Гісторыя Агратурызм З гісторыі бібліятэк на Ганцавіччыне

З гісторыі бібліятэк на Ганцавіччыне

-

- Рэклама -

Першыя грамадскія бібліятэкі ў Круговіцкай гміне

 Пачатак бібліятэчнай справы ў Круговічах і навакольных вёсках, а таксама ў мястэчку Ганцавічы доўгі час не быў вядомы. У савецкі час пастуляваўся тэзіс пра тое, што кнігу прынесла ў народ бальшавіцкая ўлада. Таму, напрыклад, на сайце Ганцавіцкай раённай бібліятэкі пішуць пра цьмянасць яе заснавання, і па некаторых успамінах адносяць адкрыццё ўстановы да 1945 г. Паколькі ў пачатку гэтага артыкула ганцаўскіх бібліятэкараў гаворыцца літаральна пра «нараджэнне бібліятэкі», можна зрабіць выснову, што аўтар тых радкоў лічыць, быццам раней такіх установаў у раёне не было. Мусім не пагадзіцца.

Ахвотна верачы, што ганцавіцкія бібліятэкары бамбардзіравалі архівы запытамі, тым не менш, адзначым вузкасць тых пошукаў. Нашыя даследаванні прывялі да прынцыповага павелічэння ўзросту бібліятэк на тэрыторыі сучаснага Ганцавіцкага раёна. Да таго ж, без абмежавання яго сучасным цэнтрам. Звернем увагу на галоўны для свайго часу населены пункт у мясцовасці – Вялікія Круговічы, цэнтр гміны, якая ахоплівала паўночную частку цяперашняга раёна.Чытаць далей…

Асобна варта сказаць, што ў кожнага памешчыка мелася прыватная бібліятэка. Зразумела, да такіх кніжных збораў доступ сялянаў быў абмежаваны. Дый інфармацыі пра іх шматкроць меней, чым пра кнігасховішчы агульнага доступу. Таму ў гэтым артыкуле спынімся на разглядзе апошніх.

Для гэтага зазірнём у даваенны час – калі нашая мясцовасць уваходзіла ў склад Польскай Рэспублікі. За саветамі на тэму знаходжання Заходняй Беларусі пад Польшчай прынята было згушчаць фарбы, замоўчваць многія факты.

Так і ў выпадку з гісторыяй грамадскіх бібліятэк падставовым стала польскае выданне – «Biblioteki na Wschodnich Ziemiach II Rzeczypospolitej. Informator» (Познань, 1998). Але і яно не здолела ахапіць усе ўстановы.

Паводле яго, самай ранняй даступнай для шырокіх масаў, у першую чаргу моладзі, бібліятэкай у Ганцавічах стала такая ўстанова Таварыства «Тарбут» («Культура» на іўрыце). Вядомы год яе заснавання – 1923-і. Гэта больш чым на два дзясяткі гадоў раней, чым думалі некаторыя іншыя даследчыкі тэмы. У 1929 г. фонд установы складаў 664 кнігі. Месцілася яна ва ўсеагульнай школе.

Заўважым, што арганізатарамі ўстановы сталі яўрэі. Не палякі – тытульная нацыянальнасць дзяржавы. Не беларусы, якіх у Круговіцкай гміне і па ўсёй Заходняй Беларусі была большасць. А менавіта яўрэі. Іх у Ганцавічах тым часам было каля паловы ад усяго насельніцтва. Яны аказаліся, як бы сёння сказалі, самымі прасунутымі ў мястэчку. Такі крок стаў прынцыповым штуршком для культурнага развіцця гэтага мікрарэгіёна.

Яўрэйская бібіліятэка ў Ганцавічах нядоўга заставался «самотнай». Ужо праз два гады, у 1925 г., адчыніла дзверы «Бібліятэка Польскага таварыства апекі над Крэсамі». Яна асталявалася ў Народным доме. У 1929 г. мелася там 330 кніг.

У Ганцавічах таксама ад 1925 г. існавала школьная бібліятэка. У 1938 г. яна налічвала 481 кнігу. Размяшчалася ўстанова ў памяшканні Польскай школьнай мацежы.

Пра функцыянаванне бібліятэкі ў Вялікіх Круговічах сёння практычна нікому не вядома. А такая ўстанова існавала ва ўсеагульнай школе ўжо ў 1920-х гг. Яна называлася, як і ў мястэчку. На 1929 г. у ёй мелася 100 кніжак. Гэтая бібліятэка з’яўлялася адзінай сельскай на ўсю гміну. Такое выключэнне абумоўленае тым, што Круговічы з’яўляліся цэнтрам названай адміністрацыйнай адзінкі (яна займала вялікую тэрыторыю – паўночную палову сённяшняга Ганцавіцкага раёна).

Заканчвае спіс наяўных у 1920-я гг. публічных кнігазбораў у Круговіцкай гміне бібліятэка Таварыства вячэрніх курсаў для рабочых. Месцілася яна таксама ў мястэчку. Год заснавання яе невядомы. У 1929 г. установа валодала 603 кнігамі. Адносна вялікі фонд мог быць абумоўлены платай за яго карыстанне. Сябры таварыства (імі маглі быць працоўныя не маладзей за 16 гадоў) дапускаліся да кніг пасля сплаты ўзносаў у памеры 1-го злотага. Іншым даводзілася выдаткоўваць 2 злотыя. Прычым гэта мелася на ўвазе карыстанне кнігамі ў чытальнай зале. У выпадку пазыкі дадому штомесячны ўнёсак складаў дадаткова 1,5 злотага. Сумы для працоўнага чалавека немаленькія, суразмерныя з дзённым заробкам.

Анатоль ТРАФІМЧЫК

(Далей чытайце ў №№ 41 — 42 “Краязнаўчай газеты”)

 Ад «КГ». «Polska Macierz Szkolna» («Польская школьная мацеж») – культурна-асветная арганізацыя, што існавала ў Каралеўстве Польскім ад 1906 г. на аснове царскага рэскрыпта ад 14 кастрычніка 1905 г. Дазвалялася заснаванне прыватных школаў з польскай мовай навучання (праўда, без правоў публічных). Мэтаю арганізацыі быў распаўсюд асветы ў хрысціянскім і нацыянальным духу, а таксама – правядзенне выхаваўча-асветніцкіх мерапрыемстваў, настаўніцкіх семінараў, арганізацыя чытальняў, бібліятэк, народных універсітэтаў, публічных тэатралізаваных прадстаўленняў, выданне і распаўсюд кніг з дапамогаю ўласнага выдавецтва і сеткі друкарняў ды кніжных складоў.

Папярэднi артыкул
Наступны артыкулКароткая гісторыя паводле расповедаў старажылаў
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам