоямі Максім Танк зусім не захапляўся. І не курыў. Праўда, гэта не перашкаджала яму быць за сталом лепшым тамадой – гумар у паэта быў выдатны. Прыехаў неяк да яго знаёмы мастак з Вільні, вырашыў намаляваць партрэт паэта алеем. Старанна так маляваў. І вось калі партрэт быў амаль скончаны, раптам падзьмуў моцны вецер – і партрэт зваліўся алеем прама ў пясок. Мастак разгубіўся, падымае, засмучаны, сапсаваны партрэт. А паэт яму: «Ну, глядзі, дык жа яшчэ лепш атрымалася!». Максім Танк не любіў юбілеі. Лічыў іх вясёлай рэпетыцыяй пахавання: «Сёння іх адзначаюць толькі графаманы ды хворыя на амбіцыі». Лічыў, што Біблію трэба ўключыць у школьную праграму, нягледзячы на тое, што не верыў у Бога. Падабаўся жанчынам, у яго былі многія закаханыя, але ён шчыра кахаў толькі адну жанчыну – сваю жонку Любу. Усе, хто ведаў Максіма Танка, могуць пацвердзіць: гэта быў абаяльны, добры чалавек, таленавіты творца, глыбокі філосаф з сялянскімі каранямі.

Увесь верасень юбілейнага для паэта 2017 года ў бібліятэках Бярэзіншчыны ладзіліся мерапрыемствы ў фармаце месячніка папулярызацыі твораў юбіляра «Размова з класікам праз стагоддзе». Сярод іх – імправізаваныя паэтычныя марафоны «Зорны вяночак юбіляру» з удзелам землякоў-прыхільнікаў паэзіі, інфарміны «Малавядомае пра вядомага паэта», літаратурныя вечарыны для школьнікаў «Арфей з народа», «Талент, заручоны з небам», дні казкі Я. Бранеўскай «Вандроўкі меднага грошыка» у перакладзе Максіма Танка цыкла «Ён польскую казку паведаў нам на роднай мове».

 Тамара КРУТАЛЕВІЧ, загадчыца аддзела маркетынгу Бярэзінскай ЦРБ

Папярэднi артыкулЗгадалі студэнцкае згуртаванне
Наступны артыкул
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам